ССЫ́ЛКА,

від крымінальнага пакарання, які заключаецца ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства з абавязковым пасяленнем у пэўнай мясцовасці.

У еўрап. дзяржавах С. ўведзена яшчэ ў 15—16 ст. З Вялікабрытаніі злачынцаў ссылалі ў Амерыку (да 1776) і Аўстралію (да 1852), з Францыі ў Франц. Гвіяну і Новую Каледонію, з Партугаліі ў афр. калоніі, з Грэцыі — на астравы Эгейскага мора (у перыяд ваен. дыктатуры 1967—74), што служыла таксама мэтам засялення новых тэрыторый.

У Расіі С. (пераважна С. палітычная) склалася ў 16—17 ст., найб. пашырэнне набыла ў 19 — пач. 20 ст. Ссылалі паводле прыгавору суда або ў адм. парадку. Месцам С. служылі аддаленыя ад сталіц і прамысл. цэнтраў мясцовасці еўрап. ч. Расіі, Поўначы, Сібіры, Д. Усходу або Сярэдняй Азіі. Сярод паліт. ссыльных былі дзеячы расколу, праціўнікі рэформ Пятра I, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., удзельнікі Барскай канфедэрацыі, паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, дзекабрысты, народнікі, сацыял-дэмакраты і інш. С. скасавана ў Расіі пасля Лют. рэвалюцыі 1917, адноўлена бальшавікамі ў першыя гады сав. улады. Крымін. кодэкс (КК) РСФСР (1926) прадугледжваў С., на тэрмін ад 2 да 10 гадоў у якасці самаст. і да 5 гадоў дадатковай меры пакарання. У 1931 уведзена дадатковая С. пасля адбыцця тэрміну зняволення для асуджаных за шэраг «контррэвалюцыйных» злачынстваў, бандытызм і інш. З сярэдзіны 1930-х г. Асобая нарада НКУС СССР сістэматычна накіроўвала ў С. (спачатку на 5, потым на 10, 25 гадоў) пасля адбыцця зняволення тых з вышэйназваных, у каго ў судовым прыгаворы не было С. З 1948 гэтая дадатковая С. стала пажыццёвай. КК СССР (1960) замест гэтых дадатковых рашэнняў прадпісваў судам назначаць у прыгаворах за адпаведныя злачынствы як тэрмін пазбаўлення волі, так і наступную С. З 1920-х г. акрамя пакарання за канкрэтныя злачынствы практыкавалася масавая С. былых паліт. праціўнікаў бальшавікоў (меншавікі, эсэры, кадэты, анархісты і інш.), да якіх у 1927 далучаны і трацкісты. Формай С. былі дэпартацыі 1930—40-х г., у т. л. звязаныя з калектывізацыяй. С. як асобны від пакарання захоўвалася ў сав. праве да 1992. На Беларусі выкарыстоўвалася паводле рашэння суда або ў адм. парадку, гал. чынам у адносінах асоб, якія абвінавачваліся ў паліт. злачынствах. Існавала ў 1928—94. Не ўжывалася да непаўналетніх, цяжарных жанчын і жанчын, якія мелі на ўтрыманні дзяцей да 8-гадовага ўзросту.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ШКІ,

гульня 2 партнёраў на шматклетачнай дошцы (падзеленай на цёмныя і светлыя палі) аднолькавымі, але розных колераў фігуркамі (фішкамі-Ш.), якія перамяшчаюцца па цёмных палях паводле пэўных правіл; від спорту. Мэта гульні — знішчыць фігуры праціўніка ці «заперці» іх (пазбавіць хадоў).

Паводле археал. звестак і твораў Герадота і Платона, Ш. ўзніклі ў Стараж. Егіпце і краінах Аравійскага п-ва. Існуюць Ш. рускія, англ., ням., ісп. (на 64-клетачнай дошцы па 12 фігур у кожнага партнёра), франц., польск. (на 100-клетачнай дошцы па 20 фігур), канадскія (на 144-клетачнай 30 фігур). З 19 ст. праводзяцца нац. чэмпіянаты (у Расіі з 1896). Найб. пашырэнне набылі 100-клетачныя франц. Ш., якія сталі міжнароднымі. Чэмпіянаты свету па 100-клетачных Ш. праводзяцца з 1894. 1-ы чэмпіён — І.​Вейс (1894—1912). У 1947 засн. Сусв. федэрацыя Ш. (Fédération mondiale du jeu de dames, ФМЖД), якая аб’ядноўвае нац. арг-цыі 49 краін (2003). У 1947 засн. званне міжнар. гросмайстра. З 1965 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (першапачаткова Кубак Еўропы; чэмпіён І.​Куперман, 1965, з 1972 — пяршынствы свету сярод юнакоў, з 1974 — пяршынствы свету сярод жанчын. З сярэдзіны 1980-х г. пры ФМЖД існуе секцыя рус. Ш. «64». Спаборніцтвы праводзяць па розных версіях: бразільскай, рус. і інш.

Чэмпіянаты свету па рус. Ш. праводзяцца з 1993 (1-ы чэмпіянат адбыўся ў г. Пінск, Беларусь, бронз. прызёрам стаў А.​Валюк). Самастойная галіна Ш. — шашачная кампазіцыя, у якой зарэкамендавалі сябе бел. шашысты чэмпіёны свету Б.​Іваноў, У Шульга. На Беларусі спаборніцтвы праводзяцца па рус. і міжнар. Ш. 1-е афіц. спаборніцтва па рус. Ш. — чэмпіянат Мінска — праведзены ў 1922 (пераможца Б.Круталевіч), 1-ы чэмпіянат Беларусі па рус. Ш. — у 1925. Найб. поспехаў у розны час дасягнулі: Валюк, В.​Габрыэлян, М.​Гелер, А.​Соркіна, А.​Плакхін. 1-ы чэмпіянат Беларусі па міжнар. Ш. адбыўся ў 1953. Найб. вызначыліся ў Ш. гэтай катэгорыі А.Альтшуль, А.Балякін, А.Гантварг, З.Голубева, В.​Камышлеева, М.Кац, І.​Пашкевіч, А.​Прэсман, Л.Сахненка, М.​Шавель. Федэрацыя Ш. Беларусі ўступіла ў ФМЖД у 1992. Каманда бел. шашыстаў прымала ўдзел у Сусв. шашачных алімпіядах у 1992 (1-е месца) і 2000 (3-е месца).

Літ.:

Берлинков Б.Л., Рокитницкий А.В. Шашечные партии белорусских мастеров. Мн., 1983;

Курилович Н.В. Заочные шашки в Беларуси. Мн., 1999;

Кац М. Уроки стратегии на 100 клетках. Мн., 2000.

П.​А.​Шацаў.

т. 17, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕРАЛОГІЯ

У 19 ст. этыялогію, клініку, лячэнне, прычыны пашырэння і прафілактыку венерычных хвароб вывучалі бел. ўрачы А.​М.​Аляксандраў, К.​П.​Гарбачэўскі, П.​Ф.​Дзеканскі, І.​З.​Зак, Л.​Я.​Поляк, П.​С.​Тапорнін, А.​А.​Яхнін. Навук. даследаванні па венералогіі пачаліся з адкрыццём у 1923 кафедры скурных і венерычных хвароб мед. факультэта БДУ (В.​Ю.​Мранговіус) і стварэннем у 1932 НДІ скурных і венерычных захворванняў (А.​П.​Комаў, А.​Я.​Пракапчук). У даваенны час і першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі гал. яе кірункам стала распрацоўка навук. асноў ліквідавання венерычных хвароб, якія асабліва пасля вайны мелі амаль эпідэміялагічны характар. Бел. венеролагі распрацавалі метады: лячэння сіфілісу пеніцылінам (Пракапчук), безмыш’яковісты (С.​С.​Гарбулёў), скарочаны (Комаў), інструментальнай дыягностыкі, антыбіётыкатэрапіі ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.​В.​Дыла, А.​Ц.​Сасноўскі, Л.​Р.​Фёдарава) і інш. У 1960-х г. Беларусь стала адным з лепшых рэгіёнаў СССР па барацьбе з венерычнымі хваробамі (І.​І.​Багдановіч, Л.​І.​Багдановіч, А.​П.​Віторскі, Дыла, Комаў і інш.). Пастаяннае вывучэнне эпідэміялогіі венерычнай паталогіі дазволіла кантраляваць яе пашырэнне (А.​П.​Віторскі, В.​Г.​Радыёнава). Даследаваны імунны статус у хворых на сіфіліс (В.​Г.​Панкратаў і інш.) і ганарэю (Л.​Г.​Барабанаў), распрацаваны рэкамендацыі па іх карэкцыі. У апошнія дзесяцігоддзі даследаванні па венералогіі вядуцца ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. універсітэтах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Выяўлена змяненне клінічнай праявы сіфілісу, ганарэі і інш. інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, што мае важнае значэнне ў дыягностыцы гэтых паталогій (Панкратаў, Фёдарава, І.​Г.​Шыманская і інш.). Зроблены даследаванні па вывучэнні клінікі, дыягностыкі і лячэння сіфілісу нервовай сістэмы (Панкратаў, А.​М.​Лук’янаў). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Барабанаў, Віторскі, Панкратаў, Я.​С.​Пеўзнер, М.​З.​Ягоўдзік і інш.). Дадзена клінічная ацэнка тэрапеўтычнай эфектыўнасці лекавых прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам (У.​П.​Адаскевіч, Барабанаў, В.​М.​Козін, Фёдарава, Ягоўдзік і інш.) Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скуравендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.

Літ.:

Горбулев С.С. Безмышьяковистое лечение сифилиса. Мн., 1959;

Венерические болезни. Мн., 1978;

Венерические болезни. Мн., 1998;

Адаскевич В.П. Инфекции, передаваемые половым путем. Н.​Новгород, 2001.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 18, кн. 2, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ

Развіццё на Беларусі пачалося з утварэннем у 1840 Горы-Горацкага земляробчага ін-та (з 1925 Бел. сельскагаспадарчая акадэмія). У 1934—36 у заатэхн. аддзеле Ін-та біял. навук даследаваліся асобныя пытанні свінагадоўлі (М.​М.​Кулагін з супрацоўнікамі). У 1949 створаны Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Яго арганізатар і першы дырэктар — Х.​С.​Гарагляд. Ін-т каардынуе навукова-даследчую работу па заатэхніі, у ім створаны шэраг навук. школ. Заснавальнік школы селекцыянераў В.​Ц.​Горын, яго паслядоўнікі — І.​І.​Будзевіч, У.​В.​Горын, М.​П.​Грынь. Бел. навук. школа па селекцыі свіней заснавана У.​В.​Горыным і І.​П.​Шайко, малочнай жывёлы — М.​П.​Грынем, па кармленні свіней — В.​М.​Галушко, буйн. раг. жывёлы — М.​А.​Яцко, па прыватнай заатэхніі — А.​А.​Гайко. За час існавання ін-та выведзены бел. чорна-пярэстая парода свіней (З.​Д.​Гільман, У.​Л.​Дзенісевіч, Д.​П.​Зубкова), бел. мясная парода свіней (В.​Ц.​Горын, У.​В.​Горын, І.​П.​Шайко), бел. запражная парода коней (М.​А.​Гарбукоў, А.​П.​Гарбуноў, У.​К.​Гладзенка), бел. чорна-пярэстая парода буйн. раг. жывёлы (М.​П.​Грынь, Н.​В.​Клімец, А.​М.​Якусевіч). Распрацаваны тэхналогіі трансплантацыі эмбрыёнаў у малочнай і мясной жывёлагадоўлі (А.​І.​Будзевіч, І.​І.​Будзевіч, М.​Ф.​Жук), тэхналогія гібрыдызацыі ў свінагадоўлі (Л.​А.​Федарэнкава, І.​П.​Шайко), асновы прамысл. скрыжавання ў жывёлагадоўлі (А.​А.​Гайко), шэраг кармавых дабавак (В.​М.​Галушко, М.​У.​Пілюк, М.​А.​Яцко).

У галіне птушкагадоўлі выведзены кросы курэй з ранняй палавой спеласцю і высокай яйцаноскасцю. Атрыманы лініі качак з палепшанымі мяснымі якасцямі і здольнасцю да адкорму на тлустую печань. Вялікае пашырэнне атрымалі створаныя вучонымі Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкаводстве кросы курэй «Беларусь-9», качак «Тэмп» і інш.

У развіццё рыбаводства значны ўклад зрабілі вучоныя-іхтыёлагі і эколагі П.​І.​Жукаў, Л.​В.​Камлюк, В.​У.​Кончыц, У.​П.​Ляхновіч. У Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі выведзена лахвінская парода карпа, вядуцца працы па вывядзенні ізабелінскай пароды карпа. Створана інтэнсіўная тэхналогія вытв-сці сажалкавай рыбы, дадзена рыбагаспадарчая ацэнка вадаёмаў краіны, прапанавана схема іх рацыянальнага выкарыстання. Распрацоўваецца тэорыя мінер. ўгнаення сажалак, удасканальваюцца рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення рыб, лячэння і прафілактыкі іх хвароб. Вядуцца працы па акліматызацыі і інтрадукцыі каштоўных парод рыб у азёры Беларусі.

Літ.:

Слесарев И.К., Пилюк Н.В. Минеральные источники Беларуси для животноводства. Мн., 1995;

Федоренкова Л.А., Шейко И.П. Селекционно-генетические основы выведения белорусской мясной породы свиней Мн., 2001;

Кончиц В.В. Растительноядные рыбы как основа интенсификации рыбоводства Беларуси. Мн., 1999.

І.​П.​Шайко.

т. 18, кн. 2, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕРАЛО́ГІЯ,

аддзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны, шляхі пашырэння, клінічныя праяўленні, метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі венерычных хвароб. Даследуе інфекц. захворванні, узбуджальнікі якіх перадаюцца пераважна палавым шляхам (у т. л. некат. хваробы мочапалавога тракту, скурныя хваробы, СНІД). Венералогія цесна звязана з дэрматалогіяй. Вял. значэнне набывае вывучэнне сац. прычын венерычных хвароб, а таксама распрацоўка метадаў іх індывід. і грамадскай прафілактыкі.

Звесткі пра венерычныя хваробы ёсць у творах Гіпакрата, Цэльса, Плутарха, Галена, Ібн-Сіны і інш. асветнікаў, у працах прадстаўнікоў Салернскай мед. школы (12—13 ст.). Канец 15 ст. адзначыўся пандэмічным пашырэннем сіфілісу, з’яўленне якога ў Расіі ўпершыню апісана ў 1490. У 19 ст. адкрыты ўзбуджальнікі трыхаманозу (А.​Данье, 1836), ганарэі (А.​Найсер, 1879), мяккага шанкеру (П.​Ферары, А.​У.​Петэрсен і А.​Дзюкрэй, 1885—89), сіфілісу (Ф.​Шаўдзін і Э.​Гофман, 1905). Ням. вучоныя А.​Васерман і Найсер распрацавалі метад серадыягностыкі сіфілісу (рэакцыя Васермана, 1906). Пачаткам навук. венералогіі ў Расіі лічыцца 2-я пал. 19 ст., калі пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу створана кафедра венерычных хвароб (1869) пад кіраўніцтвам В.​М.​Тарноўсгага, засн. сіфілідалогіі. Значны ўклад у развіццё венералогіі зрабілі М.​І.​Стукавенкаў, А.​І.​Паспелаў, А.​Г.​Ге і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па венералогіі пачаліся ў 19 — пач. 20 ст. У 1867 створана т-ва мінскіх урачоў, з якога ў 1914 вылучылася група ўрачоў-дэрматавенеролагаў. Мэтанакіраваныя даследаванні па венералогіі пачаліся ў 1923 на кафедры скурных і венерычных хвароб мед. ф-та БДУ. У 1932—88 яны канцэнтраваліся ў Бел. н.-д. скурна-венералагічным ін-це, вядуцца таксама ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавалася пашырэнне (В.Ю.Мранговіус), удасканальваліся прафілактыка і лячэнне венерычных хвароб, вывучаўся ўплыў ганарэі на рэпрадукцыйную функцыю мужчын і жанчын. Распрацаваны метады лячэння сіфілісу пеніцылінам (А.​Я.​Пракапчук), безмыш’яковісты (С.​С.​Гарбулёў), скарочаны (Ю.Ф.Каралёў, А.П.Комаў), інструментальная дыягностыка, антыбіётыкатэрапія ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.​В.​Дыла, А.​Ц.​Сасноўскі, Л.​Р.​Фёдарава), удасканалена методыка серадыягностыкі сіфілісу (Б.​М.​Гінзбург). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і скарочаныя высокаэфектыўныя метады лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Я.​С.​Пеўзнер, А.​П.​Віторскі, Л.Г.Барабанаў, В.Г.Панкратаў, М.З.Ягоўдзік і інш.). Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скурвендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.

Літ.:

Гусаков Н.И. Развитие отечественной дермато-венерологии и ее важнейшие научные школы: Очерки. Ч. 1. М., 1992.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

кірунак у філасофіі канца 19—1-й пал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.​Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.​Керды, Т.​Х.​Грын, Б.​Бозанкет, Дж.​Э.​Мак-Тагарт, Р.​Дж.​Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.​Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.​Коген, В.Дзільтэй, Р.​Кронер, Г.​Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.​Герынг, Т.​Літ, Ю.​Біндэр, Г.​Ласан, А.​Ліберт, Ф.​Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.​Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.​Валь, А.​Кажэў, Ж.​Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.

Літ.:

Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;

Богомолов А.С. Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;

Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;

The American Hegelians. New York, 1973.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.​Д’Аламбер, А.​Сен-Сімон, А.Р.​Ж.​Цюрго, Д.​Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.​Літрэ, Ж.​Э.​Рэнан, І.​Тэн (Францыя), Дж.​Міль, Г.​Спенсер, К.​Пірсан (Вялікабрытанія), П.​Л.​Лаўроў, У.​В.​Лясевіч, М.​К.​Міхайлоўскі, М.​М.​Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.​Авенарыус, Э.​Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук. пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл. Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт. філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.​С.​Стэбінг, Дж.​Уісдам (Вялікабрытанія), К.​Г.​Гемпель, Г.​Шольц (Германія), Э.​Нагель, Ч.​Морыс, П.​У.​Брыджмен (ЗША), К.​Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш. філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.

Літ.:

Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;

Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;

Философия и методология науки. М., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),

адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.

Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца не прызнаюцца* шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б. Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.

На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл. Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш.). Прыхільнікі П. складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт. Беларуская праваслаўная царква.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЗМ,

метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.

Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав. муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.​Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз. мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.​Араноўскага, Ю.​Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.​Булеза, С.​Губайдулінай, В.​Лютаслаўскага, А.​Месіяна, К.​Пендарэцкага, В.​Сільвестрава, А.​Шнітке і інш.).

У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.​Манюшкі, канцэрты М.​Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.​Аладаў, В.​Залатароў, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.​Багатыроў, П.​Падкавыраў, Р.​Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.​Мдывані, Ф.​Пыталеў, Г.​Гарэлава, У.​Дамарацкі, У.​Дарохін, В.​Кузняцоў, А.​Хадоска і інш.).

Літ.:

Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;

Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;

Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;

Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;

Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.​В.​Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;

Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;

Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;

Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр. Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.

В.​П.​Савіцкая.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ імя Ф.​Скарыны (ТБМ),

бел. добраахвотная грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989 у Мінску. Арганізатары-заснавальнікі: Саюз пісьменнікаў Беларусі, мін-вы адукацыі, культуры Рэспублікі Беларусь, ін-ты мовазнаўства і літаратуры Нац. АН Беларусі, Дзярж. к-т Рэспублікі Беларусь па друку, Бел. фонд культуры, т-ва «Радзіма», Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі, Нац. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Старшыні т-ва: Н.​С.​Гілевіч, з 1997 Г.​М.​Бураўкін, з 1999 А.​А.​Трусаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, які склікаецца 1 раз у 2 гады, кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. рада ТБМ, выканаўчы орган — Сакратарыят. Рэвізійная камісія кантралюе дзейнасць выбарных органаў і структурных падраздзяленняў т-ва. Мэты т-ва: аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нац. святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі, усебаковае развіццё і захаванне яе чысціні і самабытнасці. Пры т-ве дзейнічае 8 камісій: адукацыйная, арганізацыйная, выдавецкая, па культуры мовы і ўдасканаленні правапісу, па сувязях з замежнымі краінамі, па тапаніміцы і гіст. сімволіцы, тэрміналагічная і інш. Працуе ініцыятыўная група па стварэнні Бел. нац. ун-та, бел. бацькоўскі к-т, кніжны і відэаклуб. Мае б-ку стараж. бел. кнігі (больш за 600 асобнікаў рэдкіх бел. кніг). За час існавання т-вам выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай л-ры, у т. л. тэрміналагічныя слоўнікі па фізіцы, вышэйшай матэматыцы, зоапаразіталогіі, батаніцы, бел. вайсковы слоўнік і інш. З сак. 1990 выдае штотыднёвую газ. «Наша слова». У 1990 прымала ўдзел у падрыхтоўцы Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага закона, у стварэнні «Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь» (1991). ТБМ правяло рэсп. канферэнцыі: «Шляхі станаўлення нацыянальнай беларускай школы» (1990), «Інтэлігенцыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі» (1991), «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Беларусі», «Шляхі ўдасканалення правапісу беларускай літаратурнай мовы» (1992), сумесна з Мін-вам адукацыі па праблемах бел. тэрміналогіі (1994, 1995), «Закон аб мовах — вынікі і перспектывы», «Беларуская тапаніміка. Гісторыя і сучаснасць» (2000). Падтрымлівае беларускамоўныя класы і школы, прапагандуе родную мову і культуру. Удзельнічала ў перапісе насельніцтва Беларусі (1999). Ім перададзена бязвыплатна каля 10 тыс. асобнікаў кніг для рэгіянальных суполак ТБМ, а таксама для вясковых, школьных і раённых б-к. Структуры т-ва працуюць у кожным раёне Мінска, ва ўсіх буйных гарадах і 64 раёнах Беларусі, а таксама ў Вільні, Рызе, Іркуцку, Маскве, С.-Пецярбургу, Севастопалі, існуе суполка ў Германіі. На 1.1.2001 у ТБМ больш як 5500 актыўных членаў і каля 10 000 прыхільнікаў. Мае сваю афіцыйную сімволіку.

А.​А.​Трусаў.

т. 15, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)