БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),

від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.

Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.

На Беларусі развіваецца з 1961. Гал. спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш. міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.​Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.​Талкачоў (1969), М.​Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.​Какуева, Парамыгіна, Н.​Пермякова, Н.​Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 ў каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.​Івашка, А.​Папоў, А.​Рыжанкоў, В.​Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.

М.​А.​Дубіцкі.

Да арт. Біятлон. Спартсмены на агнявым рубяжы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКС (англ. вох літар. ўдар),

від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 × 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 гпрафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.

Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.​Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.​Торбік (1982), А.​Акулаў (1984), А.​Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.​Савічаў (1993).

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫ́С-АБЕ́БА (па-амхарску новая кветка),

горад, сталіца Эфіопіі, адм. ц. правінцыі Шоа. Знаходзіцца на Эфіопскім нагор’і на выш. больш за 2,4 тыс. м над узр. мора. Больш за 1,5 млн. ж. (1993).

Засн. ў 1887 імператарам Мэнелікам II. У 1889 абвешчана сталіцай. Пасля перамогі ў італа-эфіопскай вайне 26.10.1896 тут заключаны мірны дагавор, паводле якога Італія прызнала незалежнасць Эфіопіі. 5.5.1936 акупіравана італьян. войскамі, вызвалена 6.4.1941 англа-эфіопскімі войскамі.

Аўтамаб. дарогі звязваюць Адыс-Абебу з буйнейшымі гарадамі Эфіопіі і суседніх краін. Чыгунка на Джыбуці. Міжнар. аэрапорт. Металаапр. і зборачныя з-ды (зборка трактароў, с.-г. машын, аўтамабіляў, веласіпедаў і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, мукамольныя, алейныя, па перапрацоўцы кавы, дрэваапр., мяса-малочныя прадпрыемствы. Вытворчасць буд. матэрыялаў і саматужных ткацкіх, гарбарных, керамічных, метал. і драўляных вырабаў. Гандаль кавай, скурамі, збожжам і інш. Ун-т. Рэзідэнцыі Эканам. камісіі ААН для Афрыкі і Арганізацыі афр. адзінства (АЛА).

Першыя манум. мураваныя будынкі ўзведзены замежнымі архітэктарамі. Вялікі палац з рысамі інд. архітэктуры (1894), Новы палац і сабор св. Георгія (абодва пач. 20 ст.) у стылі неакласіцызму, шпіталь Мэнеліка II (1910), атэль «Ытэге» (1907), каля 200 жылых дамоў еўрап. тыпу (1912). У 1950—60-я г. пабудаваны Нац. Тэатр на пл. Адуа (франц. арх. А.​Шамет); універсітэцкі комплекс (англ. арх. Г.​К.​Фалек); аэрапорт, Дом Афрыкі (вітраж пл. 150 м², мастак А.​Тэкле), муніцыпалітэт, Нац. банк (усе італьян. арх. А.​Медзэдымі, інж М.​Фанана; тэлевіз. цэнтр, Гандл. Палата, Мін-ва замежных спраў (арх. З.​Энаў, М.​Тэдрас). У 1970—80-я г. па праектах югасл. архітэктараў пабудаваны паштамт, шпіталь, атэль «Вебі-Шэбелі». Музеі: Археал., Ін-та эфіопскіх даследаванняў. Нацыянальны.

Адыс-Абеба. Адна з цэнтральных вуліц.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.​Богача і С.​Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.​Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.​Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.​Вольскага, «Чортаў скарб» У.​Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.​Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.​Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова, «Доктар Айбаліт» В.​Карастылёва, «Церамок» С.​Маршака, «Дзівоснае кураня» В.​Корнева, «Прынцэса і паж» М.​Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.

Гал. рэжысёры С.​Юркевіч (1981—88), М.​Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.​Быкаў (1981—88), Ю.​Давыдзюк (1988—91), А.​Сураў (з 1995).

Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.​Г.​Мёзер і Дж.​Сака). Прызначаўся для т-ра А.​Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.

Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова.
Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч.

т. 5, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць сродкаў вылічальнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, прызначаная для рашэння пэўнага класа задач. Бывае адна- і многапрацэсарная (функцыі працэсара могуць выконваць асобныя вылічальныя машыны). Па прызначэнні вылічальныя сістэмы адрозніваюць спецыялізаваныя і універсальныя; па складзе працэсараў — аднародныя і неаднародныя; паводле тыпу сувязей — з інфармацыйна звязанымі працэсарамі, звязанымі толькі па кіраванні і з сувязямі абодвух тыпаў. Вылічальная сістэма ўключаецца непасрэдна ў контур збору інфармацыі, яе апрацоўкі і выдачы кіроўных уздзеянняў ці інфармацыі для прыняцця рашэнняў. Для сучасных вылічальных сістэм характэрны дыялогавы рэжым (зносіны гукаслыхавыя і зрокавыя); паралельная апрацоўка патокаў інфармацыі; праграмаванне на мовах высокага ўзроўню, блізкіх да натуральных; значны ўзровень штучнага інтэлекту і інш.

Да аднапрацэсарнай вылічальнай сістэмы адносіцца ЭВМ «Мінск-32» (гл. Вылічальная машына «Мінск»), якая забяспечвае выкананне адначасова да 4 рабочых праграм; да яе «павольнага» канала сувязі можна далучыць да 104 вонкавых прылад, да «хуткага» — да 32 накапляльнікаў інфармацыі на магн. барабанах, дысках, стужках і інш. Многапрацэсарная вылічальная сістэма мае не менш як 2 працэсары (або выліч. машыны): адзін з іх (асн.) выконвае вылічэнні, прадугледжаныя алгарытмам задачы, астатнія (дапаможныя) апрацоўваюць інфармацыю, не прадугледжаную асн. алгарытмам, выконваюць неасн. вылічэнні і інш. Аднародныя вылічальныя сістэмы характарызуюцца ідэнтычнасцю ўсіх працэсараў, напр., 3-машынная вылічальная сістэма «Мінск-222» (складаецца з машын «Мінск-2» і «Мінск-22»), вылічальная сістэма «Эльбрус» характарызуецца размеркаваным кіраваннем, агульнай памяццю і універсальнай сістэмай сувязей паміж працэсарамі. Найб. цяжкім рэжымам работы спецыялізаваных вылічальных сістэм з’яўляецца рэжым рэальнага часу, калі вылічэнні адбываюцца ў тэмпе, які забяспечвае пэўны вонкавы працэс, напр. у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, лятальнымі апаратамі, інш. трансп. сродкамі. Гл. таксама Электронная вылічальная машына, Вылічальны цэнтр.

Літ.:

Илюкович А.А., Свирид Г.П. Основы вычислительных систем. Мн., 1983.

М.​П.​Савік.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,

сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.​Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р. Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.​Хейзен, Г.​Менард, Г.​Б.​Удзінцаў і інш., 1955—62).

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАЛО́ГІЯ (ад дэрмата... + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае функцыі і структуру скуры ў норме і пры паталогіі, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб скуры. Адрозніваюць агульную (вывучае анатомію, гісталогію, фізіялогію, біяхімію здаровай і хворай скуры, агульныя заканамернасці развіцця скурных хвароб) і прыватную Д. (даследуе асобныя дэрматозы). Цесна звязана з інш. галінамі клінічнай медыцыны, асабліва з венералогіяй.

Захворванні скуры са старажытнасці вядомы народам Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма. Аднак Д. як навука сфарміравалася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., пасля стварэння аўстр. ўрачом І.​Пленкам і пазней англ. урачом Р.​Уіленам першапачатковай класіфікацыі хвароб скуры, заснаванай на марфал. прынцыпе (паводле знешніх праяўленняў хвароб). Пачалі фарміравацца дэрматалагічныя школы. У 2-й пал. 19 ст. Д. аб’ядналася з венералогіяй у адну мед. дысцыпліну — дэрматавенералогію. Заснавальнікі Д. ў Расіі — А.​Г.​Палацебнаў, Ц.​П.​Паўлаў, А.​І.​Паспелаў, П.​В.​Нікольскі — развівалі фізіял. кірунак у Д., зыходзячы з уяўленняў аб цеснай сувязі скуры з цэласным арганізмам.

На Беларусі даследаванні па Д. пачаліся ў 19 ст. Станаўленне і развіццё Д. як навукі звязана з заснаваннем кафедры дэрматавенералогіі на мед. ф-це БДУ (1923) і дзейнасцю кафедраў у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Даследаванні па Д. вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па Д. і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Поспехі айчыннай Д. ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы піядэрмітаў, каросты, псарыязу і інш. дэрматозаў звязаны з імёнамі А.Я.Пракапчука, А.Ц.Сасноўскага, Л.І.Гакінаевай, А.П.Комава, Я.​С.​Пеўзнера, Л.І.Багдановіча, М.З.Ягоўдзіка, Л.Г.Барабанава і інш. бел. вучоных.

Літ.:

Скрипкин Ю.К. Кожные и венерические болезни. М., 1980;

Дифференциальная диагностика кожных болезней. М., 1983.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗБЮР ВЯДОМОСЬЦІ ДО АНТРОПОЛЁГІІ КРАЁВЭЙ»

(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),

ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук. этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.

Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.​Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.​Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.​Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.​Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.​Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.​Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.​Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав. Гродзенскай губ.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.​Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.​Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 7, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНАЛО́ГІЯ (ад імунітэт + ...логія),

комплекс медыка-біял. навук пра будову, функцыі і развіццё імуннай сістэмы чалавека (мед. І.), жывёл (вет. І.) і вышэйшых раслін. Вывучае: антыгенную структуру клетак і тканак арганізма, імунакампетэнтныя органы, клеткі і малекулы, а таксама з’явы, што імі абумоўлены — імунітэт, алергія, імуналагічныя талерантнасць і памяць (тэарэт. І., імунабіялогія); антыгенную структуру ўзбуджальнікаў, імунадыягностыку, імунатэрапію і імунапрафілактыку інфекц. і паразітарных захворванняў (інфекц. І.); імунны статус і яго дынаміку, карэкцыю і дыягностыку ў хворых на імунапаталагічны стан (клінічная І., імунапаталогія). Уключае таксама алергалогію, імунагенетыку, імунахімію, імунагематалогію, імуналагічную інжынерыю, трансплантацыйную І. і інш. Метады І. (сералагічны, алергалагічны, імунахім., імунамарфал., імунагенет., генна-інж. і інш.) шырока выкарыстоўваюць у біялогіі і медыцыне, у т. л. пры ідэнтыфікацыі вірусаў і бактэрый, вызначэнні прыроды алергенаў, пераліванні крыві, трансплантацыі органаў. Як самаст. навука І. закладзена ў канцы 19 ст. працамі франц. біёлага Л.​Пастэра, ням. вучонага П.​Эрліха, рус. — І.​І.​Мечнікава. На Беларусі працы па І. з’явіліся ў 1-й пал. 20 ст. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Б.​Я.​Эльберт, С.​І.​Гельберг, С.​М.​Фрыд, А.​П.​Красільнікаў, Г.​В.​Краскоўскі, Дз.​К.​Новікаў, Н.​А.​Ізраіцель, М.​М.​Вайцёнак, Л.​П.​Цітоў, А.​С.​Левін і інш. Даследаванні па І. вядуцца ў н.-д. ін-тах гематалогіі і пералівання крыві, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, удасканалення ўрачоў, ін-це радыяцыйнай медыцыны, эксперым. ветэрынарыі, ін-це радыебіялогіі Нац. АН Беларусі, мед. ін-тах. Распрацоўваюцца праблемы імунапрафілактыкі, імунадыягностыкі, імунатэрапіі, імунакарэкцыі, заканамернасці імунітэту пры інфекц. хваробах, асабліва хранічных, праблемы інфекц. і неінфекц. алергіі, камплементу, імунакампетэнтных малекул (інтэрлейкінаў), трансплантацыйнай і радыяцыйнай І. Практычная дзейнасць вядзецца ў цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, лабараторыях па алергалогіі і клінічнай І.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА, інтэгральная мікрасхема, мікрасхема,

мікрамініяцюрнае электроннае ўстройства для пераўтварэння, апрацоўкі ці захавання (назапашвання) інфармацыі, пададзенай у выглядзе эл., аптычных і інш. сігналаў. Складаецца з электрычна звязаных паміж сабой электрарадыёэлементаў (ЭРЭ), сфарміраваных у адзіным тэхнал. цыкле на аснове агульнай нясучай канструкцыі (падложкі). Актыўныя ЭРЭ І.с.: дыёды, транзістары, структуры метал—дыэлектрык—паўправаднік і інш.; пасіўныя: рэзістары, кандэнсатары электрычныя, трансфарматары, індуктыўнасці шпулі і інш. Тэорыю, метады разліку, тэхналогію вырабу І.с. вывучае і распрацоўвае мікраэлектроніка.

І.с. адрозніваюць: па спосабе аб’яднання (інтэгравання) элементаў — паўправадніковыя, ці маналітныя (асн. тып), плёначныя і гібрыдныя (у т. л. шматкрышталёвыя); па выглядзе інфармацыі, што апрацоўваюць, — лічбавыя і аналагавыя; па ступені інтэграцыі (колькасці элементаў на падложцы) — малыя, сярэднія, вялікія, звышвялікія. У маналітных І.с. элементы фарміруюцца ў адным крышталі (тонкім прыпаверхневым слоі паліраванай паўправадніковай, у асн. крэмніевай ці арсенідгаліевай, пласціны) у выніку камбінацыі працэсаў легіравання, траўлення, аксідавання, металізацыі і інш., што праводзяцца метадам фоталітаграфіі. Плёначныя І.с. змяшчаюць толькі пасіўныя элементы. Падложкамі гібрыдных І.с. служаць дыэлектрычныя пласціны, напр з керамікі, або пакрытыя дыэлектрыкам метал. пласціны, напр. на аснове алюмінію і яго аксідаў. На іх паверхні жорстка замацаваны мініяцюрныя ЭРЭ, злучаныя паміж сабой танка- ці таўстаплёначнымі праваднікамі; пасіўныя ЭРЭ могуць быць навяснымі ці плёначнымі. І.с. з’яўляюцца элементнай базай сучасных сродкаў электроннай тэхнікі. Гл. таксама Вялікая інтэгральная схема.

Літ.:

Цифровые и аналоговые интегральные микросхемы: Справ. М., 1989;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

В.​У.​Баранаў, А.​П.​Дастанка.

Інтэгральная схема з дыёднай ізаляцыяй: а — электрычная схема; б — тапалогія; 1 — металічныя міжзлучэнні; 2 — слой дыэлектрыка дыаксіду крэмнію SiO2; 3 — паўправадніковая пласціна з участкамі p, n і n​+-тыпу праводнасці, А, Б, В — адпаведныя адзін аднаму пункты на рыс. а і б.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)