ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Джэймс Гаральд (11.3.1916, г. Хадэрсфілд, Вялікабрытанія — 24.5.1995), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т, з 1937 выкладаў там эканоміку. У 1940—44 ва ўрадавым апараце, з 1945 чл. парламента, у 1947—51 міністр гандлю. З 1952 чл. выканкома, з 1963 лідэр Лейбарысцкай партыі. Прэм’ер-міністр у 1964—70 і 1974—76. Эканам. праграма Вільсана — жорсткія абмежавальныя меры для выхаду з фін. крызісу, дэвальвацыя фунта і інш. Пры Вільсане Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, узмацніла сувязі з НАТО. Пасля трэцяй перамогі на выбарах 1976 нечакана пайшоў у адстаўку. Працы па эканам. пытаннях.

Г.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАРБУДТЭ́ХНІКА», Беларускі дзяржаўны дарожны навукова-даследчы і праектна-тэхналагічны інстытут Навукова-вытворчага аб’яднання «Белаўтадарпрагрэс». Засн. ў 1962 на базе дарожна-доследнай станцыі як БелдарНДІ. З 1992 «Дарбудтэхніка». Вядучая н.-д. арг-цыя Рэспублікі Беларусь у галіне буд-ва, рамонту і ўтрымання аўтадарог, мастоў і пуцеправодаў. Акрэдытаваны на тэхн. кампетэнтнасць і незалежнасць пры правядзенні выпрабаванняў, у т. л. сертыфікацыйных. Асн. кірункі дзейнасці: пошук і распрацоўка новых эфектыўных матэрыялаў, канструкцый, тэхнал. працэсаў, абсталявання і сродкаў механізацыі, эканомія і рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхн. і прац. рэсурсаў, павышэнне тэхн. ўзроўню, якасці дарожных работ і інш.

В.​М.​Яромка.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́НА (Антон Васілевіч) (16.1.1885, г. Веліж, Расія — 30.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1902 працаваў тэлеграфістам. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07, 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. Ваен. камісар Ігуменскага, Мінскага пав., ваен. камендант Мінска, гомельскі губ. ваен. камісар. Узнаг. ордэнам Чырв. Сцяга. Ваенком 2-й стралк. і 7-й кав. дывізій, нам. наркома, нарком па ваен. справах БССР. З 1925 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, старшыня ЦК Асаавіяхіма БССР. Чл. ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК БССР у 1920—21, 1924—37, канд. у чл. ЦВК СССР у 1925—29.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАТО́ЦКІ ((Zápotocký) Антанін) (19.12.1884, в. Закалані, каля г. Кладна, Чэхія — 13.11.1957),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Сын Л.​Запатоцкага — аднаго з заснавальнікаў с.-д. партыі Чэхіі. З 1902 чл. с.-д. партыі. Дэлегат 2, 4, 6 і 7-га кангрэсаў Камінтэрна. Адзін з заснавальнікаў кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ), чл. яе ЦК і Палітбюро з дня заснавання (1921). У 1922—25 сакратар ЦК КПЧ, у 1925—38 дэп. Нац. сходу, у 1929—39 ген. сакратар Цэнтр. бюро прафсаюзаў. У 1939—45 у фаш. турмах і канцлагерах. У 1948—53 старшыня Савета Міністраў, у 1953—57 прэзідэнт Чэхаславакіі.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Апанас Фёдаравіч) (15.12.1903, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1993),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Віцебскі каап. тэхнікум (1931), вышэйшыя пед. курсы ў Ленінградзе (1932). З 1926 на сав., каап. і парт. рабоце ў Барысаўскім р-не, Віцебску. У 1937—38 старшыня СНК БССР. У 1939 арыштаваны, у 1941 сасланы ў Омскую вобл. Рэабілітаваны ў 1943. Працаваў у сістэме кааперацыі ў Омскай вобл., Малдаўскай ССР. У 1947—60 нам. старшыні Белкаапсаюза. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—39. Аўтар успамінаў «Звон мой — праўда» (1989).

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НІНГ ((Canning) Джордж) (11.4.1770, Лондан — 8.8.1827),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. Скончыў Оксфардскі ун-т (1791). З 1793 чл. парламента. У 1796—99 пам. міністра замежных спраў у кабінеце У.Піта Малодшага. У 1807—09 міністр замежных спраў. Праводзіў курс на фін. і ваен. дапамогу Іспаніі ў вызв. вайне з Напалеонам I. У 1814—16 пасол у Партугаліі. Лідэр партыі торы. З 1822 чл. кабінета Р.Б.Ліверпула і міністр замежных спраў. Садзейнічаў прызнанню брыт. урадам незалежнасці б. ісп. калоній у Паўд. Амерыцы, выступаў за аўтаномію Грэцыі. Змагаўся за ўмацаванне брыт. гегемоніі ў Еўропе ў процівагу палітыцы краін Свяшчэннага саюза.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕНГА́ГЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых універсітэтаў Даніі. Дзяржаўны. Засн. ў 1479. Напачатку меў толькі багаслоўскі ф-т. У 1736 створаны юрыд. (у 1848 пашыраны і атрымаў назву дзяржаўна-прававы), у 1788 — філас. і мед. ф-ты, з 1850 — прыродазнаўча-матэматычны. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: тэалагічны, юрыд., сац. навук, гуманіт., мед. біялогіі чалавека, стаматалагічны і інш.; 28 тыс. студэнтаў, 2 тыс. выкладчыкаў. Навучанне бясплатнае, на дацкай мове, некат. курсы выкладаюцца на англійскай. Мае музеі: бат., заал., мінералагічны, гісторыі медыцыны. Б-ка з 1482 (каля 1 млн. тамоў).

В.​М.​Навумчык.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ТЭ ЧЖУН (н. 3.12.1925, г. Мопкха, Карэя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў ун-т Кенхі. Чл. Новай дэмакр. партыі, кандыдат ад яе на прэзідэнцкіх выбарах 1971. Выступаў супраць аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі, неаднаразова быў арыштаваны. Пасля забойства апошняга як адзін з лідэраў апазіцыі асуджаны на пакаранне смерцю (заменена на пажыццёвае зняволенне). Вызвалены ў 1982, выехаў у ЗША. У 1985 вярнуўся на радзіму, разам з Кім Ен Самам (да 1987) узначальваў рух за дэмакратызацыю краіны. У 1991—92 лідэр Дэмакр. партыі. З 1998 прэзідэнт Рэспублікі Карэя.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКІН (Сяргей Міхайлавіч) (12.9.1909, г.п. Гусь-Жалезны Касімаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 14.5.1993),

дзяржаўны і гасп. дзеяч БССР. Засл. работнік прам-сці Беларусі (1974). Скончыў Маскоўскі ін-т с.-г. машынабудавання (1935). У 1924—30 працаваў на Люберацкім з-дзе с.-г. машын, з 1934 на Горкаўскім аўтазаводзе. З 1955 дырэктар Мінскага аўтазавода, з 1959 нач. упраўлення машына- і станкабудавання Саўнаргаса БССР, з 1962 нам. старшыні, з 1963 старшыня Саўнаргаса БССР, у 1965—74 нам. старшыні Савета Міністраў БССР. Дэп. Вярх. Савета БССР 5—8-га скл. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІСФЕ́Н (Kleisthenēs),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі ў 6 ст. да н.э. Паходзіў з арыстакратычнага роду Алкмеанідаў, выгнаных з Афін Пісістратыдамі Пасля выгнання з Афін тырана Гіпія ў 510 да н.э. К. вярнуўся ў Афіны і ўзначаліў афінскі дэмас, апазіцыйны арыстакратам на чале з Ісагорам. У 509—507 правёў шэраг дэмакр. рэформ, паводле якіх Атыка падзелена на 10 тэр. філаў (замест 4 родавых), савет 400 (буле) заменены выбарным саветам з 500 дэлегатаў, створана калегія з 10 стратэгаў, якая ўзяла на сябе ваен. функцыі, уведзена новая форма тайнага галасавання — т.зв. астракізм. Рэформы К. замацавалі перамогу афінскага дэмасу над радавой арыстакратыяй.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)