АНТЫУТО́ПІЯ,

плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.​Свіфта, Вальтэра, У.​Ірвінга, С.​Батлера, М.​Е.​Салтыкова-Шчадрына, Г.​К.​Чэстэртана, Г.​Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.​Замяціна («Мы»), О.​Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.​Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.​Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.​Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.​Лондана, К.​Чапека, А.​Франса, Р.​Брэдберы, А.​Азімава, І.​Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.

Літ.:

Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;

Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.

Г.​А.​Антанюк.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ (Ігнацій Якса) (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),

філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.​Геснера і Э.​Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.​Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.​Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.​Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.​Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.

А.​В.​Мальдзіс, Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,

наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс. чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.

У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКО́РМ сельскагаспадарчых жывёл,

тэхналагічны працэс у прамысл. жывёлагадоўлі, які забяспечвае атрыманне найб. колькасці высакаякаснага мяса за адносна кароткі перыяд. Адкормліваюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, трусоў, а таксама птушак. Віды адкорму залежаць ад патрабаванняў да мясной прадукцыі.

У гадоўлі буйной рагатай жывёлы найб. пашыраная і эфектыўная тэхналогія атрымання высакаякаснай маладой ялавічыны — адкорм маладняку з 6—8-месячнага ўзросту да 15—20 мес, калі жывёла дасягае жывой масы 400—480 кг і больш. Сярэднясутачныя прыбаўкі ў вазе на адкорме 800—1200 г і больш. Затраты корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 8—11 кармавых адзінак. Тыпы адкорму ў свінагадоўлі: мясны (пераважае), беконны і адкорм да тлустых кандыцыя. На мясны адкорм ставяць парасят масай 15—16 кг ва ўзросце 2,5 мес, заканчваюць у 7—7,5 мес пры масе 100—110 кг (таўшчыня сала супраць 6—7-га рэбраў 1,5—4 см). Сярэднясутачны прырост складае 500—600 г, затрата корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 4,5—5 кармавых адзінак. Удзельная вага канцэнтратаў у рацыёнах 60—80%, сакаўных кармоў — 15—25%. У авечкагадоўлі найб. эфектыўны адкорм маладняку мяса-воўнавых парод і мяшанцаў ад прамысл. скрыжавання матак танкарунных парод з баранамі мяса-воўнавых паўтанкарунных парод. Пачынаюць пасля адымання ягнят ад матак, заканчваюць у 7—8-месячным узросце. У птушкагадоўлі пераважае спец. адкорм бройлераў і птушак, вылучаных з розных гасп. груп (рамонтнага маладняку, бацькоўскага статка ва ўзросце 2—6 мес і выбракаванай птушкі). Тэрмін адкорму 15—25 сутак, расход корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 6—9 кармавых адзінак.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КТНАЕ МАСТА́ЦТВА, беспрадметнае мастацтва,

нонфігуратыўнае мастацтва, плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.​Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.​Дэланэ, іспанец Ф.​Пікабія, чэх Ф.​Купка, у Нідэрландах П.​Мондрыян, у Расіі К.​Малевіч, М.​Ларыёнаў, Н.​Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).

Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.​Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся да самаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.​Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал. аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).

Да арт. Абстрактнае мастацтва. П.​Мондрыян. Кампазіцыя. 1930.
Да арт. Абстрактнае мастацтва. Дж.​Полак. Лічба 1. Фрагмент. 1950.
Да арт. Абстрактнае мастацтва. В.​Кандзінскі. Эскіз I да «Кампазіцыі VII». 1913.

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Слуцку, Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Случчыны ў 1918—20. Створаны ў крас. 1918. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня), С.​К.​Петрашкевіч (сакратар), М.​А.​Асвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазіцыях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў на мэце пашырэнне нац. свядомасці беларусаў, арганізацыю бел. школьніцтва, культ.-асв. гурткоў, кааператываў, матэрыяльна падтрымліваў т-ва «Папараць-кветка». У снеж. 1918 стварыў патрыятычную падп. арг-цыю «Саюз абароны краю». Пасля прыходу Чырв. Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В.​М.​Русака, П.​Я.​Жаўрыда і інш. Аднавіў дзейнасць у студз. 1919. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У.​Дубіна, Русак, А.​Ю.​Бараноўскі і інш. Пры к-це створаны аддзелы: арганізац., культ.-асв., каап., юрыд., дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Кааптаваў сваіх членаў у мясц. органы самакіравання, праводзіў культ.-асв. работу, стварыў гар. і пав. бел. міліцыю. У маі 1920 выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы і Сав. Расіі, у якіх асудзіў тайныя перагаворы пра падзел Беларусі. У час наступлення Чырв. Арміі (ліп. 1920) частка членаў к-та (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асвяцімскі, К.​Кецка і інш.) выступіла за супрацоўніцтва з сав. уладай. 1.11.1920 створаны новы склад к-та на чале з А.​Паўлюкевічам, які стаяў на пазіцыях Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На 1-м бел. з’ездзе Случчыны 14.11.1920 перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗА,

горад на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора, на тэрыторыі гіст. вобласці Палесціна. З навакольнай прыбярэжнай тэрыторыяй (сектар Газа, паласа Газа) даўж. 50 км, шыр. ад 5—7 да 12 км і пл. 362 км² мае асобны паліт. статус. Насельніцтва горада Газа каля 270 тыс. чал., усяго сектара Газа разам з насельніцтвам лагераў палесцінскіх бежанцаў каля 800 тыс. чал. (1994), больш за 99% з іх арабы-палесцінцы. У сектары Газа ёсць 10 с.-г. яўр. паселішчаў (кібуцаў). Развіта мясцовая і саматужная прам-сць (выраб дываноў, пашыў адзення, ганчарства, рамонт трансп. сродкаў). Здабыча буд. матэрыялаў і будаўніцтва. Рыбная лоўля. Вырошчванне цытрусавых. Частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах Ізраіля. 40% насельніцтва — беспрацоўныя.

Старажытны горад ханаанеяў у паўд. Палесціне. У канцы 15 ст. да н.э. занята егіпцянамі. З 12 ст. да н.э. прадмет спрэчак паміж ізраільскай дзяржавай і філістымлянамі. З канца 8 ст. да н.э. пад уладай Асірыі, Вавілона, Персіі. У 332 да н.э. захоплена Аляксандрам Македонскім. Росквіт Газы прыпадае на часы рымскага і візант. панавання. З 635 н.э. Газа ў складзе халіфата, з 1517 у Асманскай імперыі. У 1917 горад заняты брыт. войскамі, у 1920—47 — адм. ц. Палесціны, падмандатнай Вялікабрытаніі. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН у 1947 Газа і прылеглыя тэр. (сектар Газа) увайшлі ў склад араб. дзяржавы. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 сектар Газа пад кіраваннем Егіпта. Акупіраваны ізраільскімі войскамі ў 1967. У 1993 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах стварэння часовага палесцінскага самакіравання ў сектары Газа на працягу 5-гадовага пераходнага перыяду. Гл. таксама Блізкаўсходні канфлікт.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (1832, С.-Пецярбург — 26.5.1873),

рускі і бел. этнограф, фалькларыст, педагог. Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу (1853). З 1853 настаўнік дваранскага вучылішча, пасля дырэктар гімназіі ў Навагрудку. Першы дырэктар (1867—73) Гродзенскай дырэкцыі нар. вучылішчаў. Чл. Рус. геагр. т-ва. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел. народа, запісваў бел. фальклор. Зрабіў апісанне шматлікіх нар. абрадаў і звычаяў, побыту («Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета», 1861, «Апісанне пахаванняў і дзядоў у Навагрудскім павеце Мінскай губерні», 1867, «Норавы і звычаі заходнярускага народа», 1868, і інш.). Бел. казкі дасылаў рус. фалькларысту А.М.Афанасьеву, які публікаваў іх па-беларуску ў сваіх «Народных рускіх казках». Запісваў бел. тапанімічныя і міфалагічныя легенды («Возера Свіцязь», 1860, «Паданне пра Лоўчыцы», 1861). У зб. «Спроба збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868) апубл. урывак з твора Я.​Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў», бел. ананімны верш «Кінуў-рынуў паўстанне». У «Зборы песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869) змясціў 277 каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых песень, 8 казак, апісанні абрадаў, нар. гульняў, забаў, танцаў. Частка рукапіснай спадчыны Дз. зберагаецца ў архівах Геагр. т-ва і Б-кі Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу і ў Цэнтр. гіст. архіве Літвы (Вільнюс).

Тв.:

Несколько слов краткого исторического обозрения русско-литовского Новогрудка... // Вестн. имп. Рус. геогр. об-ва. 1858. Ч 24;

Собрание дальнейших исторических сведений о Новогрудке со смерти Свенторога (1270) // Там жа. 1859. Ч. 26;

Обряды и обычаи западнорусских крестьян // Памятная книжка Гродненской губернии на 1869 г Гродно, 1869;

Воскресные школы в Гродненской губернии // Циркуляр по Московскому Учебному округу. 1868. № 12.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)