пустыня ў цэнтр.ч. Аўстраліі. Пл. каля 300 тыс.км². Паверхня пераважна пясчаная з паралельнымі градамі даўж. да 250 км, выш. да 30 м, якія распасціраюцца ў паўн.-зах. кірунку пануючых вятроў; на ПдУ — пясчана-галечнікавая, на З — камяністая, каля берагоў воз. Эйр — гліністая. Сярэдняя т-растудз. 28—30 °C, ліп. 12—15 °C. Ападкаў да 130 мм за год. Багатая падземнымі водамі. Рэдкая расліннасць з акацый і эўкаліптаў; дзернавінны злак спініфекс. Нац. парк Сімпсан-Дэзерт. Названа імем прэзідэнта геагр.т-ва Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕРГІ́ЗМ, сінергія (ад грэч. synergeia супрацоўніцтва, садружнасць),
камбінаванае ўздзеянне 2 або некалькіх рэчываў на арганізм (сістэму), агульны эфект якога большы за сумарны эфект уздзеяння кожнага з кампанентаў паасобку.
Рэчывы, што праяўляюць С., наз. сінергістамі, напр., лек. рэчывы — адрэналін і атрапін, якія выклікаюць расшырэнне зрэнак, праяўляльныя рэчывы ў фатаграфіі — метол і гідрахінон. У некат. выпадках С. назіраецца пры дзеянні сумесі актыўнага рэчыва з практычна неактыўным, напр., неактыўная аскарбінавая кіслата ўзмацняе антыакісляльнае дзеянне многіх фармацэўтычных антыаксідантаў, у хіміі яе сумесь з аксідам жалеза Fe2O3 выкарыстоўваюць для стабілізацыі палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ПРАВАСЛА́ЎНАЙ ЦАРКВЫ́,
сход вышэйшых духоўных асоб у Беларускай праваслаўнай царкве. Дзейнічае з усталяваннем у 1989 Беларускага экзархата. Яму належыць вышэйшая царк.заканад., выканаўчая і суд. ўлада ў межах экзархата. Складаецца з 5 (4 часовыя і 1 пастаянны экзарх) членаў і з 10 кіруючых архірэяў Бел.правасл. царквы. Часовыя члены па чарзе выклікаюцца на пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 4 разы за год. Сінод дзейнічае ў межах кампетэнцыі, вызначанай царк. канонамі і Статутам Бел. экзархата. Падсправаздачны Сіноду Рускай правасл. царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ПРА́ВА,
пабудова нацыянальнага права, якая заключаецца ў раздзяленні адзіных па прызначэнні ў грамадстве ўнутрана ўзгодненых норм на пэўныя часткі — галіны права, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ін-ты права. Напр., галіна цывільнага права падзяляецца на ін-ты права ўласнасці, абавязацельнае права, аўтарскае права і сумежныя правы, спадчыннае права і інш. Дакладна распрацаваная С.п. — неабходная аснова для эфектыўнай работы па сістэматызацыі заканадаўства, павышэнні прававой культуры. С.п. розных краін могуць адрознівацца пэўнымі асаблівасцямі, абумоўленымі гіст. ўмовамі, нац. традыцыямі, узроўнем развіцця прававой культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКГА́ЎЗА І ЭФРО́НА ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
самая вял. руская дарэв. універсальная энцыклапедыя. Першае выданне ажыццёўлена ў 1890—1907 у Пецярбургу ў 82 асноўных і 4 дадатковых паўтамах; першыя 8 т. пад рэд. І.Я.Андраеўскага, астатнія пад рэд. К.К.Арсеньева і Ф.Ф.Петрушэўскага; 2-е выд. пад назвай «Новы энцыклапедычны слоўнік», выйшла ў 1911—16 (выдадзена 29 тамоў з 48).
Для выпуску Бракгаўза і Эфрона «Энцыклапедычнага слоўніка» ням. выдавецкай фірмай Ф.А.Бракгаўза і рас. выдаўцом і кнігагандляром І.А.Эфронам у 1889 створана выд-ва (пазней акц.т-ва; існавала да 1930). Першае выданне слоўніка ўключае некалькі дзесяткаў тысяч энцыклапедычных артыкулаў, ілюстраваных малюнкамі, фотаздымкамі, картамі. На пач. кожнага паўтома даецца спіс яго найб. значных артыкулаў, у 82-м паўтоме — спіс пачатковых і канцавых артыкулаў па тамах і паўтамах, поўны спіс асоб, якія прымалі ўдзел у складанні слоўніка (больш за 700 прозвішчаў), 285 фотаздымкаў супрацоўнікаў выд-ва, якія працавалі над ім. Дадатковыя паўтамы (83—86) змяшчаюць інфармацыю, якая па розных прычынах не трапіла ў асн. тамы. У канцы 86-га паўтома надрукаваны вял. энцыклапедычны нарыс «Расія».
Выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя» (Масква) з 1991 выдае 12-томны «Энцыклапедычны слоўнік. Бракгаўз і Эфрон: Біяграфіі» (т. 1—5, 1991—94), у якім рэпрынтным спосабам узнаўляюцца каля 40 тыс. біяграфій з першых двух выданняў слоўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКАклеткі, клетачная сценка,
структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.
Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).
Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.Дэкарт (1637) і П.Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.Лейбніца, І.Ньютана, Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Г.Монжа, С.Лакруа і інш.Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.
Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.К.Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.К.Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ САЛДА́Т 1905—07.
Пачаліся ў канцы 1905 у гарнізоне Брэсцкай крэпасці пад уплывам рэв. руху ў краіне і агітацыі Брэсцкай ваенна-рэв. арг-цыі РСДРП, Брэсцкай арг-цыі Польскай сацыяліст. партыі ў Літве (ППС у Літве) і Брэсцкага с.-д.к-та Бунда. 7.12.1905 рота артылерыі гарнізона арганізавала мітынг, у якім прынялі ўдзел 7, 11, 12, 15 і 16-я роты. Салдаты ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваннямі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх матросаў і зняволеных салдат-агітатараў Брэсцкага гарнізона, звольніць салдат звыштэрміновай службы, палепшыць умовы службы, не пасылаць войскі на задушэнне рабочых і сял. хваляванняў. Брэсцкая ваенна-рэв.арг-цыяРСДРП распаўсюдзіла ў крэпасці адозвы «Да салдат Брэст-Літоўскай крэпасці», «Да ўсіх салдат Брэст-Літоўскай крэпасці і гарнізона» і «26 патрабаванняў ніжніх чыноў Брэст-Літоўскага гарнізона». Камандаванне вымушана было задаволіць некаторыя патрабаванні. Выступленне артылерыстаў не знайшло падтрымкі і было задушана. 22—23.7.1906 выступілі салдаты 2-га асаднага артыл. палка, якія патрабавалі вызваліць арыштаваных таварышаў, атрымліваць усе газеты, палепшыць матэрыяльнае становішча. Камандаванне адмовілася задаволіць патрабаванні і пачало арышты. У адказ салдаты спалілі будынак афіцэрскага сходу, разграмілі краму, паранілі некалькіх афіцэраў. Паўстанцы былі акружаны і адведзены ў крэпасць. 700 удзельнікаў выступлення арыштаваны, 32 асуджаны на катаржныя работы. У 1907 адбыліся хваляванні салдат, якія патрабавалі палепшыць матэрыяльнае становішча, харчаванне, быт. ўмовы. Падача калектыўных скаргаў і петыцый працягвалася да канца 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,
арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,
адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.
Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.
На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.
Літ.:
Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ.Л., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).