ЦЕПЛАЭЛЕПРАЦЭНТРА́ЛЬ (ЦЭЦ),
цеплавая электрастанцыя, якая выпрацоўвае і адпускае спажыўцам адначасова эл. энергію і цеплату, што атрымліваецца ў выніку частковага выкарыстання адпрацаванай пары. Цепланосьбіт адпускаецца ў выглядзе пары (на тэхнал. патрэбы прамысл. прадпрыемстваў) ці гарачай вады (на ацяпленне і быт. патрэбы). ЦЭЦ абсталёўваюць пераважна цеплафікацыйнымі турбінамі.
Камбінаваная выпрацоўка эл. і цеплавой энергіі на ЦЭЦ павышае ккдз электрастанцыі і паніжае сабекошт энергіі. У краінах СНД Ц. — адна з асн. крыніц цэнтралізаванага цеплазабеспячэння. Да найб. пашыраных адносяцца паратурбінныя ЦЭЦ (гл. Цеплавая паратурбінная электрастанцыя). Выкарыстоўваюцца таксама газатурбінныя ЦЭЦ (гл. Газатурбінная электрастанцыя) і камбінаваныя — парагазавыя, на якіх выкарыстоўваюць газавыя і паравыя турбіны. Магутнасць ЦЭЦ да 400 МВт і больш. На Беларусі найбольшыя мінскія ЦЭЦ, ЦЭЦ у Наваполацку, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве (гл. Беларуская энергетычная сістэма).
т. 17, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)