СЦЭНА́РЫЙ (італьян. scenario ад лац. scaena сцэна),

1) у тэатры імправізацыі — сюжэтная схема для стварэння спектакля. На падставе С. будаваліся прадстаўленні розных відаў нар. т-ра (грэч. мім, рым. атэлана, зах.-еўрап. фарс, італьян. камедыя дэль артэ, франц. кірмашовы т-р 17—18 ст.). Уяўляў кароткі выклад зместу п’есы, у аснове якой ляжалі традыц. сюжэтныя павароты і вобразы-маскі. У С. вызначаліся гал. моманты дзеі, выхады персанажаў, устаўныя нумары; дыялогі і маналогі акцёраў нараджаліся ў працэсе ігры. У драматычным тэатры 20 ст. — дэталізаваны план спектакля (рэжысёрская партытура); важны кампанент стварэння драм. спектакля. Робіцца з мэтай канкрэтызацыі відовішчных аспектаў дзеі драмы.

2) У музычным тэатры — драматургічны план лібрэта, а таксама яго дыялагічная частка. У балеце — пераказ сюжэта (лібрэта балетнае) з апісаннем танц. нумароў і мімічных сцэн, аснова для стварэння музыкі кампазітарам, а балетмайстрам — спектакля; блізкі па будове да С. ў т-ры імправізацыі, а таксама ў пантаміме.

3) У цырку і на эстрадзе — план прадстаўлення (канцэрта) з вызначэннем усіх яго частак, а таксама тэксты выступленняў канферансье, клоунаў, чытальнікаў.

4) У кінематографе, на тэлебачанні С. (кінасцэнарый) — літ. твор для экраннага ўвасаблення сродкамі кіна- і тэлемастацтва; ідэйна-маст. аснова фільма. Бываюць С. арыгінальныя і створаныя па матывах рамана, аповесці, апавядання, п’есы, нарыса, эсэ, паэмы, верша і інш. (гл. Кінадраматургія, Экранізацыя). Кампазіцыйная будова тэлесцэнарыя падпарадкоўваецца законам драматургіі і спецыфіцы тэлевізійнага мастацтва. У працэсе развіцця кінематографа С. з тэхнічнага дакумента ператварыўся ў спецыфічную літ. форму. Сучасны С. па прынцыпе будовы найчасцей блізкі да празаічнага твора, часам да драмы. Уяўляе сабой адзінства і яго кампанентаў: рэмаркі (апісальнай часткі), дыялогу, аўтарскага тэксту (голас апавядальніка за кадрам) і цітраў. Кінафільмы ствараюцца паводле С. ўласна літаратурнага і рэжысёрскага (пастановачнага) — дэталёвага творчага плана стварэння фільма, які вызначае мантажнае рашэнне, спосабы здымак, планы, ракурсы, выяўл. і муз. рашэнне і інш. Існуе і прамежкавы этап распрацоўкі С. (пераклад літ. запісу ў творча-вытворчы). Тэорыю С. распрацоўвалі рэжысёры і кінадраматургі С.​Эйзенштэйн, А.​Даўжэнка, В.​Туркін, Н.​Зархі, С.​Герасімаў і інш. Сярод аўтараў С. бел. фільмаў пісьменнікі і кінадраматургі М.​Чарот, А.​Вольны, Р.​Кобец, В.​Быкаў, І.​Шамякін, У.​Караткевіч, А.​Адамовіч, А.​Асіпенка, А.​Вялюгін, К.​Губарэвіч, А.​Дудараў, В.​Казько, Ф.​Конеў, А.​Петрашкевіч, У.​Халіп і інш.

Літ.:

Шкловский В. Как писать сценарии. М.; Л., 1931;

Пудовкин В. Собр. соч. Т. 1. М., 1974;

Ромм М. Беседы о кино. М., 1964.

А.​М.​Асташонак, Л.​М.​Зайцава.

т. 15, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)