ЖЫ́ТА (Secaled),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. злакаў. 6—8 відаў. Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўн. паўшар’я Ж. пасяўное (S. cereale) — азімыя і яравыя формы. На Беларусі Ж. азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур.

Ж. пасяўное — аднагадовая расліна выш. 60—180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невял. чубком. Зерне мае 9—13% бялкоў, 55—70 крухмалу, 1—2% тлушчу, вітаміны B1, B2, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °C (на глыб. вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.

Літ.:

Мухін М.​Дз. Азімае жыта. Мн., 1969;

Кобылянский В.Д. Рожь. М., 1982.

Жыта пасяўное.

т. 6, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАЎКА (Melampyrum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.

Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Братаўка: 1 — лугавая; 2 — дуброўная.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁН (Linum),

род кветкавых раслін сям. лёнавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На ўсіх кантынентах культывуюць Л. культурны (L. usitatissimum) — стараж. прадзільную і алейную расліну. Вылучаюць 5 груп: Л. буйнанасенны, Л.-даўгунец, Л.-кудраш, Л. прамежкавы, Л. сцелісты. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя дзікарослыя Л. слабільны (L. catharticum) і жоўты (L. flavum). Трапляюцца на сырых лугах, сярод хмызнякоў. У культуры вырошчваецца пераважна Л.-даўгунец.

Л.-даўгунец — аднагадовая самаапыляльная расліна выш. 70—130 см. Сцябло ў густых пасевах прамое, у разрэджаных — моцна разгаліноўваецца, што зніжае якасць валакна. Лісце вузкае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі правільныя, 5-членныя ў парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. У насенні 35—38% алею, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці пакосту, лакаў, фарбаў і інш.; ільняная макуха — корм для жывёл. З валакна вырабляюць бытавую, тэхн. і тарную тканіну, з кастрыцы — паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, буд. пліты.

Літ.:

Льноводство. М., 1967;

Руководство по освоению интенсивной технологии возделывания льна-долгунца. Мн., 1987.

У.​П.​Пярэднеў.

Лён: 1 — даўгунец; 2 — прамежкавы; 3 — кудраш; 4 — верхавінка сцябла.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),

1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.

2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).

Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.​Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).

На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.​Ф.​Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш. ВНУ, бат. садах і запаведніках.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́Ч (Iris),

род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 250 відаў і 30 тыс. сартоў, якія ўзніклі ў выніку скрыжавання шэрагу відаў, аб’яднаных пад назвай К. гібрыднага садовага (I. hybrida hort). Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца ў стэпах, утвараюць касачовыя стэпы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды К.: бязлісты (I. aphylla); сібірскі (I. sibirica, нар. назвы дзікія агуркі, калацец), абодва занесены ў Чырв. кнігу; жоўты (I. pseudacorus, нар. назвы косіца, кошыц, касарыкі, вужачкі). Трапляюцца па хмызняках у рачной пойме, на заліўных лугах, ускрайках балот. Сарты К. гібрыднага садовага: Крысмес Тайм (белы), Блю Сапфаер (блакітны), Уан Дэзайр (ружовы), Віта Файр (чырв.), Лаймлайт (жоўты), Аметыст Флейм (бэзавы), Вебеш (двухколерны) і інш.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з адзіночнымі або некалькімі сцёбламі-кветаносамі выш. 30—150 см. Лісце лінейна- ці ланцэтна-мечападобнае, часта па 5—10 (12) лістоў у веерападобным прыкаранёвым пучку. Кветкі буйныя, правільныя, з доўгай трубкай і 6-раздзельным вяночкападобным яркаафарбаваным адгінам. Для К. характэрна пратэрандрыя. Плод — 3-гранная каробачка. Фарбавальная і лек. расліна. З карэнішчаў некат. К. атрымліваюць духмянае рэчыва ірон для парфумерыі. Адзін з найб. папулярных дэкар. мнагалетнікаў, вядомы ў культуры з пач. 17 ст.

Касачы.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЮШЫ́НА (Trifolium),

род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар. расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Канюшына: 1 — чырванаватая; 2 — лубінавая.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),

сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.

Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),

гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныяамафоны, марфалагічныяамаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.

Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.

Л.​П.​Кунцэвіч, А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,

працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.

Л.​Г.​Емяльянаў.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г. ням. культуролаг Л.​Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.​Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.​Шпенглера — развітыя культуры, А.​Тойнбі — цывілізацыі, П.​Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.

В.​Л.​Салееў.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)