МІНЕ́РВА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня, апякунка рамёстваў і мастацтваў. Разам з Юпітэрам і Юнонай складала Капіталійскую трыяду. З канца 3 ст. да н.э. М., атаясамленая з грэч. Афінай, шанавалася таксама як багіня дзярж. мудрасці і вайны, апякунка пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў, урачоў і настаўнікаў.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ВО́ДЫ,

воды сушы, якія пастаянна ці часова знаходзяцца на зямной паверхні ў вадкім (рэкі, ручаі, каналы, часовыя вадацёкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты) або цвёрдым (ледавікі і снегавое покрыва) стане. Разам з падземнымі водамі і вільгаццю ў атмасферы складаюць водныя рэсурсы тэрыторыі.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ САЦЫЯЛІ́СТАЎ (БПНС),

палітычная партыя ў Зах. Беларусі ў 1922—25. Утварылася як левае крыло Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). Заснавальнік С.​А.​Рак-Міхайлоўскі. Напачатку БПНС не проціпастаўляла сябе сацыял-дэмакратам. Разам з БСДП, Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй удзельнічала ў рабоце Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта і распрацоўцы выбарчай платформы. На выбарах у ліст. 1922 Рак-Міхайлоўскі выбраны паслом у польскі сейм. Пазней да БПНС далучыліся паслы П.​П.​Валошын, П.​В.​Мятла, Б.​А.​Тарашкевіч, якія пад уплывам КПЗБ і КП(б)Б выйшлі з Беларускага пасольскага клуба і 24.6.1925 утварылі самаст. фракцыю ў сейме — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў канцы 1925 разам з камуністамі пачалі ствараць аднайм. масавую арг-цыю. З гэтага часу БПНС злілася з КПЗБ.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ (Георгій Паўлавіч) (26.4.1933, г. Барысаў Мінскай вобл. — 25.2.1994, бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1970),

д-р фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Выявіў залежнасць ступені палярызацыі свячэння раствораў арган. злучэнняў ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага выпрамянення і па спектры люмінесцэнцыі. Распрацаваў шэраг метадаў фіз. кантролю ў вытв-сці, біялогіі і медыцыне. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений Мн., 1968 (разам з А.​Н.​Сеўчанкам, К.​М.​Салаўёвым);

Квантовая эффективность элементарных стадий фотохимических реакций хлорофилла // Молекулярная фотоника. Л., 1970;

Первичные физические процессы фотосинтеза (разам з А.​П.​Лосевым, Э.​І.​Зянькевічам) // Хлорофилл. Мн., 1974.

М.​І.​Токараў.

Г.П.Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ЎРЫД (Эдвард Антонавіч) (н. 8.10.1939, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1988), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1964 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1966 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1978 заг. аддзялення хіміяпрамянёвай тэрапіі). Навук. працы па камбінаваным лячэнні злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі, мадыфікацыі хімія- і радыеадчувальнасці злаякасных пухлін з дапамогай фізіка-хім. уздзеянняў, фотадынамічнай тэрапіі, пошуку і апрабацыі новых супрацьпухлінных прэпаратаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Применение гипертермии и гипергликемии в комплексном лечении злокачественных новообразований. М., 1981 (у сааўт.);

Гипертермия и гипергликемия в онкологии. Киев, 1987 (разам з С.​П.​Асінскім, С.​З.​Фрадкіным);

Диагностика и лечение распространенного рака желудка. Мн., 1991 (разам з М.​Я.​Фішарам. Н.​У.​Сачыўка).

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр. Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна

(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),

украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.​Крапіўніцкага, М.​Старыцкага, М.​Садоўскага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр. т-р у Кіеве. Узначальвала Нар. т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар. т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр. драм. т-р імя М.​Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага) і інш.

Літ.:

Дурилін С.М. Марія Заньковецька. Київ, 1955.

М.К.Занькавецкая.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫХА́Н (Леанід Іванавіч) (н. 26.7.1931, в. Слабада Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1984), д-р тэхн. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1955). З 1966 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі (у 1977—85 нам. дырэктара). Навук. працы па ядз. і традыц. энергетыцы. Упершыню даследаваў цепламасаперанос у аднафазных патоках і пры фазавых ператварэннях складаных хімічна ўзаемадзейных сістэм; распрацаваў канцэпцыю пасіўнай сістэмы бяспекі АЭС з легкаводнымі корпуснымі рэактарамі, тэхналогіі і апараты для глыбокай утылізацыі цяпла і ачысткі прамысл. газавых выкідаў.

Тв.:

Теплообмен в диссоциирующем теплоносителе четырехокиси азота. Мн., 1977 (разам з В.​Б.​Несцярэнкам);

Тепломассоперенос при фазовых превращениях диссоциирующих теплоносителей. Мн., 1984 (разам з У.​Ф.​Пуляевым, В.​М.​Салаўёвым).

Л.І.Калыхан.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНО́ВІЧ (Іван Іосіфавіч) (н. 18.4.1929, в. Цырын Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне дарожнага буд-ва і прамысл. транспарту. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1970). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1953). З 1962 у Бел. тэхнал. ін-це. У 1968—84 нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі, з 1980 у БПЛ. Навук. працы па праблемах прамысл. транспарту, буд-ве і эксплуатацыі аўтамаб. дарог, дарожным матэрыялазнаўстве і механіцы дарожных збудаванняў, тэорыі разліку зборна-разборных дарожных пакрыццяў, экалаг. маніторынгу.

Тв.:

Дорожное грунтоведение с основами механики грунтов. Мн., 1977 (разам з М.​П.​Вырко);

Основы строительного дела. Мн., 1980 (у сааўт.);

Дорожно-строительные материалы. Мн., 1983 (разам з К.​Ф.​Шумчыкам);

Дорожная климатология. Мн., 1994.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЕ́ПА (Калядзінскі) Іван Сцяпанавіч

(1644—8.9.1709),

украінскі дзярж. дзеяч. У 1669—73 на службе ў гетмана Правабярэжнай Украіны (у складзе Польшчы) П.Дарашэнкі, у 1674—81 — у гетмана Левабярэжнай Украіны І.​Самайловіча. У 1682—86 ген. есаул, у 1687—1708 гетман Левабярэжнай Украіны. Адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў Украіны. У час Паўночнай вайны 1700—21 узначальваў групоўку ўкр. старшыны, якая выношвала планы аддзялення Левабярэжнай Украіны ад Расіі і разлічвала на дапамогу Швецыі. Вёў тайныя перагаворы з каралём Рэчы Паспалітай (стаўленікам шведаў) Станіславам Ляшчынскім, пазней з каралём Швецыі Карлам XII. У 1708 разам з 5 тыс. казакоў перайшоў на бок Карла XII. Пасля паражэння швед. арміі ў Палтаўскай бітве 1709 М. разам з Карлам XII уцёк у тур. крэпасць Бендэр (цяпер у Малдове), дзе неўзабаве памёр.

Літ.:

Костомаров Н.И. Мазепа. М., 1992.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,

сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр. ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)