МАРТЫ́НАЎ (Іван Аляксеевіч) (19.9. 1923, с. Нікола-Сергіеўка Тамбоўскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Хабараўскае кулямётна-мінамётнае вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з вер. 1943 на 1-м Прыбалт. фронце. Старшы лейт. М. вызначыўся 23—25 чэрв. ў баях пры фарсіраванні Зах. Дзвіны каля в. Дворышча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Загінуў у баі.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХО́ТА (Іван Рыгоравіч) (9.6.1918, в. Папаснае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 21.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Камандзір танк. роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.: у час варожай контратакі падбіты і ахоплены полымем свой танк ён накіраваў на батарэю праціўніка, знішчыў яе гарматы, што садзейнічала поспеху наступлення танк. батальёна; згарэў у танку.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРКО́ЎСКІ (Яўген Іванавіч) (31.1.1904, Мінск — 10.8.1992),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1927, у пагранвойсках. У Вял. Айч. вайну удзельнік абароны Масквы, з сак. 1942 камандзір асобнага партыз. атрада імя Дзяржынскага, які дзейнічаў на тэр. акупіраваных Гомельскай, Палескай, Брэсцкай абл. Беларусі, Чарнігаўскай, Сумскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Валынскай абл. Украіны, у 1944 кіраўнік дыверсійнай групы на тэр. Польшчы. У 1945—55 у органах КДБ.

Я.І.Міркоўскі.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Міхаіл Мікітавіч) (1919, в. Ліпавец Пакроўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 6.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Краснаярскае ваен. авіявучылішча штурманаў (1940). У Чырв. Арміі з 1939, на фронце з 1941. Штурман авіяэскадрыллі ст. лейтэнант П. зрабіў 213 баявых вылетаў, вызначыўся 6.10.1943 пры бамбардзіроўцы скопішча тэхнікі ворага на чыг. ст. Гомель; загінуў у баі.

М.М.Паўлаў.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУТЫ́РСКІ (Лявон Восіпавіч) (1901, Мінск — 7.5.1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. З 1911 працаваў на гуце, з 1916 слесар чыг. майстэрняў у Мелітопалі (Украіна). З 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. У час акупацыі Беларусі польск. войскамі на падп. рабоце ў Мінску. Вясной 1920 у партыз. атрадзе, які дзейнічаў у ваколіцах Мінска. Схоплены карнікамі і расстраляны ў Камароўскім лесе каля Мінска.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦЯ́ЛІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1925, с. Чыгарова Арамашаўскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Разведчык яфрэйтар П. вызначыўся ў 1944 у баі за в. Акцябр Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., дзе, ратуючы акружаных ворагам байцоў, уступіў у бой з 50 гітлераўцамі; калі скончыліся патроны, падарваў гранатай сябе і групу фашыстаў.

С.В.Пяцялін.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІНО́ВІЧ (Міхаіл Уладзіміравіч) (7.10.1901, г. Брэст — 27.12.1977),

генерал-маёр танк. войск (1942). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), бранятанк. курсы (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Паўн.-Зах., 2-м Бел. франтах: камандуючы бранятанк. і механізаванымі войскамі арміі, фронту. З 1944 у цэнтр. апараце Наркамата абароны СССР, у 1946—54 у войсках.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙПО́ЛЬСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (1834—6.3.1907),

бел. вучоны ў галіне гігіены; арганізатар аховы здароўя на Беларусі. Д-р медыцыны (1873). Скончыў Кіеўскі ун-т (1859). Працаваў урачом у Харкаўскай губ., у мед. дэпартаменце МУС. У 1876—1904 інспектар Гродзенскай урачэбнай управы. Стварыў у Гродзенскай губ. сістэму сельскіх мед. устаноў. Удзельнік ліквідацыі небяспечных эпідэмій. Ініцыятар склікання і старшыня з’ездаў урачоў Гродзенскай губ. (1892, 1893).

Ф.​І.​Ігнатовіч.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ТАЎ (Павел Іванавіч) (1.6.1897, в. Філісава Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобласці — 19.4.1985),

генерал арміі (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1927), акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1950). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Данскім, Сталінградскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах; камандзір стралк. корпуса, нам. камандуючага, камандуючы арміяй, нам. камандуючага войскамі Бранскага фронту. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. З кастр. 1942 камандуючы 65-й арміяй, якая ў кастр. 1943 фарсіравала Дняпро ў раёне Лоева, у 1943—44 вызваляла Рэчыцу, Мазыр, Бабруйск, Асіповічы, Слонім. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. З 1962 нач. штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. З 1965 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР У 1970—81 старшыня Сав. к-та ветэранаў вайны. Дэп. Вярх. Савета СССР (1927—50, 1954—66). Аўтар кнігі ўспамінаў «У паходах і баях» (3 выд., 1974).

П.І.Батаў.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РБЫШАЎ (Дзмітрый Міхайлавіч) (26.10.1880, г. Омск, Расія — 18.2.1945),

расійскі і сав. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. інж. войск (1940). Праф. (1938), д-р ваен. н. (1941). Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Сібірскі кадэцкі корпус у Омску (1898), Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію (1911). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1911—14 кіраваў рэканструкцыяй Брэсцкай крэпасці. У 1-ю сусв. вайну ва ўпраўленні начальніка інж. войск 11-й і 8-й армій. Са снеж. 1917 атрадны інжынер Чырв. гвардыі. У грамадз. вайну інжынер Калегіі па інж. абароне, удзельнік буд-ва шэрагу ўмацаваных раёнаў і інш. У 1923—26 старшыня інж. к-та Гал. ваенна-інж. ўпраўлення РСЧА і старшыня Ваенна-тэхн. к-та РСЧА. З 1926 выкладаў у Ваен. акадэміях імя Фрунзе і Генштаба. У Вял. Айч. вайну 8.7.1941 цяжка кантужаны ў баях каля Магілёва трапіў у палон. Закатаваны ў канцлагеры Маўтгаўзен (Аўстрыя). Аўтар больш як 100 прац па ваен.-інж. справе і ваен. гісторыі. У Гродне яму пастаўлены помнік. Яго імем названа малая планета Карбышаў.

Дз.М.Карбышаў.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)