МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),
жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a2(b2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся («Алеся» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.Данілюк, Р.Асіпенка, Г.Цэпава, В.Валчанецкая, Л.Галушкіна, К.Кудрашова, П.Дружына, Н.Галеева, Н.Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д.партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.Уэб, О.Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэнне дэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л.С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн.чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́Й (Зіновій Іосіфавіч) (27.1.1935, в. Падсадкі Пустамытаўскага р-на Львоўскай вобласці — 28.7.1984),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар.арт. Беларусі (1964). Вучыўся ў Кіеўскай (1957—59), скончыў Бел. кансерваторыю (1981). З 1954 саліст ансамбля Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1957 у Кіеўскім, з 1960 у Львоўскім т-рах оперы і балета. У 1963—77 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі героіка-драм. і трагедыйнага плана. Лепшая роля — Атэла ў аднайм. оперы Дж.Вердзі. Сярод інш.партый: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Манрыка, Радамес, Герцаг («Трубадур», «Аіда», «Рыгалета» Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева). Канцэртны рэпертуар спевака ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў, у т. л. творы бел. кампазітараў, неапалітанскія песні.
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Зіновій Бабій // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ЦІН (Ісідар Міхайлавіч) (сапр.Балотны Ізраіль Рувімавіч; 8.9.1907, г. Бабруйск — 7.12.1961),
бел. спявак (лірычны тэнар). Нар.арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930, педагогі В.Цвяткоў і А.Баначыч), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1933 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у Айч. вайну саліст Свярдлоўскага т-ра, у 1941—42 спяваў у Вял. т-ры). Валодаў гібкім выразным голасам, прыроднай музыкальнасцю, пачуццём муз. стылю. Майстэрства пераўвасаблення давала яму магчымасць ствараць разнапланавыя вобразы. У яго рэпертуары было больш за 60 партый. Сярод іх: Саўка («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Туранкова), Сёмка («Алеся» Я.Цікоцкага), Дамавы («Страшны двор» С.Манюшкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны).
Літ.:
Смольскі Б. Таленавіты спявак (І.М.Балоцін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),
бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.
А.Я.Ракава.
Л.І.Галушкіна.Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (Васіль Дзям’янавіч) (19.6.1923, г. Днепрапятроўск, Украіна — 16.9.1983),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1955, клас І.Патаржынскага). З 1955 працаваў у Пермі і Маскве. З 1960 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў выканаўца партый: Лявон Бурак («Калючая ружа» Ю.Семянякі, Апанас («Алеся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Платонаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), сенатар Фаскары («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Анегін, Ялецкі, Роберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), а таксама камісар Арцем’еў («Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава), Фердынанд («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Вёў канцэртную дзейнасць. З 1980 выкладаў у Бел. кансерваторыі (у опернай студыі кансерваторыі паставіў оперы «Паяцы» Р.Леанкавала і «Яўген Анегін»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ.ВРК з шэрагам паліт.партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.Г.Кнорын, А.Р.Чарвякоў і І.Т.Смілга [ад КП(б)Літбел], А.М.Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.М.Ігнатоўскі (Бел.камуніст.арг-цыя), А.І.Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯУ́РАЎ (Нікалай) (н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),
балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар.арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно; «Мефістофель» А.Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.
Літ.:
Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;
Бикс Р. Н.Гяуров в големия театър на идеите. София, 1985.
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Расіі (1976). Нар.арт.СССР (1988). Д-р гуманітарных н. (1991). Скончыў харэаграфічнае вучылішча (1959) і кансерваторыю (1980) у Ленінградзе. У 1968—83 у Ленінградскім Малым т-ры оперы і балета. Майстар адточанага элегантнага танца. Сярод партый: Ферхад («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Князь («Яраслаўна» Б.Цішчанкі), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Ставіў пераважна аднаактовыя балеты, дзе выконваў гал. партыі: «Канцэрт у белым» на муз. Чайкоўскага (1969), «Клітэмнестра» на муз. К.Глюка (1972) і інш. З 1983 выкладчык (з 1990 праф.) і кіраўнік балета Муз.т-ра С.-Пецярбургскай кансерваторыі. Сярод пастановак: «Кароль Лір» на муз. С.Насідзе (1990, разам з Г.Алексідзе; партыя караля Ліра), «Спячая прыгажуня» (1992) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1964). Яго творчасці прысвечаны фільм «Мікіта Далгушын. Філасофія танца» (1992), тэлефільм «Танцуе Мікіта Далгушын» (1982).