катэгорыя дзеяслова, якая паказвае на адносіны дзеяння да суб’екта (утваральніка дзеяння) і аб’екта (прадмета, на які накіравана дзеянне).
У сучаснай бел. мове вылучаюцца 2 С.дз.: залежны і незалежны. Калі дзеянне накіравана на суб’ект («дом будуецца рабочымі»), тады С.дз. вызначаецца як залежны. Пры гэтым назва ўтваральніка дзеяння («рабочымі») у сказе мае форму творнага склону і выступае не ў ролі дзейніка, а дапаўнення. Такія сінтакс. канструкцыі называюць пасіўнымі. Калі ж дзеянне на суб’ект не накіравана («рабочыя будуюць дом», «чалавек ідзе па дарозе»), тады С.дз. вызначаецца як незалежны Такія сінтакс. канструкцыі называюць актыўнымі Залежны і незалежны С.дз. маюць толькі пераходныя дзеясловы, усе непераходныя адносяцца да незалежнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗвыпадковых працэсаў,
раздзел матэматычнай статыстыкі, дзе разглядаюцца метады апрацоўкі і выкарыстання стат. даных, якія адносяцца да выпадковых працэсаў.
Найб. важны клас задач С.а. — задачы выяўлення сігналаў на фоне шуму, што мае дастасаванні ў радыёлакацыі. Задачы статыстычнага ацэньвання параметраў узнікаюць, калі па выніках назіранняў за значэннямі параметраў працэсу на працягу пэўнага прамежку часу неабходна вылічыць значэнні гэтых параметраў у моманты часу па-за межамі часу назірання або вылічыць значэнні параметраў дапаможнага працэсу, статыстычна звязанага з назіраным. Шэраг задач С.а. адносяць да задач на непараметрычныя метады статыстыкі, напр., задачы на вызначэнне размеркавання імавернасцей дадзенага працэсу па выніках назіранняў. Існуюць таксама метады С.а. выпадковых працэсаў, дзе яны разглядаюцца як маркаўскія працэсы ці як кампаненты мнагамернага працэсу, які задавальняе пэўную сістэму стахастычных дыферэнцыяльных ураўненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УХІЛЕ́ННЕ АД ВАЕ́ННАЙ СЛУ́ЖБЫ,
прадугледжаныя крымін. законам злачынствы супраць устаноўленага парадку прызыву, воінскага ўліку і нясення ваен. службы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: ухіленне ад прызыву па мабілізацыі ў ваен. і ў мірны час, у т. л. шляхам сімуляцыі хваробы або праз нанясенне сабе цялесных пашкоджанняў ці падлогу дакументаў; ухіленне ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы; ухіленне прызыўніка або ваеннаабавязанага ад воінскага ўліку; дэзерцірства; ухіленне ваеннаслужачага ад нясення абавязкаў ваен. службы шляхам членашкодніцтва, самавольнае пакіданне месца службы ў баявой сітуацыі і да т.п. За ўчыненне такіх дзеянняў прадугледжаны меры пакарання: штраф, папраўчыя работы, арышт і абмежаванне свабоды на пэўны тэрмін ці накіраванне ў дысцыплінарную вайск. часць, пазбаўленне волі на вызначаныя законам тэрміны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАЭЛЕПРАЦЭНТРА́ЛЬ (ЦЭЦ),
цеплавая электрастанцыя, якая выпрацоўвае і адпускае спажыўцам адначасова эл. энергію і цеплату, што атрымліваецца ў выніку частковага выкарыстання адпрацаванай пары. Цепланосьбіт адпускаецца ў выглядзе пары (на тэхнал. патрэбы прамысл. прадпрыемстваў) ці гарачай вады (на ацяпленне і быт. патрэбы). ЦЭЦ абсталёўваюць пераважна цеплафікацыйнымі турбінамі.
Камбінаваная выпрацоўка эл. і цеплавой энергіі на ЦЭЦ павышае ккдз электрастанцыі і паніжае сабекошт энергіі. У краінах СНД Ц. — адна з асн. крыніц цэнтралізаванага цеплазабеспячэння. Да найб. пашыраных адносяцца паратурбінныя ЦЭЦ (гл.Цеплавая паратурбінная электрастанцыя). Выкарыстоўваюцца таксама газатурбінныя ЦЭЦ (гл.Газатурбінная электрастанцыя) і камбінаваныя — парагазавыя, на якіх выкарыстоўваюць газавыя і паравыя турбіны. Магутнасць ЦЭЦ да 400 МВт і больш. На Беларусі найбольшыя мінскія ЦЭЦ, ЦЭЦ у Наваполацку, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве (гл.Беларуская энергетычная сістэма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯСЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
будаўнічыя работы па вырабе і ўстаноўцы драўляных канструкцый і дэталей. Характарызуюцца менш дакладнай (у адрозненне ад сталярных работ) апрацоўкай вырабаў з драўніны.
Да Ц.р. адносяцца работы па ўзвядзенні драўляных фундаментаў (паляў), сцен, перагародак, падлог, элементаў каркасаў і перакрыццяў будынкаў, дахаў, а таксама па вырабе драўляных канструкцый інж. збудаванняў (мастоў, плацін, эстакад, горных мацаванняў), дапаможных прыстасаванняў (буд. рыштаванняў, апалубкі і інш.), па зборцы шчытавых дамоў і г.д. Пры Ц.р. выкарыстоўваюць дыскавыя электрапілы, электрасвердлы, інш.дрэварэзальны інструмент, ручныя машыны (гл.Сталярна-цяслярскі інструмент). Элементы канструкцый злучаюць паміж сабой пераважна ўрубкамі, спец. стрыжнямі (нагелямі), цвікамі і водатрывалымі кляямі. Даўгавечнасць драўляных вырабаў і канструкцый павышаюць апрацоўкай антысептычнымі сродкамі і інсектыцыдамі, нанясеннем вогнеахоўных пакрыццяў.
Літ.:
Крейндлин Л.Н. Плотничные работы. 4 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, ельнікі,
фармацыя карэнных хвойных лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае елка. Адносяцца да прыродна-прагрэсіўных эдыфікатараў, здольных укараняцца ў інш. фітацэнозы і выцясняць іх. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі займаюць 9,6% агульнай пл. лясоў. Пашыраны амаль па ўсёй тэр. рэспублікі; 70% іх сканцэнтравана на Пн. Ўзрост тэхн. спеласці 81—90 гадоў. У выніку павышанай эксплуатацыі ў Я.л. пераважаюць маладнякі. Прадукцыйнасць высокая, насаджэнні вышэйшых банітэтаў (Ia—II) складаюць каля 96%. Ценевынослівасць елкі спрыяе фарміраванню насаджэнняў з высокай паўнатой, самкнутым полагам. Вылучаюць 12 тыпаў Я.л.: імшыстыя, кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, даўгамошныя і інш. Я.л. маюць вял. прыродаахоўнае і гасп. значэнне. Даюць высакаякасны буд. матэрыял, сыравіну для цэлюлозна-папяровай прам-сці, атрымання віскознага валакна, кармавых дражджэй, спірту, каніфолі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́, Гебрыды (Hebrides),
архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс.км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 мм за год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПСАВЫЯ І ГІПСАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,
будаўнічыя вырабы з гіпсавага цеста (сумесь гіпсу і вады) і гіпсабетону (аснову яго складаюць гіпсавыя вяжучыя рэчывы з мінер. і арган. запаўняльнікамі і дабаўкамі, што запавольваюць схопліванне). Да іх адносяцца: гіпсабетонныя панэлі і пліты для перагародак, панэлі для асновы падлогі, перакрыццяў, камяні для вонкавых сцен, вентыляцыйныя блокі, сан.-тэхн. кабіны, абшыўныя лісты («сухая тынкоўка»), цепла- і гукаізаляцыйныя пліты, арх. дэталі і інш. Бываюць арміраваныя і неарміраваныя, суцэльныя, пустацелыя і ячэістыя. Фармуюцца ліццём, вібрыраваннем, прасаваннем і пракаткай. Яны лёгкія, вогнеўстойлівыя, з высокімі гукаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, але воданяўстойлівыя і адносна невял. трываласці. Выкарыстоўваюцца ў канструкцыях (акрамя нясучых), ахаваных ад сістэм. ўвільгатнення, у памяшканнях з невысокай (да 60%) адноснай вільготнасцю паветра.
Гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы: 1—3 — гіпсавыя перагародачныя пліты (суцэльная, пустацелая і арміраваная чаротам); 4 — гіпсабетонная перагародачная панэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДЫ СУ́ШЫ,
воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн.км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн.км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн.км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн.км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн.км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн.км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
від працоўнай дзейнасці. якая ажыццяўляецца грамадзянамі на прафес. аснове ў дзяржаўным апараце. У Рэспубліцы Беларусь праходжанне Дз.с. рэгламентуецца Канстытуцыяй, Законам «Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце» ад 23.11.1993, інш. нарматыўнымі актамі. Права на Дз.с. маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, паліт. поглядаў. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць прыцягвацца для работы ў дзярж. апараце як кансультанты ці эксперты. Да дзяржслужачых адносяцца асобы, якія займаюць у прадугледжаным заканадаўствам парадку пасады ў дзярж. апараце, надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі і атрымліваюць за сваю працу заработную плату. Асн. правы і абавязкі дзярж. служачых, правілы іх паводзін, парадак праходжання і спынення Дз.с. рэгулююцца заканадаўствам. Пры пэўных абставінах дзярж. служачыя маюць права на адстаўку.