КІНАЗДЫ́МАЧНЫ АПАРА́Т, кінаапарат, кінакамера,

оптыка-механічная прылада для здымкі аб’ектаў на кінаплёнку (кіназдымкі). Для здымкі выкарыстоўваецца кінаплёнка шырынёй 70 мм (шырокафарматныя фільмы), 35 мм (звычайныя і шырокаэкранныя праз анамарфотную оптыку), 16, 2×8 і 8 мм (аматарская здымка). К.а. забяспечваюцца анамарфотнымі насадкамі, святлафільтрамі, маскамі, указальнікамі метражу плёнкі і інш.

Паводле прызначэння бывае: сінхронны (для кіназдымкі адначасова з гуказапісам на спец. плёнку), агульнага прызначэння (для нямой кіназдымкі ў павільёнах і на натуры; найб. пашыраны), прэцызійны (для камбінаванай, мультыплікацыйнай і інш. спец. кіназдымкі, дзе патрабуецца высокая дакладнасць сумяшчэння відарысаў), скарасны (для здымкі спарт. спаборніцтваў, хуткіх вытв. працэсаў і інш.), ручны (асн. тып апаратуры для хранікальна-дакумент. кіназдымкі, здымкі навук.-папулярных, навуч. і інш. фільмаў).

Схема кіназдымачнага апарата: 1 — здымачны аб’ектыў; 2 — люстраны абтуратар; 3 — калектыўная лінза; 4 — люстэрка; 5 — візірная лупа; 6 — падавальная касета; 7, 13 — зубчастыя барабаны; 8, 12 — петлі; 9 — кадравае акно; 10 — фільмавы канал; 11 — скачковы механізм; 14 — прыёмная касета.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),

прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.

Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.

А.​П.​Ткачэнка.

Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.
Да арт. Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫ́МЕТР,

прылада для вымярэння вугла павароту плоскасці палярызацыі монахраматычнага святла ў аптычна актыўных рэчывах або для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла (гл. Палярыметрыя).

Найпрасцейшы П. для вызначэння ступені палярызацыі — паўценявы П. Карню, асн. элементы якога — прызма Воластана (гл. Прызма аптычная) і аналізатар (гл. Аналізатар у оптыцы). Фотаэл. П. складаецца з аналізатара і фотапрыёмніка. Адносіны пераменнай складальнай току прыёмніка, атрыманай пры вярчэнні аналізатара, да яго пастаяннай складальнай вызначаюць ступень палярызацыі. Пры ўстаноўцы перад П. пласцінкі ў чвэрць даўжыні хвалі (гл. Палярызацыйныя прылады) вымяраюць ступень кругавой палярызацыі. У П., пабудаваных па схеме паўценявых прылад, вымярэнне вугла павароту плоскасці палярызацыі зводзіцца да ўраўновання яркасцей палавін поля зроку і адліку паказанняў па шкале вярчэнняў (прылады высокай адчувальнасці). Больш пашыраны аўтам. П. з фотаэл. рэгістрацыяй, дзе супастаўленне светлавых патокаў зводзіцца да палярызацыйнай мадуляцыі (гл. Мадуляцыя святла) і вылучэння на выхадзе прыёмніка святла сігналу асн. частаты. Гл. таксама Палярыскоп, Спектрапалярыметрыя.

П.​С.​Габец.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.

Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл. Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.

Літ.:

Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Пасажны інструмент: 1 — гарызантальная вось; 2 — астранамічная труба; 3 — аб’ектыў; 4 — факальная плоскасць; 5 — акулярны мікраскоп; 6 — сетка ніцей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.

Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл. Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт. РАТАН-600.

А.​А.​Шымбалёў.

Радыётэлескоп у кратэры вулкана Арэсіба.

т. 13, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДНІК электрычны,

прыстасаванне (апарат, прылада) у выглядзе 2 ці некалькіх электродаў, раздзеленых дыэлектрычным прамежкам (паветрам, газам, цвёрдым целам). Пры павышэнні напружання да пэўнага (прабойнага) значэння прамежак паміж электродамі прабіваецца эл. разрадамі, што прадухіляе ў эл. абсталяванні прабой ізаляцыі паміж праваднікамі.

Вентыльны Р. мае шэраг іскравых прамежкаў, паслядоўна з якімі ўключаны нелінейныя рэзістары; прызначаны для аховы ізаляцыі электраабсталявання ад атм. і камутацыйных перанапружанняў. У трубчастым Р. іскравы прамежак размешчаны ў канале трубкі, зробленай з ізаляцыйнага газагенерыруючага матэрыялу (газ, вылучаны пры разрадзе, гасіць дугу). Трубчасты Р.: выкарыстоўваецца ў асн. для аховы паветраных ЛЭП ад перанапружанняў. Існуюць таксама Р.: газавы (для аховы апаратуры правадной сувязі), імпульсны (у імпульсных прыладах), кіравальны (у імпульсных мадулятарах), рэзанансны (у антэнных камутатарах радыёлакацыйных станцый) і інш.

Разраднікі: а — вентыльны (1 — разрадныя іскравыя прамежкі; 2 — ізалюючыя дыскі); б — фібрабакелітавы трубчасты (1 — пробка са стальным каўпаком; 2 — электрод, 3, 4 — фібравая і гетынаксавая трубкі); в — кіравальны іскравы (1 — кіроўны электрод; 2 — асноўныя электроды).

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),

1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.

2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).

Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУУММЕ́ТР,

прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.

Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.

М.​І.​Дудо.

Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛАТО́МЕТР,

прылада, якая вымярае змены памераў цела, выкліканыя ўздзеяннем знешніх умоў (гл. Дылатаметрыя). Бывае оптыка-мех., ёмістасны, індукцыйны, інтэрферэнцыйны, рэнтгенаўскі, радыёрэзанансны і інш. Найб. важная характарыстыка — адчувальнасць да абс. змен памераў цела.

У оптыка-механічных Д. (адчувальнасць да 10​−7 см) змены памераў даследаванага ўзору выклікаюць адпаведныя зрушэнні светлавога паказальніка; у ёмістасных Д. (адчувальнасць да 10​−9 см) — змены ёмістасці калібраванага кандэнсатара; у індукцыйных Д. (адчувальнасць да 10​−9 см) пры зменах памераў узору змяняецца ўзаемаіндуктыўнасць двух шпуль індуктыўнасці; у інтэрферэнцыйных Д. (адчувальнасць да 10​−8 см) даследаваны ўзор размяшчаюць паміж аптычнымі пласцінамі і атрымліваюць інтэрферэнцыйную карціну пры асвятленні іх монахраматычным святлом (змены памераў выклікаюць зрушэнне інтэрферэнцыйных палос); у рэнтгенаўскіх Д. (адчувальнасць да 10​−6 см) вымяраюць змену параметраў крышталічнай рашоткі цела на рэнтгенаграмах; у радыёрэзанансных Д. (адчувальнасць да 10 ​12 см) выяўляюцца змены рэзананснай частаты аб’ёмнага рэзанатара, сценкі якога выраблены з даследаванага матэрыялу.

Дылатометры: а — вадкасны (1 — рэзервуар; 2 — калібраваны капіляр); б — кварцавы (1 — штурхач; 2 — трымальнік; 3 — узор; 4 — награвальнік або халадзільнік).

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЕКТАСКО́П (ад дэфект + ...скоп),

прылада або ўстаноўка для выяўлення дэфектаў (тыпу парушэнняў суцэльнасці ці аднароднасці, адхіленняў у хім. саставе) у матэрыялах, паўфабрыкатах і вырабах метадамі неразбуральнага кантролю. Стацыянарныя і лабараторныя Д. абсталёўваюць асцылаграфічнымі і лічбавымі індыкатарамі, самапіснымі прыстасаваннямі; пераносныя — стрэлачнымі прыладамі, гукавымі або асвятляльнымі сігналізатарамі. Існуюць Д., якія кантралююць рухомыя вырабы або самі рухаюцца адносна вырабаў (рэйкавыя Д., Д.-цялежкі і інш.).

Адрозніваюць Д.: ультрагукавыя (выкарыстоўваюць уласцівасць ультрагукавых хваль адбівацца ад дэфектаў, напр., трэшчын); рэнтгенаўскія і гама-Д. (прасвечваюць вырабы і матэрыялы адпаведнымі прамянямі, фіксуюць трэшчыны, ракавіны, пабочныя ўключэнні); магнітныя (з дапамогай магн. поля збіраюць магн. парашок або суспензію ў месцах дэфектаў); электраіндуктыўныя (узбуджаюць у вырабе або матэрыяле віхравыя токі, сіла і шчыльнасць якіх залежаць ад наяўнасці дэфектаў); люмінесцэнтныя (выяўляюць парушэнні пакрыццяў на дэталях электронных прылад); аптычныя (устаноўкі з прасветным экранам для візуальнага кантролю або сістэмай аўтам. аналізу відарысу; выяўляюць мікрашчыліны, мех. напружанні, адшчэпы, драпіны, скопішчы дыслакацый па змене інтэнсіўнасці адбітых прамянёў) і інш. Гл. таксама Дэфектаскапія.

П.​П.​Прахарэнка.

Схема аптычнага дэфектаскопа: 1 — аб’ект даследавання (паўправадніковая пласціна); 2 — пучок светлавых прамянёў; 3 — крыніца выпрамянення; 4 — экран.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)