ЛУК,

1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).

З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.

На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт. Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.

2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст. Гл. Стральба з лука. Іл. гл. таксама да арт. Зброя.

Літ.:

Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.

М.​Г.​Нікіцін, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст. ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.​А.​Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц. слав. знаццю.

Літ.:

Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;

Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Кн. 1. Мн., 1994.

С.​Дз.​Дзярновіч, Г.​В.​Штыхаў.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),

пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.​К.​Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.​Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл. Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.​Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).

Тв.:

Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.

Ю.Нямцэвіч.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРА́ЦТВА (ад грэч. peiratēs разбойнік, рабаўнік),

затрыманне, рабаванне і інш. гвалтоўныя дзеянні, учыненыя ў адкрытым моры экіпажам прыватнаўласніцкага судна (піратамі), а таксама лятальнага апарата ў адносінах да інш. судна ці лятальнага апарата, супраць асоб і маёмасці, што знаходзіцца на іх борце. Як П. разглядаюцца дзеянні ваен. суднаў і дзярж. лятальных апаратаў, экіпаж якіх учыніў мяцеж. П. адносіцца да злачынстваў міжнар. характару і пытанні барацьбы з ім рэгулююцца Ніокскім пагадненнем (1937), Канвенцыяй ААН аб адкрытым моры (1958), Канвенцыяй ААН па марскім праве (1982).

П. ўзнікла ў антычнасці разам з мараходствам у прыбярэжных раёнах Паўд.Усх. Азіі. Развівалася ў вузлавых пунктах марскіх зносін. У Еўропе вядома з часоў Стараж. Грэцыі, было пашырана ў Міжземным м. (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 18 ст. н.э.; тут у старажытнасці П. займаліся грэкі, фінікійцы, егіпцяне, этрускі, карфагеняне, кілікійцы), Паўн. і Балт. морах (з пач. н.э., асабліва ў эпоху вікінгаў), Ла-Маншы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і калан. захопаў П. перамясцілася ў Карыбскае м., уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Індыйскі ак.; сярод найб. вядомых піратаў 16 ст. Ф.Дрэйк. У 18—пач. 19 ст. П. найб. пашырана ўздоўж Армузскага праліва і Перс. заліва (арабы) і ў Кіт. моры (японцы). П. ў асн. спынілася ў 2-й пал. 19 ст., але яго выпадкі вядомы і ў 20 ст. (у т. л. у раёне «Бермудскага трохвугольніка»). На морах і акіянах побач з піратамі дзейнічалі карсары, каперы (гл. Каперства), флібусцьеры, буканьеры, рэйдэры. Нягледзячы на матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія прычыняла П., яно спрыяла развіццю мараплавання.

Літ.:

Пираты и разбойники: Флибустьеры, корсары. каперы и буканьеры... Мн., 1997;

Росс С. Пираты: Пер. с англ. Мн., 1997.

У.​Я.​Калаткоў, Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Карлаў універсітэт,

адзін са старэйшых у Еўропе; першы славянскі ун-т. Засн. 7.4.1348 у Празе чэш. каралём Карлам IV. Меў ф-ты: тэалогіі, права, мед. і мастацтва. У перыяд гусіцкага руху (канец 14 — пач. 15 ст.) П.у. — цэнтр нац.-вызв. і рэліг. барацьбы, яго рэктарам двойчы быў абраны Я.​Гус. У 1654 імператар Фердынанд III аб’яднаў езуіцкую акадэмію (засн. ў 1562) з П.у. ва Ун-т Карла—Фердынанда. З часоў Асветніцтва (сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.) выкладанне вялося на ням. мове замест латыні. У перыяд нац. адраджэння (канец 18 — сярэдзіна 19 ст.) студэнты і прафесары ун-та выступалі супраць аўстр. панавання: у 1848—49 ун-т — цэнтр рэв. руху. У 1882 падзелены на 2 ун-ты — чэш. і нямецкі. У 1918 адноўлены як адзіны нац. ун-т. 17.11.1939 зачынены ў сувязі з ням. акупацыяй (17 ліст. адзначаецца як Міжнародны дзень студэнтаў; дата ў памяць студэнтаў і прафесараў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення). У 1945 ун-т адноўлены. У 1998/99 навуч. г. 35,6 тыс. студэнтаў, больш за 3 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 283 прафесары; ф-ты: матэматыкі і фізікі; прыродазнаўчых навук; права; філасофіі; адукацыі; сацыяльных навук; каталіцкай тэалогіі; пратэстанцкай тэалогіі; гусіцкай тэалогіі; фіз. культуры і спорту; фармакалогіі; медыцыны ў гарадах Пльзень і Градзец-Кралаве, а таксама 1-ы, 2-і, 3-і мед. ф-ты; на правах ф-та працуе ін-т фундаментальных даследаванняў. Выкладанне вядзецца на чэш. мове, навучанне бясплатнае. Пры ун-це аспірантура, некалькі н.-д. цэнтраў (ін-таў), у т. л. па пытаннях навакольнага асяроддзя, эканам. даследаванняў. У б-ках П.у. больш за 4 млн. тамоў.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНА́,

земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст. жал. зубамі. З пач. 20 ст. пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.

Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.

Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш. Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.

Літ.:

Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.

В.​С.​Цітоў (этнаграфія), У.​М.​Сацута.

Барана плеценая.
Да арт. Барана: 1 — навясная зубавая тыпу «зігзаг» (секцыя); 2 — дыскавая; 3 — спружыновая; 4 — шлейф-барана; 5 — пашавая шарнірная; 6 — ігольчастая.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ВЕСЦЬ,

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас), пераходны паміж апавяданнем і раманам. Ад апавядання адрозніваецца больш шырокім ахопам рэчаіснасці, больш складаным сюжэтам, шматгранным раскрыццём характараў. У цэнтры класічнай аповесці, як правіла, адна сюжэтная лінія, адзін герой. Сучасная аповесць ахопам і канцэнтрацыяй жыццёвага матэрыялу, па многіх фармальных рысах набліжаецца да рамана.

Як назва жанру л-ры бытуе з часоў Кіеўскай Русі. Тады аповесцю называлі самыя розныя па форме творы гіст., ваен. і рэліг. зместу (гл. Аповесць старажытнаруская), часта яна мела форму хронікі ці летапісу. З твораў стараж. бел. л-ры да жанру тагачаснай аповесці можна аднесці «Дыярыуш» А.​Філіповіча (1646), Баркулабаўскі летапіс, перакладныя творы — «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Трою», «Александрыю».

У сучасным разуменні аповесць пачала складвацца ў рус. л-ры ў 19 ст. Тыповая, «чыстая» форма аповесці — гэта пераважна твор біягр. характару, маст. хронікі: дылогія С.​Аксакава, «Запіскі з Мёртвага дому» Ф.​Дастаеўскага, «Стэп» А.​Чэхава, трылогіі Л.​Талстога, М.​Горкага і інш.

Пачынальнікі сучаснай бел. аповесці (і рамана) — Ц.​Гартны («Бацькава воля», 1-я ч. «Сокаў цаліны», 1916), М.​Гарэцкі (драматызаваная аповесць «Антон», 1919; дакумент. аповесць «На імперыялістычнай вайне», 1926), Я.​Колас («У палескай глушы», 1921—22). Пра сталасць жанру аповесці ў бел. л-ры сведчыць ахоп самых розных аспектаў жыцця, філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, пільная ўвага да чалавека, маст. вытлумачэнне яго псіхалогіі рэальнай складанасцю ўзаемаадносін характару і абставін, асобы і грамадства: «Апошняя сустрэча» Я.​Брыля, «Агонь і снег», «Гандлярка і паэт» І.​Шамякіна, «Тартак», «Найдорф» І.​Пташнікава, «Сотнікаў», «Абеліск», «Знак бяды», «Сцюжа» В.​Быкава, «Хатынская аповесць», «Карнікі» А.​Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.​Казько, «Зона маўчання» С.​Грахоўскага, «Пад сузор’ем сярпа і молата» Б.​Сачанкі, «Сны імператара» У.​Арлова і інш.

Літ.:

Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць, Мн., 1971.

П.​К.​Дзюбайла.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́САЎ (Валерый Якаўлевіч) (13.12.1873, Масква — 9.10.1924),

рускі пісьменнік. Праф. (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). Арганізатар і рэктар Вышэйшага літ.-маст. ін-та ў Маскве (з 1921). Пачынальнік сімвалізму ў рус. л-ры. Выступаў як паэт, празаік, драматург, літ.-знавец, тэарэтык верша і перакладчык. У зб-ках «Рускія сімвалісты» (вып. 1—3, 1894—95; у асноўным вершы Брусава), «Chefs d’oeuvre» («Шэдэўры», 1895), «Me eum esse» («Гэта — я», 1897) — уплыў зах.-еўрап. і рус. дэкадансу, пошукі новых формаў паэзіі. Аўтар зб-каў вершаў «Urbi et Orbi» («Гораду і свету», 1903), «Stephanos» («Вянок», 1906), «Люстра ценяў» (1912) і інш., празаічных зб-каў «Зямная вось» (1907), «Ночы і дні» (1913), гіст. раманаў «Вогненны Анёл» (1907—08), «Алтар перамогі» (1911—12), «Юпітэр звергнуты» (незак., апубл. 1934), п’есы «Падарожнік» (1911), трагедыі «Пратэсілай памерлы» (1913), у якіх — зварот да урбаністычных матываў, навукі і гісторыі, міфалогіі і сучаснасці. У зб-ках «Апошнія мары» (1920), «У такія дні» (1921), «Міг» (1922), «Меа!» («Спяшайся!», 1924) інтымная, пейзажная, міфалагічная, філас. і палітычная тэматыка. У гіст.-літ. працах (кн. «Далёкія і блізкія», 1912) і публікацыях, прысвечаных А.​С.​Пушкіну (больш за 80), Я.​А.​Баратынскаму, М.​В.​Гогалю, Ф.​І.​Цютчаву і інш., канкрэтнасць і канструктыўная яснасць аналізу, аргументаванасць вывадаў, лаканізм і вытанчанасць стылю, шырыня эрудыцыі Брусава-даследчыка. Перакладаў на рус. мову творы ант., зах.-еўрап. паэзіі і драматургіі (Дж.​Байрана, Вергілія, Дантэ, П.​Верлена, Мальера і інш.). Перакладчык арм. паэзіі (анталогія «Паэзія Арменіі са старажытных часоў да нашых дзён», 1916, факс. выд. 1987; званне нар. паэта Арменіі 1923). На рус. мову пераклаў асобныя вершы Я.​Купалы. Творы на бел. мову перакладалі А.​Александровіч, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, С.​Дзяргай, С.​Шушкевіч.

Літ.:

Максимов Д.Е. Брюсов: Поэзия и позиция Л., 1969;

Сивоволов Б.М. Валерий Брюсов и передовая русская литература его времени. Харьков, 1985.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІЎ СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ.

Існаваў у г. Вільня (Вільнюс) у 1852—1915. Створаны 2.4.1852 для збірання і зберажэння дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ. Складзены на аснове архіўных фондаў цэнтр. і мясц. адм.-судовых устаноў, якія існавалі да падзелаў Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Да цэнтралізацыі архіваў асн. дакументальныя матэрыялы захоўваліся ў архіве Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У канцы 18 — пач. 19 ст. сюды паступілі кнігі гродзенскай і навагрудскай кадэнцый Трыбунала, Вайсковай камісіі, Таргавіцкай канфедэрацыі і інш., у 1837—40 — Трыбунала скарбовага, Скарбовай камісіі ВКЛ, трокскія архіўныя матэрыялы. У 1-й пал. 19 ст. старадаўнія дакументы захоўваліся таксама ў архівах віленскага гродскага і гродзенскага судоў. На аснове названых архіваў быў створаны Віленскі цэнтр. архіў. У сярэдзіне 19 ст. яго фонды налічвалі 17 439 адзінак. У яго складзе быў архіў Трыбунала ВКЛ, архівы павятовых судоў і магістратаў (ашмянскага, вілейскага, віленскага, дзісенскага, друйскага, лідскага, радашковіцкага, свянцянскага, трокскага), Гродзенскай і Мінскай губ. У 1880 паступілі справы Беластоцкай акругі за 1794—1808; у 1887 уключаны Люблінскі архіў стараж. актаў, у 1903—06 Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У 1903 у архіве налічвалася, паводле розных рэвізій, ад 22 да 30 тыс. актавых кніг і фасцыкулаў (звязак). Пасля 1-й сусв. вайны і эвакуацыі фондаў у Расію ў архіве ў 1923 заставалася каля 15 тыс. кніг і фасцыкулаў. Частка збораў была вернута ў Вільню паводле ўмоў Рыжскага дагавора 1921. У міжваенныя часы архіў называўся Віленскім дзярж. архівам, аб’ядноўваў матэрыялы Віленскага цэнтр. архіва, Агульнага архіва віленскіх устаноў, музея М.​Мураўёва. З 1944 на гэтай аснове пачаў дзейнічаць Цэнтр. дзярж. архіў Літ. ССР, у 1957 перайменаваны ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў Літ. ССР (аб’яднаў фонды б. Віленскага цэнтр. архіва і Вільнюскага гарадскога дзярж. архіва), з 1990 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,

зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас. правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)