успрыманне будучыні, калі жаданае або неабходнае бачыцца як рэальнасць, якая павінна здзейсніцца. Фарміруецца ў выніку пазнання аб’ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове назапашанага суб’ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.). У прадказанні магчымага развіцця падзей Н. адыгрывае ролю ўнутр. рэгулятара дзейнасці, які дапамагае чалавеку вызначаць яе вынікі і мэтазгоднасць, адлюстроўвае жыццёвыя спадзяванні асобы і грамадства. У этыцы хрысціянства Н. (асабліва на пасмяротную ўзнагароду) разам з верай і любоўю належыць да гал. дабрачыннасцей, выяўляе Ідэю перакананасці ў справядлівасці і міласэрнасці божай. Гарантам рэліг. Н. лічыцца Хрыстос, а сродкамі яе ажыццяўлення — малітва і прытрымліванне запаведзей аб шчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЁМНАЯ ПРА́ЦА,
праца работніка па дагаворы найму на прадпрыемстве, уласнікам якога ён не з’яўляецца. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь найм (прац. дагавор) — пагадненне паміж работнікам і наймальнікам, паводле якога работнік абавязваецца выконваць работу па пэўнай прафесіі, спецыяльнасці або пасадзе адпаведнай кваліфікацыі і падпарадкоўвацца ўнутр.прац. распарадку, а наймальнік абавязваецца выплачваць яму зарплату і забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя дагаворнымі бакамі, заканадаўствам і калектыўным дагаворам. Наймальнікамі з’яўляюцца прадпрыемствы, установы, арг-цыі, т-вы, кааператывы незалежна ад наймення і форм уласнасці, прадпрымальнікі і інш. грамадзяне, якім дадзена права заключэння і спынення прац. дагавору. Работнікамі з’яўляюцца асобы, якія заключылі прац. дагавор з наймальнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРО́Й,
устойлівы псіхічны стан умеранай або слабай інтэнсіўнасці (параўнальна працяглы), які выяўляецца ў станоўчым або адмоўным эмацыянальным фоне псіхічнага жыцця індывіда. У адрозненне ад сітуацыйных эмоцый і афектаў Н. з’яўляецца эмацыянальнай рэакцыяй чалавека на розныя з’явы ў кантэксце яго абагульненых жыццёвых планаў, інтарэсаў, чаканняў. У залежнасці ад ступені ўсведамлення прычын, якія выклікалі Н., ён перажываецца як непадзельны агульны эмацыянальны фон (прыўзняты, прыгнечаны і г.д.) або як стан асобы (радасць, захапленне, смутак, туга, страх і г.д.). Імкненне кантраляваць свой Н., знаходзіць і засвойваць спосабы яго карэкцыі — задача выхавання і самавыхавання (гл.Самарэгуляцыя). Беспрычынныя ваганні Н. могуць мець паталагічнае паходжанне (гл.Дэпрэсія, Эйфарыя) або абумоўлены прыроднай канстытуцыяй чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),
права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭФЕ́КТ (ад лац. praefectus начальнік),
1) адм. або ваен. пасада ў Стараж. Рыме, а таксама асоба, якая яе займае.
2) У шэрагу дзяржаў асобыін-т прадстаўнікоў цэнтр. (Румынія) або рэгіянальнага (Расія) урада на месцах. Ін-т П. узнік у Францыі ў 1802, дзе да ліквідацыі яго ў 1982 у якасці прадстаўніка ўрада П. ажыццяўляў адм. нагляд за дзейнасцю органаў мясц. самакіравання і мясц. кіравання ў дэпартаментах. У Румыніі П. назначаюцца ў кожны павет і муніцыпію Бухарэст, дзе яны кіруюць службамі мін-ваў і інш.цэнтр. органаў у гэтых адм.-тэр. адзінках. У Расіі П. існуюць у Маскве, дзе назначаюцца мэрам для кіраўніцтва ў адм. акругах горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТА́Н ((Rostand) Эдмон) (1.4.1868, г. Марсель, Францыя — 2.12.1918),
французскі драматург і паэт-неарамантык. Чл.Франц. акадэміі (з 1901). Па адукацыі юрыст. Дэбютаваў як драматург у канцы 1880-х г. Вядомасць прынеслі камедыя «Рамантыкі» (паст. 1894), драмы «Прынцэса Мара» (паст. 1895), «Самарыцянка» (паст. 1897). Найб. вядомая яго п’еса «Сірано дэ Бержэрак» (паст. 1897), у якой стварыў рамант. вобраз паэта-вальнадумца, гуманіста, абаронца свабоды і незалежнасці чалавечай асобы. Аўтар гіст. драмы «Арляня» (паст. 1900), сатыр. п’есы «Шантэклер» (паст. 1910), зб-каў вершаў «Палёт «Марсельезы» (выд. 1919), «Песня ў гонар крылаў» (выд. 1922) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́НІКІ,
раслінныя згуртаванні з нізкарослых форм дрэў, хмызнякоў і кусцікаў (елка, лістоўніца, кедр, хвоя, бук, рабіна, бяроза, ядловец, верас і інш.), што сцелюцца па зямлі. Развіваюцца ў неспрыяльных умовах для прамаствольнага росту (нізкія т-ры, моцныя вятры, працяглае і глыбокае снегавое покрыва і інш.). Трапляюцца ў гарах, каля верхняй мяжы лесу (часта ўтвараюць цяжкапраходныя зараснікі), у тундры і лесатундры, на марскіх берагах. Працягласць жыцця ў С. большая, чым у прамастаячых дрэвавых раслін (напр., сланікавая форма хвоі звычайнай ў гарах жыве да 1000 гадоў). Падзяляюцца на сланцы — сцелістыя дрэвы, уласна С. — сцелістыя хмызнякі і сланічкі — сцелістыя кусцікі (верасоўнікі), што разам складаюць асобы морфагенетычны рад жыццёвых форм дрэвавых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,
у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл.Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр.б. Югаславіі пасля 25.6.1991.
Літ.:
Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;
Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗНАК,
архітэктурна-скульптурнае збудаванне, звычайна ў выглядзе невысокай стэлы з рэльефам або каменя з тэкстам. Устанаўліваецца ў гонар значнай гіст. падзеі або выдатнай асобы. Уключае надпіс-прысвячэнне, сціплы дэкор, часта партрэтную, сюжэтную ці алегарычную выяву. Бывае самаст. ці ўваходзіць у мемар. комплекс. Ставіцца звычайна там, дзе адбылася падзея або на месцы, звязаным з жыццём выдатнай асобы. М.з. ў Мінску: на бульвары Шаўчэнкі Тарасу Шаўчэнку (1978, скульпт. С.Вакар), на пл. Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газ. «Звязда» Героя Сав. Саюза У.С.Амельянюка (1980, скульпт. А.Анікейчык, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), у двары Дома друку на ўшанаванне памяці рабочых друкарні, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну (1984, арх. А. і М. Ткачукі); у Барысаўскім р-не на Брылёўскім полі каля в. Студзёнка ў гонар рас. арміі, якая перамагла напалеонаўскія войскі ў час іх пераправы цераз р. Бярэзіна ў 1812 (1912) і на ўшанаванне памяці франц. салдат, што тут загінулі (1997, скульпт. І.Міско); у Магілёўскім р-не каля в. Буйнічы на месцы, дзе быў развеяны прах рас. пісьменніка К.Сіманава (1980), на бел.-літ. памежжы ў гонар К.Каліноўскага (скульпт. В.Янушкевіч), на месцы трагедыі 30.5.1999 на станцыі метро «Няміга» (скульпт. Г.Буралкін, арх. А.Чадовіч; абодва 1999), і інш. М.з. — састаўная ч. ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (на месцы заставы Наганава), «Праклён фашызму (на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны знак на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» У.С.Амельянюка.