ЭЛЕКТРАФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел фізіялогіі, што вывучае эл. з’явы (біяэл. патэнцыялы) у клетках, тканках, органах, а таксама механізмы ўздзеяння на арганізм эл. току.
Упершыню навук. інфармацыю пра «жывёльную электрычнасць» даў у канцы 18 ст. Л.Гальвані. У 19 ст. асновы Э. распрацоўваў Э.Дзюбуа-Рэймон (сувязь паміж эл. токам і нерв. імпульсам, малекулярная тэорыя біяпатэнцыялаў і інш.). Далейшае развіццё Э. звязана з працамі М.Я.Увядзенскага, В.Эйнтхавена, Дж.Эрлангера, ням. і рас. фізіёлагаў Ю.Бернштэйна і А.П.Самойлава. На Беларусі даследаванні па Э. вядуцца з 1922 у БДУ як ч. агульных фізіял. даследаванняў (гл. Нейрафізіялогія, Фізіялогія).
Асн. праблемы Э. — вывучэнне фізіка-хім. механізмаў утварэння эл. патэнцыялаў на біял. мембранах, іх змены і роля ў фізіял. працэсах. У навук. эксперыментах і клінічнай практыцы выкарыстоўваюцца асн. электрафізіял. метады вывучэння біял. патэнцыялаў сэрца — электракардыяграфія, мозга — электраэнцэфалаграфія, сятчаткі вока — электрарэтынаграфія, скуры — электрадэрмаграфія і інш.
Літ.:
Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976;
Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
т. 18, кн. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)