УРА́Л,

рака ў Башкортастане, Чэлябінскай і Арэнбургскай абл. Расіі і Зах.-Казахстанскай і Атыраускай абл. Казахстана. Да 1775 наз. Я і к. Даўж. 2428 км, пл. бас. 237 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Уралтау, да г. Орск цячэ ўздоўж усх. схілаў Паўд. Урала ў вузкай даліне. Ніжэй г. Верхнеўральск набывае рысы раўніннай ракі. Ніжэй г. Магнітагорск цячэ сярод скалістых берагоў, шмат перакатаў. Ад г. Уральск даліна шырокая, шмат прытокаў, старыц і азёр. Упадае ў Каспійскае м. ніжэй г. Атырау, у вусці падзяляецца на 2 рукавы: Яіцкі і Залаты (суднаходны). Гал. прытокі: Ор, Ілек (злева), Сакмара (справа). Ледастаў у вярхоўях з пач. ліст. да пач. крас., у сярэднім і ніжнім цячэнні з канца ліст. да канца сакавіка. Сярэдні гадавы расход. вады каля с. Кушум 322 м³/с, ніжэй памяншаецца (каля г. Атырау 225 м³/с). Каля 80% сцёку прыпадае на веснавое разводдзе, у час якога рака разліваецца ў сярэднім цячэнні больш чым на 10 км, у дэльце на некалькі дзесяткаў кіламетраў. Выкарыстоўваецца на арашэнне ў сярэднім 1 ніжнім цячэнні. Вадасховішчы Верхнеўральскае, Магнітагорскае, Ірыклінскае. Рыбалоўства. Суднаходная ад г. Уральск. На У. — гарады Верхнеўральск, Магнітагорск, Орск, Наватроіцк, Арэнбург (Расія), Уральск, Атырау (Казахстан).

т. 16, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)