курганны могільнік дрыгавічоў 11—12 ст. каля в. Свішчова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Захавалася 20 насыпаў выш. 0,2—1,6 м, дыям. 4—8 м, іх аснова абкладзена камянямі. Даследаваны 23 курганы. У некат. насыпах шчыльная вымастка з камянёў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Пахаванні пераважна адзіночныя, ёсць парныя. Знойдзены ганчарныя гаршкі, метал. часткі драўлянага посуду, нажы, падкова, цуглі, прасліца з ружовага сланцу, тачыльныя брускі, метал. пярсцёнкі, спражкі, шкляныя залачоныя пацеркі і бронзавыя, упрыгожаныя зерню (дрыгавіцкага тыпу), скроневыя кольцы з такіх пацерак, паўтараабаротныя і з S-падобным завітком і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛІМА́Н ((Selimand) Франсуа) (? — 1800),
французскі майстар-ткач залататканых паясоў. Запрошаны А.Тызенгаўзам з Ліёна на Гродзенскую персіярню ў 1774, якой кіраваў да 1778, на гэты час прыпадае росквіт персіярні. Стварыў новы тып пояса, дзе, не парушаючы велічыні, падзелу і арнаментальнай структуры слуцкага пояса, удала спалучыў традыц.ўсх. арнамент і ўзоры франц. арнаменту 18 ст. Паясы С. адметныя гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкасцю малюнка, вытанчанасцю каларыту. Працаваў таксама ў Кабылцы пад Варшавай (да 1787), з 1794 у Корцу на Валыні ў кн. Чартарыйскіх. На многіх паясах работы С. ёсць метка «F.S.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКАклеткі, клетачная сценка,
структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.
Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),
клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.
Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсцьчарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.
Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),
атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсцьэл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМАКРЫ́ЛЫЯ, прастакрылыя (Orthoptera, або Saltatoria),
атрад насякомых. Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн.г. назад). 2 падатр.: даўгавусыя (Ensifera, або Dolichocera) з падсям. надсям. конікавых, цвыркуновых, цвыркунападобных, эдысхідавых і караткавусыя (Caelifera, або Brachycera) з падсям. надсям. саранчовых, бестымпанальных, пухірчатых, трыперставых, тэтрыгідавых. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некат. ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсям. конікавых, саранчовых, тэтрыгідавых і цвыркуновых. Некат. П. — шкоднікі с.-г. культур.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некат. відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Для П. характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. 1 пакаленне за год.
Літ.:
Шаров А.Г. Филогения ортоптероидных насекомых. М., 1968;
Станек В.Я. Иллюстрированная энциклопедия насекомых: Пер. с чеш. Прага, 1977;
Подгорная Л.И. Прямокрылые насекомые семейства Tetrigidae (Orthoptera) фауны СССР. Л.,1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЯРЭ́ННЕсамалёта,
аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), T- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.
Апярэнне самалёта: а — звычайнае; б — T-падобнае; в — двухкілевае; 1 — стабілізатар; 2 — руль вышыні; 3 — кіль; 4 — руль напрамку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ САПЕ́ГАЎ»
(«Archiwum domu Sapiehów»),
зборнік дакументаў з радавога архіва Сапегаў у Красічыне (каля Перамышля) за 1575—1606. Выдадзены ў 1892 у Львове. Змешчана 625 лістоў (на польск. мове), з іх 279 належалі канцлеру ВКЛ Л.Сапегу. Уключаны таксама эпісталярныя помнікі з нясвіжскага архіва Радзівілаў, бібліятэк Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Лісты прысвечаны дзярж.-паліт., адм., гасп. і сямейна-бытавым справам. Ёсць звесткі пра адносіны ВКЛ з Маск. дзяржавай, крымскімі татарамі, запарожскімі казакамі, Польшчай, Англіяй, рымскімі папамі, пра Брэсцкую унію 1596, правасл. брацтвы, палемічнае кнігадрукаванне, паўстанне С.Налівайкі 1595—96 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКІ МОХ,
балота ў Беларусі, у Пухавіцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобласці. У вадазборы рэк Шаць і Асачанка (прытокі Пцічы). Пераважна нізіннага (49%) і вярховага (46%) тыпаў. Пл. 7,7 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 6 тыс.га. Магутнасць торфу да 10,5 м, сярэдняя 3,1 м. Першапачатковыя запасы 32,1 млн.т. На балоце ёсць невял. азёры, на У прымыкае Сяргееўскае воз. Торф ускраінных участкаў прыдатны на подсціл с.-г. жывёле. На пл. 1,5 тыс.га у торфе павышаная колькасць бітуму. Участкі, на якіх торф выпрацаваны, выкарыстоўваюцца як сенажаці. Трапляюцца сухадольныя лугі агульнай пл. 0,6 тыс.га, хваёвы лес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙЛЯ—МАРЫЁТА ЗАКО́Н,
адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога здабытак аб’ёму дадзенай масы ідэальнага газу на яго ціск пры пастаяннай т-ры ёсць велічыня пастаянная. Устаноўлены эксперыментальна Р.Бойлем (1662) і незалежна ад яго франц. вучоным Э.Марыётам (1676). Вынікае з кінетычнай тэорыі газаў, калі прыняць, што памеры малекул нязначныя ў параўнанні з адлегласцямі паміж імі і адсутнічае міжмалекулярнае ўзаемадзеянне. Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ.
Да арт.Бойля—Марыёта закон: T1, T2, T3 — ізатэрмы ідэальнага газу ў каардынатах p—V (T1 < T2 < T3); плошчы A1 = A2 = C.