НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі

(А.​Р.​Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.​Г.​Кнорын),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​Х.​Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.​І.​Вайнштэйн); агр. пытанне (А.​С.​Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.​Ш.​Ходаш); асвета і задачы партыі (С.​З.​Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.​П.​Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНК БССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах. эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБ КП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),

знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм. навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.

Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.

Літ.:

Теоретические основы радиолокации. М., 1970;

Справочник по радиолокации: Пер. с англ. Т. 1—4. М., 1976—79.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.
Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД І ВІД у логіцы,

паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.​І.​Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).

Літ.:

Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,

прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,

састаўная частка сістэмы аховы здароўя, галоўная задача якой — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Агульныя для гэтай сістэмы прынцыпы і кірункі дзейнасці спалучаюцца са спецыфікай, абумоўленай асаблівасцямі фіз., псіхічнага, разумовага, сац. развіцця дзяцей і падлеткаў, падыходам да іх здароўя як да найважнейшай каштоўнасці і абавязковай перадумовы здароўя будучых пакаленняў. У развітых краінах заканадаўства аб ахове здароўя, як правіла, уключае спец. палажэнні па ахове здароўя дзяцей і падлеткаў, забяспечвае кваліфікаваны мед. нагляд ад нараджэння дзіцяці да завяршэння падлеткавага ўзросту, узаемасувязь і пераймальнасць у дзейнасці асн. звёнаў прафілакт. і лячэбнай дапамогі.

На Беларусі аснову аховы здароўя дзяцей і падлеткаў складае разгалінаваная сетка дзярж. устаноў — спец. дзіцячых ці ў складзе ўстаноў для дарослых. На пач. 1994 яна ўключала: 380 дзіцячых паліклінік, 185 кабінетаў і 13 паліклінічных аддз. для падлеткаў; больш за 300 пунктаў аховы здароўя ў ПТВ і сярэдніх спец. навуч. установах; 13 дамоў дзіцяці, шэраг дзіцячых і для бацькоў з дзецьмі санаторыяў, кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў для дзяцей. У стацыянарах, паліклініках і інш. мед. установах для дарослых функцыянуюць аддз. для бальнічнай і лячэбна-прафілакт. дапамогі дзецям, мед.-сан. абслугоўвання школ, дзіцячых садоў і ясляў, летніх лагераў і гэтак далей. Незалежна ад стану здароўя прадугледжаны 16-разовы паліклінічны агляд дзяцей 1-га года жыцця, 4-разовы агляд урачамі трох спецыяльнасцяў дзяцей дашкольных устаноў, першакласнікаў — урачамі сямі, астатніх школьнікаў — урачамі пяці спецыяльнасцяў; паглыблены мед. агляд падлеткаў пры пераводзе іх з дзіцячых паліклінік у дарослыя камісіямі з сямі спецыялістаў. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, у кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, узроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, у выкананні патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленні ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, дыспансерызацыі дзяцей і падлеткаў, накіраванні іх на абследаванне і лячэнне (у т. л. санаторна-курортнае), прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прадугледжана льготная падтрымка дзяцей і падлеткаў: бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі дзяцей да 3-гадовага, а тых, што жывуць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, дзяцей-інвалідаў і з асабліва цяжкімі захворваннямі — да 15-гадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне да 2-гадовага ўзросту для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў, сац. пенсіі дзецям-інвалідам да 16-гадовага ўзросту, ільготныя ўмовы адпачынку і аздараўлення, шэраг абмежаванняў на працу.

Э.​А.​Вальчук.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ АРХІТЭКТУ́РЫ І ПО́БЫТУ.

Засн. 9.12.1976. Музейны комплекс размешчаны за 12 км на ПдЗ ад Мінска, каля Воўчкавіцкага вадасховішча, у вярхоўях рэк Пціч і Менка, паміж вёскамі Азярцо, Воўчкавічы, Гарадзішча і Строчыца. У аснову музея пакладзены тэр.-этнічны, функцыянальна-падпарадкавальны, гіст. і сац. прынцыпы. Асаблівасці тэрыторыі і наяўнасць гіст. помнікаў (гарадзішча на Менцы, курганы-валатоўкі 9—11 ст., стараж. в. Строчыца з традыц. структурай, сядзібамі) вызначылі канцэпцыю музея як нац. арх.-этнагр. парку-запаведніка.

Пл. каля 210 га. Экспазіцыйная зона складаецца з сектараў, прысвечаных матэрыяльнай і маст. культуры асн. этнагр. рэгіёнаў Беларусі: «Цэнтральная Беларусь», «Паазер’е», «Падняпроўе», «Панямонне», «Усходняе Палессе», «Заходняе Палессе» і «Мястэчка» (нар. архітэктура і побыт бел. гарадоў 16—19 ст.). Ландшафт зямельных участкаў сектараў музея мае прыродна-ландшафтныя асаблівасці адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Структурнай адзінкай сектараў і музея ў цэлым з’яўляецца сядзіба селяніна (двор) з поўным наборам пабудоў і адпаведным інтэр’ерам. 5—6 такіх двароў, дапоўненых малымі арх. формамі, кампануюцца ў паселішчы (або іх фрагменты), у планіровачную структуру якіх арганічна ўключаюцца культавыя і грамадскія пабудовы. Апрача калекцыі помнікаў нар. дойлідства ў музеі 23 калекцыі (знаходзяцца ў экспазіцыі, дэманструюцца на выстаўках, захоўваюцца ў фондах), у т. л. тканіны, адзенне, абутак, галаўныя ўборы, хатняе начынне, с.-г. інвентар і трансп. сродкі, муз. інструменты і гадзіннікі, кераміка, дакументы, кнігі. На 1.1.1996 сабрана каля 17 тыс. музейных прадметаў, з іх больш за 13 тыс. адзінак асн. захавання і больш як 3 тыс. навук.-дапаможнага фонду. У музеі дзейнічае рэстаўрацыйны аддзел. Складаюцца каталогі помнікаў драўлянага дойлідства і этнаграфіі Беларусі. Адкрыты для наведвання з 18 мая да 1 кастр.

Г.​А.​Ткацэвіч.

Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Царква з в. Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобл. (18 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Жылы дом з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобл. (канец 19 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Вятрак (пач. 20 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Царква са званіцай з в. Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл. (18 ст.).

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),

рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал. пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час. «Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.​Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел. рэв. дэмакратаў (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.​Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.​А.​Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс. рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.​К.​Дабрынін, Л.​Р.​Бараг, І.​М.​Лушчыцкі і інш.

Тв: Собр. соч. Т. 1—9. М.; Л., 1961—1964; Бел. пер. — Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1938.

Літ.:

Никоненко В.С. Н.​А.​Добролюбов. М., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТО́ЎКА,

выкладанне муз. твора для выканання аркестрам ці інстр. ансамблем. Да арк. музыкі выкарыстоўваюць і тэрмін аркестроўка. І. ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў муз. твора. Тэрмін «І.» часта пашыраюць і на сферу хар. шматгалосай музыкі (т.зв. харавая І.). Асн. прынцыпы І.: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыян. трактоўка арк. груп і іх узаемаадносіны; стварэнне мелодыка-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў арк. фактуры, выкарыстанне педалей, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення арк. галасоў (інстр. ліній); верт. складанне і гарыз. развіццё шматпланавай арк. тканіны.

Развіццё І. пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю муз. пісьма (гл. Гамафонія). Важную ролю ва ўсведамленні драматург. ролі тэмбраў адыграў оперны т-р (16—17 ст.). У 18—19 ст. сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, якія імкнуліся пераадолець абмежаванасць тагачаснага інструментарыя, павялічыць і ўдасканаліць сімф. аркестр. На базе класічнага аркестра 19 ст. склаўся народжаны ідэямі муз. рамантызму і імпрэсіянізму сімф. аркестр 20 ст., які задавальняе маст. патрэбы кампазітараў розных кірункаў і індывідуальнасцей.

Гіст. развіццё арк. музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў, удасканаленнем інструментарыя і стварэннем новых інструментаў для ўзмацнення маляўнічасці, выразнасці музыкі. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў як носьбітаў тэмы (лейтматыву) кампазітары пачалі выкарыстоўваць мяшаныя тэмбры. У залежнасці ад маст. задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара І. (аркестроўка) можа быць (з улікам пераважнай тэндэнцыі) акустычна ўраўнаважанай (больш блізкая венскім класікам; асн. ўвага аддаецца дынамічнай збалансаванасці гучання, арган. спалучэнню гарызанталі і вертыкалі) ці тэмбральна-каларыстычнай (больш блізкая рамантыкам і імпрэсіяністам; пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць, маляўнічасць гучання). У бел. музыцы да першай больш схіляюцца А.​Багатыроў, Я.​Цікоцкі, да другой — Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, С.​Картэс, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі. Курс І. выкладаюць у кансерваторыях і інш. спец. муз. навуч. установах.

Літ.:

Геварт Ф.О. Новый курс инструментовки: Пер. с фр. 2 изд. М.;

Лейпциг, 1913;

Римский-Корсаков Н.А. Основы оркестровки // Полн. собр. соч. Лит. произв. и переписка. М., 1959. Т.З;

Берлиоз Г. Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке: Пер. с фр. [4 ] 1—2. М., 1972;

Витачек Ф.Е. Очерки по искусству оркестровки XIX в. М., 1979.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),

1) у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.

Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.​Батычэлі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.​Пікасо, Ж.​Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.​Северыні, А.​Кручоных), дадаізму (К.​Швітэрс, Ж.​Грос, М.​Рэй), супрэматызму (К.​Малевіч, У.​Татлін), сюррэалізму (Ж.​Міро, М.​Эрнст), поп-арту (Р.​Гамільтан, Дж.​Дайн) і інш.

У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.​Стржамінскага, У.​Мудрогіна, М.​Данцыга, М.​Паўлоўскага, М.​Селешчука, Г.​Хацкевіча-Мінскага, В.​Смаляк, Л.​Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.

2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.​Айвза (квартэт № 2), А.​Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.​Берыо (сімфонія), Дз.​Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.​Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.​Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.​Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.​Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.​Брамса, «Пацалунак феі» І.​Стравінскага).

Літ.:

Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.

М.​Л.​Цыбульскі (выяўл. мастацтва), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)