геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл.Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.
Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст.ням. матэматыкі Г.Брун і Г.Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, А.В.Пагарэлаў і інш.Гл.таксамаМнагаграннік, Мноства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАДЖАНЫ ГАЗ,
квантавы газ, уласцівасці якога істотна адрозніваюцца ад уласцівасцей класічнага газу пры пэўных умовах. Гэта абумоўлена тоеснасцю аднолькавых часціц у квантавай механіцы (гл.Тоеснасці прынцып). Запаўненне часціцамі магчымых узроўняў энергіі залежыць ад наяўнасці на зададзеным узроўні інш. часціц. Таму залежнасць цеплаёмістасці і ціску выраджанага газу адрозніваецца ад ідэальнага класічнага газу; інакш выражаюцца патэнцыялы тэрмадынамічныя і інш. параметры.
Выраджаны газ існуе пры т-рах, меншых за тэмпературу выраджэння. Уплыў тоеснасці часціц больш істотны, пры меншай адлегласці паміж імі ў параўнанні з даўжынёй хвалі дэ Бройля. Т-ра выраджэння, што вызначае меры прыдатнасці класічнай тэорыі, вышэйшая пры меншай масе часціц газу і большай іх канцэнтрацыі. Напр., т-ра выраджэння электроннага газу ў металах каля 10000 К і таму гэты газ выраджаны пры ўсіх т-рах, пры якіх метал застаецца ў цвёрдым стане. Гл.таксамаКвантавая вадкасць, Бозе-газ, Фермі-газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс.км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вега»: 1 — панэлі сонечнай батарэі; 2 — радыятар-ахаладжальнік; 3 — спускальны апарат; 4 — востранакіраваная антэна; 5 — радыятар-награвальнік; 6 — блок астраарыентацыі; 7 — пралётны апарат; 8 — аўтаматычная стабілізаваная платформа з навуковай апаратурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛІЖСКАЕ ПАЎСТАННЕ 1918,
антысавецкае сялянскае паўстанне ва ўмовах грамадзянскай вайны. Адбылося ў ліст. 1918 у Веліжскім пав. Віцебскай губ. (цяпер пераважна ў Смаленскай вобл., Расія). Узначальвалі Веліжскае паўстанне выхадцы з мясц. святароў (афіцэры А. і К.Жыгалавы) і мясц. сялян (браты Бараняты, І. і П.Нілёнкі і інш.). Выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне Устаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай вол. Пачалося 11 ліст. ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 ліст. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак гісторыка А.Г.Хахлова, колькасць узбр. сялян складала 1 тыс.чал. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 ліст., але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925.
Літ.:
Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии. Смоленск, 1957;
Почанин С.З. Историей обреченные. Мн., 1977;
Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг.Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Wiener Staatsoper),
буйнейшы аўстр. оперна-балетны тэатр. Пачаў дзейнічаць у сярэдзіне 17 ст. (да 1918 наз. Венская прыдворная опера) пастаноўкамі італьян. опер пры венскім двары (першая — «Арыядна і Тэзей» Ф.Банакосі, пастаўлена ў 1641). З 2-й пал. 17 ст. оперныя спектаклі ў выкананні аўстр. прыдворнай трупы ішлі спачатку ў «Бургтэатры», з 1763 — у «Кернтнертортэатры». З сярэдзіны 18 ст., пасля опернай рэформы К.В.Глюка, ставяцца аўстр.нац. оперы (І.Умлаўфа, В.А.Моцарта, К.Дзітэрсдорфа і інш.). У 1794 адкрыўся т-р Венскай прыдворнай оперы (з 1869 у сучасным будынку). З канца 19 ст. павялічылася цікавасць да балета. У 19—20 ст. на сцэне т-ра пастаўлены лепшыя ням., аўстр., італьян., франц. оперы, а таксама балеты, у т. л. рускіх класікаў і сучасных кампазітараў. Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра — Г.Рыхтэр, Г.Малер, Р.Штраус, Г.Караян.
Літ.:
Die Wiener Oper. 350 Jahre Glanz und Tradition. Wien, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),
канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.
Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗНЯ́К (Міхайла) (Міхаіл Сцяпанавіч; 3.10.1881, с. Воліца Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 20.11.1954),
украінскі літаратуразнавец. Акад.АН Украіны (1929), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю стараж.ўкр. пісьменства, гісторыю нац. тэатра («Матэрыялы да гісторыі ўкраінскай песні і верша. Тэксты і заўвагі», т. 1—3, 1913—25, «Пачатак украінскай камедыі, 1619—1819», 1919; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», т. 1—3, 1920—24, і інш.). Многія работы прысвяціў творчасці ўкр. пісьменнікаў 19 — пач. 20 ст. Працаваў таксама ў галіне мовазнаўства («Галіцкія граматыкі ўкраінскай мовы», «Граматыка Лаўрэнція Зізанія 1596 г.», абедзве 1911) і фалькларыстыкі (склаў зб. «Украінскія народныя казкі», кн. 1—3, 1946—48). Асвятляў укр.-бел. літ. і культ. Сувязі 16—17 ст. (кн. «Пісьменніцкая дзейнасць Івана Барэцкага на Валыні і ў Львове», 1954).
Літ.:
Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Бел.-ўкр.літ. ўзаемасувязі пач. XX ст.Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКО́ННА-АПТЫ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
сувязь, у якой перадача інфармацыі адбываецца з дапамогай эл.-магн. ваганняў аптычнага дыяпазону (1014 — 1015Гц) і шкловалаконных святлаводаў; від аптычнай сувязі. Найб. перспектыўны кірунак развіцця тэлекамутацыйных сістэм і сетак. Адрозніваецца ад інш. відаў сувязі вял. колькасцю каналаў (вял. прапускная здольнасць), вял. скорасцю перадачы інфармацыі, высокай аховай ад эл.-магн. перашкод, нізкай імавернасцю памылак, малымі памерамі, масай і энергаспажываннем, прастатой мантажу і пракладкі.
Валаконна-аптычная сувязь дае магчымасць ствараць сеткі тэлекамунікацый з інтэграцыяй службаў (абмен рознымі відамі інфармацыі — тэлефаніі, даных ЭВМ, ПЭВМ, факсіміле; відэаінфармацыі, тэлебачання — у адной лічбавай сетцы). Валаконна-аптычныя лініі сувязі выкарыстоўваюцца ў кабельным тэлебачанні, выліч. тэхніцы, тэлефоннай і касм. сувязі, у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, медыцыне (дыягностыцы, хірургіі) і інш.Гл.таксамаВалаконная оптыка.
Літ.:
Основы волоконно-оптической связи: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»
(E.I. Du Pont de Nemours and Company),
буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.І.Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КАЎ (Уладзімір Анатолевіч) (14.6.1919, с. Бакалы, Башкортастан — 16.11.1995),
рускі гісторык. Д-ргіст.н. (1966), праф. (1986). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1947). З 1957 у Цэнтр.дзярж. ваенна-гіст. архіве і ў Галоўархіве СССР, з 1960 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН. Даследаваў пытанні рэв. і нац.-вызв. руху Расіі і Польшчы 19 — пач. 20 ст., руска-польскія рэв. і культ. сувязі таго часу, гісторыю славяназнаўства, балканістыкі і інш. Адзін з рэдактараў і складальнікаў сав.-польскай серыі «Паўстанне 1863 года. Матэрыялы і дакументы» (т. 1—25. М.; Варшава, 1961—87), 2 тамы якога прысвечаны Беларусі: «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964) і «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965). Паўстанню 1863—64 у Беларусі і Літве прысвечаны таксама працы «Сігізмунд Серакоўскі» (1959) і «Валерый Урублеўскі» (1968; разам з У.Абрамавічусам).