ФІЛАТЭЛІ́Я (ад філа... + грэч. ateleia вызваленне ад аплаты),
калекцыяніраванне і вывучэнне марак і інш. знакаў паштовай аплаты, дакументаў, звязаных з гісторыяй пошты. Узнікла з паяўленнем у Англіі (1840) першых наклееных паштовых марак, якія замянілі грашовую аплату за перасылку пісем. Тэрмін «Ф.» ўвёў у 1864 франц. калекцыянер Г.Эрпен. З 1860-х г. пачалі выдавацца філатэлістычныя каталогі і часопісы, з’явіліся арг-цыі філатэлістаў у ЗША (1868), Вялікабрытаніі і Германіі (1869), Францыі (1874), Расіі (1883). У СССР у 1923 засн. Усерас. т-ва, у 1966 — Усесаюзнае. На Беларусі Ф. зарадзілася ў пач. 20 ст. У 1920-я г. існавала Бел. аддзяленне Усерас. т-ва філатэлістаў. У Зах. Беларусі ў 1925—39 клубы філатэлістаў дзейнічалі ў Брэсце, Гродне, Пінску, Лунінцы, Лідзе. У 1950-я г. ўзніклі клубы ў Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску. У 1967 створана Бел. рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва філатэлістаў з аддзяленнямі ў абл. гарадах. З 1970-х г. бел. філатэлісты ўдзельнічалі ў рэсп., усесаюзных і міжнар. выстаўках, атрымалі больш за 250 медалёў. З 1992 дзейнічае Бел. саюз філатэлістаў. На Беларусі пашырана тэматычнае калекцыяніраванне марак, якія маюць дачыненне да Беларусі («Беларусіка»). Першая спроба выпуску бел. марак зроблена ў 1920 у Латвіі, выдадзена 10 марак з надпісам «Асобны атрад. БНР». Пошты СССР, Польшчы, Францыі, Манака, Ізраіля, Чылі, Манголіі, ГДР, Чэхаславакіі, пошта ААН і некат. краін Афрыкі выдавалі маркі з бел. тэматыкай. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя выдала памятныя серыі марак, прысвечаныя юбілейным датам з гісторыі Беларусі. Маркі «беларускай пошты» вядомы ў Вялікабрытаніі. Пошта Рэспублікі Беларусь у сак. 1992 пачала выпуск уласных паштовых марак з выявамі помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, твораў мастацтва, славутых асоб Беларусі.
Л.Л.Коласаў.
т. 16, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)