ЯМА́ЛА-НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл. Рас. Федэрацыі. Размешчана на Пн Зах. Сібіры, часткова за Паўн. палярным кругам; уключае і групу астравоў у Карскім м. (Белы, Алені, Шакальскага і інш.). Утворана 10.12.1930. Пл. 750,3 тыс. км². Нас. 507,4 тыс. чал. (2002), гарадскога 83%. Цэнтр — г. Салехард. Найб. гарады: Наябрск, Новы Урэнгой, Надым (гл. карту да арт. Цюменская вобласць).
Асн. ч. тэр. — забалочаная нізінная раўніна. На Пн, да берагоў Карскага м. і яго заліваў, прылягаюць прыморскія раўніны, на Пд пашыраны марэнныя і водна-ледавіковыя раўніны. На З адгор’і Палярнага Урала (выш. да 1499 м, г. Паер), на ПдЗ Сібірскія Увалы і Паўн.-Сосьвінскае ўзвышша. Карысныя выкапні: прыродны газ (каля 6 трлн. м³; 37% сусв. і 90% запасаў Расіі), нафта і газавы кандэнсат (каля 1 млрд. т; 12% запасаў Расіі), золата, свінец, фасфаты, храміты, вапнякі і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма суровая, доўжыцца каля 8 месяцаў, з частымі мяцеліцамі і моцнымі бурамі. Сярэдняя т-ра студз. ад -22 да -26 °C. Лета кароткае (каля 50 дзён), халаднаватае, з густымі туманамі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 4 да 14 °C. Ападкаў 200—400 мм за год. На тэр. акругі каля 48 тыс. рэк, у т. л. 200 з даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі — Об, Таз, Надым, Пур, Месаяха. Каля 300 тыс. азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы тундравыя, глеевыя, балотныя, на Пд глеева-падзолістыя і падзоліста-балотныя. З Пн да Пд арктычная мохавалішайнікавая і хмызнячковая тундры паступова зменьваюцца лесатундрай. На Пд, па берагах рэк і азёр, лясы з сіб. лістоўніцы, елкі і кедра. У тундры трапляецца паўн. алень, заяц-бяляк, пясец і воўк; у паўд. ч. — собаль, каланок, вавёрка, бурундук, з птушак — белая і тундравая курапаткі, глушэц, рабчык і інш. У рэках і азёрах шмат рыбы (асетр, нельма, муксун, сіг), у Обскай і Тазаўскай губах водзяцца бялуха, нерпа. Верхнятазаўскі запаведнік.
Гал. галіна прам-сці — нафтагазавая (90% агульнага аб’ёму прадукцыі) уключае здабычу, першасную апрацоўку і транспарціроўку газу і нафты. Штогод здабываюць 530 млрд. м³ газу і 30 млн. т нафты і газавага кандэнсату. Асн. радовішчы газу — Урэнгойскае, Мядзведжае, Ямбургскае, Вэнгапураўскае і інш.; нафты — Халмагорскае і інш. Газаперапрацоўка на з-дах у Мураўленка, Наябрску, Вэнгапуры. Асн. прадпрыемствы галіны ў складзе канцэрна «Газпрам». Вытв-сць электраэнергіі на Урэнгойскай ДРЭС. Развіты лясная і дрэваапр. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Салехардзе (рыбакансервавы, малочны і інш. з-ды), Наябрску і інш. Аленегадоўля. Зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка). Пушны промысел. Бульбаводства (каля г. Салехард, у Краснаселькупскім, Шурышкарскім, Пураўскім р-нах). Даўж. чыгункі 495 км (Сургут—Новы Урэнгой, Сейда—Лабытнагі). Развіты трубаправодны транспарт. Сістэма газаправодаў звязвае акругу з еўрап. ч. Расіі, Уралам, Пд Сібіры, з замежнымі краінамі. Суднаходства па рэках Об, Надым, Пур, Таз і Паўн. марскім шляху. 3 аэрапорты. Мясц. перавозкі на аленях.
М.Л.Страха.
т. 18, кн. 1, с. 264