БЕ́РНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Віцебскім р-не, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,15 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 1,98 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Схілы катлавіны — марэнныя ўзгоркі і озы. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі задзернаваныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 3 м глініста-глеістае. Упадае і выцякае ручай.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МЕЛЬСКОЕ СЛО́ВО»,

грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з крас. 1911 да мая 1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прымыкала да мясц. аддзела Саюза рус. народа. Выступала супраць с.-д. руху і левых кадэтаў, мясц. газ. «Полесье» і інш. дэмакр. выданняў. Змяшчала афіц. ўрадавыя матэрыялы, тэатр. і літ. агляды, бібліяграфію і публіцыстыку, прапагандавала палітыку П.​А.​Сталыпіна, яго зямельную рэформу ў Беларусі і Літве.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МОН»,

нелегальны часопіс бел. народнікаў. Выдаваўся ў 1884 у Пецярбургу гектаграфічным спосабам на рус. мове бел. арг-цыяй «Гоман». Выйшлі 2 нумары: 1-ы ў пач. года, другі 15 лістапада. Меў падзагаловак «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Змяшчаў матэрыялы пра рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі, эканам. і паліт. становішча бел. народа, сцвярджаў самабытнасць бел. мовы, крытыкаваў палітыку царызму, выступаў за федэратыўную самастойнасць бел. народа, за развіццё яго культуры.

С.​В.​Говін.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЦЭ́ВІЧ Людвік [1717(?) — 10.10.1783], бел. і літоўскі архітэктар, прадстаўнік позняга барока. Сярод работ на Беларусі: касцёлы аўгусцінцаў (1750—66) у фальварку Забелы (сучасная в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на), дамініканцаў у г.п. Друя Браслаўскага р-на (1765—73; разам з арх. А.​Парака), дамініканскі кляштар у Нясвіжы (1780-я г.; усе не зберагліся). Удзельнічаў у рэканструкцыі касцёла місіянераў у Вільні (1753), стварыў дамініканскія касцёлы ў гарадах Расейняе (1776—83) і Вірбалісе (1783).

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫФ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎЧАК Афанасій, бел. майстар залатых і сярэбраных спраў сярэдзіны 18 ст. Працаваў у Магілёве з П.Сліжыкам. Прадстаўнік ракако ў бел. маст. апрацоўцы металу. З падпісаных яго работ вядомыя гарэльефныя чаканеныя абклады да абразоў магілёўскіх цэркваў (1749, захоўваліся ў Магілёўскім гіст. музеі, зніклі ў Вял. Айч. вайну) і абклады да абразоў Маці Божай (1767) і Хрыста (1769) аршанскіх храмаў.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

І.​М.​Каранеўская.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЧО́НАЯ СТУПЕ́НЬ,

навуковая кваліфікацыя ў пэўнай галіне ведаў. Звычайна прысуджаецца пасля адпаведных этапаў навучання ў ВНУ або пасля завяршэння адукацыі ў даследчым, напр. аспіранцкім (гл. Аспірантура), падраздзяленні ВНУ або навук. ўстановы і абароны спец. навук. працы. Ва ун-тах Расіі адзіныя правілы прысуджэння вучонай ступені магістра і доктара дзейнічалі ў 1819—1917. У СССР, у т. л. на Беларусі, з 1937 былі ўстаноўлены ступені кандыдата і доктара навук.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГО́ННАЯ (Лілія Ціханаўна) (н. 3.9.1942, г. Мары, Туркменія),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). У 1964 скончыла БДУ; працуе ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе пытанні бел. фанетыкі і фаналогіі, бел. лексікалогіі. Аўтар манаграфіі «Інтанацыя. Націск. Арфаэпія» (1991), сааўтар прац «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Галосныя беларускай мовы» (1975), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990).

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАЧА́НСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1902—41 у в. Высачаны Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла часаны лён, пражу, пакулле, панчохі, шкарпэткі. Мела лакамабілі (2 у 1908), вадзяныя рухавікі (4 у 1910). У 1913 працавалі 594 рабочыя, было 6 тыс. прадзільных верацён. У сав. час рэканструявана. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Мелекес (Ульянаўская вобл. Расіі), карпусы ф-кі ўзарваны.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)