МАРЫВО́ (Marivaux) П’ер Карле дэ Шамблен дэ

(Carlet de Chamblain de; 4.2.1688, Парыж — 12.2.1763),

французскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік ранняга Асветніцтва. Чл. Франц. акадэміі (з 1742). Аўтар галантна-авантурных («Фармазон...», 1712; «Дзіўныя дзеянні сімпатыі», 1713—14), парадыйна-сатыр. («Тэлемак навыварат», 1717) раманаў, бурлескнай паэмы «Іліяда навыварат» (1716). Лепшыя яго творы — рэаліст. раманы «Жыццё Мар’яны» (1731—41), «Удачлівы селянін» (1734—35). Як драматург сфарміраваўся пад уплывам тэатра Мальера і трагедый Ж.​Расіна, італьян. нар. камедыі дэль артэ. Камедыі «Сюрпрыз кахання» (1723), «Востраў нявольнікаў» (1725), «Гульня кахання і выпадку» (1730), «Перамога кахання» (1732), «Ілжывыя прызнанні» (1738) і інш. вызначаюцца лёгкасцю і лірызмам, вобразнасцю і вытанчанасцю мовы. Паўплываў на далейшае развіццё франц. драматургіі. Яго п’есу «Гульня кахання і выпадку» (1945) паставіў Брэсцкі абл. драм. т-р.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1961;

Жизнь Марианны. М., 1968;

Удачливый крестьянин, или Мемуары г-на***. М., 1970.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЛЬ (Merie) Рабер Жан Жорж (н. 29.8.1908, г. Тэбеса, Алжыр),

французскі пісьменнік. Д-р літ.-знаўчых навук. Скончыў літ. ф-т у Парыжы. З 1949 праф. Рэнскага, пасля Тулузскага, Алжырскага (1962—64), Парыжскага ун-таў. Дэбютаваў як літ.-знавец («Оскар Уайльд», 1948). У раманах «Уік-энд на Паўднёвым беразе» (1949, Ганкураўская прэмія), «Смерць — маё рамяство» (1953), «Востраў» (1962), п’есе «Сізіф і смерць» (1950) даследуе псіхалогію фашызму, уздымае пытанні асабістай адказнасці чалавека перад грамадствам. У цэнтры раманаў «За шклом» (1970), «Мадрапур» (1976) актуальныя паліт. і маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана-антыутопіі «Мальвіль» (1972), гіст. дылогіі «Лёс Францыі» (1977), «У нашы маладыя гады» (1979), рамана-рэпартажу «Сонца ўзыходзіць не для нас» (1986), філас. п’ес, дакумент. твораў.

Тв.:

Рус. пер. — Смерть — мое ремесло. М., 1963;

Монкада. М., 1968;

Разумное животное. М., 1969;

За стеклом. М., 1972;

Мальвиль. М., 1990;

Остров. Уик-энд на берегу океана. Кишинев, 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКУ́Р’ЕЎ Васіль Васілевіч (6.4.1904, г. Востраў Пскоўскай вобл., Расія — 12.5.1978),

расійскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1926). На сцэне з 1920. З 1928 у Ленінградскім т-ры акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам Л.​С.​Віўена, з 1937 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​С.​Пушкіна. Вядомы пераважна як камедыйны, характарны акцёр. Яго выканальніцкае майстэрства вызначалася яркасцю, непасрэднасцю, мяккім гумарам, лірызмам, тонкай псіхалагічнасцю. Сярод роляў: Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Меншыкаў («Пётр I» А.​Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Максімаў («За тых, хто ў моры» Б.​Лаўранёва) і інш. Здымаўся ў кіно: «Нябесны ціхаход» (1946), «Глінка» (1947, Дзярж. прэмія СССР), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Ляцяць журавы» (1957), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1979.

Літ.:

В.​В.​Меркурьев: Воспоминания. Статьи. М., 1986.

В.В.Мяркур’еў.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн. Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у г. Слуцк Мінскай вобл. Пабудавана ў традыцыях нар. дойлідства з элементамі стыляў барока і позняга класіцызму. Напачатку існавала як Канстанцінаўская царква ў Старым горадзе, у канцы 18 ст. перанесена ў прадмесце Востраў і пабудавана на месцы разабранай у 1795 Міхайлаўскай царквы. У 1812 разрабавана франц. войскамі. Першапачаткова храм 2-зрубны, складаўся з асн. аб’ёму і апсіды, у канцы 19 ст. з захаду да асн. аб’ёму прыбудавана вежа-званіца. Царква яруснай кампазіцыі. Асн. прамавугольны ў плане 3-светлавы аб’ём і апсіда апяразаны па перыметры 2 глухімі прамавугольнымі ў плане галерэямі. Асн. аб’ём завершаны васьмерыком на чацверыку на заломах і ветразях, над апсідай — чацверыковы верх. Над вярхамі складанай формы купалы з цыбулепадобнымі купалкамі на глухіх васьмерыках. 3-ярусная вежа-званіца завершана шлемападобным купалам са шпілем. З 1990-х г. сабор.

Ю.​А.​Якімовіч.

Слуцкая Міхайлаўская царква.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯСІ́ТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 43 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 3,45 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 10,6 м, даўж. берагавой лініі 12,8 км, пл. вадазбору 370 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на У 3—5 м), разараныя. Адзначаны 2 тэрасы на выш. 2 і 5 м. Берагі нізкія, на У месцамі да 0,5 м, параслі хмызняком і водна-балотнай расліннасцю. Пойма шыр. 10—50 м (на ПдЗ да 200 м), забалочаная, пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей 2 м дно выслана ілам. Мноства водмелей і ўпадзін. Востраў пл. 1 га. Уздоўж берагоў да глыб. 1—1,2 м паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м. У выніку меліярац. работ у бас. р. Ловаць узровень возера паніжаны на 1,2—1.5 м.

т. 15, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА.

У Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Пскоўскай вобл. Расіі, у бас. р. Обаль, за 4 км на З ад г.п. Езярышча, за 40 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 1,56 км², даўж. 2,83 км, найб. шыр. 780 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км. Пл. вадазбору 4,49 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў, злучаных вузкім пралівам: невял. акруглага ўсх. і выцягнутага з Пн на Пд заходняга. Схілы катлавіны на Пд выш. да 30 м, стромкія, на ПнЗ 5—7 м, спадзістыя, пясчаныя, укрытыя лесам. На Пн і Пд тэраса выш. 1 м. Берагі пераважна сплавінныя, на Пд, ПдУ і ПнЗ нізкія, пясчаныя і тарфяністыя. Пойма шыр. ад 50 да 300 м, месцамі забалочаная, парослая лесам. Дно плоскае, сапрапелістае. Востраў пл. 0,1 га. Зарастае па ўсёй плошчы. Выцякае ручай Чарнуля (злучае з воз. Іса).

т. 17, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБА́Н Яўген Пятровіч (29.12.1936, в. Калодзіна Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 30.7.1982),

бел. паэт і драматург. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). Працаваў акцёрам, пам. гал. рэжысёра па літ. частцы Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1958—65), Бел. т-ра імя Я Купалы (1976—80), у 1965—76 рэжысёр на Бел. тэлебачанні. Друкаваўся з 1960. Аўтар зб-каў вершаў «Нарачанка» (1969), «Чырвоныя сумёты» (1977), п’ес «Сіні снег» (паст. 1975, Бел. рэсп. т-р юнага гледача), «Чахарда» (нап. 1976), «Шрамы» (паст. 1977), «Чалавек з легенды» (з І.​Ражковым; паст. 1978; абедзве т-р імя Я.​Купалы), «Востраў Алены» (паст. 1982, т-р імя Я.​Коласа), лібрэта тэлеоперы «Ранак» (паст. 1968), сцэнарыяў, шэрагу тэлеспектакляў і інш. П’есам уласцівы вострыя канфліктныя сітуацыі, акрэсленая праблемнасць, лірызм. На бел. мову пераклаў асобныя творы М.​Шолахава, В.​Шукшына, Н.​Думбадзе, Ю.​Тууліка і інш.

Тв.:

П’есы. Мн., 1983.

С.​С.​Лаўшук.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ВА (Jawa),

востраў у групе Вялікіх Зондскіх астравоў Малайскага архіпелага; тэр. Інданезіі. Пл. 126,5 тыс. км². Даўж. больш за 1000 км. Адзін з самых густанаселеных раёнаў зямнога шара (113,6 млн. чал., 1994). Берагі слаба парэзаныя. Гарысты. Больш за 100 вулканаў (30 дзеючых, выш. да 3676 м), размешчаных уздоўж восі вострава. На Пн узгорыстая раўніна. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Т-ра паветра на працягу года на ўзбярэжжы 26—27 °C, у гарах 9—18 °C. Ападкаў 1—2 тыс. мм на раўнінах да 5—6 тыс. мм за год у гарах. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, на вяршынях гор — хмызнякі і лугі, на У — саванныя рэдкалессі. Нац. паркі — Балюран, Гунунг-Гедэ-Пангранга, Уджунг-Кулон; некалькі рэзерватаў. На раўнінах вырошчваюць рыс, кукурузу, цукр. трыснёг, какосавыя, пальмы, каўчуканосы. Радовішчы нафты, серы, руд марганцу, золата. Гал. гарады — Джакарта, Бандунг, Сурабая.

Марское ўзбярэжжа на захадзе вострава Ява.

т. 18, кн. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́СНА, Язна,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, каля в. Пад’язна, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,73 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 9,7 м, даўж. берагавой лініі 8,8 км. Пл. вадазбору 35,3 км². Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з ПдЗ на ПнУ; яе схілы выш. 10—12 м, на З стромкія, астатнія спадзістыя, пясчаныя, пад лесам, месцамі разараныя. Абразійны уступ выш. 1,5—3 м. Берагавая лінія ўтварае паўд., паўд.-зах. і паўн.-ўсх. плёсы. Берагі выш. 0,3—0,6 м, пясчаныя, параслі хмызняком, на ПдЗ зліваюцца са схіламі. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная і ілістая, глыбакаводная сапрапелістая, мае некалькі ўпадзін. Найб. глыбіні ў паўн.-ўсх. плёсе. У паўд.-зах. плёсе востраў пл. 1 га. Слаба зарастае, шыр. паласы зарастання да 60 м. Злучана ручаямі з азёрамі Белае і Малая Бароніца.

т. 18, кн. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)