ЗАХА́Р (Дзмітрый Андрэевіч) (8.11.1898, Мінск—8.6.1951),
бел. дырыжор, інструменталіст, рэжысёр, кампазітар. У 1920—24 рэжысёр і акцёр трупы пры Палітаддзеле Зах. фронту, сіламі якой (уключала хор, аркестр, танц. групу) паставіў шэраг муз. і муз.-драм. твораў, у т. л. оперу «Тапельніца» М Лысенкі, «Сватанне на Ганчароўцы» з муз. К.Стацэнкі. У 1928 стварыў першы ансамбль бел. нар. інструментаў (цяпер Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча), да 1935 яго маст. кіраўнік і дырыжор. Адначасова (1928—32) выкладаў у Бел. муз. тэхнікуме. Удзельнічаў у рэканструкцыі нац. муз. інструментаў (зрабіў гукарад ліры храматычным, па яго чарцяжах удасканалены цымбалы, створаны іх арк. разнавіднасці), фарміраванні рэпертуару для бел. нар. аркестра (аўтар апрацовак бел. нар. песень і танцаў, арыг. п’ес, аранжыровак твораў В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, Р.Шумана). У 1920—40-я г. выступаў у канцэртах як віртуоз-балалаечнік, іграў таксама на цымбалах, домры, гітары, дудцы, кларнеце.
Н.П.Яканюк.
т. 7, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РКА (Васіль Іванавіч) (1.4.1877, в. Дабрасельцы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.3.1943),
бел. паліт. дзеяч. З 1895 настаўнік, пісар. У 1898—1902 і 1904—17 на вайск. службе. Чл. Бел. сацыяліст. грамады, чл. ЦК Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў. Адзін з арганізатараў з’езда бел. вайскоўцаў Зах. фронту (22.10.1917), сакратар Цэнтр. бел. вайсковай рады. З 21.2.1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, казначэй. Займаў розныя міністэрскія пасады ва ўрадах БНР. Пасля расколу рады БНР (13.12.1919) нам. старшыні Прэзідыума Народнай рады БНР. На 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага) быў нам. старшыні. На 2-й Усебел. канферэнцыі (кастр. 1925, Берлін) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нац.-дзярж. адраджэння Беларусі, застаўся ў эміграцыі ў Празе, быў нам. прэзідэнта Рады БНР. З 8.3.1928 да 6.3.1943 прэзідэнт эмігранцкай рады БНР. Збіраў архіў БНР, узначальваў т-ва «Беларуская рада». Аўтар працы «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926, часткова апубл. ў кн. «Беларуская дзяржаўнасць: Хрэстаматыя і бібліяграфія», Нью-Йорк, 1988). Пахаваны ў Празе.
Літ.:
Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993.
Л.Глагоўская.
т. 7, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ ФАЛА́НГА (Falanga Espanola),
фашысцкая партыя ў Іспаніі ў 1933—67. Засн. Х.А.Прыма дэ Рыверам. У 1934 аб’ядналася з другой фаш. арг-цыяй — Хунтамі нацыянал-сацыялісцкага наступлення (засн. ў 1931). Абедзве групоўкі ўзніклі ў маладзёжным асяроддзі пад уплывам ідэйных і арганізац. узораў італьян. фашызму і ням. нацызму. Мела нацыяналіст. праграму: імкнулася да стварэння таталітарнай дзяржавы, прыняла прынцып аднаасобнага кіраўніцтва (нац. правадыр — Прыма дэ Рывера). Стварыла парт. міліцыю, якая дзейнічала тэрарыст. метадамі. Супрацоўнічала з італьян. і ням. фашыстамі. Варожа ставілася да ісп. рэспублікі 1931—36, пасля перамогі на выбарах Нар. фронту забаронена (сак. 1936). Актыўна падтрымала антырэсп. мяцеж (ліп. 1936), з 1937 адзіная легальная паліт. партыя на чале з Ф.Франка, прыняла назву «Ісп. фаланга традыцыяналістаў і хунт нацыянал-сацыялісцкага наступлення». Лічылася адным з гал. элементаў дыктатуры Франка; не адыгрывала самаст. паліт. ролі. Паводле дэкрэта 1958 ператворана ў грамадска-паліт. рух, у 1967 заменена Нац. рухам (распушчаны ў 1977).
т. 7, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ФЕАДАСІ́ЙСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1941—42,
дэсантная аперацыя войск Закаўказскага, з 30.12.1941 Каўк. фронту (камандуючы ген.-лейт. Дз.Ц.Казлоў, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва аперацыяй), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) супраць ням.-фаш. і рум. войск у Вял. Айч. вайну. Праведзена 25.12.1941—2.1.1942 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам і стварэння ўмоў для поўнага вызвалення Крыма. Удзельнічалі 44-я і 51-я арміі (6 стралк. дывізій, 2 стралк. брыгады, 2 горнастралк. палкі — усяго каля 42 тыс. чал.), 500 самалётаў франтавой авіяцыі, больш за 250 караблёў і суднаў. 26 снеж. пачалася высадка дэсантаў на ўсх. узбярэжжы Керчанскага п-ва, 29 снеж. — у раёне г. Феадосія. 29 снеж. вызвалена Феадосія, 30 снеж. Керч, да 2.1.1942 — увесь Керчанскі п-ваў. К.-ф.а. адцягнула значную колькасць ням.-фаш. войск ад Севастопаля, але далейшага развіцця не атрымала.
Літ.:
Зубков А.И. Керченско-Феодосийская десантная операция. М., 1974;
Кошелев С.П. Страница Феодосийского десанта: Зап. воен. корреспондента. 2 изд. М., 1981.
т. 8, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав. ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.
т. 8, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1917,
палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс. чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.
т. 8, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЕАКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, у якім вывучаюцца заканамернасці распаўсюджвання і ўзаемадзеяння акустычных хваль у крышталях. Заканамернасці К., абумоўлены анізатрапіяй уласцівасцей асяроддзя (найперш пругкіх уласцівасцей). Сфарміравалася на аснове даследаванняў пругкіх хваль у цвёрдых целах і развіцця метадаў узбуджэння і прыёму ультрагукавых хваль. Цесна звязана з лазернай фізікай, нелінейнай акустыкай, акустаэлектронікай, акустаоптыкай.
У крышталях, у адрозненне ад ізатропнага асяроддзя, скорасць распаўсюджвання хваль залежыць ад напрамку. Напрамак распаўсюджвання і пераносу энергіі нахілены да хвалевага фронту (за выключэннем асобных напрамкаў, напр., восей і плоскасцей сіметрыі і акустычных восей). Пругкія плоскія хвалі пры адсутнасці гіратрапіі лінейна палярызаваныя — ваганні часціц асяроддзя адбываюцца толькі ўздоўж пэўных напрамкаў адносна напрамку распаўсюджвання хваль. Хвалі сціскання — разрэджвання і зрушэння з’яўляюцца адпаведна квазіпадоўжнымі і квазіпапярочнымі і, апроч таго, хвалі зрушэння расшчапляюцца на 2 квазіпапярочныя хвалі, якія распаўсюджваюцца з рознымі скарасцямі. К. з’яўляецца асновай для стварэння тэхн. прылад і сістэм для даследавання ўласцівасцей асяроддзяў і практычнага выкарыстання анізатрапіі і ультрагуку.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
А.Р.Хаткевіч.
т. 8, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),
германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.В.Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙДА́НАК (Majdanek),
канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных газавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс. чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс. чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр. б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалей-пантэон.
Літ.:
Zeszyty Majdanka. T. 1—15. Lublin, 1965—94;
Majdanek 1941—1944. Lublin, 1991.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
бой падраздзяленняў 415-й стралк. дывізіі (палк. П.І.Машчалкоў) 61-й арміі Бел. фронту і 27-й Нараўлянскай партыз. брыгады імя Кірава (камандзір У.П.Яромаў) супраць ням.-фаш. захопнікаў за вызваленне г.п. Нароўля 28—30 ліст. ў Вял. Айч. вайну. У пасёлку знаходзілася каля 500 гітлераўцаў з 13 танкамі, 2 штурмавымі гарматамі «фердынанд», 2 бронемашынамі. 28 ліст. сав. дывізія фарсіравала р. Прыпяць і з Пд наблізілася да Нароўлі. Партызаны разведалі ўмацаванні праціўніка, наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых кропак і разам з камандаваннем дывізіі распрацавалі план вызвалення Нароўлі. У ноч на 30 ліст. партызаны (камандзір П.І.Літоўскі) і падраздзяленні стралк. палка абышлі пасёлак з 3 і Пн і пачалі наступленне. Баючыся акружэння, праціўнік адступіў. Нароўля была вызвалена, захоплены ваен. склады праціўніка. Партызаны і часці Чырв. Арміі вызвалілі таксама в. Верхні і Ніжні Млынок, з дапамогай насельніцтва пабудавалі мост цераз Прыпяць.
Я.К.Габец.
т. 11, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)