КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.

Літ.:

Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎПА́К Сідар Арцёмавіч (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),

украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял. Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр. партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.

С.А.Каўпак.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН (Kon) Фелікс Якаўлевіч (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп.—жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час. «Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁС (ням. Löss),

аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш. Гл. таксама Лёсападобныя пароды.

Я.​І.​Аношка.

т. 9, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́МАЎ Ісідар Еўсцігнеевіч (25.5. 1882, в. Старышчава, Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 27.11.1937),

рэвалюцыянер, дзярж. і парт. дзеяч. З 1902 чл. РСДРП. З 1915 у к-це Усерас. земскага саюза на Зах. фронце, удзельнічаў у рабоце бальшавіцкай групы ў Мінску; стварыў і ўзначаліў бальшавіцкую арг-цыю ў г. Лунінец. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін з арганізатараў, нам. старшыні, у ліп.—жн. 1917 старшыня выканкома Мінскага Савета. Удзельнік падрыхтоўкі 1-га з’езда салдацкіх дэпутатаў Зах. фронту. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 старшыня выканкома Іванава-Вазнясенскага Савета. З 1919 на парт. рабоце ў Туркестане, на Украіне і ў Сярэдняй Азіі. З 1924 нам. старшыні Массавета, чл. прэзідыума ВСНГ, старшыня праўлення Цэнтрасаюза. З 1930 нам. наркома знешняга і ўнутр. гандлю СССР, гандлёвы прадстаўнік СССР у Германіі, з 1932 нарком лёгкай прам-сці СССР. Беспадстаўна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў пра Лют. рэвалюцыю 1917 у Беларусі.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКЕ́ВІЧ Багуслаў Казімір (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),

бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.​Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.​Патоцкага, М.​Каліноўскага, Я.​Радзівіла супраць Б.​Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсце рус. ваяводы І.​Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.​Сапегі, польск. ваяводы С.​Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.

Літ.:

Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РВЕНСКІ САЮ́ЗНЫ ДАГАВО́Р 1704 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.

Падпісаны 30 жн. рас. паслом Ф.​А.​Галавіным і паслом Рэчы Паспалітай Т.​Дзялынскім (фактычна прадстаўляў Сандамірскую канфедэрацыю, што падтрымлівала караля Аўгуста ІІ у барацьбе супраць таксама выбранага каралём швед. стаўленіка Станіслава Ляшчынскага) каля г. Нарва (Эстонія) у Паўночную вайну 1700—21. Бакі абавязваліся весці сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі і не заключаць сепаратных пагадненняў. Расія абяцала даць Аўгусту II дапаможнае войска (12 тыс. чал. і артылерыю), выплачваць штогод субсідыю (200 тыс. руб.) на ўтрыманне арміі Рэчы Паспалітай (48 тыс. чал.), дапамагчы ў падаўленні казацкага паўстання на Правабярэжнай Украіне. У выніку дагавора Рэч Паспалітая атрымлівала магчымасць супрацьстаяць швед. агрэсіі, Расія разлічвала звязаць гал. сілы шведаў у глыбіні Рэчы Паспалітай. Пасля паражэнняў ад швед. войск Аўгуст II 24.9.1706 заключыў са швед. каралём Карлам XII сепаратны Альтранштацкі мір, чым фактычна скасаваў Н.с.д.

Л.​Л.​Міхайлоўская.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЎДНЁВАРАСІ́ЙСКІ САЮ́З РАБО́ЧЫХ» 1875,

першая рэв. паліт. арг-цыя рабочых на Украіне і ў Расіі. Засн. ў пач. 1875 у г. Адэса Я.​В.​Заслаўскім. Налічваў 6 груп, 60 чл., каля 200 чал. спачувальных. У статуце «Саюза», складзеным пад уплывам статута Інтэрнацыянала 1-га сцвярджалася, што рабочыя здольны дамагчыся прызнання сваіх правоў «толькі пры дапамозе насільнага перавароту, які знішчыць усялякія прывілеі і перавагі і зробіць працу асновай асабістага і грамадскага дабрабыту». На погляды членаў «П.с.р.» моцна ўплывала народніцкая ідэалогія. «Саюз» прапагандаваў свае погляды сярод рабочых, удзельнічаў у арг-цыі 2 стачак у Адэсе, праводзіў штотыднёвыя сходкі рабочых і сходы прадстаўнікоў груп, імкнуўся пашырыць дзейнасць на гарады Мікалаеў, Харкаў, Таганрог, Севастопаль, Керч, Растоў-на-Доне, атрымліваў рэв. выданні з Лондана. У канцы 1875 — пач. 1876 «Саюз» разгромлены паліцыяй: 60 чал. арыштаваны, 15 чал., у т. л. Заслаўскі, асуджаны на розныя тэрміны катаргі, турмы і ссылкі.

В.​В.​Шамко.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМЦЭ́ВІЧ Сямён Андрэевіч (27.7.1902, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — 30.5.1985),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Брат В.​А.​Самцэвіча і П.​А.​Самцэвіча. Чл.-кар. АН Беларусі (1967). Д-р біял. н. (1954), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1924), Валагодскі малочна-гасп. ін-т (1930). У 1934—38 у Ін-це біял. навук АН Беларусі. Потым працаваў на Украіне. З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (заг. лабараторыі, у 1966—73 заг. аддзела). З 1977 навук. кансультант Ін-та мікрабіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях узаемадзеяння мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, магчымасцях кіравання гэтым працэсам. Вывучыў прыроду сімбіёзу клубеньчыкавых бактэрый і бабовых раслін.

Тв.:

Взаимоотношения микроорганизмов почвы и высших растений // Микроорганизмы почвы и растение. Мн., 1972;

Фитотоксические свойства почвенных микроорганизмов. Л., 1978 (у сааўт.).

Літ.:

С.​А.​Самцевич: Биобиблиогр. указ. Мн., 1982.

С.А.Самцэвіч.

т. 14, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РГІЙ (у свеце Ахатэнка Рыгор; 24.3.1890, с. Малыя Гарошкі Жытомірскай вобл., Украіна — 2.10.1971),

украінскі і бел. рэліг. дзеяч. З 1904 у Богаяўленскім манастыры ў Жытоміры, дзе атрымаў пачатковую духоўную адукацыю. 28.6.1919 прыняў манаства. З 1925 іераманах, з 1932 архімандрыт. Служыў святаром у правасл. прыходах на Украіне. У 1937 арыштаваны, сасланы на прымусовую працу ў г. Бярдзянск. У пач. Вял. Айч. вайны вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелітопаль. 1.8.1943 у Кіраваградзе стаў епіскапам Укр. аўтакефальнай правасл. царквы. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. Садзейнічаў адбудове Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. На 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германія, 4—5.6.1948) абраны ў склад часовага кіраўніцтва БАПЦ і яе духоўнай кансісторыі. 20.12.1949 выбраны кіраўніком Сабора БАПЦ і ўзведзены ў сан архіепіскапа. З 1950 у Аўстраліі, дзе выконваў абавязкі першаіерарха БАПЦ, праводзіў святарскую дзейнасць сярод бел. вернікаў.

Л.​У.​Языковіч.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)