ДЗЮФА́І ((Dufay) Гіём) (каля 1400, г. Камбрэ, Францыя — 27.11.1474),
нідэрландскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў нідэрландскай школы. Выхоўваўся і вучыўся музыцы ў метрызе (царк. школе) пры кафедральным саборы ў Камбрэ. З 1420 у Італіі. Спяваў у папскай капэле ў Рыме (1428—33 і 1435—37) і інш. У 1437—39 служыў пры двары герцага Савойскага. З 1439 (з перапынкамі) канонік і муз. кіраўнік у саборы ў Камбрэ. Прадстаўнік строгага поліфанічнага стылю. Распрацаваў гал. жанр нідэрл. поліфаніі — 4-галосую месу (зберагліся поўнасцю 9 мес і шмат іх асобных частак). Шырока выкарыстоўваў муз. формы, заснаваныя на cantus firmus, а таксама тэхніку меладычнага вар’іравання. Аўтар матэтаў, песень і інш. Яго дзейнасць значна паўплывала на далейшае развіццё нідэрл. поліфанічнай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АПАРА́Т,
сістэма органаў дзяржавы, праз якія забяспечваецца выкананне яе ўладных паўнамоцтваў. У Дз.а. Рэспублікі Беларусь уваходзяць пастаянныя штаты Нац. сходу, адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, мін-ваў, дзярж. к-таў, ведамстваў, мясц. органаў дзярж. улады і кіравання, судоў, пракуратуры, дзярж. кантролю, Нац. банка, дыпламат. прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, мытных органаў. Паводле бел. заканадаўства дзейнасць Дз.а. грунтуецца на прынцыпах законнасці, прыярытэту правоў і законных інтарэсаў грамадзян перад інтарэсамі дзяржавы; абавязковасці выканання рашэнняў, прынятых вышэйшымі дзярж. органамі і службовымі асобамі ў межах паўнамоцтваў, для ніжэйстаячых дзярж. органаў; галоснасці ў рабоце рэгулярнымі паведамленнямі адпаведнага дзярж. органа ў сродках масавай інфармацыі і інш.Гл.таксамаДзяржаўная служба.
Г.А.Маслыка.
Танец «Бульба» ў выкананні Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ДАХО́ДЫ,
фінансавыя сродкі, якія паступаюць у дзярж.бюджэт і складаюць даходную частку цэнтралізаваных фін. рэсурсаў дзяржавы. Выкарыстоўваюцца дзяржавай для ажыццяўлення сваіх функцый. Утвараюцца ў асноўным за кошт чыстага даходу ў форме падатку з абароту, плацяжоў прадпрыемстваў і арг-цый з прыбытку, мытных даходаў, узносаў па сац. страхаванні, падаходнага падатку. Крыніцамі Дз.д. з’яўляюцца таксама даходы ад жыллёвага фонду, лясны даход, выручка ад рэалізацыі безгаспадарчай і канфіскаванай маёмасці, незапатрабаваных грузаў і паштовых адпраўленняў, маёмасці прадпрыемстваў, што ліквідуюцца, арг-цый і ўстаноў, даходы ад платных паслуг. Да Дз.д. належаць паступленні сум, якія перавышаюць даходы над расходамі па спец. сродках бюджэтных устаноў, ад арэнднай платы і інш. Адна з формаў папаўнення Дз.д. — замежныя пазыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой электрычны генератар прыводзіцца ў дзеянне дызелем. Бываюць перасоўныя і стацыянарныя.
Перасоўныя Д.э. манціруюць на аўтамаб. прычэпах, чыг. платформах, абсталёўваюць быстраходнымі дызельнымі рухавікамі. Выкарыстоўваюць на буд-ве чыгунак, у лясной прам-сці, геолагаразведачных экспедыцыях і інш. На стацыянарных Д.э. устанаўліваюць 4- або (радзей) 2-тактавыя дызелі. Такія электрастанцыі будуюць у месцах, аддаленых ад ліній электраперадач, у раёнах з абмежаванымі крыніцамі водазабеспячэння. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, на прамысл., буд. і трансп. прадпрыемствах у якасці асноўнай, рэзервовай і аварыйнай крыніцы электраэнергіі. Дызельэлектрычныя агрэгаты шырока ўжываюцца таксама для энергазабеспячэння войск, вайск. аб’ектаў і комплексаў ваен. тэхнікі. Д.э. высокаэканамічныя, надзейныя ў эксплуатацыі, аднак маюць адносна невял. мотарэсурс (працягласць эксплуатацыі да капітальнага рамонту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІПАТЫ́ЎНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
механічныя сістэмы, поўная энергія якіх (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергій) у працэсе руху памяншаецца, пераходзячы ў інш. віды энергіі, напр. ва ўнутр. энергію — цеплату (гл.Дысіпацыя). Д.с. з’яўляецца кожнае цела ці сістэма цел, што рухаюцца ў рэальным асяроддзі пры наяўнасці сіл трэння, супраціўлення ці вязкасці.
Паняцце «Д.с.» выкарыстоўваецца ў фізіцы і ў дачыненні да немех. сістэм у выпадках, калі энергія ўпарадкаванага працэсу пераходзіць у энергію неўпарадкаванага працэсу, у рэшце рэшт — у энергію хаатычнага (цеплавога) руху малекул. Напр., вагальны контур, у якім адбываюцца затухальныя ваганні з-за наяўнасці амічнага (актыўнага) супраціўлення, з’яўляецца таксама Д.с.; у гэтым выпадку эл. энергія ўпарадкаванага руху электронаў пераходзіць у т. зв. джоўлеву цеплату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад позналац. dislocatio зрушэнне, перамяшчэнне) ў геалогіі, парушэнні залягання горных парод у зямной кары і на яе паверхні. Адбываюцца ў выніку ўнутрызямных (эндагенных) працэсаў: тэктанічных, магматычных, вулканічных, метамарфічных, гідрастатычнага выштурхоўвання, гравітацыйнага пераразмеркавання парод па шчыльнасці і пластычнасці; паверхневых (экзагенных) працэсаў: крыягенных (звязаных са шматгадовай мерзлатой), гляцыягенных (ледавіковых), эразійных (дзейнасці акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў і інш.), гравітацыйных (апоўзні, дэлювіяльна-пралювіяльныя перамяшчэнні), выціскання пластычных парод, карставых, саліфлюкцыйных (апаўзанне глеб на схілах стромкасцю больш за 3°—5°), дзейнасці ветру, тэхнагенных. Істотна ўплываюць на Д. і касм. працэсы: вярчэнне Зямлі, месячныя і сонечныя прылівы і адлівы, а таксама ўздзеянне інш.касм. цел. У выніку Д. адбываюцца дэфармацыі горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ ХВАЛЬ,
з’ява адхілення хваль ад прамалінейнага распаўсюджвання ў асяроддзях з рэзка выражанымі неаднароднасцямі (напр., з перашкодамі). Пры гэтым хвалі агінаюць перашкоды і трапляюць у вобласць геам. ценю. Прырода Д.х. тлумачыцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу.
Д.х. найб. выразна праяўляецца ў выпадках, калі памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі λ. Таму дыфракцыя гукавых хваль (λ~1 см), паверхневых хваль на вадзе (λ~1 м) і радыёхваль (λ~100 м і больш) назіраецца ў натуральных умовах, а дыфракцыя святла (λ~10−6 — 10−7м) патрабуе спец. умоў (вузкія шчыліны, адтуліны і інш.). Гл.таксамаДыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў, Дыфракцыя часціц.
К.М.Грушэцкі.
Да арт.Дыфракцыя хваль. Праходжанне плоскай гукавой хвалі праз адтуліны розных памераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЦГЕН ((Dietzgen) Іосіф) (9.12.1828, г. Бланкенбург, Германія — 15.4.1888),
нямецкі філосаф. Самастойна авалодаў асновамі філас. навукі і развіваў матэрыяліст. дыялектыку. Знаходзіўся пад уплывам ідэй Л.Феербаха, К.Маркса і Ф.Энгельса. Жыў і працаваў у Германіі, Расіі і ЗША. Асн. працы «Сутнасць галаўной работы чалавека» (1869), «Экскурсія сацыяліста ў галіну тэорыі пазнання» (1887), «Аквізіт філасофіі» (1895) і інш. прысвечаны гнасеалогіі, якую Д. лічыў тэарэт. падставай даследавання сац.-эканам. праблем. Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае выснова, што мысліцельная здольнасць чалавека з’яўляецца прыроднай функцыяй яго мозга. Вывучаў таксама формы, ступені і супярэчнасці працэсу пазнання, магчымасці адлюстравання бясконцага універсуму ў формах адноснай і канкрэтнай ісціны.