БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ Станіслаў Станіслававіч (1869, Вільня — 1927),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—94). Шмат падарожнічаў па Беларусі і Літве. У жанравых творах адлюстроўваў побыт бел. і літоўскіх сялян і гараджан, высмейваў норавы мяшчан. Аўтар карцін «Баль у Мінску», «Прачкі», графічных лістоў «У мястэчку», «Злоўлены жывым», «Праца ў фальварку», «Цыганы» і інш., анімалістычных малюнкаў («Стаеннік», «Бегавы конь» і інш.), іл. да апавядання Э.Ажэшкі «Гэдалі» (1907). Удзельнік выставак Пецярбургскага т-ва мастакоў (1890—1900) і мастацкіх у Мінску (1911).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.
Я.Ф.Шунейка.
А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН ВЭЙ, Моцзе (699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761),
кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант. Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. Служыў пры імператарскім двары. Аўтар паэтычнай пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Чырвоныя бабы», «Сцежка сярод акацый» і інш.), твораў на гіст. тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзеюй»). Пачынальнік кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцяў тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульняльныя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Праясненне пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна з Цзінаня» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦ (Witz) Конрад (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),
швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЗА́ГА (Gonzago, Gonzaga) П’етра ды Гатарда (25.3.1751, Лангароне, каля г. Венецыя, Італія — 6.8.1831), італьянскі жывапісец, тэатр. дэкаратар і архітэктар. Вучыўся ў Венецыі і Мілане, зазнаў уплыў А.Каналета і Дж.Б.Піранезі. З 1792 працаваў у Расіі. Дэкарацыі, створаныя ім пераважна для прыдворных т-раў і т-ра ў Архангельскім, вызначаліся гарманічнай дакладнасцю класіцыстычных формаў. Выкананыя Ганзага манум.-дэкар. размалёўкі дзякуючы ілюзорным эфектам стваралі ўражанне рэальна існуючай архітэктуры (размалёўка т.зв. галерэі Ганзага ў палацы ў Паўлаўску, 1822—23; захавалася часткова). Удзельнічаў у планіроўцы паркаў (у Паўлаўску і інш.).
П.Ганзага. Эскіз дэкарацыі балета Д.Штайбельта «Сандрыльёна» ў пастаноўцы І.Вальберха і Агюста. Пецярбург. 1815.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРУ́К Уладзімір Іванавіч (н. 6.7.1961, пас. Качубееўка Стаўрапольскага краю, Расія),
бел.жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1989). У 1991—94 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. З 1994 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанры тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта. Філас. разважанні аб шматграннасці жыцця, свой духоўны, эстэт. ідэал Ганчарук выяўляе праз зварот да міфалагічных сюжэтаў, легендаў, паданняў. Сярод твораў: «Казачніца» (1985), «Лістапад», «Забыты Бог», «Прадказальнік» (усе 1988), трыптых «Датычнасць» (1989), «Знак зацьмення» (1991), «Адзінокая зорка», «Тэсей і мінатаўр» (абедзве 1992), «Блаславенне» (1993), «Жнівень», «Распяцце», «Зварот», «Усім самотным» (усе 1994), «Прэлюдыя ночы», серыя «Цыганскі барон» (усе 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎРЫС Іван Трафімавіч (1890, в. Кухчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1937),
бел.жывапісец, графік, педагог. Скончыў у Віцебску настаўніцкі ін-т, маст.-практычны ін-т (1922, у 1922—23 яго рэктар). Зазнаў уплыў К.Малевіча. У 1920—30-я г. выкладаў маляванне ў навуч. установах Віцебска. Уваходзіў у групу УНОВІС. Удзельнік выставак УНОВІС (Масква, 1921) і ўсебеларускіх (1925, 1927, 1930, 1936, 1937). Сярод работ: «Партрэт дачкі», «Затока», «Маёўка ў 1905» і інш. Аўтар успамінаў пра Віцебскую мастацкую школу ў першыя гады сав. улады. У 1937 беспадстаўна рэпрэсіраваны і расстраляны. У 1962 рэабілітаваны.
Тв.:
Вобразнае мастацтва ў г. Віцебску // Віцебшчына. Віцебск, 1928. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕРЧЫ́НА, Гуэрчына
[Guercino; сапр.Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],
італьянскі жывапісецбалонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаванне св. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.
Літ.:
Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.
Гверчына. Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа. Каля 1625.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́САРТ (Gossaert) Ян (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),
нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.Карандэле, 1517).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦАЛІ (Gozzoli) Беноца (сапр.ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
Б.Гоцалі. Фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі. Фрагмент. 1459.