Існаваў у 1-й трэці 17 ст. — 1830 у Брэсце. Засн. ў 1635 (паводле звестак польск. гісторыка Валыняка — у 1628) брэсцкай войскай Соф’яй Магдаленай Бухавецкай, дачкой каралеўскага сакратара Марыяна Лакніцкага. Адрокшыся ад кальвінізму, яна запісала брэсцкім дамініканцам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і в. Чамяры, Дэрло, Дубаў, Велань. Кляштар размяшчаўся на востраве, пры дарозе на Кобрын. Першыя, верагодна, драўляныя будынкі амаль усе знішчаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кляштар нанава адбудаваны на сродкі Соф’і Пражмоўскай. Яна ж падаравала яму і абраз Маці Божай, які праславіўся як цудатворны (зараз у Фарным касцёле Брэста). Мураваны касцёл св. Соф’і асвячоны ў 1696, карпусы кляштара пабудаваны значна пазней (у 1798 яшчэ не закончаны). Пры кляштары існавалі навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна) і школа філасофіі. Аднанефавы касцёл з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі, вызначаўся багатым жывапісна-разьбярскім аздабленнем; пры гал. алтары знаходзілася надмагілле С.Бухавецкай з партрэтам. Кляштар скасаваны ў 1830, аднак касцёл (адзіны ў Брэсце) пакінуты вернікам як парафіяльны.
Літ.:
Квитницкая Е.Д. Монастыри Бреста XVII—XVIII вв. // Архитектурное наследство. М., 1979. Вып. 27;
Wołyniak. Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Cz. 1. Kraków, 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс.ж. (1995).
Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1577 кн. С.А.Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. З пач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл.Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж. З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс.чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл.Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.К.Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),
кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.
Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г.Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.
Літ.:
Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;
Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;
Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКА,
горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс.ж. (1995).
Засн. ў 1685 (паводлеінш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл.Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс.чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс.ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6 тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.
Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁЛЫ (італьян. viola),
сям’я струнных смычковых інструментаў. Адрозніваюцца памерамі (31—120 см), тэсітурай, строем, прапорцыямі, колькасцю струн (5—7), наяўнасцю або адсутнасцю рэзаніруючых струн і навязных ладоў і інш. З выгляду нагадваюць маленькі кантрабас. Асн. разнавіднасці віёл: сапранавая (дыскантавая), даўж. 32—45 см, строй d, g, c1, e1, a1;, d2; высокая сапранавая, даўж. 31—34 см, на кварту вышэй за сапранавую; малая альтовая, даўж. 40—48 см, на тон ніжэй за сапранавую; альтовая (віялета), даўж. 50—63 см, на кварту ці квінту ніжэй за сапранавую; малая басовая, або тэнаровая (віёла да гамба, асн. від віёл), даўж. 65—72 см, строй D, G, c, e, a, d1; вялікая басовая (басовая віёла да гамба; на яе аснове сфарміравалася т.зв. віёла бастарда, пашыраная ў 16—18 ст. пераважна ў Англіі); кантрабасавая. Паводле становішча інструмента ў час ігры адрозніваюць віёлы да брача (ручныя, у т. л. віёль д’амур; трымаюць гарызантальна, як скрыпку) і віёлы да гамба (нажныя; трымаюць вертыкальна, як віяланчэль). Узніклі ў канцы 15 — пач. 16 ст., выкарыстоўваліся сола і ў ансамблі, гучалі мякка, пяшчотна, «матава». З канца 18 ст. амаль зніклі, адрадзіліся на мяжы 19—20 ст. з ростам цікавасці да старадаўняй музыкі. Ігру на віёлах выкладаюць у многіх кансерваторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,
выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл.Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л.чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводлевіцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.
В.І.Мялешка.
Да арт.Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф.фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.
2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.