«Рымскія гісторыі» («Gesta Romanorum»), сярэдневяковы зборнік дыдактычных і псеўдагістарычных аповесцей, навел, прытчаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Складзены, відаць, у Англіі ў 13 ст. на падставе зах.-еўрап., ант. і блізкаўсх. крыніц. Паводле агульнага характару, літ. структуры твораў, спосабаў апавядання і прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці блізкі да «Вялікага зярцала».
У самых поўных рэдакцыях змяшчае каля 180 твораў, частка іх звязана з рымскімі падзеямі і героямі (адсюль назва). Прызначаўся пераважна для выхаваўчых мэт, хоць у зборніку нямала белетрыстычнага матэрыялу для займальнага чытання. У канцы кожнага твора падаюцца маралізатарскія тлумачэнні-павучанні, некат. з выразнай рэліг. афарбоўкай. Зборнік паўплываў на ўсю сярэдневяковую і рэнесансавую л-ру Зах. Еўропы; яго сюжэты, вобразы, прытчы выкарыстоўвалі і пісьменнікі (Дж.Бакачыо, Вальтэр, Ф.Шылер, У.Шэкспір і інш.). На бел. мове вядомы 2 рукапісы «Р.дз.»: Магілёўскі (1688, дэфектны, без канца) і Ціханравава (1729). У першым 36, у другім 39 твораў. Паводле свайго складу бел. пераклад адносіцца да найб.стараж. рэдакцый. У бел. зборніках змешчаны не толькі павучальныя гісторыі-прытчы і легенды (як ілюстрацыі да зместу маральных правіл паводзін людзей: пра няверную жонку, чалавечую няўдзячнасць, пра справядлівасць і высакароднасць, пра спакусы д’ябла, страшны суд і г.д.), але і папулярныя творы сярэдневяковай л-ры «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Жыціе Яўстафія Плакіды», скарочаная рэдакцыя ант. рамана «Гісторыя пра Апалона Цірскага» і інш. У мове бел. перакладу нямала архаізмаў і русізмаў, хоць непасрэднай крыніцай для яго, найб. верагодна, паслужыў польскі тэкст.
Публ.:
Римские деяния. СПб., 1877—78.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Средневековые западноевропейские повести в русской и славянских литературах. I. Истории из Римских деяний. СПб., 1897.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАТЭЛІ́Я (ад філа... + грэч. ateleia вызваленне ад аплаты),
калекцыяніраванне і вывучэнне марак і інш. знакаў паштовай аплаты, дакументаў, звязаных з гісторыяй пошты. Узнікла з паяўленнем у Англіі (1840) першых наклееных паштовых марак, якія замянілі грашовую аплату за перасылку пісем. Тэрмін «Ф.» ўвёў у 1864 франц. калекцыянер Г.Эрпен. З 1860-х г. пачалі выдавацца філатэлістычныя каталогі і часопісы, з’явіліся арг-цыі філатэлістаў у ЗША (1868), Вялікабрытаніі і Германіі (1869), Францыі (1874), Расіі (1883). У СССР у 1923 засн.Усерас.т-ва, у 1966 — Усесаюзнае. На Беларусі Ф. зарадзілася ў пач. 20 ст. У 1920-я г. існавала Бел. аддзяленне Усерас.т-ва філатэлістаў. У Зах. Беларусі ў 1925—39 клубы філатэлістаў дзейнічалі ў Брэсце, Гродне, Пінску, Лунінцы, Лідзе. У 1950-я г. ўзніклі клубы ў Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску. У 1967 створана Бел.рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва філатэлістаў з аддзяленнямі ў абл. гарадах. З 1970-х г.бел. філатэлісты ўдзельнічалі ў рэсп., усесаюзных і міжнар. выстаўках, атрымалі больш за 250 медалёў. З 1992 дзейнічае Бел. саюз філатэлістаў. На Беларусі пашырана тэматычнае калекцыяніраванне марак, якія маюць дачыненне да Беларусі («Беларусіка»). Першая спроба выпуску бел. марак зроблена ў 1920 у Латвіі, выдадзена 10 марак з надпісам «Асобны атрад. БНР». Пошты СССР, Польшчы, Францыі, Манака, Ізраіля, Чылі, Манголіі, ГДР, Чэхаславакіі, пошта ААН і некат. краін Афрыкі выдавалі маркі з бел. тэматыкай. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя выдала памятныя серыі марак, прысвечаныя юбілейным датам з гісторыі Беларусі. Маркі «беларускай пошты» вядомы ў Вялікабрытаніі. Пошта Рэспублікі Беларусь у сак. 1992 пачала выпуск уласных паштовых марак з выявамі помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, твораў мастацтва, славутых асоб Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧ Валенцій Мельхіёравіч (12.5.1800, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1842),
бел. жывапісец; прадстаўнік рамантызму. З роду Ваньковічаў, пляменнік паэта А.Гарэцкага. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811), на ф-це вольных навук Полацкай акадэміі (1813—17), у Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1818—24), Пецярбургскай АМ (1825—28). За малюнкі з натуры адзначаны 2-м (1825) і 1-м (1826) сярэбранымі медалямі, за твор «Подзвіг маладога кіяўляніна...» (1827) — залатым медалём і правам вучыцца за мяжой за кошт акадэміі. Найб. вядомы як партрэтыст: партрэты Адама Міцкевіча («Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828), Э.Ромера, Ю.Корсака, А.Адынца, М.Шыманоўскай, А.Пушкіна, К.Ліпінскага, В.Жукоўскага і інш. З 1829 жыў у Мінску, меў майстэрню ў Вял. Сляпянцы і Мінску (разам з Ч.Манюшкам). Тут стварыў партрэты бацькі, сястры С.Гарноўскай, Д.Манюшкі, жонкі з дзецьмі (мініяцюры), А.Гарэцкага, В.Пуслоўскага і членаў яго сям’і, С. і К.Пясецкіх, К. і А.Тавянскіх і інш. Пад уплывам Тавянскага захапіўся тэорыяй містыцызму, асобай Напалеона, біблейскімі сюжэтамі: «Маці Божая Вастрабрамская», «Мадонна з Ісусам Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем», «Напалеон каля вогнішча» (1834). У канцы 1830-х г. пакінуў Мінск; працаваў у Дрэздэне, Берліне, Мюнхене; з 1841 у Парыжы, жыў у сям’і Міцкевічаў. Напісаў манум. палотны «Апафеоз Напалеона», «Напалеон плача над картай Еўропы», абразы «Евангеліст Іаан», «Святая Клара». Твораў Ваньковіча захавалася вельмі мала. Яны знаходзяцца пераважна ў Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літве, Расіі.
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX стагоддзя. Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Паньшына І. Ісціна вымалёўваецца: Валенцій Ваньковіч: Новыя факты біяграфіі // Мастацтва. 1994. № 1;
Ciechanowka Z. Malarz sprawy Walenty Wańkowicz: (Źyciorys) // Pamiętnik literacki. 1948. R. 38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́РДЖЫЯ (Georgia),
штат на ПдУ ЗША. Пл. 150 тыс.км². Нас. 6917 тыс.чал. (1993), больш як 1/4 — негры. Гар. насельніцтва каля 70%. Адм. ц. і буйнейшы горад Атланта. Большая ч.тэр. занята нізіннай прыморскай раўнінай. На Пн і ПнЗ адгор’і Апалачаў. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. 6—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў 1300—1600 мм за год. Рэкі мнагаводныя, у нізоўях суднаходныя, найб. — Савана Шыракалістыя (дуб, бук) і хваёвыя лясы займаюць 67% тэр. Індустрыяльна-агр. штат. Прам-сць: тэкст., харч., лесанарыхтоўчая, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, маш.-буд., хім., швейная; буйныя авіяц. і аўтазборачныя прадпрыемствы. Гал. цэнтры Атланта, Агаста, Калумбус, Савана. Здабыча кааліну і буд. матэрыялаў. ГЭС на горных рэках. Марское рыбалоўства. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля, асабліва птушкагадоўля і вырошчванне куранят-бройлераў. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу і свіней. Гал.с.-г. культуры: арахіс, бавоўна, кукуруза, тытунь, сеяныя травы, соя. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Гал. порт Савана. Каля Атланты міжнар. аэрапорт. Турызм.
Найбольш стараж.мясц. насельніцтва — індзейцы. У 1733 з’явіліся першыя перасяленцы з Англіі; з 1754 яе калонія (наз. па імю караля Георга II). У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 Дж. стала адным з першых штатаў-заснавальнікаў ЗША У 18—19 ст. існавала плантацыйная гаспадарка, заснаваная на працы рабоў-неграў (вырошчвалі бавоўнік). У 1832—36 індзейцы выселены на З. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65эканам. цэнтр (разам з Атлантай) мяцежных паўд. штатаў. У 1866—68 мясц.тэрарыст. арг-цыі ку-клукс-клана сарвалі Рэканструкцыю Поўдня 1865—77 у штаце. У 1870 паўторна прынята ў склад ЗША У канцы 19 ст. актывізавалася індустрыялізацыя. У 1950—60-я г. скасаваны закон аб паліт. дыскрымінацыі і расавай сегрэгацыі неграў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),
расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла I. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед.ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон I прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра I пачата буд-ваБабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач.вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц.ўнутр. і знешнюю палітыку (гл.Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры I міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУІЗІЯ́НА (Louisiana),
штат на Пд ЗША, на Прымексіканскай нізіне. На Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 125,7 тыс.км². Нас. 4350,6 тыс.чал. (1996), у т. л. 30,8% негры. Адм. ц. — Батан-Руж, найб. горад Новы Арлеан. Прыморская частка — забалочаная нізіна з азёрамі, на У — даліна і дэльта р. Місісіпі. На ПнЗ рэльеф узгорысты (выш. да 163 м). Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры ад 12 °C у студз.—лютым да 27,5 °C у ліпені. Ападкаў каля 1500 мм за год. Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнай солі, серы. Буйная нафтаперапр. і хім.прам-сць (Батан-Руж, Лейк-Чарльз, Новы Арлеан). Развіты алюмініевая, нафтахім. (вытв-сцьсінт. каўчуку, пластмас), дрэваапр., папяровая, харч. (цукр., алейная, апрацоўка трапічных прадуктаў), суднабуд. і суднарамонтная, аўтазборачная, металаапр.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства (больш за 60% даходаў). Асн. культуры: рыс, бавоўнік, цукр. трыснёг, соя, кукуруза, батат. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Рачное і марское рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны, марскі.
Тэр. Л., якую здаўна насялялі індзейцы, у 1539—42 адкрылі іспанцы, з 1682 даследавалі і з 1699 каланізавалі французы (у 1718 засн.г. Новы Арлеан). У канцы 17 — пач. 19 ст. Л. наз. вялізная тэр. басейна р. Місісіпі. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Францыя перадала зах. частку Л. пад уладу Іспаніі, усходнюю — Англіі. Пасля ўтварэння ЗША усх. частка Л. ўвайшла ў іх склад (1783), а заходняя зноў адышла (1800) да Францыі, якая ў 1803 прадала сваю частку Л. ЗША за 15 млн.дол. З 1804 паўд. частка Л. — тэрыторыя (адм. адзінка), з 30.4.1812 штат ЗША (астатнія часткі Л. ўвайшлі ў інш. штаты ЗША), які ў грамадз. вайну 1861—65 удзельнічаў на баку паўд. (канфедэратыўных, рабаўладальніцкіх) штатаў. У Л. працяглы час адбываліся сац. і расавыя хваляванні, асабліва ў канцы 1920 — пач. 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТАНІ́ЗМ,
у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст.н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст.н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст.н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.
Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ТНЯ,
1) грамадская і ваенная арг-цыя ў германцаў і шэрагу інш. народаў Еўропы ў перыяд пераходу ад першабытнаабшчыннага ладу да феадалізму. Нар. сходы С. пад старшынствам выбарнага сотніка вырашалі адм., суд. і інш. пытанні, з пачаткам вайны вылучалі пэўныя сілы і сродкі для апалчэння. У краінах кантынент. Еўропы зніклі ў працэсе феадалізацыі; у Англіі паступова падпарадкаваны каралеўскай уладзе ў асобе яе прадстаўніка і ў якасці адм.-тэр. адзінкі (некалькі С. складалі графства) з абмежаванымі адм.-паліцэйскімі функцыямі захоўваліся да канца 19 ст. 2) Вайсковае падраздзяленне, арганізац. і баявая адзінка, якая звычайна налічвала 100 чал. У войску Кіеўскай Русі і шэрагу інш. княстваў, у т. л. на Беларусі, С. ствараліся з гар. і сельскага апалчэння. У рус.раці С. дзейнічалі ў складзе палка або самастойна. У 16—17 ст. 5 С. складалі полк стралецкага войска. У казацкіх палках Рас. імперыі конная С. колькасна адпавядала эскадрону рэгулярнай кавалерыі, пешая — пяхотнай роце.
3) Частка гарадской абшчыны ў феад. Беларусі, вылучаная з вайск. і фіскальнымі мэтамі. Соценны падзел у гарадах Беларусі адпавядаў вечавой арг-цыі гар. самакіравання ў дамангольскі перыяд. У ліку гал. абавязкаў членаў С. былі работы на замкавых аб’ектах і іх абарона ад нападаў праціўніка. Соценны падзел у некат. гарадах Беларусі існаваў да пач. 18 ст. 4) Адм.-тэр. і вайск. адзінка на Украіне ў 16—18 ст. Узнікла ў сувязі з утварэннем войска рэестравых казакоў і складала частку палка. У 1648—54 палкавое і соценнае ўладкаванне пашырылася на ўсю Украіну. З зацвярджэннем у 1781 палажэння аб губернях С. як адм.-тэр. адзінка скасавана.
5) Саслоўна-карпаратыўная арганізацыя купецтва і гандлёва-рамеснага насельніцтва на тэр.Стараж. Русі, Расіі, Украіны, Беларусі і інш. ў 11—18 ст. (гл.Сотні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТЫ́ЗМ (англ. chartism ад charter хартыя),
масавы рэвалюцыйны рух англ. рабочых у 1830—50-я г. за паліт. правы, паляпшэнне свайго сац. і эканам. становішча. Назва ад т.зв. Нар. хартыі — апублікаванага рабочым-сталяром У.Ловетам праекта закона аб выбарчай рэформе з 6 пунктаў: права голасу ўсім мужчынам з 21 года; тайнае галасаванне; падзел Англіі на роўныя выбарчыя акругі з адным прадстаўніком у парламенце ад кожнай; штогадовыя выбары ў парламент; адсутнасць маёмаснага цэнзу пры допуску да выбараў у парламент; грашовае ўтрыманне для членаў парламента. У хартыі рабочыя ўбачылі сродак ліквідацыі паліт. панавання буйной буржуазіі і землеўладальнікаў. 4.2.1839 у Лондане адбыўся 1-ы кангрэс (канвент) чартыстаў. У 1840 у г. Манчэстэр створана Нац. чартысцкая асацыяцыя — 1-я ў гісторыі масавая рабочая партыя (каля 50 тыс.чал.). Палажэнні хартыі разам з інш.паліт. і сац.-эканам. патрабаваннямі ўключаны ў калект. петыцыі 1839 (1,2 млн. подпісаў), 1842 (3,5 млн. подпісаў) і 1848 (5 млн. подпісаў), якія былі пададзены ў парламент, але адхілены ім на падставе фармальных зачэпак. Падача петыцый суправаджалася масавымі выступленнямі рабочых і дробнай буржуазіі, якія часам пераходзілі ва ўзбр. сутыкненні з паліцыяй і войскамі. Унутры Ч. вяліся спрэчкі паміж прыхільнікамі мірных сродкаў барацьбы за хартыю («маральнай сілы»; Ловет) і абаронцамі рэв. метадаў барацьбы («фізічнай сілы»; Ф.О’Конар, Дж.О’Браен). У 1845 левыя чартысты разам з рэв. эмігрантамі шэрагу краін Еўропы стварылі ў Лондане міжнар.т-ва «Брацкія дэмакраты», лідэры яго левага крыла Дж.Гарні і Э.Джонс уступілі ў Саюз камуністаў. Чартысцкі друк апублікаваў англ. пераклад «Маніфеста Камуністычнай партыі» К.Маркса і Ф.Энгельса. Пасля 1848 Ч. пайшоў на спад. У 1851 чартысцкі Канвент прыняў праграму сацыяліст. пераўтварэння грамадства. У 1854 чартысты склікалі ў Манчэстэры Рабочы парламент, але масавай рабочай арг-цыі стварыць не здолелі. З ростам рэфармісцкіх тэндэнцый у рабочым руху (гл.Рэфармізм) Ч. сышоў з паліт. арэны Вялікабрытаніі.
Літ.:
Рожков Б.А. Чартистское движение 1836—1954. М., 1960.