КРУШАЛЬНІ́ЦКАЯ (Саламія Амбросьеўна) (23.9.1873, с. Бялявінцы Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 16.11.1952),
украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Засл. дз. маст.Украіны (1951). Скончыла Львоўскую кансерваторыю (1893), выкладала ў ёй (з 1946 праф.). Спявала ў буйнейшых оперных т-рах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі. Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру і вял. дыяпазону. Выконвала драм. і лірычныя партыі: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Галька, Ганна («Галька», «Страшны двор» С.Манюшкі), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі), Эльза, Лізавета («Лаэнгрын», «Тангейзер» Р.Вагнера), Саламея, Электра (аднайм. оперы Р.Штрауса) і інш. З 1923 выступала толькі ў канцэртах.
Літ.:
С.Крушельницька: (Спогади. Матеріали. Листування). Ч. 1—2. Київ, 1978—79.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МЕР (Сямён Давыдавіч) (10.2.1900, г. Гомель — 1.11.1991),
генерал-маёр танк. войск (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камуніст.ін-т імя Свярдлова (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). З снеж. 1917 у Гомельскім чырвонагв. ат радзе, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У 1937—42 у замежнай камандзіроўцы. З 1942 нач. ф-та Ваен. ін-та замежных моў. З ліп. 1943 на Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 3-м Бел., 1-м Прыбалтыйскім франтах: камандзір механізаванай брыгады, нам. камандзіра механізаванага корпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Паўн.-Зах. Кітая. Вызначыўся ў баях за г. Шаўляй (Літва) і Елгава (Латвія). Да 1956 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎТУ́Н (Валерый Пятровіч) (н. 22.10.1944, г Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна),
украінскі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1965). З 1965 у Т-ры імя Лысенкі (Харкаў), з 1968 саліст, з 1985 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Т.Шаўчэнкі (Кіеў). Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.Адана), Дафніс, Юнак («Дафніс і Хлоя», «Балеро» М.Равеля), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Лукаш («Лясная песня» М.Скарульскага), Дон Жуан («Каменны валадар» В.Губарэнкі). Сярод пастановак балет «Шчаўкунок» Чайкоўскага (1986). Прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1970, Балгарыя) і Маскве (1973), прэмія імя В.Ніжынскага (1977, Парыж). Дзярж. прэмія Украіны 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
раннедзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Кіеўскай і Жытомірскай абл.Украіны і ПдУ Беларусі (нізоўі р. Прыпяць з гарадамі Брагін і Мазыр) у 11—15 ст. Вылучылася ў выніку драблення Кіеўскай Русі. Сталіца — г.Кіеў. Яго ўладальнік лічыўся (з канца 12 ст. фармальна) вярх. сюзерэнам усёй Русі, таму К.к. не мела трывалай княжацкай дынастыі і за валоданне ім сапернічалі прадстаўнікі розных адгалінаванняў Рурыкавічаў. У 1240 заваявана Залатой Ардой, ханы якой кіравалі княствам праз падуладных князёў, а з канца 13 ст. праз свайго баскака. У 1362 уключана ў склад ВКЛ. З гэтага часу яго князямі былі сваякі вял. князёў ВКЛ. У канцы 14 ст. пераўтворана ў намесніцтва, у 1440 адноўлена. Скасавана ў 1470, на яго тэр. створана Кіеўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЧУР (Рыгор Парфіравіч) (17.11.1908, с. Фяскіўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.12.1994),
украінскі паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ін-тпрафес. асветы (1932). Рэпрэсіраваны (1943). Друкаваўся з 1938. Аўтар паэт.зб. «Інцінскі сшытак. Вершы 1945—1953 гг.» (1989), даследаванняў «Майстры перакладу» (1966), «Дантэ ва ўкраінскай літаратуры» (1971). Перакладаў з англ., італьян., ісп., партуг., польск., чэш., славацкай, харвацкай, бел., рус., літ. і інш. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Гілевіча, М.Танка. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў выдання «Максім Багдановіч. Лірыка» (Кіеў, 1967). За кн.выбр. перакладаў «Другі водгук» (1991) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1995. За пераклады 1960—80-х г.Рэсп. прэмія імя М.Рыльскага 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЦЮ́К (Дзмітрый Міхайлавіч) (н. 28.3.1925, с. Навасёлка Чарнавіцкай вобл., Украіна),
украінскі спявак (барытон), рэжысёр. Нар.арт.СССР (1960). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў кіеўскія кансерваторыю (1951), ін-ттэатр. мастацтва (1975). З 1982 выкладае ў Кіеўскай кансерваторыі (праф. з 1987). З 1951 саліст, з 1988 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Астап, Мікола, Эней («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка», «Энеіда» М.Лысенкі), Максім («Арсенал» Г.Майбарады), Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Паставіў спектаклі: «Князь Ігар» А.Барадзіна (1974), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1977), «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1980) і інш. Здымаўся ў кіно. Прэмія Ленінскага камсамола 1967. Дзярж. прэмія Грузіі 1972. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБА́РКА (Grabarka),
гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн.н.ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш. краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАК (Ісідар Аркадзевіч) (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.Глінкі, «Дударай» Я.Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.Сметаны, «Мадам Бавары» Э.Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.