Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕ́КТ (ад лац. affectus душэўнае хваляванне, страсць),
моцны кароткачасовы эмацыянальны стан, звязаны з раптоўнай зменай важных для суб’екта жыццёвых абставін. Адрозніваюць фізіял. афект і паталагічны, які ўзнікае ў адказ на цяжкую раптоўную псіхалагічную траўму і праяўляецца кароткачасовым псіхічным расстройствам. Афект суправаджаецца рэзкімі рухамі і зменамі ў функцыях унутр. органаў і праяўляецца моцнымі эмоцыямі — адмоўнымі (гнеў, абурэнне, злосць, жах) або станоўчымі (радасць, захапленне). У аснове афекту — стан унутр. канфлікту чалавека ад супярэчнасці паміж яго ўласнымі схільнасцямі, імкненнямі, жаданнямі і немагчымасцю іх выканання. Крымін. адказнасць за злачынства, учыненае ў стане фізіял. афекту, не выключаецца, але пры пэўных абставінах можа быць змякчана. За злачынства, учыненае ў стане паталаг. афекту, асоба крымін. адказнасці не падлягае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Майкл) (н. 29.8.1958, г. Гэры, штат Індыяна, ЗША),
амерыканскі рок-спявак і кампазітар. Прафес. выступленні пачаў у 1969 у складзе сямейнай групы «Пяцёрка Джэксанаў» (з 1975 наз. «Джэксаны»), першы сольны «хіт» выканаў у 1971 («Павінен быць тут»). З 1979 супрацоўнічаў са студыяй кампазітара і аранжыроўшчыка К.Джонсана. Сярод найб. вядомых альбомаў: «Са сцяны» (1979), «Трылер» (1982), «Дрэнны» (1987), «Небяспечны» (1991), шматлікія пласцінкі-«сінглы», у т. л. «Білі Джын» (1983). Найб. дасягненне Дж. як кампазітара — песня «Мы — гэта свет» (1985, разам з Л.Рычы), у запісе якой удзельнічалі многія зоркі сусв. музыкі. Яго відэа- і канцэртныя выступленні вылучаюцца экспрэсіяй, пластычнасцю, прадуманай харэаграфіяй, уражвальнымі рэжысёрскімі вырашэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.
Літ.:
Подокшин С.А. Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.
прынцып логікі, паводле якога палажэнне лічыцца сапраўдным, калі яно грунтуецца на пераканаўчых падставах. Фактычна з’яўляецца асновай усіх лагічных тэорый старажытнасці, сярэднявечча і новага часу; як асобны прынцып сфармуляваны Г.Лейбніцам. Мае аналогію з прычыннай залежнасцю аб’ектыўных з’яў. Калі ў аб’ектыўным свеце ўсякая з’ява, дзеянне і інш. мае прычыну, то ў пазнанні сапраўднасць усякай думкі павінна быць абгрунтавана. У дэдукцыйных разважаннях і тэорыях за дастатковую падставу прымаецца даказанае выказванне або сукупнасць такіх, з якіх лагічна вынікае выказванне, якое абгрунтоўваецца. Закон выражае ўласцівасць доказнасці лагічна правільнага мыслення. У аксіяматычных сістэмах і падобных да іх строгіх лагічных пабудовах Д.п.п. патрабуе забеспячэння пераканальнасці выказванняў тэорыі, што разглядаюцца ў якасці яе тэарэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАНДРАМАРФІ́ЗМ [ад гін... + грэч. anēr
(andros) мужчына + morphē форма, від),
наяўнасць у аднаго арганізма груп клетак, тканак або органаў з наборам храмасом, характэрным для розных палоў; прыватны выпадак мазаіцызму. Прычынамі гінандрамарфізму могуць быць страта адной з палавых храмасом у асобін гомагаметнага полу на розных стадыях антагенезу, утварэнне ў яйцаклетцы двух жаночых прануклеусаў, апладненне іх рознымі сперміямі і далейшае развіццё аднаго арганізма з двух’ядзернай зіготы. Назіраецца ў некат. ракападобных, насякомых, рыб, земнаводных, птушак. У пазваночных часцей наз. латэральным (аднабаковым) гінандрамарфізмам і праяўляецца толькі будовай палавога апарата, радзей пашыраецца на вонкавыя прыкметы адной палавіны цела. Гінандрамарфізм адрозніваюць ад гермафрадытызму, калі адбываецца сумяшчэнне прыкмет аднаго полу ў адным арганізме, які мае клеткі з аднолькавым наборам храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАФІЛІ́Я (ад гема... + ...філія),
хвароба, выражаная ў схільнасці да крывацёку ад спадчыннага паніжэння згусання крыві. У хворых на гемафілію можа быць нястача тромбапласціну — антыгемафільнага глабуліну, VIII фактару згусання крыві (гемафілія A), плазмавага кампанента тромбапласціну — IX фактару (гемафілія B), X фактару згусання крыві (гемафілія C). Найчасцей бывае гемафілія A і B; хварэюць толькі мужчыны. Адрозніваюць цяжкую, сярэднюю і лёгкую формы гемафіліі. Цяжкая форма хваробы праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці, лёгкая — пры траўмах, хірург. аперацыях. Пры гемафіліі працэс згусання крыві вельмі запаволены, пашкоджанне нават дробнага крывяноснага сасуда выклікае працяглы крывацёк. Бывае кровазліццё ў мышцы, суставы, крывацёк са слізістых, нырак, страўнікава-кішачнага тракту і інш. Лячэнне: пераліванне крыві, антыгемафільнай плазмы і спец. прэпаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАСЦЬу матэматыцы,
лік, які характарызуе магчымасць ажыццяўлення выпадковай падзеі ў пэўнай масавай з’яве. Фактычны сэнс І. раскрываецца вялікіх лікаў законам і імавернасцей тэорыяй.
У найпрасцейшым выпадку І. вызначаецца адносінамі ліку «спрыяльных вынікаў» да ліку «ўсіх магчымых вынікаў», які мяркуецца быць канечным. Напр., І. таго, што пры адначасовым кіданні 2 гульнявых кубікаў выпадзе сума ў 10 ачкоў, роўна 1/12, бо «спрыяльнымі вынікамі» будуць наступныя тры: (4, 6), (5, 5), (6, 4), у той час, як «усіх магчымых вынікаў» 36. Аналагічны падыход выкарыстоўваецца і ў выпадку бясконцых колькасцей. Тады ў лічніку ставіцца мера спрыяльнага мноства (плошча, аб’ём і г.д.), а ў назоўніку мера ўсяго мноства магчымых падзей. У агульным выпадку І. вызначаецца аксіяматычна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦЫ́Т [ад лац. calx (calcis) паленая вапна],
вапнавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю, CaCO3Гал. пародаўтваральны мінерал мелу, вапняку, мармуру; часта змяшчае прымесі магнію, жалеза, марганцу. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ромбаэдрычныя, пласціністыя і інш. Агрэгаты зярністыя, сталактытападобныя, зямлістыя, валакністыя. Бясколерны ці белы, прымесямі можа быць афарбаваны ў розныя колеры. Бляск шляпы. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,7—2,8 г/см³. Крохкі. Разнавіднасці: ісландскі шпат, антраканіт — чорны К. Паходжанне — арганічнае, хім. асаджэнне ў вадаёмах, гідратэрмальнае, метамарфічнае. Выкарыстоўваецца для вытв-сці партландцэменту, вапнавання глеб, як флюс пры выплаўцы жалеза і інш. металаў, у буд-ве і інш. На Беларусі трапляецца па ўсім разрэзе асадкавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБА́ЙН (англ. combine літар. злучэнне),
агрэгат з некалькіх рабочых машын, прызначаных адначасова выконваць поўны цыкл рознахарактарных аперацый. Пачаткам такога цыкла можа быць здабыванне сыравіны, канцом — выпуск прадукцыі.
Аб’яднанне некалькіх паслядоўных аперацый у К. паскарае вытв. працэс і павышае прадукцыйнасць працы за кошт выключэння міжаперацыйных страт часу, матэрыялаў і шматлікіх паўтарэнняў пагрузачна-разгрузачных, трансп. і інш. работ. К. бываюць рухомыя (самаходныя, прычапныя) і стацыянарныя. Найб. пашыраны рознага тылу К. ў с.-г. вытв-сці, напр., бульба-, збожжа-, канопле-, корма-, кукуруза-, сіласаўборачны К. (гл. адпаведныя арт.), ільноўборачны (гл. ў арт.Ільноўборачныя машыны).Выкарыстоўваюцца К. ў горнай справе (гл.Горны камбайн), атрымалі пашырэнне кухонныя К. (гл. ў арг.Кухонныя прылады і прыстасаванні), музычныя К. (музычныя цэнтры).