«Слова аб палку Ігаравым», «Слова пра паход Ігаравы» («Слово о плъку Игоревѣ, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова»), помнік літаратуры Кіеўскай Русі 12 ст. Узнік на аснове агульнай культуры рус., бел. і ўкр. народаў. Створаны, верагодна, у канцы 1185—86 у Кіеве. Аўтар невядомы. У «Слове» апавядаецца пра няўдалы паход на полаўцаў у 1185 ноўгарад-северскага кн. Ігара Святаславіча (1151—1202). Паэт. апісанне паходу, бітвы і паражэння перарастае ў творы ва ўсхваляванае, пранікнёнае і праўдзівае слова пра Радзіму, напоўненае глыбокім роздумам і трывогай за лёс роднай зямлі і яе народа. Прычыны няўдач, аслаблення ваенна-паліт. магутнасці Русі аўтар бачыў у абставінах, якія склаліся на ўсх.-слав. землях ва ўмовах феад. раздробленасці, у княжацкіх міжусобіцах, адсутнасці згоды і адзінства, няспынных нападах знешніх ворагаў. Асуджаючы своекарыслівыя паводзіны князёў, паэт заклікае іх спыніць сваркі і паслужыць агульнай справе ўмацавання абароны ўсёй Русі, аднаўлення паліт. аўтарытэту і магутнасці стольнага Кіева. Змест і вобразы паэмы цесна звязаны з рэальна-гіст. жыццём сярэдневяковай Русі і сведчаць пра шырокі кругагляд яе аўтара, пра яго глыбокую дасведчанасць у складанай гісторыі ўсх.-слав. зямель і княстваў, якую ён паказаў звял. аб’ектыўнасцю і дакладнасцю. Разнастайныя звесткі «Слова», аўтарскія апісанні падзей і дзейнасці гіст. асоб у цэлым не супярэчаць інш. тагачасным пісьмовым крыніцам, у прыватнасці летапісам, а месцамі ўдакладняюць і дапаўняюць іх. Твор — каштоўная крыніца пазнання далёкай мінуўшчыны ўсх. славян, у т. л. Беларусі. Яркай гіст. асобай, мудрым і дзейным валадаром, князем-чарадзеем і адначасова несправядліва пакрыўджаным, няшчасным чалавекам паказаны ў «Слове» легендарны Усяслаў Брачыславіч, намаляваны ў духу вусна-паэт.нар. традыцый з цеплынёй і спачуваннем. Уражвае сваім трагізмам і трапнасцю маст. апісання Нямігская бітва 1067. Значная ўвага, аддадзеная ў паэме Полацку і яго мінуламу, сведчыць пра важную ролю Полацкага княства ў гісторыі ўсх. славян, пра яго цесныя і даўнія ўзаемасувязі з Кіеўскай Руссю. Старонкі, прысвечаныя полацкім князям, у цэлым сугучныя агульнаму элегічнаму тону паэмы. Фінал «Слова» аптымістычны, напоўнены глыбокай верай у будучыню роднай зямлі і свайго народа. Аўтар выступаў з высокай грамадзянска-патрыят. і гуманіст. пазіцыі, выявіў агульнанар. погляды і імкненні таго часу. Твор — своеасаблівая энцыклапедыя Стараж. Русі, багатая крыніца пазнання тагачасных светапогляду, культуры і побыту. У яго мове адлюстраваліся асобныя рысы жывой гаворкі тагачаснай Чарнігава-Северскай зямлі, бел.-ўкр. моўнага сумежжа, дзе, верагодна, жыў і працаваў аўтар паэмы. Скарбы бел. мовы дапамагаюць больш дакладна зразумець і вытлумачыць некат. т.зв. цьмяныя месцы «Слова», якое змяшчае нямала т.зв. беларусізмаў. Высокая маст. дасканаласць, багацце і самабытнасць вобразаў, музычнасць паэт. мовы, публіцыст. пафас і ўзнёсласць, незвычайная змястоўнасць і праўдзівасць, глыбіня думкі і тонкі лірызм, падпарадкаваныя высокай ідэі, робяць твор помнікам неўміручага ідэйна-маст. гучання, маст. шэдэўрам сусв. значэння. Паэма паўплывала на л-ры ўсх.-слав. народаў, сцвярджаючы традыцыі народнасці і патрыятызму.
«Слова» адкрыў у пач. 1790-х г.рус. гісторык А.Мусін-Пушкін у рукапісе 16 ст., які зберагаўся ў Яраслаўлі і загінуў у Маскве ў 1812. Упершыню тэкст «Слова» апублікаваны ў 1800. Паэтычнасць, маст. сіла і глыбокая ідэйнасць гэтага твора паланілі А.Міцкевіча і У.Сыракомлю, Я.Купалу і М Багдановіча, пісьменнікаў, мастакоў, вучоных розных народаў. У ліку першых даследчыкаў «Слова» быў З.Даленга-Хадакоўскі. У 1910 паэт. пераклад урыўка паэмы пра смерць полацкага кн. Ізяслава зрабіў Багдановіч Першыя поўныя празаічныя пераклады на бел. мову належаць Я.Купалу (1919) і М.Гарэцкаму (каля 1920), у 1921 Я.Купала ажыццявіў адзін з найлепшых вольных паэт. перакладаў «Слова». Сярод апошніх бел. перакладаў — вольны пераклад Я.Крупенькі (нап. 1966—79, апубл. часткова 1976, цалкам 1994), дакладны і паэт. пераклад Р.Барадуліна (1984—85).
Публ.:
Слово о полку Игореве // Литературные памятники. М.; Л., 1950;
Слово о полку Игореве. Л., 1985 (Б-ка поэта);
Бел.пер. — Слова пра паход Ігаравы. Мн., 1986.
Літ.:
Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;
Лихачев Д.С. «Слово о полку Игореве»: Ист.-лит. очерк. 2 изд. М., 1982;
Яго ж. «Слово о полку Игореве» и культура его времени. 2 изд. Л., 1985;
Вечна жывое «Слова». Мн., 1989;
Виноградова В.Л. Словарь-справочник «Слова о полку Игореве» Вып. 1—6 М.; Л., 1965—84;
Булахов М.Г. «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке. Мн., 1989;
Энциклопедия «Слова о полку Игореве». Т. 1—5. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУШЭРСТВА І ГІНЕКАЛОГІЯ
Навук. акушэрства і гінекалогія на Беларусі пачалі развівацца з часу заснавання Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі акушэрства і гінекалогія набылі рысы дзярж.мед. сістэмы. У 2-й пал. 18—19 ст. ступень доктара медыцыны па акушэрстве і гінекалогіі мелі бел. ўрачы М.Гарадзецкі, К.Гарэльчанка, В.Грабавецкі, Б.А.Кадыгробаў, І.П.Надпарожскі, С.Прабароўскі, А.А.Сіцынскі. Д-р медыцыны К.І.Стржалка (Слуцк) распрацаваў аперацыю эмбрыяспандылатаміі (1863), С.К.Свянціцкі (Мінск) рабіў пластычныя аперацыі пры пузырна-пахвінных свішчах (1883). Сістэматычныя даследаванні і падрыхтоўка практычных кадраў па акушэрстве і гінекалогіі праводзяцца з часу заснавання ў 1923 мед. факультэта БДУ (першы заг. кафедры М.Л.Выдрын). У 1931 заснаваны Бел.НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (дырэктары Г.А.Калюжын, А.К.Усціновіч, Г.А.Шышко), у 1932 — Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, у 1934 — Віцебскі мед. інстытут (першы заг. кафедры Г.Я.Гофман). З 1958 пытанні акушэрства і гінекалогіі даследуюцца ў Гродзенскім, з 1990 — і ў Гомельскім мед. універсітэтах.
У 1920—40-я г.бел. вучоныя распрацоўвалі пытанні арганізацыі акушэрска-гінекалагічнай дапамогі, прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы догляду пупавіннага астатку нованароджаных (Выдрын, І.М.Старавойтаў), назапашвання, кансервавання, фракцыйнага пералівання плацэнтарнай крыві (Л.І.Кантаровіч, Л.І.Рахманчык), кольпацыталогіі ў акушэрстве і гінекалогіі (Г.Л.Дазорцава), распрацавалі і палепшылі методыкі шэрагу гінекалагічных аперацый (Я.У.Клумаў). Навук. працы 1945—60 прысвечаны пераважна вядзенню ўскладненых родаў, папярэджанню мёртванароджанасці і мацярынскай смяротнасці, прафілактыцы і лячэнню крывацёку пры родах, вывучэнню пасляродавых септычных хвароб. Бел. акушэры-гінеколагі абгрунтавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы ажыўлення ўяўнапамерлых нованароджаных (І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў), распрацавалі метад прафілактыкі і лячэння тэрмінальнага стану парадзіх уліваннем крыві ўнутр. артэрый, пытанні этыялогіі, патагенезу разрываў маткі, таксікозаў цяжарнасці і іх патагенетычнай тэрапіі з ужываннем аміназіну (В.Ц.Камінская, Персіянінаў). Прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосаб прафілактыкі бленарэі нованароджаных, распрацавалі прафілактыку кровазліцця ў мозг нованароджаных, лячэнне перадракавага стану шыйкі маткі, вядзенне родаў пры вузкім тазе (Гофман, М.Ф.Лызікаў). Удакладнены прычыны позняй асфіксіі плода, узроставай марфалогіі і інервацыі мяккай мазгавой абалонкі, лячэнне дысфункцыянальнага матачнага крывацёку (Лягенчанка, П.М.Сяржанін).
З 1960-х г.бел. акушэры-гінеколагі даследавалі праблемы антэнатальнай аховы плода, прафілактыкі перынатальнай паталогіі. Вывучалі прыроджаныя заганы развіцця, інфіцыраваныя выкідышы, невыношванне цяжарнасці пры сардэчна-сасудзістых хваробах і таксікозах, дыягностыку і лячэнне злаякасных пухлін; распрацоўвалі мерапрыемствы па зніжэнні захворванняў жанчын на прамысл. прадпрыемствах (З.А.Азёрная, В.С.Ракуць). Даследавалі асаблівасці родаў пры несвоечасовым выцяканні каляплодных вод, значэнне кортыкастэроідных гармонаў, ультрагуку ў лячэнні гінекалагічных хвароб, мікраэлементаў у паталогіі цяжарнасці (В.В.Асадчая, Г.І.Герасімовіч, Лызікаў). Вывучалі інервацыю жаночых палавых органаў (В.Р.Лінкевіч). Распрацавана і ўкаранёна ў практыку тэхніка хірургічных аперацый гнойных хвароб у гінекалогіі (Старавойтаў), метад люмінесцэнтнай цытадыягностыкі пухлін (І.А.Макарэнка). У апошнія дзесяцігоддзі вывучаюцца фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі (К.І.Малевіч, У.І.Дуда, В.Л.Васкрасенкі), дыягностыка і лячэнне запаленчых захворванняў (М.С.Занько, Г.А.Лукашэвіч), генітальна-герпетычная інфекцыя (І.М.Арэстава, А.І.Браноўская, Ю.К.Малевіч). Сфарміравана новая канцэпцыя аб праблеме генітальнага эндаметрыёзу (Т.С.Дзівакова, В.А.Перасада, Л.Я.Радзецкая, Л.Я.Супрун). Атрыманы новыя ўяўленні аб дыягностыцы і лячэнні дзіцячай і падлеткавай гінекалагічнай паталогіі (Н.П.Жукава, Л.Ф.Мажэйка), паталогіі шыйкі маткі (П.С.Русакевіч), вядзенні рознай акушэрскай паталогіі (В.М.Харкевіч), лячэнні бясплоднасці (С.І.Міхалевіч).
Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак у сучаснай медыцыне Беларусі. Па якасных паказчыках гэты кірунак дзейнасці знаходзіцца на ўзроўні большасці краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Гэта абумоўлена і мэтанакіраванай працай урада, навук. работнікаў і практычных урачоў. На пач. 2004 на Беларусі працавала больш за 2500 урачоў акушэраў-гінеколагаў, у т. л. каля 80 кандыдатаў і дактароў мед. навук.
Літ.:
Малевич К.И., Герасимович Г.И., Русакевич П.С. Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРАЛОГІЯ
Першыя на Беларусі даследаванні па неўралогіі праведзены М.Б.Кролем, які ў 1923 узначальваў кафедру нервовых хвароб пры мед. факультэце БДУ і створаны ў 1924 Бел.ін-т фізіятэрапіі (цяпер НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі). Вучні Кроля (І.А.Бейлін, Д.А.Маркаў, Г.С.Марголін, І.Л.Саснавік, М.А.Хазанаў) зрабілі значны ўклад у неўралагічную навуку. У 1930-я г. даследаваліся этыялогія і тапічная дыягностыка захворванняў нервовай сістэмы, лакалізацыя функцый у кары галаўнога мозга, нейрасіфіліс, эпідэмічны энцэфаліт. Маркаў прапанаваў праводзіць дыягностыку захворванняў нервовай сістэмы шляхам хронакасіметрыі і ўпершыню ў 1941 апісаў клешчавы энцэфаліт на Беларусі.
У пасляваенны час вывучаліся прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыка, лячэнне і прафілактыка рассеянага склерозу і інш. дэміэлінізавальных захворванняў нервовай сістэмы (Х.Л.Бельман, Я.Я.Гардзееў, М.М.Корын, А.Л.Леановіч, Маркаў, Г.К.Недзьведзь, А.М.Філіповіч), нейраінфекцый і поліяміэліту (В.І.Вацякоў, І.І.Протас, Э.У.Фельдман, Хазанаў), клешчавога і герпетычнага энцэфалітаў (Вацякоў, Протас), сасудзістых захворванняў нервовай сістэмы (І.П.Антонаў, С.Дзм.Бяздуцік, Л.С.Гіткіна, В.У.Еўсцігнееў, А.М.Мацеша, У.І.Савіч, А.Я.Сямак, В.Б.Шалькевіч). Упершыню ў СССР былі прапанаваны новыя метады дыягностыкі і хірургічнага лячэння анеўрызм сасудаў галаўнога мозга (Ф.В.Аляшкевіч, Э.І.Злотнік, А.Ф.Смеяновіч). Распрацавана аўтаімунная канцэпцыя астэахандрозу пазваночніка і яго клінічных праяў (Антонаў, Б.У.Дрывоцінаў), прапанаваны новыя спосабы дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі вертэбрагенных і інш. захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы (Антонаў, Дрывоцінаў, В.Я.Латышава, Я.А.Луп’ян, Недзьведзь, У.У.Панамароў, М.Ф.Філіповіч), цыстыцэркозу галаўнога мозга (Антонаў), эпілепсіі (Маркаў, Г.Г.Шанько), міястэніі (А.М.Панамарова). Апісана новая форма спадчыннай паталогіі, якая праяўляецца парушэннем росту валасоў і пазногцяў (С.В.Хадасоўская). Вывучаны характар вестыбулярных парушэнняў пры рознай неўралагічнай паталогіі (С.А.Ліхачоў, І.А.Склют), клінічныя праявы нейраартапедычных і нейраэндакрынных расстройстваў (Дрывоцінаў, М.З.Клябанаў, А.У.Руцкі, Шанько), распрацавана кібернетычная сістэма дыягностыкі і прагназіравання найб. пашыраных захворванняў нервовай сістэмы (Дрывоцінаў, М.С.Місюк, Сямак) і інш. Пад кіраўніцтвам Я.Ф.Лунца і Э.П.Цітаўца праведзена серыя эксперыментальных даследаванняў па вывучэнні патафізіялагічных і біяхімічных механізмаў гіпаксіі галаўнога мозга і інш. неўралагічных расстройстваў. Самастойнай галіной неўралогіі з’яўляецца дзіцячая неўралогія. Даследаванні па ёй праводзяцца з 1970. У 1980 заснавана кафедра дзіцячай неўралогіі пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (заг. Шанько). Станаўленню дзіцячай неўралогіі садзейнічалі М.А.Хазанаў і К.Г.Юрацкая. Даследуюцца асаблівасці клінікі, ранняй дыягностыкі і лячэння ў дзіцячым узросце эпілепсіі, гіперкінезаў, сасудзістых захворванняў мозга, хвароб перыферычнай нервовай сістэмы, паталогіі нервовай сістэмы ў нованароджаных. Праблемы неўралогіі разглядаюцца ў шэрагу манаграфій, навучальных і даведачных дапаможніках, у т. л. першых у СССР 3-томнай «Неўралогіі дзіцячага ўзросту» і «Энцыклапедыі дзіцячага неўролага» (пад рэдакцыяй Шанько). Асноўнымі навукова-практычнымі і навучальнымі ўстановамі па неўралогіі з’яўляюцца НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, кафедры неўралогіі ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел., Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах і Гомельскім мед. ін-це.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975;
Марков Д.А., Леонович А.Л. Рассеянный склероз. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 19 — ПАЧ 20 ст..
Новыя арх.-маст. погляды, што ахапілі Зах. Еўропу, на Беларусі набылі сваю спецыфіку. Пераход ад класіцызму да новых кірункаў у архітэктуры быў працяглы і складаны. Для 1860—90-х г. характэрна эклектыка з шырокім выкарыстаннем гістарызму — перайманнем гіст. стыляў мінулага (арх. І.Бельтрашы, А.Рандзівід, М.Чаховіч, К.Хршчановіч і інш.). Гатычныя формы, а часам і канструкцыі ўвасобіліся ў праектах загарадных сядзіб, культавых пабудоў: палац у Косаве (арх. Ф.Яшчалд, У.Марконі), касцёлы Троіцкі Залатагорскі (св. Роха) у Мінску, у вёсках Раўбічы Мінскага, Сар’я Верхнядзвінскага р-наў і інш. Эклектыка найбольшае развіццё атрымала ў малых гарадах і перыферыйных раёнах сярэдніх і буйных гарадоў. Яе прадстаўнікі арыентаваліся пераважна на стараж.-рус. архітэктуру (магілёўскія архітэктары У.Мільяноўскі, І.Вошчын, П.Камбураў, М.Міроненка, В.Сазонаў, Я.Торлін). Стылізатарства на тэмы рус. класіцызму характэрна для творчасці віцебскіх архітэктараў А.Палонскага, А.Ракава, А.Кляменцьева. З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся т.зв. руска-візантыйскі стыль, які быў сац. заказам рас. улад, асвячоны аўтарытэтам правасл. царквы. Сярод яго ўзораў: цэрквы Казанскай Божай Маці (чыгуначная) у Мінску, Аляксандра Неўскага ў Гродне, Мікалаеўская ў Петрыкаве, Ільінская ў Бешанковічах, Крыжаўзвіжанскі сабор у Полацку, царква ў в.Мількаўшчына Гродзенскага р-на. Стыль найб. выявіўся ў работах арх. Д.Грыма, У.Коршыкава, М.Прозарава. На мяжы 19 і 20 ст. развіваліся неаготыка, неакласіцызм, неарускі стыль і інш. Пераважная большасць касцёлаў з 1890-х г. будавалася ў неаготыцы (у вёсках Гервяты Астравецкага, г.п. Відзы Браслаўскага р-наў, г.п. Лагішын Пінскага р-на, гарадах Міёры, Паставы і інш.). Пабудовы ў неакласіцызме адметныя высокімі эстэт. вартасцямі: шэраг банкаўскіх устаноў у Гомелі, Баранавічах, Брэсце, даходных дамоў у Мінску (арх. С.Гейдукевіч, Г.Гай). У духу неабарока палац у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на (1908), Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на (1908—14). У 1910-я г. ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пашырыўся стыль мадэрн, які закранаў пераважна вонкавыя атрыбуты пэўнага стылю, што не вынікалі з агульнай аб’ёмна-прасторавай структуры пабудовы (творчасць В.Вукалава, С.Гейдукевіча, У.Коршыкава, Ц.Кібардзіна, М.Прозарава і інш.). Прыхільнікі мадэрну адмаўлялі эклектызм і стылізатарства. Вядучая роля ў развіцці стылю належала О.Краснапольскаму. Яго праграмай стала ўстанаўленне выразнай сувязі паміж формай і функцыяй (дом Кастравіцкай, на 1-м паверсе — упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі). У творчасці некаторых архітэктараў пераважаў чыста дэкар. пачатак (банк у Магілёве, арх. А.Друкер, П.Кальнін; гасцініца «Савой» у Гомелі, арх. С.Шабунеўскі). Вылучаліся 2 шляхі канструктыўнасці мадэрну: праз засваенне арх. спадчыны готыкі (сядзіба ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на, арх. К.Шрэтэр) і ранняга рус. сярэдневякоўя (пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, інж. К.Тарасаў; мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на, арх. А.Гаген). Ранні мадэрн (1890—1907) адметны дэманстратыўным адмаўленнем ад механічнага капіравання гіст.арх. форм. У гэты перыяд значныя зрухі адбыліся ў галіне сінтэзу архітэктуры і інш. відаў пластычных мастацтваў (капліцы-пахавальні Паскевічаў у Гомелі, Святаполк-Мірскіх у Міры), які спрыяў узнікненню творчых тандэмаў архітэктараў і скульптараў С.Шабунеўскага і П.Яцыны, Г.Гая і Я.Тышынскага і інш. На гэтым этапе адчувальны ўплыў эклектыкі з яе схільнасцю да дэкар. дэталей, самавызначаліся формы, плоскасці, лініі (пазямельна-сялянскі банк і дамы купца Касоўскага ў Гродне, Грошыкава ў Гомелі). Дэкор быў цесна звязаны з канструкцыяй (дзвярныя і аконныя абрамленні, металічныя рашоткі балконаў, лесвічных клетак, казыркоў уваходаў і інш.), у выглядзе рэльефнага арнаменту, мазаічнага ці жывапіснага пано (жылы дом Чалакаева ў Гродне, даходны дом у Магілёве, камерцыйны банк у Слоніме). На 2-м этапе (1907—17) адбывалася далейшае развіццё мадэрну. У 1910-я г. пад уплывам зах.-еўрап. (польскай) маст. культуры пашырыліся тэндэнцыі рацыяналістычнага кірунку. У паўн.-ўсх. раёнах (напр., у гарадах Віцебскай губ.) арх. традыцыі захоўвалі прыхільнасць да класіцызму, зпрычыны таго, што большасць губ., гар. і епархіяльных архітэктараў былі выпускнікамі Пецярбургскай АМ (В.Вукалаў, К.Макер, Ц.Кібардзін, Ф.Фурман). Засваенне нац. архітэктуры адбывалася менш рэльефна. Ідэйна-маст. і светапоглядная канцэпцыя мінулага ў развіцці архітэктуры была прапанавана В.Струевым, які ў 1898—1914 быў гал. архітэктарам Мінскай епархіі. Сярод яго работ: цэрквы Троіцкая ў в. Белавуша Столінскага (1905), у в. Хатава Стаўбцоўскага (1908) р-наў, Петрапаўлаўская ў г. Узда, на чыг. станцыі Гарадзея (абедзве 1910), Раства Багародзіцы ў в. Парэчча Пінскага р-на (1912), Нар. дом у Мінску (1912). Адной з рэгіянальных праяў у архітэктуры было выкарыстанне каменя-валуна (касцёлы ў вёсках Слабодка, 1903; Ліпнішкі, 1908, Браслаўскага р-на). Пазней цэлыя камяні ў буд. практыцы замянялі колатымі, прамежкі-швы паміж камянямі запаўнялі дробным друзам ці галькай. Такую тэхніку часта спалучалі з цаглянай муроўкай, гладкай ці фактурнай тынкоўкай, дасягаючы гэтым фактурнай разнастайнасці. Этапы маст. павеваў у бел. дойлідстве ад эклектыкі (гіст. рамантызму) праз мадэрн да рацыяналізму і канструктывізму прасочваюцца ў творчасці С.Шабунеўскага (будынкі Т-вас.-г. страхавання ў Мінску, жаночай гінекалагічнай бальніцы ў Гомелі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),
1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.
2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.
Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання зграмат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).
Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л.тв.скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).
Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец.сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.
Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл.Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм.Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана зінш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама зінш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.
Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.Зізаній, П.Шпілеўскі, К.Нядзведскі, І.Нядзёшаў, Я.Карскі, К.Каганец, Б.Пачобка, Б.Тарашкевіч, М.Булахаў і інш.
Літ.:
Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;
Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;
Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;
Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ.М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),
подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш.Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым у сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ.містыфікацый.
Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.А.Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.Дастаеўскі, Гайка №6 — А.Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.Шаўчэнка).
На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.
Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.Луцкевіч — Антон Навіна; В.Ластоўскі — Власт; М.Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.Скурко — Максім Танк; І.Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.Янчука і П.Дземідовіча, Максім Беларус — М.Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.Міцкевіча — Мікалаевец, І.Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.Жылуновіча — Бэйгар, С.Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.Бяспалага — Зм.Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.Луцэвіч, М.Б. — М.Багдановіч, Я.С. — Я.Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.Багушэвіч, *S — І.Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.Луцэвіч, Б—ч — М.Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.Рэка — А.Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.Багдановіч, Ганна Аршыца — У.Дубоўка, Ганна Галубянка — І.Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.Броўка і Я.Скрыган; І.Сібарсач — Я.Сіпакоў, Р.Барадулін, Б.Сачанка; Я.Лупаты — Я.Брыль, М.Лужанін, П.Панчанка, М.Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.Кудзелька, Г.Глебаў — Г.Сарокін, У.Уладамірскі — У.Малейка, В.Галіна — В.Александроўская, Л.Рахленка — Л.Г.Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.Лісіцкі, Ксёндз — А.Ксяндзоў, Мара — А.Марачкін, А.Эроціч — А.Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.Іваноў — А.Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.
Літ.:
Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;
Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;
Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;
Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;
Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;
Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;
Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;
Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;
Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ КАТАСТРО́ФА 1986,
адна з найбуйнейшых у свеце аварый на атамных электрастанцыях. Адбылася 26.4.1986 на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС, Украіна, каля мяжы з Беларуссю) у ходзе праектных выпрабаванняў сістэм бяспекі. У выніку 2 магутных выбухаў разбураны рэактар 4-га энергаблока, рэактарны блок і машынная зала. Пры гэтым верхняя накрыўка рэактара масай каля 2000 т апынулася на верхняй частцы шахты рэактара пад вуглом 15° да вертыкалі. Распаленыя абломкі бетону і графіту выкідваліся вонкі праз адтуліны ў даху будынка, адначасова ў навакольнае асяроддзе выкідваліся радыенукліды. У выніку вакол суседняга рэактара (3-га блока) і турбінных блокаў узнікла каля 30 ачагоў пажару. З адкрытай актыўнай зоны рэактара і асабліва ў выніку пажару графітавай муроўкі на працягу 10 дзён у атмасферу выкідвалася вял. колькасць радыеактыўных рэчываў у выглядзе газаў, аэразоляў і макрачасціц. На працягу першых 10 сут выкінуты ў атмасферу матэрыял у выглядзе струменя мяняў свае напрамкі ў адпаведнасці з напрамкам ветру, шырока распаўсюджваўся над тэр. большай ч. Еўропы. Найб. інтэнсіўнымі былі яго выпадзенні над тэр. Беларусі, Украіны і Расіі. Выпадзенні мелі месца таксама ў большасці краін Еўропы, але ў цэлым там узроўні забруджвання былі малыя. Пэўная колькасць радыенуклідаў рассеялася па ўсім Паўн. паўшар’і, у невялікай колькасці яны зафіксаваны нават у Японіі і ЗША. Для ізаляцыі разбуранага рэактара і прадухілення паступлення радыеактыўнага матэрыялу ў навакольнае асяроддзе ў ліст. 1986 над 4-м энергаблокам узведзена ахоўнае збудаванне — аб’ект «Укрыццё» (саркафаг). Каля 70% радыеактыўных рэчываў, што ў выніку Ч.к. трапілі ў атмасферу еўрап. часткі б.СССР, выпала на тэр. Беларусі; 23% яе тэрыторыі (46,5 тыс.км²) было забруджана цэзіем-137 больш за 37 кБк/м²; на Украіне з такой жа шчыльнасцю забруджвання 28,5 тыс.км² — 4,8% яе тэрыторыі; у Расіі 35,2 тыс.км² — 0,5% яе тэрыторыі. На забруджанай тэр. Беларусі пражывала 2,2 млн.чал. (каля 20% насельніцтва). З больш як 18 тыс.км² сельгасугоддзяў (22%) згасп. абарачэння з-за забруджвання выключана 2,64 тыс.км². У бел. сектары 30-кіламетровай зоны ад ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Кіраўніцтва СССР і БССР доўгі час замоўчвала і ўтойвала ад грамадскасці памеры радыеактыўнага заражэння на тэр. Беларусі ў выніку Ч.к., што стварыла рэальную пагрозу жыццю і здароўю вял. колькасці насельніцтва. У сувязі з адсутнасцю пэўны час належных захадаў па ліквідацыі наступстваў Ч.к. ў шэрагу населеных пунктаў Гомельскай вобл. адбыліся мітынгі і забастоўкі (гл.Гомельская забастоўка 1990). Экалагічнае ўздзеянне Ч.к. паставіла б.СССР перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычылі практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытв-сці, культуры і маралі. У ліп. 1989 Вярх. СаветБССР прызнаў усю тэр. Беларусі зонай экалагічнага бедства і, выкарыстоўваючы навук. патэнцыял вядучых устаноў і ведамстваў, прыняў Дзярж. праграму пераадолення наступстваў Ч.к. на 1990—95 і на перыяд да 2000, у 1991 — законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1998 — Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». З улікам глабальнага характару катастрофы, пагрозы яе вынікаў здароўю насельніцтва (у радыусе 30 км ад ЧАЭС) да 1.1.1987 з 188 нас. пунктаў эвакуіравана 115 174 чал., у т. л. на Беларусі 23,6 тыс., на Украіне 91,4 тыс., у Расіі 174 чал. За 15 гадоў пасля аварыі з зон забруджвання на Беларусі выселена больш за 135 тыс.чал., поўнасцю адселена 415 нас. пунктаў. Адсяленне жыхароў у асн. завершана. З больш як 5 тыс.чал., што пражывалі ў зоне наступнага адсялення, жаданне выехаць выказалі каля 2 тыс. Для перасяленцаў з 1986 пабудавана 64 836 кватэр, або 4519,4 тыс.м² жылля. Адначасова вырашалася задача ўзвядзення пасёлкаў, у іх пабудавана агульнаадук. школ на 44 072 месцы, дзіцячых дашкольных устаноў на 18 470 месцаў, амбулаторна-паліклінічных устаноў на 20 922 наведванні за змену, бальніц на 4160 ложкаў. З мэтай забеспячэння чыстым палівам насельніцтва забруджаных радыенуклідамі раёнаў пракладзена больш за 1898 км сетак газаправодаў, пабудавана 1847 км сетак водазабеспячэння, праведзена добраўпарадкаванне нас. пунктаў, жывёлагадоўчых ферм, механізаваных двароў і інш. аб’ектаў.
Ва ўсёй зоне забруджвання назіраецца рост сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішэчных, нервова-псіхічных захворванняў, хвароб апорна-рухальнага апарату і органаў дыхання. Растуць захворванні на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей (у 1966—85 іх было 21). Менавіта рак шчытападобнай залозы разглядаецца яе непасрэдны вынік Ч.к. З 1993 вядзецца Бел.дзярж. рэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі зпрычыны катастрофы на ЧАЭС. У яго занесены даныя пра больш як 250 тыс. чал.
На пач. 2001 на Беларусі налічвалася 9985 інвалідаў, у якіх устаноўлена прычынная сувязь захворванняў з вынікамі Ч.к., з іх 1835 дзяцей і падлеткаў. Штогод міжведамаснымі саветамі па ўстанаўленні прычыннай сувязі захворванняў з вынікамі катастрофы на ЧАЭС разглядаецца каля 3 тыс. спраў. Паглыбленае мед. абследаванне кожны год праходзяць больш за 1 млн.чал. Намаганнямі органаў дзярж. кіравання, грамадскіх чарнобыльскіх арг-цый, вучоных і спецыялістаў шэраг праблем удалося вырашыць. Створана заканадаўчая і нарматыўна-прававая база практычна па ўсіх кірунках дзейнасці па пераадоленні вынікаў Ч.к. Да 1991 выдаткі, звязаныя з пераадоленнем наступстваў Ч.к., нёс урад СССР; пасля распаду СССР увесь цяжар фін. выдаткаў лёг на Беларусь. Паводле падлікаў сумарныя страты на Беларусі ад Ч.к. ў 1986—2015 складуць каля 235 млрд.дол. ЗША (у цэнах на 1.6.1992 — амаль 32 бюджэты рэспублікі за 1985). У бюджэце Беларусі расходы на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку. Прынята Дзярж. праграма па пераадоленні вынікаў катастрофы на ЧАЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010. Паводле рашэння ўрада Украіны Чарнобыльская АЭС афіцыйна закрыта 15.12.2000. Аднак вырашэнне чарнобыльскіх наступстваў для жыхароў Беларусі яшчэ доўгі-доўгі час будзе складанай і балючай праблемай.
Літ.:
Чарнобыль: Погляд праз дзесяцігоддзе: [Давед.]. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЛІН (сапр.Джугашвілі) Іосіф Вісарыёнавіч
(21.12.1879, г. Горы, Грузія — 5.3.1953),
савецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1939), Герой Сав. Саюза (1945), Генералісімус Сав. Саюза (1945). Вучыўся ў Тыфліскай духоўнай семінарыі (1894—99; выключаны за рэв. дзейнасць). Чл.РСДРПз 1898, бальшавік з 1903. У 1902—13 неаднаразова арыштаваны і сасланы ў Сібір. У 1907 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бакінскага к-таРСДРП. Паплечнік У.І.Леніна. На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі завочна кааптаваны ў ЦК і Рус. бюро ЦКРСДРП і рэдакцыю газ. «Правда». На VI з’ездзе РСДРП(б) чытаў справаздачны даклад ЦК, выбраны чл. вузкага складу ЦК, чл. Палітбюро ЦК для кіраўніцтва ўзбр. паўстаннем. Чл. Петраградскага ВРК у час Кастр. рэвалюцыі 1917. Зліст. 1917 чл.ВЦВК. У 1917—22 нарком па справах нацыянальнасцей, адначасова (1919—22) нарком дзярж. кантролю. У гады грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22чл.РВС Рэспублікі, шэрагу франтоў і армій. У ліп.—жн. 1919 як чл.РВСЗах. фронту знаходзіўся на Беларусі ў раёне Барысава. У 1921 на X з’ездзе РКП(б) падтрымаў палітыку каранізацыі, адзначыў, што «існуе беларуская нацыянальнасць, у якой маецца свая мова, адметная ад рускай, зпрычыны чаго падняць культуру беларускага народа можна толькі на яго роднай мове». У 1922 пры абмеркаванні пытання аб аб’яднанні сав. рэспублік прапанаваў «план аўтанамізацыі», згодна з якім усе сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР як аўтаномныя (быў прыняты ленінскі план стварэння СССР). У 1922—53 Ген. сакратар ЦККамуніст. партыі. У канцы 1920—30-я г. ў ходзе барацьбы С. за лідэрства ў партыі і дзяржаве пачаў фарміравацца культ яго асобы. Пасля таго, як была згорнута новая эканамічная палітыка, праводзіў фарсіраваную індустрыялізацыю краіны і калектывізацыю сельскай гаспадаркі, у выніку чаго была створана эканам. і паліт. моцная дзяржава, здольная супрацьстаяць знешняй пагрозе; зэканам. мадэрнізацыяй краіны павысіўся ўзровень культуры і ў пэўнай ступені дабрабыт насельніцтва. С. імкнуўся звязаць тэорыю марксізмуздзярж. інтарэсамі краіны. Лічыў, што па меры будаўніцтва сацыялізму абвастраецца класавая барацьба, што служыла абгрунтаваннем рэпрэсій палітычных. У канцы 1930-х г. кіраваў напружанай работай па ўмацаванні абараназдольнасці краіны, у складаных міжнар. умовах пайшоў на збліжэнне з Германіяй (гл.Савецка-германскія пагадненні). З 1941 старшыня Саўнаркома (з 1946 Савета Міністраў) СССР. Дапусціў пралік у ацэнцы моманту магчымага нападу Германіі на СССР, што мела цяжкія наступствы ў 1-я месяцы Вялікай Айчыннай вайны 1941—45; у далейшым паслядоўна кіраваў барацьбой супраць ворага. З 30.6.1941 старшыня Дзярж.к-та абароны СССР, з 19.7.1941 нарком абароны СССР, з 8.8.1941 Вярх. галоўнакаманд. Узбр. Сіламі СССР. Пад яго кіраўніцтвам здабыта перамога сав. народа над фаш. Германіяй і мілітарысцкай Японіяй. Па словах прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля, сказаных у 1959, «вялікім шчасцем было для Расіі, што ў гады найцяжэйшых выпрабаванняў краіну ўзначальваў геній і непахісны палкаводзец Сталін». Як кіраўнік Сав. ўрада С. быў адным з арганізатараў антыгітлераўскай кааліцыі ў час другой сусветнай вайны 1939—45, удзельнічаў у канферэнцыі кіраўнікоў урадаў ЗША, СССР і Вялікабрытаніі ў Тэгеране (1943), Ялце і Патсдаме (1945). У пасляваен. перыяд пад кіраўніцтвам С. праводзілася хуткае аднаўленне разбуранай нар. гаспадаркі, ва ўмовах пагаршэння адносін з ЗША і Вялікабрытаніяй (гл.«Халодная вайна») была створана ўласная атамная зброя (1949). Пахаваны на Краснай Плошчы ў Маскве.
Асуджэнне культу асобы С. і яго палітыкі адбылося на XX (1956) i XXII (1961) з’ездах КПСС. Ацэнкі ролі С. ў гісторыі Сав. дзяржавы і Камуніст. партыі палярныя, часта з’яўляюцца прадметам паліт. дыскусій.
Тв.:
Соч.Т. 1—13. М., 1949—51. Т. 14—16, 1995—97;
Бел.пер. — Творы. Т. 1—13. Мн., 1950—55.
Літ.:
О преодолении культа личности и его последствий: Постановление ЦККПСС от 30 июня 1956 г. // КПСС в резолюциях и решениях... 8 изд. М., 1971. Т. 7;
Ленін У.І. Пісьмо да з’езда // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Васецкий Н. Сталин: борьба за лидерство в партии // Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Историки спорят: Тринадцать бесед. М., 1988;
Волкогонов Д.А. Сталин. Кн. 1—2. М., 1999;
Режим личной власти Сталина: К истории формирования. М., 1989;
Белади Л., Краус Т. Сталин: Пер. с венг.М., 1989;
Зевелев А.И. Истоки сталинизма: Лекция... М., 1990;
История и сталинизм. М., 1991;
Такер Р. Сталин: Путь к власти, 1879—1929: История и личность: Пер. с англ.М., 1991;
Яго ж. Сталин у власти. 1928—1941. История и личность: Пер. с англ.М., 1997;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995;
Яковлев Н.Н. Сталин: путь наверх. М., 2000.
У.А.Бажанаў.
А таксама: Макаренко В.П. Бюрократия и сталинизм. Ростов н/Д, 1989; Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ.М., 1989; Соловьев Б.Г., Суходеев В.П. Полководец Сталин. М., 2001; Залесский А.И. И.В.Сталин и коварство его политических противников. Кн. 1. Мн., 1999; Холловэй Д. Сталин и бомба. Советский Союз и атомная энергия. 1939—1956: Пер. с англ. Новосибирск, 1997; Кожинов В.В. Россия. Век XX. 1901—1939. М., 1999; Яго ж. Россия. Век XX. 1939—1964. М., 1999; Иванов Р.Ф. Сталин и союзники. 1941—1945 гг. Смоленск, 2000; Липартелиани Г. Сталин Великий. Частные попытки исследования личности И.В.Сталина. Изд. 2. СПб., 2001; Островский А. Кто стоял за спиной Сталина? СПб., 2002; Медведев Ж.А., Медведев Р.А. Неизвестный Сталин. М., Харьков, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСО́ЎСКІ Мікола (1470-я г. — пасля 1533),
паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.
Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.
У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. Звял.маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны звял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа зпрычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял.кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.Каспровіч), літ. (Б.Казлаўскас), рус. (Я.Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.Семяжон, У.Шатон, Н.Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.Агуновіч, У.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін, М.Селяшчук і інш., драматургі (А.Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Песня пра зубра. Мн., 1973;
Песня пра зубра. Мн., 1980;
Песьня пра зубра. Мн., 1994.
Літ.:
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;
Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд.Мн., 1996.
В.А.Чамярыцкі.
Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia), Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia),
дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на Зз Сьера-Леоне, на Пнз Гвінеяй, на Уз Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. зтэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт∙гадз, у 1993 атрымана 440 кВт∙гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. зпрычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.