АБВО́ЙНІК (Periploca),

род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.​Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).

Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.

Абвойнік грэчаскі.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АБАРО́НУ РЭСПУБЛІКІ, Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі (Rassemblement pour la Républigue; РПР),

палітычная партыя ў Францыі. Засн. ў 1958 прыхільнікамі Ш. дэ Голя пад назвай Саюз за новую рэспубліку, неаднаразова мяняла назвы, сучасная — з 1976. Асн. праграмныя палажэнні прадугледжваюць незалежны курс на міжнар. арэне, узмацненне ролі дзяржавы і прыярытэт прэзідэнцкай улады. Абапіраецца на дзярж. апарат. З 1976 лідэр Ж.Шырак. У 1993 каля 900 тыс. чал.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯКАМПА́НІЯ,

авіятранспартнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе міжнар. і ўнутр. паветраныя зносіны. У 1993 у краінах свету было 660 авіякампаній па перавозцы пасажыраў (перавезены 1171 млн. чал.) і 60 па перавозцы грузаў (перавезена каля 18 млн. т). Сярод авіякампаній найбольшыя: «Юнайтэд», «Амерыкан», «Дэльта», «Нортуэст» (усе ЗША), «Брытыш эруэйз» (Вялікабрытанія), «Люфтганза» (Германія), ДЖАЛ (Японія), «Эр Франс» (Францыя), «Аэрафлот» (Расія). Найб. авіякампанія ў паветраным транспарце Рэспублікі Беларусь «Белавія».

А.​В.​Жураўскі.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́Р,

чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.

Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.

Агар.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛЕЗІ́Т (ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),

мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.

Англезіт.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛАДО́Р (Apollodōros) з Дамаска, старажытнарымскі архітэктар і інжынер пач. 2 ст. Пабудаваў грандыёзны ансамбль форума Траяна ў Рыме (111—114), будынкі бібліятэк і знакамітую калону Траяна, абвітую стужкай рэльефаў на тэму паходу Траяна ў Дакію. Апаладор прыпісваюць аркі Траяна ў гарадах Анкона (пасля 115) і Беневента. Сярод работ, якія не захаваліся, — мост цераз Дунай каля г. Дробета (цяпер у Румыніі), адэон, цырк і тэрмы Траяна ў Рыме.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́КЛІН (Brooklyn),

адміністрацыйны раён г. Нью-Йорк; на З в-ва Лонг-Айленд; тэрытарыяльна супадае з графствам Кент. Каля 3 млн. ж. (1990). З цэнтрам горада (в-аў Манхатан) злучаны мастамі і тунэлямі. Пераважаюць жылыя кварталы. Буйны порт. Лёгкая (у т. л. швейная, тэкст., гарбарна-абутковая), харч., металаапр., маш.-буд., хім. прам-сць. Суднабудаванне. Бруклінскі ін-т мастацтваў і навук. Лонг-Айлендскі ун-т.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУВІ́Н (Bouvines),

населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ. лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЁВА,

урочышча ў Беларусі, каля в. Бялёў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл., помнік прыроды. Купалападобнае ўзвышша выш. да 184 м, пл. 30 км², стромка абрываецца да забалочаных паніжэнняў шыр. 100—600 м. Вылучаецца надзвычай вял. для нізіннага Гомельскага Палесся перападам вышыняў — да 45 м. На паверхні Бялёва субканцэнтрычныя пясчаныя грады выш. 5—10 м. Паходжанне канчаткова не высветлена: мяркуюць, што гэта кальцавы кам ці тэктанічная структура.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСКРЫ́ЛЫЯ НАСЯКО́МЫЯ, аптэрыготы (Apterygota),

раздзел найбольш стараж. насякомых. Вядомы з адкладаў сярэдняга дэвону. 1 атрад — шчацінахвосткі. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Звычайна вільгацелюбівыя; жывуць скрытна — у лясным подсціле, глебе, пад карой дрэў, у гнілой драўніне і інш.

Цела даўж. да 2 см, верацёнападобнае. Спіна ўкрыта тонкімі лускавінкамі. 3 пары грудных ног, у некат. відазмененыя брушныя канечнасці — цэркі. Кормяцца глебавым дэтрытам, пылком кветак і інш.; некат. драпежнікі.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)