ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ (ад лац. interventio умяшанне),

умяшанне адной дзяржавы ва ўнутр. справы іншай дзяржавы або акт рэгулявання ёю акрэсленых пытанняў грамадз. адносін, якія традыцыйна належаць да сферы грамадз. супольнасці. Як сродак знешняй палітыкі існуе амаль ад пачатку паліт. гісторыі чалавецтва і выкарыстоўваецца дзяржавамі, каб у сваіх інтарэсах паўплываць на вынікі барацьбы паліт. сіл у інш. дзяржаве, на вырашэнне дынастычных пытанняў і да т.п. Знешняя І. здаралася асабліва часта і прымала значныя маштабы ў перыяды рэвалюцый або нац.-вызв. барацьбы народаў асобных краін (напр., І. краін Антанты супраць сав. Расіі ў 1918—20). Паняцце І. ўключае такія яе віды, як вайсковая, эканам., дыпламатычная, ідэалагічная. Існуюць і камбінацыі азначаных відаў І. Сучасная міжнар. супольнасць выключае І. з правамерных сродкаў правядзення дзяржавамі сваіх знешнепаліт. інтарэсаў. і ставіць яе па-за міжнар. правам, а вайсковая І. атаясамліваецца з формай агрэсіі. І. як акт умяшання дзяржавы ва ўласнае ўнутр. жыццё, пераважна ў эканоміку і фінансы, уваходзіць у сістэму метадаў дзярж.-манапал. рэгулявання гэтых галін і мае месца ў часы крызісаў, банкруцтваў ці ў сувязі з адмоўнымі вынікамі дзейнасці таго ці інш. буйнога банка або карпарацыі.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.

А.​А.​Скарына.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЙ СІСТЭ́МЫ ХВАРО́БЫ,

хваробы нырак, мачаточнікаў, мачавога пузыра, мочаспускальнага канала ў чалавека і жывёл. Бываюць прыроджаныя, набытыя, вострыя і хранічныя. У норме функцыі органаў мочавыдзяляльнай сістэмы ўзаемазвязаны, і хвароба аднаго з іх вядзе да функцыян. парушэнняў інш. органаў. Вял. група хвароб уключае заганы (анамаліі) развіцця органаў мочавыдзяляльнай сістэмы (гідранефроз, падваенне нырак, мачаточнікаў і мочаспускальнага канала, прыроджаныя звужэнні мочаспускальнага канала і інш.). Найб. пашырана група запаленчых хвароб: запаленне ныркі (нефрыт), ныркі і нырачнай лаханкі (піеланефрыт), розныя формы запалення мачавога пузыра (цыстыты), мочаспускальнага канала (урэтрыт). Да спецыфічных запаленчых хвароб адносіцца туберкулёз нырак, пры якім пашкоджваюцца мачаточнікі і мачавы пузыр. Пры мочакамянёвай хваробе нырак камяні могуць мігрыраваць у мачаточнікі і выклікаць нырачную коліку, выходзіць у мачавы пузыр і па мочаспускальным канале — вонкі, што таксама суправаджаецца рэзкімі болямі, затрымкай мачы. Разрастанне камянёў у мачавым пузыры выклікае неабходнасць іх хірург. выдалення. Да М.с.х. належаць дабраякасныя пухліны нырак (ангіёмы, ліпомы, міёмы і інш.) і злаякасныя (нырачна-клетачны рак, папілярныя пухліны нырачных лаханак), якія могуць пашкоджваць таксама мачаточнікі і мачавы пузыр. Рак мочаспускальнага канала сустракаецца значна радзей. Да М.с.х. адносіцца і апушчэнне нырак (нефраптоз), пашкоджанні органаў мочавыдзяляльнай сістэмы. Лячэнне залежыць ад дыягназу.

М.​І.​Доста.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.

Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П.х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.

На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.

Літ.:

Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;

Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.

І.М.Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОК-О́ПЕРА (ад англ. rock + опера),

сцэнічна-музычны жанр. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ЗША і Вялікабрытаніі ў выніку спалучэння традыцый оперы і рок-музыкі на аснове форм, уласцівых для оперы-буф, аперэты, мюзікла, часткова джаза. Вытокамі лічаць оперу Дж.​Гершвіна «Поргі і Бес» (1935) і рэгтайм-оперы С.​Джопліна (пач. 20 ст.). Далейшае развіццё набыла ў канцэптуальных альбомах некат. рок-груп 2-й пал. 1960-х г. («Муды Блюз», «Кінкс», «Бітлз)». Р.-о. папярэднічалі мюзіклы «Вестсайдская гісторыя» Л.​Бернстайна (1957), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1964), «Валасы» Г.​Макдэрмата (1967), «Томі» П.​Таўшэнда (1970), «Годспел» С.​Шуарца (1971). Першы ўзор уласна Р.-о. — «Ісус Хрыстос» — суперзорка» Э.​Л.​Уэбера (паст. 1971, экранізацыя 1972), які мае ўсе прыкметы оперы, але вакальныя партыі пазначаны выразнай рокавай стылістыкай. Да твораў гэтага жанру належаць «Фантом у оперы» Уэбера і Ц.​Райса (1987), «Мурашнік» М.​Алашэўскага і М.​Скаларскага, «Naga» групы аўтараў. У СССР сярод першых Р.-о. — «Арфей і Эўрыдыка» А.​Журбіна (1975), «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976) і ««Юнона» і «Авось»» (1981) А.​Рыбнікава, «Стадыён» А.​Градскага (1982). На Беларусі да жанру Р.-о. можна аднесці «Курган» І.​Лучанка ў выкананні «Песняроў» (1977).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБАЛУ́ЖЫЦКІЯ МО́ВЫ,

блізкія паміж сабою верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая мовы сербаў-лужычан. Належаць да паўн. падгрупы зах. групы славянскіх моў. Распаўсюджаны ў Германіі вакол гарадоў Баўцэн (па-сербалужыцку Будышын) і Котбус (па-сербалужыцку Хосебуз). Больш пашырана верхнялужыцкая мова. С.м. уласцівы: у фанетыцы — націск фіксаваны на 1-м складзе, пратэтычны гук w перад u, o, змякчэнне шэрагу зычных; у марфалогіі — парны лік, клічны склон у назоўніках м.р. адз.л., архаічныя дзеяслоўныя формы (аорыст, імперфект, плюсквамперфект), адсутнасць кароткіх прыметнікаў; у лексіцы — шмат калек, запазычанняў з ням. мовы, словы чэш. і польскага паходжання. Асн. адрозненні верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай моў: адпаведнасць верхнялужыцкага праточнага h ніжнялужыцкаму выбухному g, верхнялужыцкага č ніжнялужыцкаму с (цоканне); на месцы палатальных t, d у верхнялужыцкай ć, dź, у ніжнялужыцкай ś, ź і інш.

Пісьменства і друкаваныя кнігі з 16 ст. Сфарміраваліся 2 літ. мовы: верхнялужыцкая (мова паўд. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, цэнтр г. Будышын) і ніжнялужыцкая (мова паўн. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі, цэнтр г. Хосебуз). Усе сербалужычане двухмоўныя: разам з С.м. карыстаюцца ням. мовай. Алфавіт на аснове лацінкі.

Літ.:

Ермакова М.И. Очерк грамматики верхнелужицкого литературного языка: Морфология. М., 1973;

Трофимович К.К. Серболужицкий язык. Мн., 1989.

Н.​В.​Івашына.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБАПРАВО́ДНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту, які ажыццяўляе перадачу на адлегласць вадкіх, газападобных ці цвёрдых прадуктаў па трубаправодах. Прызначаны для транспарціроўкі газу (газаправод), нафты і нафтапрадуктаў (нафтаправод), цвёрдых матэрыялаў (гідраўлічны транспарт, пнеўматычны транспарт). У залежнасці ад прызначэння і тэр. размяшчэння адрозніваюць Т.т. магістральны і прамысловы (найб. пашыраны). Прамысловы выкарыстоўваецца для транспарціроўкі грузаў, якія перадаюцца па трубах у межах прадпрыемства для працягу тэхнал. працэсу. Да магістральнага Т.т. належаць газа- і нафтаправоды, па якіх транспарціруюцца прадукты ад месца здабычы да месца перапрацоўкі і спажывання (заводы, марскія парты). Па магістральных прадуктаправодах транспарціруюцца гатовыя нафтапрадукты (бензін, дызельнае паліва і інш.) з заводаў у раёны спажывання. Да Т.т. адносяцца таксама нафтабазавыя, унутрыпрамысловыя нафта-, газа-, прадуктаправоды, гарадскія газаразмеркавальныя, водаправодныя і каналізацыйныя сеткі і г.д. Вядучая краіна ў галіне Т.т. Японія. На Беларусі агульная працягласць магістральных нафтаправодаў рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні 3 тыс. км, прадуктаправодаў 1,4 тыс. км, газаправодаў 6,7 тыс. км. размеркавальных газаправодаў 22 тыс. км (2002). Будуецца газаправод Ямал—Еўропа, першы ўчастак (209 км) здадзены ў эксплуатацыю (1999). Удзельная вага Т.т. ў агульным грузаабароце краіны 58% (2001). Схему магістральных нафтаправодаў гл. ў арт. Нафтаправод.

М.​М.​Кунцэвіч, Л.​В.​Несцераў.

т. 15, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЕ́С, Талес (Thalēs) з Мілета (каля 640—625 да н.э., г. Мілет, Іонія, М. Азія — каля 547—545 да н.э.),

старажытнагрэчаскі мысліцель, родапачынальнік антычнай філасофіі, астраноміі і геаметрыі, заснавальнік мілецкай школы. Філас. і прыродазнаўчыя погляды Ф. яшчэ ў значнай ступені прасякнуты міфалагічным светаразуменнем, але ўяўляюць сабой першую спробу ў Стараж. Грэцыі даць навук. абгрунтаванне навакольнаму асяроддзю. Першастыхіяй усяго свету лічыў ваду: сцвярджаў, што ўсе з’явы і рэчы нараджаюцца з вады і ператвараюцца ў яе пасля сваёй гібелі. Зрабіў шэраг прыродазнаўчых адкрыццяў: прадказаў сонечнае зацьменне ў Грэцыі ў 585 да н.э., вызначыў працягласць года ў 365 дзён і разбіў яго на 12 трыццацідзённых месяцаў і інш. Вынайшаў мноства астр. прыбораў. Зрабіў спробу даць тлумачэнне святлу Месяца, летнім разлівам Ніла і інш. прыродным з’явам. Памылкова лічыў, што Сонца знаходзіцца далей за ўсе зоркі ад Зямлі, што Зямля ў выглядзе дыска трымаецца на вадзе. Мяркуецца, што яму належаць выказванні «Пазнай самога сябе», «Мнагаслоўнасць зусім не з’яўляецца паказчыкам разумнага меркавання», «Шукай што-небудзь адно мудрае, выбірай што-небудзь адно добрае, гэтак ты суцішыш пустаслоўе балбатлівых людзей» і інш., творы «Пра раўнадзенства», «Пра сонцаварот» і інш., якія не захаваліся.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКУЛЯ́ЦЫЯ АТМАСФЕ́РЫ, агульная цыркуляцыя атмасферы,

планетарная сістэма паветраных плыняў над зямным шарам, у выніку якой ажыццяўляецца абмен паветраных мас у гарыз. і верт. напрамках, найб. важны кліматаўтваральны працэс, які забяспечвае цепла- і вільгацезварот на Зямлі, вызначае характар надвор’я. Ц.а. абумоўлена нераўнамерным размеркаваннем т-ры паветра і атм. ціску, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і трэннем. У трапасферы да ўстойлівых паветр. плыней належаць пасаты, мусоны, паветраныя плыні, звязаныя з цыклонамі і антыцыклонамі, мясцовыя вятры; у верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы — струменныя плыні. Над зямным шарам сфарміраваліся 3 цыркуляцыйныя сістэмы ўсх. плыняў (трапічная і 2 палярныя) і 2 сістэмы зах. плыняў умераных шырот. Для ўмераных і палярных шырот характэрна актыўная цыкланічная дзейнасць, якая развіваецца на арктычным і ўмераным франтах. Трапічныя шыроты ахоплены ўстойлівымі ўсх. плынямі — пасатамі, што рухаюцца ад тропікаў з высокім атм. ціскам да экватара з нізкім атм. ціскам. На ўсх. узбярэжжы мацерыкоў і ўнутры тропікаў узнікае мусонная цыркуляцыя — сезонныя плыні, якія змяняюць напрамак на супрацьлеглы — ад зімы да лета і наадварот. У межах агульнай Ц.а. ўзнікаюць мясц. вятры: брызы, горна-далінныя, бара, фён і інш. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад пераважным уплывам заходняга пераносу паветраных мас умераных шырот.

П.​А.​Каўрыга.

т. 17, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАНГЕНІНСТРУМЕ́НТ (ад ням. Stange стрыжань + інструмент),

універсальны штрыхавы інструмент для вымярэння і разметкі знешніх і ўнутр. лінейных памераў. Складаецца са штангі (з губкамі) з нанесенай на яе асн. шкалой і ноніуса для адліку доляў асн. дзялення.

Да Ш. належаць: штангенцыркулі — для вымярэнняў дыяметраў, пазоў, глыбіні канавак і інш. (верхнія межы вымярэнняў ад 125 да 2000 мм); штангенглыбінямеры — для вымярэнняў глыбінь пазоў і адтулін (да 500 мм; гл. Глыбінямер); штангензубамеры — для вымярэнняў таўшчыні зубцоў зубчастых колаў (для модуляў ад 1 да 36, адлік па ноніусе 0,02 мм); штангенрэйсмусы — для вызначэння і нанясення дакладных памераў пры разметцы (верхняя мяжа вымярэнняў да 2500 мм; гл. Рэйсмус). Ш. кожнага тыпу выпускаецца некалькіх тыпапамераў з велічынямі адліку па ноніусе 0,05 і 0,1 мм. Драўляныя Ш. без ноніуса пачалі выкарыстоўвацца ў 17 ст., першыя штангенцыркулі з ноніусам — у канцы 18 ст. ў Лондане.

Штангенінструмент: а — штангенцыркуль з мяжой вымярэння да 125 (150) мм і памерам адліку 0,1 мм; б — з мяжой вымярэння да 250 (160) мм і памерам адліку 0,1 або 0,05 мм; 1 і 2 — ніжнія і верхнія губкі; 3 — стопарныя вінты; 4 — рамка; 5 — штанга; 6 — лінейка глыбінямера; 7 — ноніус; 8 — мікраметрычная падача.

т. 17, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)