СЛАВА́ЦКІ (Słowacki) Юльюш (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),

польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв. рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А.​Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.​Вольскі, С.​Дзяргай, У.​Дубоўка, А.​Звонак, М.​Лужанін, П.​Пестрак, Я.​Семяжон, М.​Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел. т-р імя Я.​Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).

Тв.:

Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1959;

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;

Ю.​Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;

Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;

Kowalczykowa A. Słowacki. Warszawa, 1994.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Ю.Славацкі.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі, прысвечаны вывучэнню будовы і ўласцівасцяў атамаў, а таксама элементарных працэсаў, у якіх яны ўдзельнічаюць. У шырокім сэнсе атамная фізіка (субатамная фізіка) — фізіка мікраскапічных з’яў, якім характэрна перарыўнасць рэчыва і электрамагнітнага выпрамянення і якія падпарадкоўваюцца квантавым законам (гл. Элементарныя часціцы, Атам, Малекула, Фатон).

Гіпотэза, што матэрыя складаецца з атамаў як найменшых непадзельных і нязменных часціц, узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—33 ст. да нашай эры. Дасканалыя ўяўленні пра атамістычную будову рэчыва склаліся значна пазней. У сярэдзіне 19 ст. дакладна вызначаны паняцці малекулы і атама. У канцы 19 ст. адкрыты электрон, рэнтгенаўскія прамяні і радыеактыўнасць, што дало магчымасць устанавіць складаную будову атама. Сучасную ядз. мадэль атама прапанаваў Э.​Рэзерфард у 1911. Гэта мадэль і квантавыя ўяўленні М.​Планка, А.​Эйнштэйна і інш. далі магчымасць Н.​Бору ў 1913 стварыць першую квантавую тэорыю атама і яго спектраў (гл. Бора тэорыя). У 1923 Л. дэ Бройль выказаў ідэю пра хвалевыя ўласцівасці часціц рэчыва, што было пацверджана эксперыментальна ў доследах па дыфракцыі электронаў у 1927 (гл. Дыфракцыя часціц).

Тэарэтычныя асновы атамнай фізікі закладзены ў 1925—28 працамі В.​Гайзенберга, Э.​Шродынгера, М.​Борна, П.​Дзірака і інш., у выніку чаго ўзніклі квантавая механіка і квантавая электрадынаміка. На гэтай аснове дадзена тлумачэнне вял. колькасці мікраскапічных з’яў і прадказаны шэраг эфектаў на атамна-малекулярным узроўні (гл. Атамныя спектры, Вымушанае выпрамяненне, Зонная тэорыя, Фотаэфект). Для апісання ўласцівасцяў элементарных часціц і іх узаемадзеянняў створана квантавая тэорыя поля. Развіццё атамнай фізікі прывяло да карэннага перагляду асн. уяўленняў і паняццяў фізікі мікраскапічных з’яў і ўзнікнення новых галін ведаў і тэхн. дастасаванняў, напрыклад квантавай электронікі, мікраэлектронікі, фізікі цвёрдага цела. На Беларусі даследаванні па атамнай фізіцы і сумежных навуках праводзяцца з канца 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Зубов В.П. Развитие атомистических представлений до начала XIX века. М. 1965;

Хунд Ф. История квантовой физики Киев, 1980;

Джеммер М. Эволюция понятий квантовой механики: Пер. с англ. М. 1985;

Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.

М.​А.​Ельяшэвіч.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ Анатоль Ільіч (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.​Себасцьяна «Безыменная зорка», В.​Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1973;

Святло зямное. Мн., 1981;

Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;

Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.

Літ.:

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;

Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;

Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

М.​І.​Мішчанчук.

А.І.Вярцінскі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),

від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.

Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл. Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл. Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж. прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.​М.​Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.​Х.​Александровіча, Р.​В.​Булацкага, С.​В.​Говіна, С.​В.​Марцэлева, І.​І.​Сачанкі, Б.​В.​Стральцова, М.​Я.​Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Орлова Т.В. Введение в журналистику. Организация работы редакции газеты. Мн., 1989.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ Кастусь (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),

лідэр бел. нац. вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта руху — арганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў пад псеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.

Літ.:

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.

В.​Ф.​Шалькевіч.

К.Каліноўскі. 1863.
Да арт. К.Каліноўскі. Трыпціх: «Мужыцкая праўда. Яська-гаспадар з-пад Вільні. Касінеры». Мастак Ф.​Янушкевіч. 1978.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЦТВАЗНАЎСТВА

На Беларусі мастацтвазнаўства дастаткова інтэнсіўна развівалася з 1920-х г. і набыло спецыфічныя асаблівасці. На хвалі адраджэння нац. культуры фарміраваліся калектывы мастацтвазнаўцаў, вяліся даследаванні ў галіне выяўленчага мастацтва, архітэктуры, нар. творчасці. Асобныя пытанні гісторыі развіцця бел. мастацтва вывучаў М.​Шчакаціхін («Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII сталецця», 1925; «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны», 1926). У «Нарысах з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928) ён прасачыў гісторыю развіцця нац. выяўленчага мастацтва і даў яго навук. перыядызацыю. Плённа працавалі П.​Бузук, А.​Грыневіч, Я.​Дыла, І.​Замоцін, М.​Красінскі, І.​Плашчынскі, якія зрабілі ўклад у станаўленне метадалагічных прынцыпаў вывучэння бел. мастацтва і нар. творчасці. Даследаванні выяўленчага мастацтва даваеннага перыяду прадстаўлены пераважна артыкуламі інфармацыйнага і публіцыст. характару В.​Вольскага, І.​Гаўрыса, А.​Касцялянскага, І.​Фурмана. Больш грунтоўны яго аналіз праведзены ў зб-ках «Нарысы выяўленчага мастацтва Беларусі» і «Мастацтва Савецкай Беларусі» (абодва 1940), дзе змешчаны нарысы А.​Азірскага, Д.​Геніна, М.​Грынблата, А.​Даліна, М.​Керзіна, М.​Машкоўцава і інш. пра архітэктуру, скульптуру, графіку, жывапіс, нар. творчасць.

Мэтанакіраванае вывучэнне бел. выяўленчага мастацтва і архітэктуры аднавілася ў пасляваенны час. У 1950-я г. выйшлі зб-кі навук. артыкулаў, прысвечаных розным відам мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1955), «Беларускае мастацтва» (1957, 1960, 1962), манаграфія «Беларуская архітэктура. Гістарычны нарыс» М.​Кацара (1956). Планамерныя даследаванні заканамернасцей развіцця духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа пачаліся пасля стварэння ў 1957 Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1-ы дырэктар П.​Глебка). Праблемы выяўленчага мастацтва ў 1950—70-я г. распрацавалі Л.​Дробаў, А.​Воінаў, М.​Кацар, П.​Масленікаў, У.​Чантурыя. Вынікі даследаванняў адлюстраваны ў манаграфіях «Беларуская архітэктура» (1956), «Скульптура Савецкай Беларусі» (1957) і «Нарысы па гісторыі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі» (1960) М.​Кацара, «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (1977) і «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982) У.​Чантурыі, «Беларускія мастакі XIX стагоддзя» (1971), «Мастацтва Беларускай ССР» (1972), «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) Л.​Дробава, «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» П.​Масленікава (1962), «Мастацтва Савецкай Беларусі» М.​Арловай (1960). Развіццё бел. керамікі прааналізавана ў кн. «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» І.​Елатомцавай (1965). У 1970-я г. пашырыліся даследаванні ў Бел. тэатральна-мастацкім ін-це, Мінскім ін-це культуры, Дзярж. мастацкім музеі. У аналізе актуальных пытанняў бел. выяўленчага мастацтва пераважаў жанр творчага партрэта. Выйшла серыя кніг пра жывапісцаў, графікаў, скульптараў, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арыентаваная на шырокае кола чытачоў, у т. л. манаграфіі альбомнага тыпу: «Міхаіл Савіцкі» Э.​Пугачовай (1982), «Віталій Цвірка» Б.​Крэпака (1985), «Яўген Зайцаў» Ю.​Карачуна (1988). У кн. Л.​Дробава «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) на гіст. фоне разгледжана станаўленне гіст., бытавога, партрэтнага і пейзажнага жанраў жывапісу, прыведзены звесткі пра жыццё і творчасць вядучых майстроў: В.​Ваньковіча, Я.​Дамеля, І.​Аляшкевіча, І.​Хруцкага, Ф.​Рушчыца і інш. Працягам тэмы стала яго манаграфія «Жывапіс Савецкай Беларусі» (1979), дзе прааналізавана развіццё бел. жывапісу ў 1917—75. Гісторыі бел. манументальнага мастацтва прысвечаны даследаванні В.​Церашчатавай «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVII ст.» (1986), У.​Пракапцова «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), А.​Сяліцкага «Жывапіс Полацкай зямлі XI—XII ст.» (1992). Станаўленню і развіццю тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва прысвечаны працы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» Г.​Барышава (1958), «С.​Ф.​Нікалаеў» (1970), «Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР» (1973), «Яўген Чамадураў» (1984) П.​Карнача.

Гісторыя і тагачасны стан архітэктуры Беларусі дастаткова поўна асветлены ў працах А.​Воінава «Гісторыя архітэктуры Беларусі: Савецкі перыяд» (1975), «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (т. 2, 1987) і У.​Чантурыі «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» (1983), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Шэраг важных праблем гісторыі бел. архітэктуры разгледжаны ў манаграфіях «Архітэктура Магілёва. З гісторыі планіроўкі і забудовы горада» (1973), «Архітэктура Віцебска» (1980) Т.​Чарняўскай, «Замкі Беларусі» (1987) М.​Ткачова, «Архітэктура палацава-сядзібных ансамбляў Беларусі: Другая палавіна XVIII — пачатак XIX стагоддзя» (1981), «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Эклектыка. Архітэктура Беларусі 2-й паловы XIX — пачатку XX стагоддзя» (2000) А.​Кулагіна, «Беларускае народнае дойлідства» (1991), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999) А.​Лакоткі, «Дойлідства Беларусі XVI — сярэдзіны XVII ст.» (1991) Ю.​Якімовіча, «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока» (2001) Т.​Габрусь і інш. даследчыкаў. Развіццё кніжнай гравюры ў 16—18 ст. і аналіз творчасці Ф.​Скарыны, П.​Мсціслаўца, М. і В. Вашчанкаў, А. і Л. Тарасевічаў зрабіў В.​Шматаў у кн. «Беларуская кніжная гравюра» (1984), «Мастацтва кніг Францыска Скарыны» (1986). Гісторыю развіцця бел. сав. графікі ён разгледзеў у кнігах: «Беларуская графіка 1917—1941 гг.» (1975), «Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.» (1979) і інш. У 1980-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон даследаванняў, у т. л. ў вывучэнні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. М.​Яніцкая вывучае гісторыю развіцця маст. шкла — «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX стагоддзя» (1984), «Мастацкае шкло Савецкай Беларусі» (1989). Ганчарства, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, салома- і лозапляценне, ткацтва адлюстраваны ў манаграфіях «Народная разьба па дрэву» (1978), «Беларускае народнае мастацтва» (1980), «Беларуская народная кераміка» (1987), «Беларускае народнае мастацкае кавальства» (1990), «Беларуская народная цацка» (1991), «Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1996), «Народнае мастацтва Беларусі» (1997) Я.​Сахуты. Гісторыя нар. касцюма даследавана ў рабоце «Беларускае народнае адзенне» М.​Раманюка (1981). Прафесійнаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву прысвечаны публікацыі «Беларуская кераміка» В.​Гаўрылава, «Сучасная беларуская кераміка» В.​Жука (абедзве 1984), «Беларускія дываны і габелены» Дз.​Трызны (1981), «Беларускае мастацкае шкло» А.​Сурскага (1978). Сярод прац па гісторыі бел. скульптуры — «Народная драўляная скульптура Беларусі» (1977) і «Старажытнабеларуская скульптура» (1991) А.​Лявонавай, «Партрэтная скульптура Савецкай Беларусі» Э.​Петэрсона (1982), «Манументальны летапіс эпохі» І.​Елатомцавай (1969), «Беларуская скульптура малых форм» В.​Жука (1998). У 1970—80-я г. выйшаў шэраг творчых партрэтаў скульптараў: А.​Глебава, А.​Заспіцкага, С.​Селіханава, А.​Бембеля, Л.​Гумілеўскага і інш. Манаграфічныя даследаванні ў значнай ступені дапаўнялі альбомныя выданні, якія паступова ад простага ілюстравання твораў мастацтва пераходзілі да навукова-даследчай работы, што найб. выявілася ў выданнях Н.​Высоцкай: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1980; складальнікі Н.​Высоцкая і Т.​Карповіч), «Пластыка Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1984), «Жывапіс барока» (2003). У выніку комплекснага даследавання гісторыі выяўленчага мастацтва, помнікаў гісторыі і культуры Беларусі падрыхтавана і выдадзена фундаментальнае выданне — «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), якое дае цэласную карціну багацейшай культурнай спадчыны бел. народа і ўключае помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва. Да ліку найбольш значных дасягненняў бел. мастацтвазнаўства адносіцца падрыхтаваная ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі «Гісторыя беларускага мастацтва» ў 6 тамах (1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), якая змяшчае абагульняльныя даследаванні па архітэктуры, жывапісе, графіцы, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. У наш час нац. мастацкая культура Беларусі перажывае перыяд свайго адраджэння, ствараюцца групы вучоных, якія вядуць актыўную даследчую працу, займаюцца актыўным працэсам вяртання забытых і згубленых у часе імён майстроў розных відаў мастацтва. Пытанні гісторыі і тэорыі бел. мастацтва разглядаюцца ў часопісах «Мастацтва» (з 1983, да 1991 наз. «Мастацтва Беларусі»), «Архитектура и строительство» (з 1970, да 1996 наз. «Архитектура и строительство Белоруссии»), альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газетах «Літаратура і мастацтва» (з 1932) і «Культура» (з 1991) і перыядычным друку; праблемы дызайну на Беларусі — у час. «Pro дизайн» (з 2001). Сістэматычнае вывучэнне гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі вядзецца ў сектары выяўленчага мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, у Бел. АМ, Бел. ун-це культуры, пытанні гісторыі і тэорыі архітэктуры — у БНТУ у Мінску.

Літ.:

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

В.​І.​Жук.

т. 18, кн. 2, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДАЎЛАДКАВАННЕ І КРЫМІНАЛЬНЫ ПРАЦЭС

Перадумовы развіцця на Беларусі навукі судаўладкавання і крымін.-працэсуальнага права створаны ў выніку прыняцця Закона аб судаўладкаванні БССР (1959) і Крымін.-працэсуальнага кодэкса БССР (1960). Вучоныя-юрысты БДУ падрыхтавалі і выдалі навук.-практычныя каментарыі да гэтых заканадаўчых актаў, фундаментальныя працы па гістарыяграфіі станаўлення і развіцця суд. органаў на Беларусі, тэорыі і практыцы суд. экспертызы, правасуддзя і яго ролі ва ўмацаванні законнасці (С.​П.​Бякешка, А.​В.​Дулаў, І.​І.​Марціновіч, Я.​А.​Матвіенка). Даследаваліся агульнатэарэт. праблемы крымін. вядзення, яго зместу і форм (В.​М.​Шпілёў), пытанні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя (І.​І.​Марціновіч), прававога статусу падазронага і інш. удзельнікаў крымін. працэсу (С.​П.​Бякешка, Я.​А.​Матвіенка, В.​М.​Шпілёў). Шэраг навук. прац прысвечаны асобным працэсуальным стадыям, інстытутам і следчым дзеянням, у прыватнасці ўзбуджэнню крымін. справы і апазнанню, дзеянню прынцыпаў крымін. працэсу на стадыі папярэдняга расследавання, фарміраванню судзейскага пераканання, прыгавору суда і яго выкананню (М.​М.​Гапановіч, Я.​А.​Матвіенка, М.​І.​Нікалайчык, У.​Ф.​Бохан). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Судовая прамова» Я.​А.​Матвіенкі (2-е выд., 1972), «Крымінальны працэс БССР» (2-е выд., 1979), «Суд і правасуддзе ў БССР» І.​І.​Марціновіч і Я.​Ф.​Плюты (1977). У Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь вывучаліся актуальныя праблемы арг-цыі і дзейнасці органаў дазнання (Б.​І.​Дзяргай), законнасці і дэмакратызму папярэдняга следства (М.​П.​Мітрохін), вядзення допыту ў крымін. працэсе (М.​І.​Порубаў).

У 1970—80-я г. прадметам навук. аналізу вучоных-працэсуалістаў сталі прынцыпы недатыкальнасці асобы ў крымін. працэсе (С.​В.​Даўгарукаў), прававы статус замежных грамадзян пры вядзенні крымін. спраў (Я.​К.​Астрога), асновы тэорыі і прафес. культуры судовых спрэчак (А.​А.​Данілевіч), дзейнасць Вярх. суда БССР як суда 1-й інстанцыі па крымін. справах (Л.​Л.​Зайцава), асн. кірункі пракурорскага нагляду ў Беларусі ў 1926—32 (С.​І.​Журомскі). Выдадзены працы І.​І.​Пацяружы «Выхаваўча-папераджальнае значэнне судовага разбору крымінальных спраў» (1976) і «Роля суда другой інстанцыі ва ўмацаванні законнасці» (1980), манаграфіі «Абарона па справах непаўналетніх» Н.​В.​Калмыковай (1981), «Апраўданне падсуднага» М.​І.​Пастухова (1985), «Канстытуцыйныя прынцыпы правасуддзя і іх рэалізацыя на стадыі выканання прыгавору» В.​М.​Бібілы (1986) і інш.

З пач. 1990-х г. вучоныя-юрысты прымалі ўдзел у аднаўленні крымін.-працэсуальнага заканадаўства, распрацоўцы Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (С.​В.​Барыка, С.​В.​Камянкоў, І.​І.​Марціновіч, М.​І.​Пастухоў). Праблемам ажыццяўлення крымін.-працэсуальнага заканадаўства прысвечаны зб. навук. прац «Праблемы канстытуцыяналізму» пад рэд. Л.​Л.​Зайцавай (1998). Працягвалася вывучэнне пытанняў прававога статусу асобы ў крымін. працэсе (А.​В.​Салтановіч), рэабілітацыі невінаватых (М.​І.​Пастухоў), асаблівасцей вядзення спраў па прымяненні прымусовых мер мед. характару (А.​Г.​Яцкевіч). Выдадзены аўтарскія навуч. дапаможнікі па судаўладкаванні (С.​В.​Барыка, В.​М.​Бібіла), па крымін. працэсе (С.​В.​Барыка, Л.​І.​Кукраш, П.​В.​Мытнік), падручнік «Судаўладкаванне» В.​М.​Бібілы (2001) і «Судаўладкаванне» пад рэд. А.​А.​Данілевіча і І.​І.​Марціновіч (2002) і інш.

На Беларусі сфарміраваліся нац. навук. школы па праблемах судаўладкавання і крымін. працэсу. Адна з іх прадстаўлена вучонымі юрыд. ф-та БДУ (Я.​В.​Багданаў, В.​М.​Бібіла, І.​І.​Марціновіч), іх манаграфіямі па тэорыі і практыцы рэалізацыі суд. улады ў крымін. працэсе, дзейнасці адвакатуры. Маладыя прадстаўнікі гэтай школы даследуюць праблемы аховы правоў і свабод асобы ў крымін. працэсе (В.​В.​Пятрова) і сродкамі агульнага нагляду пракуратуры (А.​С.​Сянько), асаблівасці разгляду і вырашэння грамадз. іску ў крымін. працэсе (С.​Л.​Емяльянаў), этыка-прававыя погляды У.​Д.​Спасовіча ў крымін. судаводстве (У.​В.​Шалькевіч). Другая навук. школа функцыянуе ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і распрацоўвае пытанні прававога статусу ўдзельнікаў крымін. працэсу, суб’ектаў грамадз. іску ў крымін. справе, законнасці ў крымін.-працэсуальнай дзейнасці (І.​І.​Басецкі, Л.​І.​Кукраш, М.​А.​Шостак, В.​Л.​Васілеўская, І.​У.​Данько, П.​В.​Мытнік, В.​В.​Мялешка, Л.​І.​Радзевіч і інш.). Актуальныя праблемы крымін.-працэсуальнай навукі распрацоўваюць вучоныя Гродзенскага ун-та (Г.​А.​Зорын, У.​У.​Пячэрскі, У.​С.​Соркін), Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Л.​Л.​Зайцава, М.​Ф.​Карпіевіч), Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (І.​М.​Князеў).

Літ.:

Дулов А.В. Вопросы теории судебной экспертизы. Мн., 1959;

Матвиенко Е.А., Бибило В.Н. Уголовное судопроизводство по исполнению приговора. Мн., 1982;

Потеружа И.И. Значение надзорного производства уголовных дел в укреплении законности. Мн., 1985;

Гапанович Н.Н., Мартинович И.И. Основы взаимодействия следователя и органа дознания при расследовании преступлений. Мн., 1989;

Пастухов М.И. Реабилитация невиновных: Основы правового института. Мн., 1993;

Мартинович И.И., Пастухов М.И. Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь: Суд присяж. и др. нововведения в законодательство о судоустройстве. Мн., 1995;

Верховный суд Республики Беларусь: История и современность. Мн., 1998;

Бибило В.Н. Судебная власть в уголовном судопроизводстве. Мн., 2001;

Богданов Е.В. Проблемы теории и практики реализации судебной власти в форме правосудия. Мн., 2002;

Мартинович И.И. Адвокатура Беларуси: История и современность. Мн., 2002;

Права человека и правосудие по уголовным делам в Республике Беларусь. Мн., 2003.

Л.​Л.​Зайцава.

т. 18, кн. 2, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НІН Іван Аляксеевіч (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),

рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.​Горкага, А.​Блока, В.​Брусава, Г.​Ахматавай, С.​Ясеніна, У.​Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.​Лангфела, містэрыі Дж.​Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.​Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.​Скрыган, М.​Лужанін і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1965—67;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1987—88;

бел. пер. — Выбранае. Мн., 1958;

Выбр. проза. Мн., 1992.

Літ.:

Афанасьев В. И.​А.​Бунин: Очерк творчества. М., 1966;

Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;

Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;

Бабореко А. И.​А.​Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;

Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;

Муромцева-Бунина В.Н. Жизнь Бунина. М., 1989.

І.А.Бунін.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ВІЧ Язэп Нарцызавіч (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),

бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац. гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.​Багушэвіча, Я.​Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж. бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.​Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.​Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.​Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.​Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.​Грыневіча, Я.​Пачопкі, М.​Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.​Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).

Тв.:

Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.

Літ.:

Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;

Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.​В.​Габрусь. Мн., 1993;

Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.

М.​Л.​Цыбульскі.

Я.Н.Драздовіч.
Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.
Я.Драздовіч. Космас. 1940.
Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.

т. 6, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,

жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфах стараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц. нар. мастацтвам.

Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн. рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.​Батычэлі, Дж.​Беліні, П.​Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.​Чэліні ў Італіі, Х.​Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.​Кампена ў Нідэрландах, Л.​Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.​Л.​Давід, Ж.А.​Д.​Энгр, Н.​Пусэн у Францыі, В.​Сяроў, Д.​Веласкес у Іспаніі, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.​Канова ў Італіі, І.​Мартас, А.​Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.​Дэні ў Францыі, В.​Сяроў, М.​Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.​Бурдэля, А.​Маёля, П.​Пікасо (Францыя), Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса (Мексіка), Дж.​Дэ Кірыка (Італія), С.​Далі (Іспанія), Г.​Каспара, Р.​Кляйна (Германія), С.​Канёнкава, А.​Краўчанкі, М.​Ульянава, С.​Рамановіча (Расія) і інш.

На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц. нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, К.​Ельскі, К.​Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.​Гараўскі, Г.​Дмахоўскі, Б.​Русецкі, Н.​Сілівановіч, І.​Трутнеў, І.​Лавярэцкі, К.​Каганец, Я.​Драздовіч, Ю.​Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.​Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.​Вашчанка, Г.​Гаравая, А.​Зіменка, У.​Кожух, А.​Ксяндзоў, А.​В.​Кузняцоў, А.​Марачкін і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Міфалагічны жанр. Г.​Вашчанка. Жыцень. 1990.
Да арт. Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)