ЭТНАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
галіна навукі, якая вывучае этнічныя і нац. супольнасці ў іх узаемасувязі з дынамікай сац. структуры грамадства. Вытокі Э. ў даследаваннях па псіхалогіі народаў (В.Вунт, Х.Штэйнталь, М.Лацарус, Г.Лебон, Г.Тард), а таксама ў працах па культ. своеасаблівасці першабытных народаў (Р.Бенедыкт, М.Мід, Р.Хінтан). Цэнтр. паняцце Э. — этнас як спецыфічная прыродна-сац. і антрапалагічнаўстойлівая супольнасць людзей, што ўзнікла і развівалася на аснове адзінства прыродна-ландшафтных умоў, мовы, асаблівасцей вонкавага выгляду, агульнай культуры і рэлігіі. Асн. задача Э. — высвятленне спецыфічных асаблівасцей этнасаў і нацый: устойлівасць і працягласць існавання, наяўнасць дакладных прыкмет, што адрозніваюць іх ад інш. сац. супольнасцей, сацыякультурная своеасаблівасць, наяўнасць нацыянальнай самасвядомасці, традыцый, абрадаў, звычаяў, спецыфічнага менталітэту (напр., памяркоўнасць, добразычлівасць, талерантнасць, працавітасць у беларусаў) і да т.п. Сучасныя прадстаўнікі Э. — Г.Гарфінкель (ЗША), Ю.В.Аруцюнян, Л.М.Гумілёў, Л.М.Дробіжава (Расія), а таксама большасць бел. даследчыкаў этнасац. адносін (Я.М.Бабосаў. Л.І.Навуменка і інш.) лічаць, што этн. агульнасць мае першараднае значэнне як сац. архетып і яго ігнараванне ў сацыялогіі прыводзіць да сур’ёзных памылак. Пры этнасацыялагічных даследаваннях на мяжы апошніх стагоддзяў, асабліва ў Расіі, Беларусі і Украіне, вывучаліся прычыны і наступствы міжэтн. канфліктаў, асаблівасці нац. менталітэту гэтых народаў і нац. супольнасцей. Важную ролю ва ўмовах станаўлення і развіцця незалежнай бел. дзяржавы набывае вывучэнне і канструктыўная рэалізацыя такіх функцый этнанац. груп, якія ствараюць спрыяльныя перадумовы для нацыі як адзінага цэлага.
Я.М.Бабосаў.
т. 18, кн. 1, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)