ЧАРТЫ́ЗМ (англ. chartism ад charter хартыя),
масавы рэвалюцыйны рух англ. рабочых у 1830—50-я г. за паліт. правы, паляпшэнне свайго сац. і эканам. становішча. Назва ад т.зв. Нар. хартыі — апублікаванага рабочым-сталяром У.Ловетам праекта закона аб выбарчай рэформе з 6 пунктаў: права голасу ўсім мужчынам з 21 года; тайнае галасаванне; падзел Англіі на роўныя выбарчыя акругі з адным прадстаўніком у парламенце ад кожнай; штогадовыя выбары ў парламент; адсутнасць маёмаснага цэнзу пры допуску да выбараў у парламент; грашовае ўтрыманне для членаў парламента. У хартыі рабочыя ўбачылі сродак ліквідацыі паліт. панавання буйной буржуазіі і землеўладальнікаў. 4.2.1839 у Лондане адбыўся 1-ы кангрэс (канвент) чартыстаў. У 1840 у г. Манчэстэр створана Нац. чартысцкая асацыяцыя — 1-я ў гісторыі масавая рабочая партыя (каля 50 тыс. чал.). Палажэнні хартыі разам з інш. паліт. і сац.-эканам. патрабаваннямі ўключаны ў калект. петыцыі 1839 (1,2 млн. подпісаў), 1842 (3,5 млн. подпісаў) і 1848 (5 млн. подпісаў), якія былі пададзены ў парламент, але адхілены ім на падставе фармальных зачэпак. Падача петыцый суправаджалася масавымі выступленнямі рабочых і дробнай буржуазіі, якія часам пераходзілі ва ўзбр. сутыкненні з паліцыяй і войскамі. Унутры Ч. вяліся спрэчкі паміж прыхільнікамі мірных сродкаў барацьбы за хартыю («маральнай сілы»; Ловет) і абаронцамі рэв. метадаў барацьбы («фізічнай сілы»; Ф.О’Конар, Дж.О’Браен). У 1845 левыя чартысты разам з рэв. эмігрантамі шэрагу краін Еўропы стварылі ў Лондане міжнар. т-ва «Брацкія дэмакраты», лідэры яго левага крыла Дж.Гарні і Э.Джонс уступілі ў Саюз камуністаў. Чартысцкі друк апублікаваў англ. пераклад «Маніфеста Камуністычнай партыі» К.Маркса і Ф.Энгельса. Пасля 1848 Ч. пайшоў на спад. У 1851 чартысцкі Канвент прыняў праграму сацыяліст. пераўтварэння грамадства. У 1854 чартысты склікалі ў Манчэстэры Рабочы парламент, але масавай рабочай арг-цыі стварыць не здолелі. З ростам рэфармісцкіх тэндэнцый у рабочым руху (гл. Рэфармізм) Ч. сышоў з паліт. арэны Вялікабрытаніі.
Літ.:
Рожков Б.А. Чартистское движение 1836—1954. М., 1960.
т. 17, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)