КО́НІКІ, шчаўрыцы (Anthus),
род птушак сям. сітаўкавых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ўсюды. Каля 30 відаў. На Беларусі 4: К. лясны (A. trivialis), лугавы (A. pratensis), палявы (A. campestris) і чырвонаваллёвы (A. cervina). Жывуць у рэдкалессі, на балотах з дрэвастоем, сырых лугах і палях. Зімуюць у Міжземнамор’і, Афрыцы, Індыі.
Даўж. 15—20 см, маса 15,5—27 г. Кормяцца насякомымі, павукамі, дробнымі малюскамі, насеннем травяністых раслін. Гнёзды на зямлі. Двойчы за лета нясуць 4—5 яец.
т. 8, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РНАДСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Корнадзь. Створана ў 1978. Пл. 2,4 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,8 м, аб’ём вады 6,21 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4 км. Напаўняецца вадой р. Ясельда па падвадным канале пры дапамозе помпавай станцыі. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 2 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 94,5 млн м³. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, арашэння зямель і гасп.-быт. патрэб.
Г.С.Жукоўская.
т. 8, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РНУАЛ (Cornwall),
паўвостраў на ПдЗ Вялікабрытаніі. Даўж. каля 150 км, шыр. 80 км. Абмываецца прал. Ла-Манш і Брыстольскім залівам. Берагі пераважна скалістыя, невысокія, моцна парэзаныя неглыбокімі залівамі. Пераважаюць пласкагор’і выш. да 621 м (Дартмур) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. Радовішчы волава і медзі. Клімат умераны, акіянічны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк. Шыракалістыя лясы (дуб, бук), верасоўнікі, тарфянікі. Жывёлагадоўля. Агародніцтва, кветкаводства. Зімовыя курорты. Порт Плімут.
т. 8, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛІЦА,
стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.
М.М.Чарняўскі.
т. 8, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ДЛІХ ((KudUch) Ганс) (25.10.1823, в. Лобенштайн каля г. Крноў, Чэхія — 11.11.1917),
аўстрыйскі паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т (1848). У рэвалюцыю 1848—49 удзельнік паўстанняў у Вене і Пфальцы (гл. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849), дэп. аўстр. рэйхстага (1848), ініцыіраваў прыняцце закону (7.9.1848) пра скасаванне асабістай залежнасці і павіннасцей сялян. Завочна прыгавораны аўстр. судом да пакарання смерцю; эмігрыраваў у Швейцарыю (1849), потым ЗША (1853), дзе і памёр. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1873).
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУШЧЭ́ННЕ,
адна з форм галінавання, што прыводзіць да ўтварэння куста. Пры К. з пупышак, якія знаходзяцца на цесна збліжаных вузлах каля асновы матчынага парастка, фарміруюцца прыземныя і падземныя бакавыя парасткі (часта на іх утвараюцца прыдатачныя карані). Бывае ў многіх злакаў, асок, некат. кустоў і кусцікаў. У аднагадовых збожжавых злакаў К. пачынаецца рана (фаза К.) і спыняецца пасля выхаду ў трубку. Забяспечвае павышэнне прадукцыйнасці. У культ. раслін залежыць ад сорту, умоў вырошчвання, агратэхн. прыёмаў.
т. 9, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЙКА,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 15 км на Пн ад г. Міёры. Пл. 0,21 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 11,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 2 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, на Пд і Пн больш стромкія. Берагі зліваюцца са схіламі, участкі на ПдЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя. На У выцякае ручай у р. Вята.
т. 9, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Рухаецца на Пд з м. Бафіна да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі, дзе сустракаецца з цёплым цячэннем Гальфстрым і апускаецца на прамежкавыя глыбіні. Т-ра вады зімой ад 5 °C да -1 °C, летам 2—10 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход мяняецца кожны год ад 3,4 млн. м³/с да 5,4 млн. м³/с. Нясе шматлікія льды і айсбергі, што перашкаджае суднаходству.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ БОЙ 1942,
бой партыз брыгады «Штурмавая» (камандзір Б.М.Лунін) па разгроме фаш. гарнізона (каля 240 гітлераўцаў) у г. Лагойск Мінскай вобл. ў ноч на 23 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні аперацыі лагойскія падпольшчыкі склалі схему ўмацаванняў ворага, перадалі партызанам звесткі пра размяшчэнне яго агнявых пунктаў і пастоў аховы. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны разграмілі памяшканні паліцэйскай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з харчаваннем і фуражом, захапілі вял. трафеі.
т. 9, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САВА ЦЯЧЭ́ННЕ, Экватарыяльнае падпаверхневае супрацьцячэнне,
у Атлантычным ак. Працягласць каля 5000 км. Шыр. ад 370—440 км на З да 185—220 км на У. Макс. скорасць цячэння 3,6 км/гадз у сярэдняй ч. патоку. Рухаецца на У паміж 2° паўд. ш. і 22° паўн, ш. на глыб. ад 50 да 200 м пад Паўднёвым Пасатным цячэннем, якое ідзе на 3. Адкрыта ў 1959 сав. экспедыцыяй на судне «Міхаіл Ламаносаў». Назва ад імя судна.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)