НЕАВІТАЛІ́ЗМ,

ідэалістычнае вучэнне ў біялогіі. Узнік у 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.​Дрыш і інш.) як рэакцыя віталістаў (гл. Віталізм) на спрошчанае механістычнае тлумачэнне жыцця і немагчымасць звядзення жыццёвых праяўленняў да сукупнасці мех., фізіял. і хім. працэсаў. Дрыш лічыў, што жыццёвай сутнасцю з’яўляецца т.зв. энтэлехія (нешта, што нясе ў сабе мэту), якая дзейнічае па-за часам і прасторай і непазнавальная. Напр., развіццё зародка, што мае ў сабе мноства незалежных ч., кіруецца звышматэрыяльным фактарам, які абумоўлівае мэтанакіраванае развіццё арганізма. Праяўляецца Н. у выглядзе антыдарвінаўскіх канцэпцый эвалюцыі (напр., псіхаламаркізм, «творчая эвалюцыя» А.Бергсона і інш.).

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Пути и закономерности эволюционного процесса: Избр. тр. М., 1983;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ГРА [грэч. podagra ад pus (podos) нага + agra пастка],

захворванне арганізма, якое абумоўлена парушэннем пурынавага абмену. Праявы: прыступападобны артрыт, пашкоджанне нырак і інш. органаў у выніку адкладання ў тканках солей мачавой к-ты, павышаны ўзровень мачавой к-ты ў крыві. Прыкметы: прыступы моцнага болю ў адным ці некалькіх суставах, прыпухласць сустава, пачырваненне скуры над ім, павышаная т-ра цела, немагчымасць рухаў і інш. Прыступы П. паўтараюцца, пашкоджваюцца новыя суставы. Вострыя прыступы бываюць ад фіз. нагрузкі, траўмы, ужывання алкаголю і інш. Паступова П. набывае хранічнае цячэнне: акрамя артрыту з’яўляюцца намнажэнні солей мачавой к-ты (тофусы) у вобл. вушных ракавін, суставаў і інш. Часта П. спадарожнічае атлушчэнне, парушэнне вугляводнага абмену і інш. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., фізкультура.

М.​Ф.​Сарока.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ІДНАСЦЬ (ад грэч. ploos кратны + eidos выгляд),

колькасць набораў храмасом, якія знаходзяцца ў клетцы або ва ўсіх клетках шматклетачнага арганізма. Характэрная для ўсіх асобін пэўнага віду. Арганізмы або клеткі, што маюць 1 поўны набор храмасом (мінім. ўзровень П.), наз. гаплоіднымі (n=1). Звычайна гаплоідныя палавыя клеткі, гаметафіты імхоў, папарацей і інш. Для большасці эўкарыёт нармальны ўзровень П. саматычных (не палавых) клетак роўны 2 (дыплоіднасць). Для некат. відаў характэрны больш высокі ўзровень П. (поліплаідыя). Змена П. ўласціва ўсім відам з палавым працэсам: зліццё гамет аднолькавай П. дае зіготу, П. якой у 2 разы вышэйшая; пры ўтварэнні гамет пасля меёзу П. зніжаецца ў 2 разы. Павелічэнне ўзроўню П. ў норме часта бывае ў клетках некат. органаў чалавека (напр., у печані) і жывёл.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́НІШНІКАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),

расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад. АН СССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Дз.М.Пранішнікаў.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ШКО́ДНАСЦІ,

фактары працоўнага працэсу і вытворчай сферы, якія аказваюць прамое або ўскоснае неспрыяльнае ўздзеянне на стан здароўя і працаздольнасць чалавека. Могуць выклікаць прафесійныя хваробы. Да П.ш. належаць хім. (таксічныя рэчывы і інш.), фіз. (шум, вібрацыя, ультрагук, іанізаваныя, лазерныя і інш. выпрамяненні, электрамагнітныя палі і інш.), біял. (узбуджальнікі інфекц. захворванняў, гармоны, антыбіётыкі і інш.) фактары; вымушанае нязручнае становішча цела ў час працы, нерв.-псіхічнае, зрокавае, слыхавое напружанне і інш. Падзяляюць на 2 групы: небяспечныя фактары, якія выклікаюць вострае парушэнне здароўя і гібель арганізма і шкодныя фактары, якія аказваюць адмоўны ўплыў на працаздольнасць або выклікаюць прафес. хваробы. Пры ўдасканаленні ўмоў працы П.ш. могуць памяншацца або ліквідавацца. З мэтай прафілактыкі П.ш. праводзяцца перыяд. мед. агляды працуючых.

М.​В.​Шчавелева.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НЫ (ад грэч. hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца залозамі ўнутр. сакрэцыі ці спецыялізаванымі клеткамі. Спецыфічна ўздзейнічаюць на інш. органы і тканкі, забяспечваючы інтэграцыю біяхім. працэсаў у жывых арганізмах. Пад кантролем гармонаў адбываюцца ўсе этапы развіцця арганізма з моманту яго зараджэння, асн. працэсы яго жыццядзейнасці (ад транспартавання іонаў да счытвання генома, гл. Гарманальная рэгуляцыя). Эфекты дзеяння гармонаў выяўляюцца на ўзроўні цэласнага арганізма (напр., у зменах паводзін), асобных яго сістэм (нерв., стрававальнай, рэтыкулаэндатэліяльнай і інш.), органаў, клетак і іх арганел, ферментных сістэм і асобных ферментаў, на малекулярна-атамным і іонным узроўнях. Парушэнні сакрэцыі гармонаў (іх недахоп або лішак) вядуць да ўзнікнення эндакрынных хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, утварэння злаякасных пухлін, развіцця аўтаімунных і інш. хвароб.

Вядома шмат гармонаў і гармонападобных рэчываў, у т. л. больш за 40 у млекакормячых. Іх класіфікуюць па месцы ўтварэння (гармоны гіпофіза, гармоны шчытападобнай залозы, гармоны наднырачнікаў і інш.) і па хім. прыродзе — стэроідныя (андрагены, эстрагены, кортыкастэроіды), пептыдна-бялковыя (інсулін, самататропны, лютэнізавальны, фалікуластымулявальны гармон і інш.), вытворныя амінакіслот (адрэналін, норадрэналін, тыраксін, трыёдтыранін і інш.), простагландзіны. Для гармонаў характэрны надзвычай высокая біял. актыўнасць (дзейнічаюць у мікраскапічных дозах), спецыфічнае і дыстатнае (аддаленне ад месца сінтэзу) дзеянне. Шэрагу гармонаў і гармонападобных рэчываў (т.зв. гарманоідаў, парагармонаў ці тканкавых гармонаў) уласціва мясц. дзеянне, якое рэалізуецца шляхам мясц. дыфузій (паракрынныя гармоны) і праз уплыў на клеткі, якія іх сінтэзуюць (аўтакрынныя гармоны); нейрамедыятары, сінтэзаваныя нерв. клеткамі, вылучаюцца непасрэдна нерв. канцамі. Гармоны адрозніваюцца па працягласці дзеяння: у нейрамедыятараў вымяраецца мілісекундамі, у пептыдных гармонаў — секундамі, у бялковых — мінутамі, у стэроідных — гадзінамі, у тыэроідных гармонаў — суткамі. Залежна ад хім. будовы малекул гармоны ўзаемадзейнічаюць з рэцэптарамі ў розных частках клеткі: стэроідныя ў цытаплазме, тырэоідныя ў ядры, бялкова-пептыдныя на вонкавым баку мембраны. Узаемадзеянне гармонаў з рэцэптарамі прыводзіць да актывацыі апошніх і фарміравання адпаведнай метабалічнай рэакцыі.

У раслін рэчывы, падобныя да жывёльных гармонаў, наз. фітагармонамі.

В.​К.​Кухта.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

морфафункцыянальная сукупнасць асобных нейронаў і інш. структур нервовай тканкі жывёл і чалавека, якая аб’ядноўвае дзейнасць усіх органаў і сістэм арганізма ў яго пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Успрымае знешнія і ўнутр. раздражняльнікі, аналізуе і перапрацоўвае атрыманую інфармацыю, захоўвае сляды былой актыўнасці (памяць) і адпаведна рэгулюе і каардынуе функцыі арганізма. Аснова дзейнасці — рэфлекс, звязаны з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне Н.с. адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін.

У прасцейшых жывёл Н.с. адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, Н.с. паявілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне Н.с. ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напр., у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую Н.с. Паявіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя Н.с. прывяла да вузлавога тыпу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (паяўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной ч. тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і інш. сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і Н.с.

Найб. развіцця Н.с. дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары гал. мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур Н.с. ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нерв. сістэму.

Літ.:

Никитенко М.Ф. Эволюция и мозг. Мн., 1969;

Сепп Е.К. История развития нервной системы позвоночных. 2 изд. М., 1959;

Куффлер С.В., Николс Дж. От нейрона к мозгу: Пер. с англ. М., 1979.

А.​С.​Леанцюк.

Нервовая сістэма: 1 — галаўны мозг; 2 — спінны мозг; 3 — вегетатыўныя гангліі; 4 — перыферычныя нервы.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЦЫ́ЗМ,

вучэнне, што растлумачвае прыродныя і сац. з’явы (працэсы) па аналогіі з біял. будовай арганізма. У яго аснову пакладзены прынцып біял. цэласнасці, які раскрывае найважнейшыя асаблівасці развіцця жывога (арганізм як цэласная сістэма, развіццё да ўсё больш складанай арганізацыі, іерархічная ўпарадкаванасць, адносная ўстойлівасць і самарэгуляцыя). Тэрмін «арганіцызм» уведзены ў 1918 англ. фізіёлагам Дж.​С.​Холдэйнам, які разам са сваімі паслядоўнікамі (Дж.​Вуджэр, Г.​Шаксель, Д.​В.​Харыс і інш.) гал. ўвагу канцэнтраваў на праблеме арган. цэласнасці. Пазней аўстр. біёлаг Л. фон Берталанфі ў сваёй тэорыі эквівалентных сістэм (1930-я г.) дапоўніў канцэпцыю арганіцызму палажэннем пра арганізмы як высокаарганізаваныя адкрытыя сістэмы, што знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі з асяроддзем. Ідэі арганіцызму атрымалі развіццё ў агульнай тэорыі сістэм, у кібернетыцы, тэорыі інфармацыі і інш.

Г.​І.​Шчарбіцкі.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНЫЯ ТЫ́ПЫ,

папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да змены фізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.

Літ.:

Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)