НЕЙГА́ЎЗ Станіслаў Генрыхавіч (21.3.1927, Масква — 24.1.1980),
расійскі піяніст, педагог. Сын Г.Г.Нейгаўза. Нар.арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Г.Нейгаўза), з 1957 выкладаў у ёй (з 1975 праф.). Яго творчасць вылучалася мастацтвам імправізацыйнасці, глыбокім лірызмам, паэтычнасцю, эмацыянальнасцю. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў дуэце з бацькам. Найб. вядомы як інтэрпрэтатар твораў Ф.Шапэна і А.Скрабіна. У рэпертуары таксама творы Л.Бетховена, В.А.Моцарта, Ф.Ліста, І.Брамса, Р.Шумана, М.Равеля, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева і інш. Сярод вучняў У.Крайнеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЮ СУЛЬФА́Т,
хімічнае злучэнне нікелю з сернай кіслатой, NiSO4. Жоўтае крышт. рэчыва, шчыльн. 3680 кг/м³, пры награванні вышэй за 700 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. З водных раствораў крышталізуецца ў выглядзе ізумрудна-зялёнага гептагідрату ці нікелевага купарвасу NiSO4∙7H2O; у прыродзе мінерал марэназіт. Атрымліваюць узаемадзеяннем нікелю, яго аксіду NiO, гідраксіду Ni(OH)2 ці гідроксакарбанату з сернай к-той. Выкарыстоўваюць нікелевы купарвас для атрымання чыстага электралітычнага нікелю, інш. злучэнняў нікелю і нікельзмяшчальных каталізатараў, як кампанент электралітаў у гальванатэхніцы (гл.Нікеліраванне), а таксама як фунгіцыд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),
у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛЕЎСКІ ФОНД, Фонд Нобеля,
прыватная і незалежная адм.-фін. ўстанова, якая распараджаецца спадчынай А.Б.Нобеля. Засн. ў 1900 у Стакгольме паводле тастамента Нобеля, які завяшчаў перавесці яго маёмасць у наяўныя грошы (атрымалася 33 млн.швед. крон, ці 9,2 млн.дол. ЗША) і ўкласці іх у каштоўныя паперы, штогадовыя працэнты ад якіх прысуджаць якНобелеўскія прэміі. З 1953 дзейнічае як звычайная фін. кампанія, у т. л. пазычае грошы. Кіруючы орган — Савет фонду (уваходзяць прадстаўнікі ўсіх устаноў, што выносяць рашэнні аб прысуджэнні Нобелеўскіх прэмій), які вызначае памер грашовых прэмій для нобелеўскіх лаўрэатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́РМУ-ЛЁЎБЕРГ (Nordmo-Lörberg) Озе (н. 10.6.1923, г. Мольсельв, Нарвегія),
нарвежская спявачка (сапрана). Спевам вучылася ў Осла. З 1952 салістка Стакгольмскай каралеўскай оперы. З 1978 дырэктар опернага т-ра ў Осла. Спявала ў Венскай дзярж. оперы, т-ры «Метраполітэн-опера» і інш., з 1960-х г. пераважна ў краінах Скандынавіі. Валодала яркім, насычаным голасам прыгожага тэмбру. Найб. вядома як выканальніца партый у операх Р.Вагнера і як інтэрпрэтатар песень Э.Грыга і Я.Сібеліуса. Сярод лепшых партый: Зіглінда, Эльза, («Валькірыя», «Лаэнгрын» Вагнера), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РАСТАК,
адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НЧЭРЫ (ад ням. Pinscher),
група парод сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. Еўропы, сфарміраваны ў канцы 19 ст. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. На Беларусі сабакаводы-аматары найб. гадуюць даберман-П. як службовых, малога і карлікавага П. як дэкаратыўна-пакаёвых сабак.
Выш. даберман-П. ў карку 60—72 см, канстытуцыя моцная, сухая; касцяк і мускулатура добра развітыя. Поўсць кароткая, прамая, бліскучая, чорная, карычневая або блакітная з іржава-чырвонымі падпалінамі. Хвост і вушы купіруюць. Характэрны алюр — галоп. Тып паводзін рухомы з актыўнай абарончай рэакцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЎЦЫ,
руская назва зах. адгалінавання сярэдневяковага цюркамоўнага народа, вядомага ў Азіі яккіпчакі (кыпчакі), у Еўропе — як куманы (каманы). У 11 ст. прыйшлі з тэр.Паўн.-Зах. Казахстана ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Падзяляліся на плем. саюзы на чале з ханамі. Займаліся качавой жывёлагадоўляй, жылі ў юртах. З 1055 рабілі спусташальныя набегі на Русь, Венгрыю, Візантыю. У 1223 пераможаны мангола-татарамі. Пры нашэсці Батыя (1237—43) адышлі ў Венгрыю, потым часткова ў Балгарыю. Апошнія групы П. канчаткова асіміляваны венграмі ў канцы 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1672—1864 у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. віленскім канонікам Т.Гірскім. Першапачаткова касцёл і жылы корпус былі драўляныя і, як заўважыў дамініканскі гісторык Р.Шымак (1755), «увесь вельмі прыгожы». У 1774 закладзены мураваны касцёл Маці Божай, аднак асн.буд-ва вялося ў 1801—04, таму познабарочная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай атрымала класіцыстычны фасад. У 1781—1804 пабудаваны мураваны жылы корпус. Пасля скасавання кляштара касцёл дзейнічаў як парафіяльны, разбураны ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІ́ЛАВЫ СПІРТ,
сінтэтычны палімер, прадукт узаемадзеяння полівінілацэтату з метанолам, [—CH2—CH(OH)—]n, мал. м. (5—200)∙103. Тэрмапласт. Цвёрдае рэчыва белага колеру, шчыльн. 1270—1300 кг/м³. Пры 225—230 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. Устойлівы ў большасці арган. растваральнікаў і нафтапрадуктаў, разбаўленых к-тах і шчолачах, да ўздзеяння святла і мікраарганізмаў. Выкарыстоўваюць для вытв-сці валокнаў (гл.Полівінілспіртавыя валокны), плёнак і полівінілацэталей, апрэтавання тканін, як эмульгатар, загушчальнік водных раствораў пры вырабе кляёў, нізкамалекулярны П.с. ачышчаны ад прымесей — для вырабу лек. прэпарату «ёдынолу», як заменнік плазмы крыві.