«ЗУБРАНЯ́»,

рэспубліканскі дзіцячы лагер. Засн. ў жн. 1969 на беразе воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Размешчаны на пл. 64 га. Працуе круглы год. У лагеры створаны ўмовы для адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей. У комплексе пабудоў жылыя, лячэбныя і гасп. дамы, школа, б-ка, басейн. Дзеці 5 дружын («Азёрная», «Блакітная», «Зорная», «Лясная», «Сонечная») размяшчаюцца ў 5 аднайм. карпусах (на 160 месцаў). На тэр. лагера стадыён, пляцоўкі спарт. і для атракцыёнаў, фруктовы сад; на беразе пляжы, лодачная станцыя. У лагеры праводзяцца спартакіяды, фестывалі, канферэнцыі, рэсп. і міжнар. імпрэзы. «З.» супрацоўнічае з Бел. фондам сац. падтрымкі дзяцей і моладзі «Мы — дзецям».

Л.​Ю.​Лозка.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ШЫНКІ (Pisidium),

род прэснаводных двухстворкавых малюскаў. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 15 відаў. Найб. пашыраны гарошынка рачная (P. amnicum), гарошынка бліскучая (P. nitidum), гарошынка балотная (P. casertanum).

Ракавіна даўж. 2—10 мм авальная або яйцападобная з ссунутай назад верхавінкай. Рухаюцца з дапамогай ланцэтападобнай нагі. Дыханне шчэлепнае. Гермафрадыты. Моладзь выношваюць у вывадкавых камерах (марсупіях). За год даюць 2 патомствы. Кормяцца мікрапланктонам, рэшткамі раслін і жывёл. Удзельнічаюць у біялагічным самаачышчэнні вадаёмаў. Корм для некат. рыб.

Гарошынка балотная.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХАВА́НЫ ГРУНТ,

зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Вінёўка і Сапяжанка. Раянаваны ў Віцебскай вобл.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай негустой кронай. Плоданашэнне на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, ураджайны, сярэднеўстойлівы да паршы, устойлівы да бактэрыяльнага рака. Плады сярэдняй велічыні (80—100 г), прадаўгавата-грушападобнай формы, з падоўжнай баразёнкай. Скурка светла-жоўтая са слабым румянцам з сонечнага боку. Мякаць снежна-белая, духмяная, паўмасляністая, сакаўная, салодкая з прыемнай кіслінкай, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў канцы жніўня.

М.​Р.​Мялік.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМНА́Я ВОСЬ, вось вярчэння Зямлі,

умоўная прамая, вакол якой адбываецца поўны абарот Зямлі на працягу сутак; праходзіць цераз цэнтр Зямлі і перасякае зямную паверхню ў геагр. полюсах. Становішча З.в. ўскладняецца павольным паваротам яе па кругавым конусе (поўны абарот адбываецца за 26 тыс. гадоў — прэцэсія) і хістаннем восі з перыядам 18,6 года (нутацыя), змяняецца адносна цела Зямлі (сярэдняе становішча Паўн. полюса перамяшчаецца ў бок Паўн. Амерыкі са скорасцю 11 см/год). Нахілам восі вярчэння да плоскасці арбіты Зямлі (экліптыкі) тлумачыцца змена пораў года.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРАСА́О (Curaęao),

востраў у Карыбскім м., у групе Падветраных астравоў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы), каля паўн. берагоў Паўд. Амерыкі. Уладанне Нідэрландаў. Пл. 462 км². Нас. 146,1 тыс. чал. (1990), у асн. негры. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 372 м). Берагі на З і Пд акружаны каралавымі рыфамі, маюць зручныя гавані. Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў 500 мм за год. Ксерафільная хмызняковая расліннасць. Буйныя з-ды па перапрацоўцы нафты з Венесуэлы. Гал. горад — Вілемстад. К. адкрыты ў 1499 ісп. мараплаўцам А. дэ Ахедам.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХА́ВЕ (Mohave),

пустыня на ПдЗ ЗША, у паўд. частцы штата Каліфорнія; частка Вялікага Басейна. Пл. каля 30 тыс. км². Вастраверхія хрыбты (выш. да 3366 м) чаргуюцца з шырокімі і глыбокімі катлавінамі, запоўненымі пяском, у т. л. Даліна Смерці. Клімат рэзка кантынентальны, з гарачым летам. Ападкаў 45—150 мм за год, часам іх не бывае гадамі («полюс сухасці» Паўн. Амерыкі). Шэраг невял. салёных азёр. Зараснікі крэазотавых хмызнякоў, сукуленты (юкі, кактусы і інш.). У паўд. ч. запаведнік Джошуа-Тры (ахова пустыннай расліннасці і фауны).

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «НАФТА́Н».

Створана ў 1992 на базе Полацкага нафтаперапр. з-да (пабудаваны ў 1958—63); з 1976 Наваполацкі нафтаперапр. з-д, у 1980—92 ВА «Наваполацкнафтааргсінтэз». Перапрацоўвае да 12 млн. т нафты за год. Нафта паступае па адгалінаванні магістральнага нафтаправода «Дружба». Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны розных марак, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, паліўны мазут, змазачнае масла, бензол, талуол, параксілол, артаксілол, розныя маркі буд., дарожных і дахавых бітумаў, серная кіслата, прысадкі да змазачных маслаў, быт. газ, растваральнікі.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́РА (Navarra),

аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у паўд. адгор’ях Зах. Пірэнеяў. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 550 тыс. чал. (1997). У адм. адносінах утварае прав. Навара. Адм. ц. — г. Памплона. Рэльеф горны (пік Ані, 2504 м). Клімат умераны. За год выпадае 500—1000 мм ападкаў. У гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, агародніну. Вінаградарства і садоўніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць: металург., металаапр., хім., дрэваапр., папяровая, харч., у т. л. цукр. і вінаробчая, гарбарна-абутковая.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЭ́І (ад лац. oratio прамова, настаўленне, зварот),

жанр бел. фальклору; рыфмаваныя празаічныя творы віншавальна-павучальнага зместу. Узніклі ў даўнія часы, звязаны з зычэннем добрага здароўя і дабрабыту кожнай сям’і на новы год, Вялікдзень, перад пачаткам с.-г. работ і інш. Выконваліся звычайна рэчытатывам калядоўшчыкамі ці валачобнікамі. Вясельныя Р. выкарыстоўваліся ў час блаславення маладых, у т. л. зычэнні свата. Рэлігійныя Р. стылем блізкія да духоўных вершаў і звязаны з віншаваннем у сувязі з нараджэннем і ўваскрэсеннем Хрыста; лічацца школьнага паходжання.

А.​І.​Гурскі.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)