род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды Р.: вузкалісты (T. angustifolia) і шыракалісты (T. latifolia), нар. назвы калавей, кіёўка. Утвараюць зараснікі па берагах вадаёмаў і ў балотах.
Шматгадовыя водныя ці балотныя травы з паўзучым карэнішчам. Тоўстыя неразгалінаваныя сцёблы выш. да 2 (3) м, цыбулінападобна патоўшчаныя пры аснове. Лісце вузка- ці шырокалінейнае, плоскае, суцэльнае. Кветкі дробныя, у шчыльных цыліндрычных суквеццях — катахах (уверсе — тычынкавыя, ніжэй — песцікавыя). Плод — дробны арэшак з лятучкай з доўгіх валаскоў. Сцёблы і лісце выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял, для пляцення кошыкаў, цыновак. З багатых на крухмал карэнішчаў атрымліваюць муку, сурагат кавы, таксама гэта корм для андатры, нутрыі. бабра, маладыя парасткі паядаюцца карпам. Прыкветкавыя валаскі жан. «шышак» выкарыстоўваюць у вытв-сці цэлюлозы, кінаплёнкі, фетру (у сумесі з шэрсцю жывёл), у выратавальных паясах. Некат. Р. — пустазелле рысавых палёў. Найважнейшы кампанент плаўняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫЙ (лац. Samarium),
Sm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 62, ат. м. 150,36; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 144, 148—150, 152, 154 і радыеактыўнага 147Sm (перыяд паўраспаду 1,3∙1011 гадоў). У зямной кары 710−4% па масе. Адкрыты франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам у 1879; вылучаны ў выглядзе аксіду з мінералу самарскіту (адсюль назва).
Серабрыста-жоўты метал, tпл 1072 °C; ніжэй за 917 °C існуе α-Sm (шчыльн. 7536 кг/м³), вышэй — β-Sm (шчыльн. 7400 кг/м³). У паветры ўстойлівы, пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, галагенамі, мінер. к-тамі. Ступень акіслення ў злучэннях пераважна +3; злучэнні Sm(II) — моцныя аднаўляльнікі. Асн. метад атрымання метал. С. — металатэрмічнае аднаўленне сесквіаксіду Sm2O3 лантанам ці мішметалам. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў з кобальтам (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы), пракат (стужка) як электроды для стартэраў лямпаў дзённага асвятлення, а таксама ў вытв-сці люмінафораў, спец. шкла, каталізатараў, пігментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gdańskie),
у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс.чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц. — г.Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-растудз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 мм за год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл. цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВАЦЬ,
рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у Пскоўскай і Наўгародскай абл. Расіі, бас.р. Нява. Даўж. 536 км, пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Выцякае з воз. Ловацец (Пскоўская вобл.), упадае ў воз. Ільмень з Пд. Паводле інш. крыніц, пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на ПдУ ад в. Марчанкі Гарадоцкага р-на. Цячэ ў межах Беларусі (даўж. 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азёры Задрач, Мяжа, Сосна, Чарняста і Сясіта, па Валдайскім узвышшы і ў ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне. Найб. прытокі на Беларусі: Сярвайка, Пясчанка (справа), Склянка (злева). Даліна ад вытоку да воз. Мяжа невыразная (пойма забалочаная), паміж азёрамі Сосна, Чарняста і Сясіта трапецападобная (пойма роўная, лугавая). Рэчышча да воз. Мяжа звілістае, да воз. Задрач яго шырыня 3—5 м, ніжэй 5—10 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м³/с, на мяжы Беларусі і Расіі каля 2,5 м³/с. Суднаходная ў нізоўі і на працягу 70 км. На рацэ гарады Вялікія Лукі і Холм (Расія); па ёй у старажытнасці праходзіла частка гандл. шляху «з варагаў у грэкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЫ (ад слова люты — злы, суровы),
другі месяц каляндарнага года ў Беларусі (28 дзён, у высакосным годзе 29), апошні месяц зімы. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 9 гадз 48 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 23,3°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 133 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-8 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў Л. -5,9 °C (-3,5 °C на ПдЗ і -7,5 °C на ПнУ). Вільготных дзён (адносная вільготнасць удзень не ніжэй 80%) 12—18. У Л. у сярэднім па рэспубліцы 3—8 дзён з мяцеліцай. На б.ч. тэрыторыі выпадае каля 30—40 мм ападкаў, павялічваецца таўшчыня снегавога покрыва з максімумам у 3-й дэкадзе месяца 10—15 см на ПдЗ і 20—35 мм на ПнУ. Таўшчыня лёду на вял. рэках і азёрах 35—60 см, глебы прамярзаюць да 30—50 см і болей. Глыбокі снег, ледзяная скарынка перашкаджаюць ласям, зайцам, лісам здабываць корм. У Л. адбываецца гон у ваўкоў, лісоў, зайцоў. Пачынаецца павольнае перамяшчэнне на Пн чарод чачотак, снегіроў, амялушак, крыжадзюбаў, паўн. савы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),
Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас.р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-растудз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн.с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ША, выпас,
зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.
Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.
На Беларусі пад П. занята 1,7 млн.га, з іх палепшанай 1,1 млн.га, асушанай 0,78 млн.га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + акліматызацыя) у біялогіі, штучнае вяртанне ў якую-н. мясцовасць (гіст. арэал) і развядзенне віду, які там быў знішчаны ці вымер; аднаўленне арэала пэўнага віду арганізмаў; таксама сам працэс паўторнага прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання ў месцах ранейшага пашырэння.
Пачынаецца Р. з рэінтрадукцыя і складаецца з этапаў: папярэдняе эколага-эканам. абгрунтаванне мэтазгоднасці Р.; палявое абследаванне, работы па падтрымцы мэтазгоднасці інтрадукцыі віду; вызначэнне месца выпуску жывёл ці тэр. пасадкі раслін і іх колькасці; адлоў (закупка), перавозка і выпуск жывёл ці пасадка раслін; арганізацыя аховы такіх арганізмаў (арганізацыя запаведнікаў, заказнікаў з забаронай або рэгламентацыяй промыслу) і назіранне за імі. Паспяховасць Р. залежыць ад ступені змены былых умоў існавання (чым больш змен, тым ніжэй паспяховасць Р. на вызначанай тэр.), стварэння цэнтраў размнажэння, рассялення, ад міжнар, кааперацыі і інш. Р. садзейнічае аднаўленню біяцэнозаў і больш поўнаму выкарыстанню прадукцыйнасці экасістэм. Часцей праводзяць Р. паляўнічых (прамысл.) жывёл (напр., алень, бабёр, собаль, фазан і інш.). На Беларусі рэакліматызаваны алень высакародны, бабёр еўрап., зубр еўрап., бук лясны, дуб паўн., лістоўніца сібірская, хвоя веймутава, ціс ягадны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ РАКА́ (Saint Lawrence River). У Канадзе, часткова (ад воз. Антарыо да г. Корнуал) служыць мяжой паміж Канадай і ЗША; ажыццяўляе сцёк усёй сістэмы Вялікіх азёр, разам з імі з’яўляецца найважнейшым водным шляхам, які злучае ўнутр.ч. ЗША і Канады з Атл. акіянам (гл.«Святога Лаўрэнція» сістэма водных шляхоў). Даўж. ўласна ракі (выцякае з воз.Антарыо і ўпадае ў зал. Св. Лаўрэнція) каля 1200 км, даўж. ўсёй воднай сістэмы (ад вытокаў р. Сен-Луі, якая ўпадае ў воз. Верхняе) 3350 км. Пл.бас. 1290 тыс.км². Ніжэйг. Квебек рака ўтварае эстуарый даўж. каля 400 км, шыр. да 50 км. Асн. прытокі; Атава (злева), Рышэльё (справа). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Азёрамі і плацінамі сцёк ракі зарэгуляваны. Сярэдні расход вады 7,8 тыс.м³/с. Марскія прылівы да г. Труа-Рыўер, каля г. Квебек выш. да 5,5 м. Рака Рышэльё злучае С.Л.р. з р. Гудзон. На ўчастку паміж воз. Антарыо і г. Манрэаль каскад гідравузлоў з вадасховішчамі, найб.ГЭС Мозес (выкарыстоўваецца ЗША і Канадай). На рацэ найб. гарады і парты: Кінгстан, Корнуал, Манрэаль, Сарэль, Труа-Рыўер, Квебек (Канада).