Гадуюць рыбу ў сеткавых або крацістых прыстасаваннях — садках. Выкарыстоўваюць прыродныя вадаёмы, вадасховішчы, сажалкі, вадаёмы-ахаладжальнікі і інш. Садкі (стацыянарныя або плывучыя) бываюць драўляныя, металічныя і інш.; памеры, форма, дэталі канструкцыі залежаць ад віду рыбы, асаблівасцей вадаёма і інш. С.р.г. забяспечваюць эканомію вады і зямельных угоддзяў, павялічваюць перыяд вырошчвання рыбы ва ўмовах аптымальнага тэмпературнага рэжыму. На Беларусі асн. аб’екты — карпавыя рыбы (карп, карась, расліннаедныя), шчупак, стронга. Агульная пл. садкоў каля 20 тыс.м², найб. буйная Белаазерская С.р.г. (Брэсцкая вобл.) на Бярозаўскай ДРЭС.
форма дзяржавы, пры якой улада манарха спалучалася з органамі саслоўнага прадстаўніцтва дваранства, духавенства і гараджан. Склалася ў большасці краін Еўропы ў 13—14 ст. у працэсе фарміравання агульнадзярж. саслоўяў і органаў саслоўнага прадстаўніцтва (парламент у Англіі, Ген. штаты ў Францыі, картэсы ў Іспаніі, Сейм у ВКЛ, Польшчы, Чэхіі і інш.). Саслоўнае прадстаўніцтва ў выглядзе Земскіх сабораў у 16—17 ст. існавала і ў Расіі. Звычайна С.м. гістарычна папярэднічала абсалютызму. У Рэчы Паспалітай (у складзе ВКЛ і Польшчы) абсалютызм не склаўся да канца яе існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,
даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз.дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЛО́Г (ад мана... + грэч. logos слова, мова),
маналагічнае маўленне, форма (тып) маўлення, разлічаная на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыняцце (у адрозненне ад дыялогу). М. ўласцівы значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, маюць індывід. кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праяўлення гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (маст. М., аратарская прамова, быт. апавяданне і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне, перакананне і інш.) прыналежнасці. Стылістычныя асаблівасці М. абумоўліваюць унутрыжанравыя адрозненні (аўтарская і простая мова персанажаў, навук. даклад і агітацыйнае выступленне) і вуснае ці пісьмовае ажыццяўленне маўленчага акта: пабудова сказаў, сінтакс. спосабы іх спалучэння, лексічны адбор і інш. М. можа быць у пэўнай ступені «дыялагізаваны»: уключаць звароткі, рытарычныя пытанні і інш. М. у літаратуры і тэатры — кампанент маст. твора ці самаст. жанр, аформлены пры дапамозе маналагічнага маўлення. У драме (спектаклі, кінафільме) — выказванне персанажа, звернутае да самога сябе або да інш. асоб, але фармальна не звязанае з іх рэплікамі.
Характэрны для трагедыі антычнасці, барока, Адраджэння, класіцызму, драмы рамантызму, сучаснай нерэалістычнай драмы, манадрамы (п’есы ў форме М.). Своеасаблівым М.-споведдзю ці М.-пропаведдзю з’яўляецца лірыка (пераважна т.зв. суб’ектыўная). Маналагічная форма ў эпасе — апавяданне ад першай асобы, у т. л.сказ. Асаблівая разнавіднасць М. — унутраны М. («плынь свядомасці»). Найб. часта М. карыстаюцца для выяўлення інтымных перажыванняў, абгрунтавання пэўнай ідэі, матывацыі ўчынкаў і паводзін, растлумачэння ранейшых падзей (пралогавая інфармацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯ́ЦЦЕ,
адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.
Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.Кант. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, асабліва Г.Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.
Літ.:
Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;
Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;
Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),
формадзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж. ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.
У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.
Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.
Літ.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА,
форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекай ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫЯ (італьянскае aria),
сольная вакальная кампазіцыя з інструментальным суправаджэннем у оперы, араторыі, кантаце, з сярэдзіны 19 стагоддзя і ў аперэце; радзей самастойны твор. Часам арыяй называюць інструментальную п’есу пявучага характару. Тэрмін вядомы з 15 стагоддзя. Да сярэдзіны 17 стагоддзя акрэсліліся характэрныя для італьянскай опернай Арыі тыпы мелодыкі (бельканта, каларатура), форма, віды, вызначылася драматургічная функцыя арыі як лірычнага цэнтра. Найбольшай жанравай разнастайнасці дасягнула ў сярэдзіне 19 стагоддзя. У сувязі з імкненнем да драматургічнай цэласнасці оперы з канца 19 стагоддзя арыя траціць вядучае значэнне, часам ператвараецца ў сцэну ці маналог. Разнавіднасці арыі — арыета, арыёза, каваціна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАЧЭ́ННЕў граматыцы,
даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.