род птушак сям. сяўцовых падатр. кулікоў. 3 віды: тулес, уласна С.з. (P. apricaria) і С. буракрылы (P. dominica). Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Амерыцы. Гняздуюцца на балотах, у далінах рэк, азёрных катлавінах. С. буракрылы зімуе ў паўд.ч.Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 віды: С.з. і тулес. Рэдкае гнездаванне С.з. адзначана ў паўн.ч. рэспублікі; занесены ў Чырв. кнігу. Пачатак асенняга пралёту птушак супадае з сяўбой азімых (адсюль бел. назва роду).
Даўж. да 30 см, маса да 220 г. Крылы вострыя, хвост невял., прамы або крыху закруглены. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насеннем і ягадамі раслін. Адкладваюць да 4 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРОХПА́ЛЬЦЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picoides tridactylus),
птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.Амерыцы. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн.ч., занесены ў Чырв. кнігу. Жыве ў хвойных і мяшаных лясах.
Даўж. цела 21—24 см, маса 51—69 г. Спіна белая з шырокімі чорнымі стракацінамі. Цемя ў самцоў залаціста-жоўтае, у самак брудна-белае. Ад вачэй ідзе вузкая белая паласа, ад дзюбы — чорныя вусы. Шчокі цёмныя. Крылы буравата-чорныя з белымі стракацінамі. Бруха белае, зрэдку з вузкім папярочным малюнкам. На нагах 3 пальцы (адсюль назва). Нясе 3—5 (да 7) яец. Корміцца пераважна насякомымі, што жывуць пад карой дрэў, насеннем. ягадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКУ́ТА, вех (Cicuta),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 10 (паводле інш. звестак 20) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн.Амерыцы. На Беларусі 1 від — Ц. ядавітая (C. virosa), нар. назва вяха, шалей. Трапляецца па берагах рэк, ускрайках балот, на вільготных лугах, часта ў вадзе.
Ц. ядавітая — шматгадовая травяністая расліна з тоўстым карэнішчам, падзеленым на паветраныя камеры. Сцябло выш. да 1,5 м, прамастойнае, галінастае, пустое, часта з фіялетавым адценнем. Лісце двойчы- або тройчыперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя, сабраныя ў складаны парасонік. Плод — віслаплоднік. Уся расліна, асабліва карэнішча, мае таксін, які выклікае моцныя, часта смяротныя атручэнні свойскай жывёлы і чалавека. Лек., інсектыцыдная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТАПАЛО́Х (Carduus),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 120 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, заносныя — у Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 5 відаў Ч.: дробнагаловы (C. pycnocephalus); калючы (C. acanthoides); кучаравы (C. crispus), нар. назвы бадзюлі, растроп, дзядоўнік; паніклы (C. nutans); кручочкавы (C. hamulosus). Трапляюцца па берагах рэк і ручаёў, у хмызняках, пасевах, каля жылля, на сметніках.
Двух- і шматгадовыя калючыя травяністыя расліны выш. 0,3—2 м. Сцябло часцей з калюча-зубчастымі крыльцамі. Лісце чаргаванае, па краі з доўгімі калючкамі. Кветкі трубчастыя, звычайна пурпурныя, у кошыку. Плод — сямянка. Пустазелле. Меданосныя, алейныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮКАТА́Н (Yucatán),
паўвостраў у Цэнтр.Амерыцы, паміж Мексіканскім зал. і Карыбскім м., пераважна ў Мексіцы (штат Юкатан), паўд.-ўсх.ч. ў Гватэмале і Белізе. Пл. каля 180 тыс.км². Берагі на Пн і З нізкія, лагунныя; на У абрывістыя, з бухтамі, акаймаваныя каралавымі рыфамі. Б.ч. паверхні — нізінная раўніна, на ПдУ горы Мая (выш. да 1122 м). Развіты карст. Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Ападкаў на Пн да 500 мм, на Пд да 2000 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, рэдкалессі; у цэнтр.ч. і на Пд вечназялёныя трапічныя лясы. Плантацыі агавы-хенекена, цытрусавых, бавоўніку, кукурузы. Парты: Кампечэ, Прагрэса (Мексіка). На Ю. шмат помнікаў культуры народа майя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАСТЭПАВЫЯ ЗО́НЫ,
прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх лясная расліннасць чаргуецца са стэпавай. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і субтрапічных паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў.
Ва ўмераным поясе Л.з. займаюць найб. плошчы на тэр. Еўразіі, дзе выцягнуты суцэльнай паласой ад перадгор’яў Карпат да Алтая. У Паўн.Амерыцы яны займаюць значныя тэрыторыі ўздоўж Скалістых гор. Паводле характару расліннасці Л.з. падзяляюцца на шыракалістыя, хвойна-драбналістыя і прэрыі (на тэр. Амерыкі). Клімат умерана кантынентальны са снежнай халоднай зімой і цёплым, адносна вільготным летам. Радыяцыйны баланс 420—545 кДж/см² за год. Сярэднія т-ры студз. -5 °C, месцамі ніжэй, ліп. 18—25 °C. Ападкаў 400—1000 мм за год. Глебы шэрыя лясныя і чарназёмы (ападзоленыя, вышчалачаныя і тыповыя).
Для жывёльнага свету еўрапейскай Л.з. характэрны вавёрка, заяц, вял. тушканчык, рабы суслік, для сібірскай — суслікі і хамякі, для амерыканскай — лугавыя сабачкі, мышападобныя грызуны, зайцы, суркі, грымучыя змеі. Вял.ч. тэрыторыі пад с.-г. ўгоддзямі.
У субтрапічным поясе Л.з. развіты пераважна ў Паўн. і Паўд.Амерыцы, часткова на ПдУ Афрыкі, У Азіі, у Аўстраліі. Клімат субтрапічны, мусонны, з цёплай зімой і гарачым летам. Радыяцыйны баланс 210—250 кДж/см² за год. Сярэднямесячныя т-ры 4—24 °C. Вегетацыя раслін працягваецца круглы год, але замаруджваецца ў сухія перыяды. Ападкаў 600—1200 мм (у мусонных абласцях) за год. Глебы чарназёмападобныя і чырванавата-чорныя, маюць высокую ўрадлівасць. Расліннасць субтрапічных саваннаў і прэрый — высакатраўная (пераважна злакавая і злакава-разнатраўная) у спалучэнні з хмызняковымі зараснікамі, рэдкалессем і асобнымі дрэвамі. У жывёльным свеце пераважаюць стэпавыя або саванныя віды. Тэрыторыя характарызуецца высокім с.-г. асваеннем. Пашавая жывёлагадоўля. У асобных месцах антрапагеннае ўздзеянне на ландшафт вядзе да апустыньвання і інш. негатыўных з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́ШЧЫК (Glechoma),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн.Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (C. hederacea); блюшчык валасісты (C. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцёбламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУ́Й, бычок (Russula foetens),
шапкавы пласціністы грыб з роду сыраежка сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн.Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце асобна і групамі ў розных лясах (пераважна ў бярозавых і мяшаных). Пладовыя целы з’яўляюцца летам і ўвосень.
Шапка да 15 см у дыяметры, у маладых грыбоў амаль шарападобная, ліпкая, жаўтаватая, у спелых пукатая або плоска распасцёртая, жоўта-бурая, з бугрыста-рубчастым краем. Пласцінкі спачатку белыя, потым робяцца жаўтаватыя. Ножка тоўстая, белаватая, з пустотамі або пустая. Смак свежага валуя едкі, пах непрыемны. Нізкаякасны ядомы грыб. Спажываецца толькі солены і марынаваны (пасля вымочвання і адварвання). Па вонкавым выглядзе да яго крыху падобны неядомы валуй несапраўдны, або хрэнавы грыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАСІЛЁК»,
беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел.нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,
ваўнуха (Lactarius torminosus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн.Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.