сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл.Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.
Літ.:
Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1941—16). З 1918 настаўнічаў у мяст. Краснаполле (Магілёўская вобл.). З 1924 жыў у Мінску, з 1941 у Маскве. Адзін з арганізатараў і старшыня Усебеларускага аб’яднання мастакоў. У творчасці адчувальны ўплыў традыцый бел.нар. драўлянай скульптуры («Лірнік», «Кастусь Каліноўскі», абедзве 1926). Сярод работ з рысамі стылізацыі, але лаканічных па трактоўцы, поўных унутр. напружання: «Раб», «Тачачнік» («Паднявольная праца», абедзве 1928), «Танкіст» (1943), «Першая баразна» (1949) і інш. Працаваў у жанры партрэта (М.Багдановіч, 1927, Л.М.Даватар, 1944), станковай і манум. пластыкі («Трактарыстка», 1935), дэкар. скульптуры («Беларус-касец», 1940) і інш. Творы адметныя арыгінальнасцю і выразнасцю пластычнай формы, эмацыянальнасцю.
Літ.:
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ (Станіслаў Іванавіч) (н. 6.8.1944, в. Савічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны-селекцыянер. Акад. Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-рс.-г.н. (1988), праф. (1996). Брат М.І.Грыба. Скончыў БСГА (1966), там і працаваў, з 1970 на Ганусаўскай доследна-селекцыйнай станцыі, з 1973 у Бел.НДІ земляробства і кармоў (з 1978 нам. дырэктара, кіраўнік селекцыйнага цэнтра), з 1995 віцэ-прэзідэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве і тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў і збожжавых культур (ячмень, авёс, трыцікале, пшаніца), распрацоўцы метадаў інтэнсіфікацыі селекцыйнага працэсу з выкарыстаннем збудаванняў са штучным кліматам. Аўтар 20 раянаваных сартоў с.-г. культур, у т. л. 2 сартоў цукр. буракоў, 12 — яравога ячменю, 2 — аўса і 4 — трыцікале. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Ячменному полю — интенсивные сорта. Мн., 1992;
Семеноводство полевых культур. Мн., 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ВА ((Grīva) Жан) (сапр.Фолманіс Жан Карлавіч; 7.12.1910, хутар Кірп’і Тукумскага р-на, Латвія — 14.6.1982),
латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1962). У 1936—37 у складзе Інтэрнац. брыгады ваяваў у Іспаніі, удзельнік Вял.Айч. вайны. У творах адлюстраваў драм. і трагічную барацьбу ісп. народа супраць фашызму (зб-кі «Па той бок Пірэнеяў», 1948; «Апавяданні пра Іспанію», 1950; навела «Накцюрн», 1962, аднайм. фільм 1966). Аўтар раманаў «Дарога жыцця» (1952), «Каханне і нянавісць» (1963), «Чалавек чакае світання» (1967), драм. твораў «Мяце мяцеліца...» (1957), «Плыт Медузы» (1959), кніг маст. нарысаў «Пад крыламі альбатроса» (1956, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), кн. ўспамінаў «Дні далёкія, дні блізкія» (1972). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Грывы перакладалі А.Бяржынскі, У.Жыжэнка, С.Міхальчук, У.Пігулеўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЛІЯ (Леанід Пятровіч) (н. 27.3.1946, г. Брэст),
бел. мастак. Сын П.А.Данелія. Вучыўся ў Мінскім маст.-пед. вучылішчы (1963—65), скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне маст. праектавання, у розных жанрах выяўл. мастацтва. Аўтар праектаў, кіраўнік і выканаўца маст. афармлення інтэр’ераў дома адпачынку «Белая Русь» на воз. Нарач (1987—90), дзіцячага сада ф-кі «Элема» ў Мінску (1993, дэкар. пано, вітраж), гасцінічнага комплексу саўгаса «Заказельскі» Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. (1995; дэкар.-манум. жывапіс, з Дз.Глівай; вітраж, люстры), кампазіцыі «Стары горад» (1996) і інш. Ускладненая кампазіцыя і насычанасць колеравай гамы надае яго пейзажам рамант.-філас. гучанне: «Бабіна лета на Прыпяці» (1980), «Ліпеньскія навальніцы» (1984), «Возера Нарач. Ружовы вечар», «Цішыня. Дзіва над Лотвай» (абедзве 1990-я г.). Сярод тэматычных карцін «Чаканне» (1983), «Пачатак. Дарогай волі» (1989), «Вераніка» (1990) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ШКА (Пятро Ануфрыевіч) (24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Броўкі, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, К.Кірэенка.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;
Бел.пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДЧЫК (Яўген Паўлавіч) (н. 2.1.1925, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне анкахірургіі. Акад.АН Беларусі (1996), д-рмед.н. (1987), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1957). З 1965 заг. аддзела таракальнай хірургіі Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1966 у Мінскім мед. ін-це (у 1974—96 заг. кафедры анкалогіі), адначасова з 1990 дырэктар Рэсп. навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы. Навук. працы па хірургіі стрававода, страўніка, шчытападобнай залозы. Сааўтар адкрыцця з’явы блока сінаптычнай перадачы пры ўздзеянні імпульснага магнітнага поля.
Тв.:
Пособие по онкологии. Мн., 1977 (разам з І.А.Петуховым);
Рак щитовидной железы у детей. М., 1996 (разам з А.Ф.Цыбам, Я.Ф.Лушнікавым);
A new form of RET rearrangement in thyroid carcinomas of children alter the Chemobyl reactor accident (у сааўт.) // Oncogene. 1996. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦЭ (Іон Панцялеевіч) (н. 3.9.1928, с. Харадыштэ Дандзюшанскага р-на, Малдова),
малдаўскі пісьменнік, драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Піша на малд. і рус. мовах. Друкуецца з 1951. Аўтар кніг апавяданняў «У нас на сяле» (1953), «Арэхавы шэпт» (1968), аповесцей «Лісце суму» (1957), «Апошні месяц восені» (1963, аднайм. кінафільм 1966), «Вяртанне на кругі свае» (1972), раманаў «Цяжар нашай дабрыні» (1963—68), «Белая царква» (1982), п’ес «Каса марэ» (1960), «Дойна» (1971), «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Святая святых» (1976) і інш., адметных паглыбленым псіхалагізмам, мяккім лірызмам, рамант. прыўзнятасцю, яркім нац. каларытам. Творы Д. на бел. мову перакладалі Я.Брыль, М.Гіль, К.Кірэенка, А.Шарахоўская. У тэатрах Беларусі пастаўлены яго п’есы «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Каса марэ» (1976), «Святая святых» (1977), «Імем зямлі і сонца» (1979). Дзярж. прэмія Малдовы 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЗІН (Міхаіл Аляксандравіч) (20.11.1916, в. Кляўнёва Іванаўскай вобл., Расія — 31.12.1993),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1976). Друкаваўся з 1934. У 1939—45 у арміі. Як паэт сфарміраваўся на фронце (зб-кі «Фляга», 1943, «Пераправа», 1945). Яго паэзія вострапубліцыстычная і аптымістычная, услаўляе чалавека і яго працу (зб-кі «Масты. Вершы з Еўропы», 1958, «Чацвёртая зона», 1960, «Да запатрабавання», 1963, «Дарога жыцця», 1967, «Час», 1969, «Полюс», 1979, і інш.). Аўтар аповесці «Дзе наша не прападала» (1965), кнігі пра л-ру «Поле прыцягнення. Проза пра паэзію» (1981). На бел. мову творы Д. перакладалі Р.Барадулін, С.Грахоўскі, П.Макаль, Ю.Свірка, М.Танк і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.
Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.