МЯНЦЮРА́НТА (Mäntyranta) Эра (н. 20.11.1937, г. Пела, Фінляндыя),

фінскі спартсмен (лыжны спорт). Чэмпіён VIII і IX зімовых Алімп. гульняў (1960, г. Скво-Вэлі, ЗША — у эстафеце 4 × 10 км; 1964, г. Інсбрук, Аўстрыя — у гонках на 15 і 30 км), сярэбраны прызёр IX і X Алімп. гульняў (1964 — у эстафеце; 1968, г. Грэнобль, Францыя — у гонцы на 15 км), бронз. прызёр X Алімп. гульняў у эстафеце і гонцы на 15 км. Чэмпіён свету (1962, 1966 — у гонках на 30 км, сярэбраны прызёр у эстафеце 4 × 10 км), бронз. прызёр (1968 — у гонцы на 50 км).

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́Н, Папін (Papin) Дэні (22.8.1647, Шытнэ, каля г. Блуа, Францыя — 1714, паводле інш. звестак 1712), французскі фізік і інжынер, адзін з вынаходнікаў цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680) і Парыжскай АН. Скончыў Анжэрскі ун-т (1669). З 1675 у Лондане, у 1688—1707 у Германіі. Вынайшаў паравы кацёл з засцерагальным клапанам (1680), выкарыстаў вадзяную пару для падняцця поршня і апісаў замкнёны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (1690). Вынайшаў некалькі машын для падняцця вады, прапанаваў канструкцыю цэнтрабежнай помпы, сканструяваў печ для плаўкі шкла і інш.

Літ.:

Радциг А.А. История теплотехники. М.; Л., 1936.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Аляксандр Уладзіміравіч (н. 22.2.1965, г. Табольск, Расія),

бел. спартсмен (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. майстар спорту Беларусі (1992). Скончыў Табольскі пед. ін-т (1994). З 1998 гал. трэнер маладзёжнай зборнай каманды Беларусі па біятлоне, з 1999 — гал. трэнер нац. зборнай каманды. Чэмпіён XV зімовых Алімп. гульняў (1988, г. Калгары, Канада) і сярэбраны прызёр XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя) у эстафетах 4∙7,5 км. Чэмпіён свету (1989, 1992, 1996, 1997), сярэбраны (1987, 1989, 1991) і бронз. (1995, 1996) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1995), сярэбраны (1995, 1996, 1998) і бронз. (1996, 1998) прызёр.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУ́РА (ад лац. procurare клапаціцца),

спецыяльны дзярж. орган (сістэма органаў), у кампетэнцыю якога ўваходзіць узбуджэнне крымін. спраў, падтрыманне абвінавачвання, прадстаўніцтва інтарэсаў дзяржавы ў суд. працэсе. У шэрагу краін П. належыць таксама функцыя нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў усімі грамадзянамі, арг-цыямі і службовымі асобамі (т.зв. «агульны нагляд»), У адных краінах П. з’яўляецца састаўной ч. суда, у другіх арганізацыйна аддзелена ад яго. У некат. краінах П. ўваходзіць у сістэму мін-ва юстыцыі (ЗША, Францыя, Нідэрланды, Аўстрыя, Японія, Польшча). У Рэспубліцы Беларусь П. з’яўляецца адзінай і цэнтралізаванай сістэмай органаў П., якую ўзначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУСТ (Proust) Жазеф Луі (26.9.1754, г. Анжэ, Францыя — 5.7.1826),

французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1816). Вучыўся ў Парыжскім ун-це (да 1777). У 1777—1808 выкладаў хімію ў розных навуч. установах Іспаніі (у 1791—1808 праф. Мадрыдскага ун-та). Навук. працы пераважна па прэцызійным хім. аналізе неарган. злучэнняў. У выніку даследавання саставаў аксідаў, хларыдаў і сульфідаў розных металаў устанавіў пастаянства саставу закон (1799—1806) і ў навук. дыскусіі (1801—08) з К.Л.Бертале дамогся яго замацавання ў хіміі. Даказаў існаванне гідраксідаў металаў. Вылучыў глюкозу з вінаграднага соку (1802).

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 85.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ (Roux) П’ер Поль Эміль (17.12.1853, г. Канфалан, Францыя — 3.11.1933),

французскі мікрабіёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі (1895) і Парыжскай АН (1899). Вучань Л.​Пастэра, з 1878 яго асістэнт у Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы, з 1888 у Пастэраўскім ін-це (з 1904 дырэктар). Навук. працы па інфекц. хваробах. Вывучаў узбуджальнікаў сібірскай язвы, слупняку, шаленства і іх таксіны. Разам з І.​І.​Мечнікавым паклаў пачатак эксперым. даследаванню сіфілісу (на малпах). Адкрыў дыфтэрыйны таксін (1883) і вылучыў яго (1888); ажыццявіў антырабічную прышчэпку чалавеку (1885); вынайшаў (1894) процічумную вакцыну; прапанаваў процідыфтэрыйную антытаксічную сываратку (1901; усе ў сааўт.).

А.​Ю.​Маніна.

Э.Ру.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЭ́ ДЭ ЛІЛЬ (Rouget de Lisle) Клод Жазеф (10.5.1760, г. Лон ле-Санье, Францыя — 26 ці 27.6.1836),

французскі паэт і кампазітар. Па прафесіі ваен. інжынер. Напісаў словы і музыку «Марсельезы». Аўтар «Нарысаў у вершах і прозе» (1796), лібрэта камічнай оперы «Жако, або Шкала маці» (1798, разам з К.​Э.​Дэпрэ), драмы «Макбет» (паст. 1827), рамансаў, гімнаў, ваен., рэв. і інш. песень, у т. л. песні «Раланд у Рансевалі», словы з якой сталі лозунгам рэвалюцыянераў 1848. Перакладаў на франц. мову байкі І.​Крылова.

Літ.:

Великовский С.И. Поэты французских революций, 1789—1848. М., 1963;

Цвейг С. Гений одной ночи. М., 1964.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЎЕ́РА (Riviera),

паласа ўзбярэжжа Міжземнага (на З) і Лігурыйскага (на У) мораў, якая працягваецца ад г. Кан (Францыя) да г. Спецыя (Італія). Даўж. каля 370 км. Падзяляецца на франц. Р. — Блакітны бераг, і італьян. Р. — Рыўера-Лігурэ. Знаходзіцца каля падножжа Альпаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, лета сонечнае, гарачае. Развіты вінаградарства, садоўніцтва, кветкаводства. Буйны курортны раён. З пач. 19 ст. зона шматлікіх курортаў, месцаў адпачынку і турызму. Клімататэрапія і марскія купанні ўвесь год. Да 1-й сусв. вайны — адзін з асн. еўрап. цэнтраў лячэння туберкулёзу, пазней — расстройстваў нерв. сістэмы, атлусцення, дыябету і інш. Невял. ч. Р. займае дзяржава Манака.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРД II (Richard; 6.1.1367, г. Бардо, Францыя — 14.2.1400),

кароль Англіі [1377—99]. Апошні з дынастыі Плантагенетаў. Уступіў на трон у 12-гадовым узросце (краінай правіў савет). З 1389 правіў самастойна, абапіраючыся на парламент і ч. знаці. Заключыў мір з Францыяй (1397). З 1397 усталяваў аднаасобнае праўленне, падпарадкаваў сабе парламент, выгнаў з краіны свайго брата Генрыха IV Ланкастэрскага і пазбавіў яго спадчынных правоў. Сваіх б. праціўнікаў караў штрафамі і канфіскацыяй іх маёмасці, што выклікала мяцеж буйных феадалаў. У 1399 скінуты, у 1400 забіты ці памёр ад голаду ў зняволенні. Герой гіст. драмы У.​Шэкспіра «Рычард II» (1595).

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЦЬЕ́ (Sabatier) Поль (5.11.1854, г. Каркасон, Францыя — 14.8.1941),

французскі хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў арган. каталізу. Чл. Парыжскай АН (1913). Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Тулузе (1877). У 1882—1930 у Тулузскім ун-це (з 1884 праф.). Навук. працы пераважна па каталізе Прапанаваў выкарыстоўваць замест высакародных металаў у якасці каталізатараў нікель, медзь, кобальт, жалеза. Адкрыў метады каталітычнага гідрыравання арган. злучэнняў з выкарыстаннем у якасці каталізатараў дробнадысперсных металаў. Увёў у практыку каталізу носьбіты каталізатараў (дробнадысперсных металаў) для павышэння іх устойлівасці. Нобелеўская прэмія 1912.

Тв.:

Рус. пер. — Катализ в органической химии. Л., 1932.

П.Сабацье.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)