ПАЛЕАЭКАЛО́ГІЯ (ад палеа... + экалогія),

раздзел палеанталогіі і экалогіі, што вывучае ўмовы пражывання, спосабы жыцця, узаемаадносіны арганізмаў геал. мінулага паміж сабою і з навакольным асяроддзем, іх гіст. змены. Даследуе выкапнёвыя флоры, фауністычныя комплексы, рэшткі, адбіткі і біягліфы арганізмаў асобных відаў, папуляцый і згуртаванняў (арыктацэнозы), арганагенныя горныя пароды і пабудовы і інш. Звязана з палеаіхналогіяй, тафаноміяй, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, літалогіяй, палеакліматалогіяй і інш. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, рэканструяванні палеагеагр. абставін (напр., палеаклімату), умоў асадканамнажэння і ўтварэння некат. карысных выкапняў і інш.

Як навука П. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (заснавальнік — У.А.Кавалеўскі). Уклад у яе развіццё зрабілі Л.Дало, аўстр. вучоны А.​Абель, ням. І.​Вальтэр, рус. — М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, М.​М.​Якаўлеў і інш.

На Беларусі палеаэкалагічныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.В.Фурсенка, вывучэнне дэвонскіх адкладаў Прыпяцкага прагіну). Праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.С.Махнач, С.​А.​Кручак, Л.​І.​Мурашка, Я.​К.​Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кеда, В.​І.​Пушкін і інш.). Даследаваны палеаэкалагічны стан у перыяды кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры, мелу, неагену, антрапагену.

Літ.:

Геккер Р.Ф. Введение в палеоэкологию. М., 1957;

Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЧАЛА́»,

зборнік павучальных выслоўяў і афарызмаў; помнік старажытнарускай перакладной літаратуры. Арыгінал складзены ў 11 ст. манахам Антоніем на аснове выказванняў ант. аўтараў і зборніка цытат хрысц. пісьменнікаў (складзены ў 7 ст. Максімам Спавядальнікам). З грэч. мовы на стараж,слав. перакладзены ў канцы 12 — пач. 13 ст. Захаваўся ў шматлікіх рэдакцыях, якія змяшчалі дапаўненні ў адпаведнасці з прызначэннем кнігі і светапоглядам складальнікаў. Кампанаваўся паводле хрысц. іерархічнага прынцыпу: кожны тэматычны раздзел (пра жыццёвую дабрачыннасць, дабро і зло, праўду, дружбу і любоў) уключаў вытрымкі з Новага, потым са Старога запаветаў, кароткія павучанні «айцоў царквы» і маральна-філас. сентэнцыі ант. філосафаў і пісьменнікаў (Гамера, Герадота, Дыягена, Дэмакрыта, Арыстоцеля, Ксенафонта, Платона, Сакрата). У раздзеле «Слова аб красе» выявіліся асн. прынцыпы хрысц. эстэтыкі. Меў вял. папулярнасць, часта цытаваўся стараж.-рус. пісьменнікамі, перапрацоўваўся і дапаўняўся выказваннямі з рус. помнікаў, блізкіх яму па кампазіцыі. Быў адной з крыніц ведаў пра ант. свет. Шырока выкарыстоўваўся бел. пісьменнікамі і асветнікамі 13—17 ст. у публіцыстыцы і красамоўстве. Многія выказванні «П.» ўвайшлі ў жывую мову і, відазмяніўшыся, сталі прыказкамі.

Літ.:

Семенов В. Древняя русская Пчела по пергаменному списку. СПб., 1893;

Сперанский М.Н. Переводные сборники изречений в славяно-русской письменности: Исслед. и тексты. М., 1904;

Конан У. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 12.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,

навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.

Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.

На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац. АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.

А.​У.​Чысцік.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ДРУ́КУ БЕЛАРУ́СІ»,

дзяржаўны штомесячны аб’яднаны бібліягр. паказальнік. Выдаецца з 1924 у Мінску Нац. кніжнай палатай Беларусі на бел. і рус. мовах. Да 1995 называўся «Летапіс друку БССР» і складаўся з 10 тыпаў летапісаў, у якім кожны від выдавецкай прадукцыі рэгістраваўся ў адпаведных спец. выпусках. З павелічэннем аб’ёму інфармацыі ў 1995 як самаст. выданні вылучыліся: «Летапіс часопісных артыкулаў», «Летапіс газетных артыкулаў», «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». «Л.д.Б.» складаецца з 8 тыпаў летапісаў.

«Кніжны летапіс» выдаецца з 1924. Інфармуе аб кнігах і брашурах, перыяд. выданнях тыпу «прац», а таксама пра замежныя выданні, падрыхтаваныя або выдадзеныя з удзелам бел. выдаўцоў. Да 1999 уключаў раздзел аўтарэфератаў дысертацый. Мае паказальнікі: імянны, прадметны, загалоўкаў, геагр., серый, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны кнігі, памылковых ISBN (міжнар. стандартная нумарацыя кніг), нумарацыйны бібліягр. запісаў замежных кніг, выдадзеных з удзелам бел. выдаўцоў.

«Летапіс нот» выдаецца з 1924. Інфармуе аб нотных выданнях, муз. творах, надрукаваных у часопісах і газетах. Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў зб-каў нотных Выданняў, перыяд. выданняў, у якіх апублікаваны ноты.

«Летапіс рэцэнзій» выдаецца з 1932. Уключае рэцэнзіі, агляды кніг і часопісаў, якія маюць крытычны матэрыял на асобна выдадзеныя творы і творы, што змешчаны ў перыяд. выданнях. Мае паказальнікі: імянны, назваў выданняў, на якія апублікаваны рэцэнзіі, перыяд. выданняў, рэцэнзіі якіх зарэгістраваны.

«Беларусь у сусветным друку» выдаецца з 1946 (у 1982—91 штоквартальнае асобнае выданне). Змяшчае інфармацыю пра Беларусь і беларусаў, якая апублікавана ў друку замежных краін, а таксама аб выданнях і публікацыях на бел. мове (незалежна ад зместу), выдадзеных па-за межамі Беларусі. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, геагр., моў, перыяд. выданняў.

«Летапіс выяўленчага мастацтва» выдаецца з 1955. Інфармуе пра асобна выдадзеныя або змешчаныя ў часопісах творы выяўл. мастацтва, у т. л. плакаты, партрэты, рэпрадукцыі, эстампы, паштоўкі, альбомы, дзіцячыя кніжкі-карцінкі і альбомы для размалёўкі, коміксы і інш. Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, альбомаў і камплектаў паштовак, перыяд. выданняў, у якіх змешчаны матэрыял.

«Летапіс нарматыўна-тэхнічных, тэхнічных дакументаў і выданняў вузкага прызначэння» выдаецца з 1985. Змяшчае інфармацыю пра нарматыўна-тэхн. дакументы (стандарты, нармалі, цэннікі, прэйскуранты, тэхн. апісанні машын, прылад і інш.). Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, моў.

«Летапіс картаграфічных выданняў» выдаецца з 1994. Выходзіць 2 разы на год (у № 6 і № 12). Змяшчае інфармацыю пра картаграфічныя выданні (карты, карты-схемы, планы, атласы), часткі картаграфічных выданняў (карты-урэзкі на асн. картах), карты або атласы, якія з’яўляюцца дадаткам да выдання, уклееныя або тэкставыя карты з кніг і серыяльных выданняў. Бібліягр. запісы групуюцца па буйных раздзелах. Мае паказальнікі: імянны, геагр., прадметна-тэматычны, загалоўкаў, выданняў, з якіх аналітычна распісаны матэрыял.

«Летапіс аўтарэфератаў дысертацый» выдаецца штоквартальна з 1999. Бібліягр. запісы групуюцца па комплексах навук. Кожны раздзел складаецца з рубрык: «На ступень доктара навук», «На ступень кандыдата навук». Мае імянны і геагр. паказальнікі.

Літ.:

Текущие библиографические издания книжных палат и их использование. М., 1981.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДЫНА́МІКА (ад аэра... + дынаміка),

раздзел аэрамеханікі, у якім вывучаюцца законы руху газападобнага асяроддзя і яго ўзаемадзеяння з цвёрдымі целамі; тэарэт. аснова авіяцыі, ракетнай тэхнікі, метэаралогіі, турбабудавання і інш. Разглядае рух целаў з дагукавымі скорасцямі (да 1200 км/гадз); рух целаў са скорасцю, большай за скорасць гуку, вывучае газавая дынаміка. Аэрадынаміка ўзнікла ў 20 ст. ў сувязі з развіццём авіяцыі. Тэарэтычнае рашэнне задач аэрадынамікі заснавана на ўраўненнях гідрааэрамеханікі. Пры вырашэнні найбольш простых пытанняў (размеркаванне ціску і скорасцяў вакол абцякальнага цела і інш.) выкарыстоўваецца набліжэнне ідэальнай вадкасці, несціскальнай пры малых і сціскальнай пры вял. скорасцях. Наяўнасць вязкасці ў рэальных вадкасцях прыводзіць да ўзнікнення супраціўлення і ўлічваецца пры вывучэнні цеплаабмену целаў з патокам газу.

Спец. прыкладныя часткі аэрадынамікі: аэрадынаміка самалёта (вывучае рух самалётаў цалкам), знешняя балістыка (даследуе палёт снарадаў), аэрадынаміка турбамашын і рэактыўных рухавікоў, прамысловая аэрадынаміка (разлік паветранадзімальных установак, ветравых рухавікоў, струменных апаратаў, вентыляцыйнай тэхнікі, аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць пры руху аўтамабіляў, цягнікоў і інш.). Эксперыментальная аэрадынаміка з дапамогай аэрадынамічных трубаў вызначае лікавыя каэфіцыенты сіл і момантаў, што дзейнічаюць на цела з боку газавага патоку. У аэрадынаміцы шырока выкарыстоўваецца матэм. мадэляванне з дапамогай ЭВМ.

Літ.:

Струминский В.В. Аэродинамика и молекулярная газовая динамика. М., 1985;

ЭВМ в аэродинамике: Пер. с англ. М., 1985;

Киреев В.И., Войновский А.С. Численное моделирование газодинамических течений. М., 1991.

Ю.​В.​Хадыка.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).

Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.​Дэкарт (1637) і П.​Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.​Лейбніца, І.​Ньютана, Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Г.​Монжа, С.​Лакруа і інш. Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.

Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.​К.​Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.​К.​Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).

Літ.:

Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Линейная алгебра и аналитическая геометрия. 2 изд. Мн., 1976.

А.​А.​Гусак.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),

раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.

Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.​Гарвей, італьян. М.​Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.​Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.​В.​Абрамовіч, А.​Я.​Мітрашэнка, М.​Ю.​Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.​Г.​Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.​Е.​Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.​М.​Грышын, А.​А.​Марціновіч).

Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.​Дз.​Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.​У.​Шот, І.​А.​Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.​М.​Саўчанка, У.​П.​Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.​А.​Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.​У.​Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.​М.​Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.​М.​Падгайскі). Гл. таксама ў арт. Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.

І.​М.​Грышын.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).

Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.​Р.​Левіт, С.​М.​Давыдзенкаў, С.​Н.​Ардашнікаў, М.​С.​Навашын і інш.

На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.​В.​Турбін, Г.​В.​Краскоўскі, А.​Ю.​Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.​В.​Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.​Н.​Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.​Я.​Саўчанка), лейкозаў (А.​І.​Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.

Э.​А.​Вальчук.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае аб’екты на аснове геаметрычнага падыходу. Асн. паняцце графаў тэорыі — граф: мноства пунктаў (вяршынь) і мноства сувязей (рэбраў, дуг), што злучаюць некаторыя (або ўсе) пары вяршынь. Напр., сетка чыгунак, аўтамаб. (або інш.) дарог з пазначэннем на дугах адлегласцей паміж населенымі пунктамі або іх прапускных здольнасцей. Выкарыстоўваецца ў тэорыі перадачы інфармацыі, тэорыі трансп. сетак, камп’ютэрнай графіцы, аўтаматызацыі праектавання і інш.

Першыя задачы графаў тэорыі былі звязаны з рашэннем галаваломак і матэм. забаўляльных задач (напр., задачы аб Кёнігсбергскіх мастах, аб расстаноўцы ферзей на шахматнай дошцы, аб перавозках, кругасветным падарожжы, задача 4 фарбаў і інш.). Адным з першых вынікаў у графаў тэорыі быў крытэрый існавання абходу графа без паўтораў рэбраў (Л.Эйлер, 1736). У 19 ст. з’явіліся работы, у якіх пры рашэнні практычных задач атрыманы важныя вынікі ў графаў тэорыі (задачы пабудавання эл. ланцугоў, падліку хім. рэчываў з рознымі тыпамі малекулярных злучэнняў і інш.). У 20 ст. задачы, звязаныя з графамі, з’явіліся ў тапалогіі, алгебры, тэорыі лікаў, тэорыі імавернасці і інш. Найб. развіццё графаў тэорыя атрымала з 1950-х г. у сувязі са станаўленнем кібернетыкі і развіццём выліч. тэхнікі.

На Беларусі даследаванні па графаў тэорыі вядуцца ў БДУ (уплыў розных параметраў на ўласцівасці графаў), Ін-це матэматыкі (розныя прадстаўленні графаў, алгарытмічныя аспекты графаў тэорыі), Ін-це тэхн. кібернетыкі (графы ў задачах аптымальнага ўпарадкавання) Нац. АН.

Літ.:

Лекции по теории графов. М., 1990.

Ю.​Н.​Сацкоў.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНЕТАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.

Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.​Фарадэем і швейц. хімікам Ф.​Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.​Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл. Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.

Літ.:

Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;

Карлин Р.Л. Магнетохимия: Пер. с англ. М., 1989.

В.​Н.​Макатун.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)