ГІ́РГЕЛЬ Мікалай Сяргеевіч (н. 1.8.1946, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Брат С.С.Гіргеля. Скончыў графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). З 1976 мастак БелТА, з 1991 у газ. «Рэспубліка». Працуе ў жанры карыкатуры, плаката, шаржа. Аўтар зб-каў карыкатур «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), шаржаў на дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў. Малюнкам Гіргеля ўласцівы праблематычнасць (пластычны малюнак), сатыр. вастрыня.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гіргель. Экалогія. 1989.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯК,

ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў — алею, квасу, вады і інш. Часам у ім заварвалі чай, настойвалі зёлкі. Шарападобная, радзей крыху падоўжаная пасудзіна з кароткім вузкім горлам з літком або без яго, з 1—2 ручкамі. Памеры ад цацачных (0,1 л) да вялікіх (8—10 л). Рабілі глякі чорна-задымленыя, паліваныя, зрэдку гартаваныя, упрыгожвалі глянцаваным і лінейна-хвалістым контррэльефным арнаментам, ангобнай размалёўкай.

Глякі.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССПРЭ́ЧНАЕ СПАГНА́ННЕ,

у цывільным праве прымусовае спагнанне запазычанасці ў бясспрэчным парадку без звароту ў суд ці іншы орган, які вырашае маёмасныя спрэчкі. Бясспрэчнае спагнанне з юрыд. асоб ажыццяўляецца на падставе распараджэнняў правамоцных органаў і выканаўчых дакументаў спісаннем грашовых сум з адпаведных рахункаў у банках; з грамадзян (нявернутыя пазыкі, нявыплачаная кватэрная плата, камунальныя плацяжы і інш.) — па выканаўчым надпісе натарыята. У Рэспубліцы Беларусь дапускаецца толькі ў выпадках, прама прадугледжаных законам.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫФ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ША Юрый Карлавіч (3.3.1899, г. Кіраваград, Украіна — 10.5.1960),

рус. пісьменнік. У 1916—18 вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Аўтар рамана «Зайздрасць» (1927), рамана-казкі «Тры таўстуны» (1928; аднайм. фільм, 1967), кнігі апавяданняў «Вішнёвая костачка» (1931), мемуарна-дзённікавых запісаў «Ні дня без радка» (выд. 1961). Пісаў вершы, нарысы, кінасцэнарыі і інш. Інсцэніраваў для тэатра раман Ф.​Дастаеўскага «Ідыёт».

Тв.:

Избр. М., 1983;

Бел. пер. — Зайздрасць. Мн., 1931.

Ю.К.Алеша.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАГЕ́НЫ,

хім. элементы, неабходныя для жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вядома каля 20 элементаў. Сав. вучоны Б.​Б.​Палынаў (1968) вылучыў арганагены абсалютныя (кісларод, вадарод, вуглярод, азот, марганец, калій, сера), без якіх немагчыма існаванне арганізмаў і з якіх пераважна пабудаваны арган. рэчывы — бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны і прадукты іх пераўтварэнняў, і арганагены спецыяльныя (крэмній, натрый, кальцый, жалеза, фтор, магній, стронцый, бор, цынк, медзь, бром, ёд), неабходныя многім, але не ўсім арганізмам.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,

узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 10​6; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́СЫЛКА,

1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.

2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТЫЯКАЎЛЁЗЫ,

гельмінтозныя хваробы свойскіх і дзікіх траваедных жывёл, якія выклікаюцца нематодамі з роду Dictyocaulus. Вельмі пашыраны сярод авечак, коз і буйн. раг. жывёлы.

Развіццё гельмінта без удзелу прамежкавага гаспадара. Хварэе пераважна маладняк ва ўзросце да году. Жывёлы заражаюцца праз ваду і корм (пераважна ўлетку на пашы), інвазаваныя лічынкамі нематод. Першыя выпадкі захворвання адзначаюцца ў чэрв.—ліпені, максімальны пік інвазіі прыпадае на жнівень. Хвароба выяўляецца бранхітамі і запаленнем лёгкіх, анеміяй, знясіленнем.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)