ЛІВО́НІЯ (лац. Livonia, ням. Livland краіна ліваў),

Інфлянты, гістарычная назва зямель Усх. Прыбалтыкі, якая першапачаткова адносілася да вобласці рассялення ліваў на ўзбярэжжы Рыжскага заліва. З 2-й чвэрці 13 ст. яна пашырана на ўсю тэр. Латвіі і Эстоніі, заваяваную ням. крыжакамі. Л. называлі канфедэрацыю 5 духоўна-феад. дзяржаў (Лівонскі ордэн, Рыжскае арцыбіскупства, Дэрпцкае, Эзель-Вікскае, Курляндскае біскупствы), якія намінальна былі пад уладай рым. папы і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ і пазней у Рэчы Паспалітай у дачыненні да Л. ўжывалася назва Інфлянты. Пасля распаду Лівонскага ордэна (1561) у час Лівонскай вайны 1558—83, далучэння Паўн. Эстоніі да Швецыі (1561) і ўтварэння Курляндскага герцагства (1561) назва Л. (Інфлянты) ужывалася толькі ў адносінах да Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі, якія ў 1561 перайшлі пад ўладу ВКЛ. Тут было ўтворана Задзвінскае герцагства (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 Паўд. Эстонія і Паўн.-Зах. Латвія захоплены Швецыяй і ператвораны ў яе правінцыю. З 17 ст. за гэтай тэрыторыяй замацавалася ням. назва Ліфляндыя. У выніку Паўночнай вайны 1700—21 яна далучана да Расіі як Ліфляндская губ. Частка Л., што пасля 1629 засталася ў Рэчы Паспалітай, у 1667 ператворана ў Інфлянцкае ваяв. з цэнтрам у г. Дынабург (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) гэта тэрыторыя далучана да Расіі.

т. 9, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р. Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́КУЛЫ КАНФЕДЭРА́ЦЫІ (The articles of Confederation),

першая канстытуцыя ЗША. Прынята ў ліст. 1777, дзейнічала ў 1781—89. Замацавала заваяванні, дасягнутыя ў час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, і вызначыла рэсп. форму дзярж. ўпарадкавання б. англ. калоній у Паўн. Амерыцы, абвясціўшы ўтварэнне канфедэрацыі і вечны саюз штатаў.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РАЎ (Сямён Іванавіч) (31.1.1909, в. Вілейка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.5.1942),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскую ваен. пяхотную школу (1931). Удзельнік сав.-фінляндскай вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну полк пад камандаваннем падпалк. Азарава вызначыўся ў баях пад Ленінградам і ў Карэліі. Загінуў у баі.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЙША (Міхась) (Міхаіл Уладзіміравіч; 4.1.1950, в. Новы Лад Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 13.8.1990),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1981). Працаваў на Полацкім хім. камбінаце, у прэсе. Друкаваўся з 1973. Проза Барэйшы (зб. «Крыніца, чыстая вадзіца», 1988) пра жыццё нашага сучасніка, падзеі Вял. Айч. вайны. Пісаў апавяданні, гумарэскі, нарысы, эсэ.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕНЬ ВЕ́ДАЎ,

свята, якое адзначаецца 1 верасня. Устаноўлена паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 15.6.1984. У Рэспубліцы Беларусь у Дз.в. у школах традыцыйна праводзяцца тэматычныя лекцыі, гутаркі, урачыстыя лінейкі, запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арг-цый, навукоўцы, работнікі культуры, адукацыі, ветэраны вайны і працы і інш.

А.​Л.​Еўдакімава.

т. 6, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НСКІ (Віктар Мікалаевіч) (17.9.1903, г. Магілёў — 17.8.1963),

генерал-лейтэнант (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на Зах., 1-м Бел. франтах: нам. камандзіра дывізіі, стралк. корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, у Сталінградзе, пад Курскам, Берлінам. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЧАНКО́Ў (Міхей Мітрафанавіч) (н. 15.1.1913, в. Каськова Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з кастр. 1943. Камандзір стралк. аддзялення сяржант М. вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Усх. Прусіі. За час вайны знішчыў 125 варожых салдат і афіцэраў.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗ’Е́ЗД.

1) падраздзяленне (аддзяленне, узвод) у кавалерыі і артылерыі, якое прызначалася для аховы войск, разведкі праціўніка і мясцовасці, падтрымання сувязі паміж падраздзяленнямі і часцямі на маршы. Выкарыстоўваліся да 2-й сусв. вайны 1939—45.

2) Раздваенне аднакалейнага чыг. пуці, якое дазваляе размінуцца сустрэчным цягнікам; станцыя на такім месцы.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЕ́РКІ,

шляхецкі род герба «Мурдэлія», прадстаўнікі якога займалі дзярж.-адм. пасады ў ВКЛ. Мелі зямельныя ўладанні ў Мінскім і Полацкім ваяводствах, у Мазырскім, Наваградскім, Ашмянскім пав. У крыніцах згадваюцца з 16 ст. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Рыгор, удзельнік Ульскай бітвы 1564. Самуэль (1600 ? — 1675 ?), палкоўнік войска ВКЛ, войт мазырскі (1633), пасол соймавы, дэпутат трыбунала ВКЛ (1666), удзельнік вайны 1654—67. Антоні (1670 ?—1734), пасол соймавы, кашталян наваградскі (1726). Рафал Алоіз (1708—67), сын Антонія, маршалак мазырскі, пасол соймавы. Гервазы Людвік (1700 ?—71), сын Антонія, пасол соймавы, кашталян наваградскі (1724), войт мазырскі. Ян Мікалай (1735—96), сын Рафала, пасол соймавы, дэпутат трыбунала ВКЛ (1781), удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, з’езда шляхты 1793 у Хойніках па падрыхтоўцы паўстання 1794. Баляслаў (1822—96), маршалак павятовы (1860), удзельнік паўстання 1863—64. Аляксандр, гл. Аскерка А.У. Міхаіл, гл. Аскерка М.А.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)